Сяргей Паўлоўскі

Таварыства мёртвых паэтаў

 

Cамы трагічны дзень у гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. — 29 кастрычніка 1937 году, калі ў Менску НКВД адначасова расстраляў 14 паэтаў. На наступны дзень, 30-га, дастралялі яшчэ трох. Агулам — каля дваццаці...

Нешта няёмчыцца ў сьвядомасьці ад такога факту, нешта турбуе і просіць калі не адказу, дык хаця б разгляду. Пытаньне сьмяротнае кары само сабою складанае і вырашаецца па-рознаму. Пытаньне сьмяротнае кары для паэтаў яшчэ складанейшае. Маю на ўвазе матывацыі для такога пакараньня. Нам трэба абавязкова разабраць іх, каб зразумець, чаму такое было магчыма і чаму такое магчыма ў прынцыпе.

Я гартаю сучасны біяграфічны даведнік «Беларускія пісьменьнікі», дзе ўжо без эўфэмізмаў называюцца даты расстрэлаў, і не магу пазбавіцца адчуваньня, што датыкаюся да нейкага Таварыства Мёртвых Паэтаў — забітых і замучаных зусім не на вайне або пасярод чумы або ў часе стыхійнага бедзтва, а пасярод сталінскага Менску, пасярод савецкага шчасьця і першае маладосьці многіх сёньняшніх нашых суграмадзян. Расстраляныя паэты, у адрозьненьне ад народных і заслужаных, маюць стакроць большае права называцца паэтамі, бо менавіта ў такой якасьці і за такі грэх былі пакараныя. Чэкісцкая куля навечна прыпаяла да іхных абліччаў гэткае званьне — паэт.

Гартаеш даведнік, а вока ўвесь час трапляе на даты расстрэлу ў біяграфіях вершатворцаў. Міжволі адбываецца нейкая дзіўная падмена паняцьцяў — маўляў, калі паэт, дык абавязкова мусіць быць забіты. Таму сярод расстраляных і памерлых на катарзе ў біяграфічным даведніку ўшанаваныя і памерлыя сваёй сьмерцю выглядаюць неадэкватна — яны таксама называюцца паэтамі, але ж не закатаваныя... Яшчэ больш дзіўна ўбачыць тут, у гэтым Таварыстве Мёртвых, кагосьці жывога ды яшчэ й знаёмага, з кім размаўляў во на мінулым тыдні.

Жывыя не выглядаюць сярод забітых жывейшымі. У кагосьці замест радка «Расстраляны» значыцца «Ўзнагароджаны мэдалём». У некага ўвогуле ў гэтым месцы пуста. Так жывыя сваякі часам ставяць сабе помнік поруч зь нябожчыкамі, толькі што дату не пазначаюць...

 

Беларус — значыць, бальшавік

За што ж расстрэльвалі паэтаў? Верагодна, усе яны былі зьвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне і трацкізьме. Але гэта чыста фармальны бок. Ясна, што ані трацкістамі, ані якімі «азьвярэлымі нацыяналістамі» яны не былі. Юныя, як па сёньняшніх мерках, паэты пісалі часта наіўныя вершы пра вясну і пра камуну, пра сьветлае заўтра.

Яны не маглі быць антысаветчыкамі паводле свае прыроды, у якой зь дзіцячых гадоў зьліліся ў адно рэвалюцыя, нацыянальнае станаўленьне і паэтычная творчасьць. Па вялікім рахунку, яны й былі стваральнікамі беларускае пралетарскае сьведамасьці, што жыве ў нашым народзе да сёньня.

Колькі разоў даводзілася чуць, што да 1917 году Беларусі не было. Не было і не было б, калі б ня тая сацыялістычная рэвалюцыя. Масавая нацыянальная самаідэнтыфікацыя народу супала з усталяваньнем савецкае ўлады, яе парадкаў і камуністычнае ідэалёгіі. А гэта значыць, што перакананьне ў ролі рэвалюцыі для таго, каб мы, беларусы, беларусамі азваліся, трапіла не на сьвядомасны ўзровень, а ледзь не на генэтычны — у кроў. Натуральна, гаворка ідзе не пра навукоўцаў-гуманітарыяў, а пра мільёны, пра народ, і пра паэтаў, якія лічылі для сябе за шчасьце быць выразьнікамі глыбокіх перакананьняў свайго народу.

