Беларускія грошы расейскай палітыкі

Сапраўднай сэнсацыяй сталася заява Тамары Рохлінай, удавы забітага ў 1998 г. расейскага генэрала, пра тое, што Лукашэнка даваў яе мужу грошы на падрыхтоўку масавага выступу сілавікоў супраць Ельцына.

Выступаючы 15 лістапада ў гарадзкім судзе Нара-Фамінску, Тамара Рохліна сказала, што яе муж рыхтаваў вялікую антыельцынскую акцыю, пра якую было вядома Генадзю Зюганаву, Віктару Ілюхіну, Альберту Макашову ды Аляксандру Лукашэнку. Апошні, калі верыць яе словам, забясьпечваў як маральную, так і фінансавую падтрымку. Рохліна кажа, што пасьля забойства зь летніка зьнікла вялікая сума, якую сабралі аднадумцы Рохліна для фінансаваньня акцыі… У выніку ўдаве генэрала далі 8 гадоў зьняволеньня, паўтара зь якіх яна ўжо адседзела пад сьледзтвам.

Ранішні стрэл

Невыносная галеча была ці не галоўным дзіцячым успамінам Лява Рохліна. Ён упарта выкараскваўся зь яе, узьнімаючыся ўгару па прыступках службовай лесьвіцы вайскоўца. Атрымаў тры дыплёмы, служыў у групе савецкіх войскаў у ГДР, Запаляр’і, ваяваў у Аўганістане, у Чачэніі быў аб’яўлены сьмяротнікам. Зрабіўся, урэшце, дэпутатам расейскай думы. У выходныя любіў пакорпацца на градах на сваім лецішчы ў вёсцы Клокава ў Нара-Фамінскім раёне, куды прыяжджаў з жонкай, 15-гадовым сынам ды двума ахоўнікамі. Часам наведвалася дарослая дачка зь дзіцём.

Раніцай 3 ліпеня 1998 г. да Рохліных вырашыў завітаць сусед. Менавіта ён і пабачыў забітага гаспадара на канапе. Стрэл зь пісталету ПСМ, які падараваў Рохліну былы міністар абароны Павал Грачоў, прагучаў на пяць гадзінаў раней. Напаўпрытомная Тамара Рохліна ня здолела распавесьці міліцыянтам нічога пэўнага. Пазьней на допыце яна сказала, што забіла свайго мужа. Дактыляскапічная экспэртыза засьведчыла, што адбіткі пальцаў на дзяржальне пісталету належаць ёй.

Сьледзтва круцілася вакол таго, што менавіта Тамара Рохліна забіла мужа. Прычыны – яе няўстойлівы характар, сямейныя сваркі, неспакой пра дзяцей з-за палітычнай дзейнасьці бацькі. Казалі пра тое, што адносіны Рохліных пагоршыліся пасьля нараджэньня сына, хворага на падучку. Сьледзтва так і не разглядала па-сур’ёзнаму вэрсіі пра тое, што Рохліна мог забіць ягоны сын ці ахоўнікі, грунтуючыся, у асноўным, на сьведчаньнях апошніх.

У чаканьні інвэстыцыяў

Вядома, нельга з 100-адсоткавай упэўненасьцю сказаць, што заявы Тамары Рохлінай праўдзівыя, як нельга даць поўнай веры і суду над ёй. Але цалкам рэальна памеркаваць, каму было выгадна зрабіць палітычную стаўку на Лява Рохліна.

Рохлін спрабаваў аб’яднаць не расейскіх, а савецкіх сілавікоў, бо сам так і застаўся афіцэрам савецкай арміі. Выгадная стратэгія – абраць за поле дзейнасьці абшары СССР замест тэрыторыі РФ . Рабіць інвэстыцыі ў новы рух, які абяцаў зрабіцца рэальнаю пагрозаю для Ельцына, магло быць прыцягальным для палітыка, што жадаў павялічыць сваю вагу ў расейскай гульні ўва ўладу. Посьпех рохлінцаў адразу даваў козыры таму, каму раней не дазвалялі нават дакрануцца да картаў. І, відавочна, рохлінскі рух мог быць вельмі прыцягальны для чалавека, перапоўненага шчырым сумам па савецкіх часох.

Але амбітнае пачынаньне паступова губляла прыцягальнасьць, бо яму бракавала актыўных дзеяньняў. Як вынікае са словаў Тамары Рохлінай, справа да іх папросту не дайшла – генэрала забілі. Яна кажа, што ў дзень забойства Рохлін плянаваў выехаць у Беларусь, каб сустрэцца з Лукашэнкам. Ужо ніхто не даведаецца, пра што ён меўся распавесьці. Зрэшты, Лукашэнка можа мець больш інфармацыі, чым хто іншы – на мінулым тыдні ён выказаў скандальную падзяку за рэгулярныя “аналітычныя і апэратыўныя матэрыялы з Масквы” дырэктару ФСБ Сяргею Лебедзеву. Цікава, ці не адтуль ён атрымаў зьвесткі пра падрыхтоўку да нападу на Лява Рохліна (інтэрвію газэце “Правда” 17 лютага 2000 г.)? Як гэта суадносіцца з заявамі Тамары Рохлінай пра дачыненьне ФСБ да забойства?

Адказаў на пытаньні няма, адно вэрсіі. Зрэшты, гэта ня так істотна. Нават калі Тамара Рохліна сапраўды застрэліла мужа, калі ўсе яе словы – толькі адчайныя спробы давесьці сваю невінаватасьць, сама ідэя таго, што беларускія грошы могуць адыгрываць самастойную ды важкую ролю ў расейскай палітыцы, вартая асаблівай увагі.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0