Сталінскія рэпрэсіі і калектывізацыя наўрад ці моцна пахіснулі гэтыя перакананьні. Рэвалюцыя патрабавала ахвяраў. Тысячы і сотні тысяч мусілі легчы ў падмурак усеагульнага шчасьця. Рэпрэсіі прынесьлі шмат чалавечых трагедыяў, але разглядаліся часта як неабходнасьць.

Сапраўдная сьветапоглядная драма беларусаў пачала разгортвацца ўжо ў нашы дні — пасьля таго, як кастрычніцкую рэвалюцыю самі ж расейцы пераназвалі ў пераварот. Звыклая формула «Без кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусі не было б» цяпер мусіць гучаць так: «Без бальшавіцкага перавароту Беларусі і нас, як нацыі, не было б»... Ды што ж мы, бандыты якія?

Сьвядомасны падзел тут нагадвае разьдзяленьне сіямскіх блізьнятаў. Але ён неабходны, каб аддзяліць Боскае і д’яблава. Паўставаньне нацыі — гэта станоўчы палітычны, эканамічны і культурны фактар. А крывавы пераварот у суседняй дзяржаве, цяпер ужо асуджаны і пераадолены ў сваіх наступствах, — гэта гістарычная анамалія. Ды толькі ня проста да гэтага падступіцца. У Расеі зноў Дума і губэрнатары, зноў царскі трыкалёр і зьнесеныя помнікі Дзяржынскаму. 7 лістапада ніхто не сьвяткуе як дзень рэвалюцыі. А ў нас і рэвалюцыя, і Дзяржынскі, і назвы вуліц савецкія — усё на месцах. Вось жа прычына гэтага ў тым, што за ХХ ст. камунізм стаў для масаў народа сынонімам уласнай нацыянальнай прыналежнасьці.

Гэта, між іншым, заўважылі яшчэ польскія каляністы ў міжваеннай Заходняй Беларусі, якія любілі паўтараць: «Беларус — значыць, бальшавік».

 

Ахвяры цэху

Вернемся ў 1937 год. Мы пераканаліся, што ўсе расстраляныя паэты верылі ў камунізм і ў тое, што рай на зямлі не збудуеш без ахвяраў. Таму гэта не матывацыі для іхнага расстрэлу. Наўрад ці такія матывацыі прыдумлялі ў НКВД, які кіраваўся разнарадкай — колькі трэба выявіць і расстраляць ворагаў народу. Зразумела, што НКВД сярод паэтаў не выбіраў. Для такога адбору нядаўна быў створаны спэцыяльны орган — Саюз пісьменьнікаў.

Як вядома, асноўным мэтадам, што прыводзіў да рэпрэсіяў супраць чалавека, быў данос. І пачынаючы з трыццатага году да трыццаць сёмага ўжо шмат беларускіх паэтаў на падставе даносаў былі адпраўленыя ў Сібір альбо расстраляныя. Дзень 29 кастрычніка 1937 году ў гэтым шэрагу асаблівы. У адзін час і ў адным месцы расстрэльваюць ажно два дзясяткі паэтаў. Адразу. Цяжка паверыць, што так узгоднена і ўвадначасьсе прыйшлі даносы. Больш верагодна, што і Саюз пісьменьнікаў атрымліваў сваю разнарадку на ворагаў народу. А як інакш, калі гэтак дружна праводзіўся сенакос? Нагадаю, што Саюз пісьменьнікаў быў тады не грамадзкай арганізацыяй, як цяпер, а дзяржаўнай установай, і старшыня праўленьня саюзу Міхась Клімковіч быў членам ЦВК БССР — гэта значыць, міністрам літаратурных справаў.

Такім чынам, матывацыі масавага расстрэлу паэтаў трэба шукаць у Саюзе пісьменьнікаў. Нашыя вершатворцы сталі ахвярамі свайго цэху. Выжыў і пазьбегнуў рэпрэсіяў толькі той, хто ў цэх, у тусоўку не ўваходзіў. Скажам, Янка Журба, які акурат у 37-м з-за хваробы вачэй пакінуў працу ў Менску і перабраўся ў вёску.

Верагодна, распараджаліся жыцьцём паэтаў кіраўнікі цэху, прынамсі, не бязь іхнага ўдзелу складалася разнарадка. Ясна, што былі і навушнікі, якія «падводзілі базу». А паколькі базу можна падвесьці пад каго хочаш і паколькі нашы паэты не былі антысаветчыкамі, значыць сутнасныя матывацыі мелі чыста чалавечы, маральны ці нават сытуацыйны характар. Незалежна ад таго, што пасьля пісалася ў пратакол.

Янка ня дужа падабаў Петруся. А Міхась падазраваў, што Андрусь паклаў вока на ягоную жонку. Юрась не пачуваўся геніем і зайздросьціў Міколу. А Сымон адчуваў, што сам нетрывала стаіць на нагах. Напэўна, і кватэрнае пытаньне тут адыграла сваю ролю напоўніцу.

Цікава, хто з клясыкаў айчыннай літаратуры складаў тую разнарадку, свой самы адказны твор? І ці была гэта пісьменьніцкая тройка на ўзор асобай нарады? І ці праходзяць творы тае тройкі ў сёньняшніх беларускіх школах?

 

Расстрэл

Я ўяўляю, як іх выводзяць — усіх разам. Можна ўзяць апісаньне з «Жоўтага пясочку» Васіля Быкава. Але мне чамусьці бачыцца ня лес, а ўнутраны двор КГБ у Менску. Ці нават дворык самой «амэрыканкі» — унутранай турмы КГБ. Магчыма, гэта слова «паэт» у спалучэньні са словам «расстрэл» патрабуе нейкага гарадзкога антуражу, гэтых тоўстых сьценаў і закратаваных вокнаў... Падае сьнег. Іх вышыхоўваюць у адзін шэраг. Завязваюць вочы, але я ўсё адно пазнаю іх у твар.

Міхась Зарэцкі — ужо на той час знакаміты пісьменьнік, аўтар трох раманаў, апавяданьняў, п’ес. Перакладаў, між іншым, па-беларуску «Швэйка». Адукацыю меў папоўскую, а прафэсію вайсковую. Мудры ў свае 35 гадоў чалавек.

Алесь Дудар на тры гады маладзейшы, адзін з завадатараў той маладнякоўскай бурапены. У яго быў зборнік з такой назвай — «І залацісьцей, і сталёвей».

Платон Галавач, камсамолец, партыец. Ягоная аповесьць «Спалох на загонах» ёсьць у сёньняшніх навучальных праграмах.

Анатоль Вольны, Васіль Каваль, Валеры Маракоў — паэты-маладнякоўцы.

Юрка Лявонны назваў свой першы зборнік «Камсамольскія вершы». Пераклаў па-беларуску «80 000 км пад вадой» Ж.Вэрна.

Зяма Півавараў пасьпеў выдаць толькі адзін зборнік.

Васіль Сташэўскі пасьпеў болей. Пісаў п’есы і прозу. Каля дзясятка кніг.

Пяцёра расстраляных пісалі на ідыш: Бранштэйн, Дунец, Кульбак, Харык і Юдэльсон.

Характэрная дэталь. Менск у 20–30-я гады быў у поўным сэнсе слова мультыкультурным горадам. Выходзілі кнігі і пэрыёдыкі, ставіліся п’есы па-польску, па-габрэйску, па-літоўску. Тут жылі і творцы, якія пісалі на ўсіх згаданых мовах. Словам, Менск нагадваў Вільню зь яе сярэднявечнымі традыцыямі, такі сабе культурны кацёл, дзе на сутоках розных культураў нараджаліся шэдэўры. Але менскі мультыкультуралізм быў цалкам зьнішчаны ў 30-я. Польскія, габрэйскія, літоўскія пісьменьнікі былі расстраляныя або высланыя ў ГУЛАГ. Пасьля вайны колішняя традыцыя не адрадзілася. Вось чаму і за саветамі, і сёньня беларушчына ў Менску пачуваецца як у пустцы, самотна і чужакавата. І беларускае слова на вуліцы адразу зьвяртае на сябе ўвагу...

Назаўтра пасьля расстрэлу 29 кастрычніка дастрэльвалі яшчэ трох. Гэта былі Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі і Юлі Таўбін. Маладзенькі губашлёп Таўбін пісаў наіўныя вершы:

Нас мільёны... Мы інакшай,

Лепшай долі кавалі,

Гэту долю, гэта шчасьце

Нам крывёю здабылі.

 

Правалы ў біяграфіях

Згадваючы той кастрычніцкі расстрэл, задаешся думкай: а дзе ж былі людзі? Літаратурнае жыцьцё тады, як і цяпер, кружляла галоўным чынам паміж рэдакцыямі, навучальнымі ўстановамі і, само сабой, Саюзам пісьменьнікаў. Няможна паверыць, што масавае забойства дваццаці сябрукоў-паэтаў прайшло для гэтых асяродкаў незаўважна.

Сапраўды, на той момант ужо былі высланыя і зьнішчаныя многія постаці беларускага літаратурнага жыцьця. Але восеньскі расстрэл 37-га ў гэтым шэрагу беспрэцэдэнтны. Як правіла, расстрэльвалі аднаго, і зьвесткі пра ягоную гібель маглі ня выйсьці са сьценаў турмы. У тым самым кастрычніку 2-га расстралялі Лукаша Калюгу, 14-га — паляка Жарскага, 20-га — Міхася Чарота. Пазьней, у розныя дні сьнежня расстраляюць Дварчаніна, Курдзіна і Піятуховіча...

Дапускаю, што нехта папракне мяне ў недарэчнасьці або нават немаральнасьці параўнаньня сытуацыі расстраляных паэтаў з сытуацыяй тых, хто выжыў. Тым ня менш, прыведзеныя факты пра масавае зьнішчэньне вершатворцаў і лягічнае дапушчэньне пра саюзаўскую разнарадку даюць, на маю думку, падставу нават ня тое што шукаць пісьменьніцкае салідарнасьці, а адказаць на самае простае і чалавечнае пытаньне: дзе былі людзі? Ці, калі заўгодна, дзе былі іншыя пэрсанажы таго біяграфічнага даведніка, якім пашчасьціла пазьбегнуць расстрэлу?

Эдзі Агняцьвет на момант расстрэлу працуе рэдактарам Беларускага радыё. Тамсама — Кастусь Губарэвіч. Праз два гады Агняцьвет стане кансультантам у кабінэце маладога аўтара Саюзу пісьменьнікаў. Слова «кабінэт» у гэтым кантэксьце гучыць страшнавата. Між іншым, на момант расстрэлу кансультантамі ў кабінэце працавалі Пятро Глебка і Аркадзь Куляшоў, а галоўным кансультантам быў Кузьма Чорны.

У Куляшова пасьля гэтага ў біяграфіі — правал. Напісана, што ў 36–37 быў літкансультантам у кабінэце. Пасьля — у 1941-м — у армейскай газэце, на фронце.

Заўважны момант. Другая палова трыццатых часьцяком падаецца ў біяграфіях расплывіста — не па гадах, а цэлым пэрыядам, па пяць і болей гадоў.

У Петруся Броўкі гэты пэрыяд наагул нічым не пазначаны. Зрэшты, для паэта важнейшыя справы, а не пасады — у 37-м ён выдае зборнік «Вясна радзімы»...

У Віталя Вольскага гэты пэрыяд таксама выпадае. Хоць і сказана, што да 36-га ён працаваў дырэктарам Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР. Пасьля, у 43-м, былы чэкіст Вольскі працуе загадчыкам аддзела ў газэце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Паміж дзьвюма намэнклятурнымі пасадамі — 7 гадоў. Верагодна, творчая праца — п’есы, пераклады...

Няма 37-га году і ў біяграфіі Кандрата Крапівы, які да 36-га быў загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». Наступны радок жыцьцяпісу пазначаны 39-м.

Дзьве вэрсіі гэтых біяграфічных правалаў наступныя — або жывыя хаваліся дзе па дачах і вёсках, бо рэпрэсіяў тады баяліся ўсе, або пазьней біёграфы стушавалі іхнае членства ў кіраўніцтве Саюзу пісьменьнікаў. У сьвятле згаданых раней разнарадак.

Праўда, самых галоўных на той час у СП не схаваеш, інакш выйшла б што і сам саюз у 37-м не працаваў. На момант расстрэлу старшынём СП быў Міхась Клімковіч, а ягоным намесьнікам — паэт Андрэй Александровіч. Праз год і Александровіча рэпрэсуюць, але ён аддзелаецца ссылкай і вернецца ў Менск ужо ў 47-м.

Дырэктарам беларускага аддзяленьня літфонду быў на той час Сілан Гусеў. Паводле абавязку, ён ведаў матэрыяльнае становішча расстраляных і сасланых паэтаў, бо разьмяркоўваў між паэтамі жыльлё і дапамогу.

 

Сябры і калегі

Рэдактарам ЛІМа ўвесь гэты час — з 35 да 41-га — быў Ільля Гурскі. Невядома, ці ацэньваў ён таленты рэпрэсаваных творцаў і ці было яму шкада, калі расстрэльвалі здольных паэтаў — аўтараў ягонае газэты. Тое самае можна сказаць і пра Міхася Калачынскага — адказнага сакратара ў ЛІМе, і пра Рыгора Лынькова, які ў гэты самы час працуе чамусьці на гэтай самай пасадзе.

Галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» быў Міхась Лынькоў. Адказным сакратаром — Макар Пасьлядовіч.

У 37-м Васіль Барысенка заступае на пасаду дырэктара інстытуту мовы і літаратуры АН БССР, якую будзе займаць амаль 30 гадоў. Павал Кавалёў працуе ў «Звяздзе». Васіль Вітка ў 37-м пераходзіць з «Чырвонай змены» на працу ў «ЛІМ», бліжэй да літаратуры. Цікава, што і Агняцьвет, і Вітка, і Вольскі пасьля ўсяго перажытага сталі пераважна дзіцячымі пісьменьнікамі.

Што да расстраляных габрэйскіх паэтаў, варта згадаць, што рэжысэрам Дзяржаўнага габрэйскага тэатру ў 37-м працуе Віктар Галаўчынэр. Народным артыстам БССР ён стане толькі пасьля вайны. Заснавальнік беларускага савецкага тэатру Ўладзіслаў Галубок атрымаў званьне народнага ў 28-м. Аднак гэта не замінае расстрэлу Галубка 28 верасьня 1937-га.

А габрэйскую сэкцыю СП узначальвае Гірш Камянецкі.

І два словы пра народных песьняроў.

Дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Якуб Колас выпускае зборнік вершаў «Нашы дні». А член ЦВК БССР Янка Купала — зборнік «Беларусі ардэнаноснай». Я разумею, што два народныя паэты нацыі загнаныя ў невыносную сытуацыю, і адзін зь іх нават спрабуе скончыць жыцьцё самагубствам. (Верагодна, урэшце і сканчае.) Бо сядзець у сталінскім прэзыдыюме з баржомі і ўсьведамляць, што ў гэтыя хвіліны расстрэльваюць Маладняк — непамысна.

Вось такі атрымаўся адказ на пытаньне: а дзе ж былі людзі? Людзі былі за рэдакцыйнымі сталамі і ў радыёстудыі давалі слова ля мікрафона пісьменьнікам і паэтам. Магчыма, нехта зь іх і ня ведаў, што складае ў гісторыі чалавечы фон, на якім паўстае Таварыства Мёртвых Паэтаў. Зрэшты, тыя, каго я назваў, ня ведаць не маглі. Усе яны займалі, так бы мовіць, публічныя пасады і ўсе, асабліва супрацоўнікі СП, добра ведалі кожнага з расстраляных.

 

* * *

Пранізьлівы трагізм галакосту, фашыстоўскіх і сталінскіх канцлягераў пакуль толькі крыху крануў беларускую літаратуру. Магчыма, гэта з-за таго, што няма тых расстраляных паэтаў. Ці з-за таго, што жалезныя абцугі цэху не даюць літаратарам вызваліцца і ўзьняцца да вялікага мастацкага вобразу. Пра тое з прафэсіяналаў пісалі ў нас сапраўды глыбока хіба толькі Геніюш ды Быкаў. Але цяпер першая — у зямлі, другі — за мяжою. Так і так яны — па-за цэхам. Яны вызваліліся. Што да астатніх, дык, мабыць, і наймаладзейшых зь іх трымае жалезным кулаком тая колішняя разнарадка, тая кругавая парука даўно памерлых калегаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0