Славамір Адамовіч

Пасьля Амэрыкі

 

“Здравстуй, Краіна! Здравстуй! Прывет, мой горад-герой! Мне без тваіх кантрастаў нялёгка было парой...” – пісаў я ў кастрычніку, празь некалькі дзён па вяртаньні зь Нью-Ёрку. Настрой быў такі зласнаваты, ёрніцкі, таму й гэтае “здравстуй”. Але далей напісанага не пайшло, тармазнула душа. І тады сам я выйшаў на вуліцу, пад сіняе неба, у нашую восень.

Слухайце, хадзіў-хадзіў і дахадзіўся – заруліў у будынак, дзе сядзяць рэдакцыі “ЛіМу”, “Полымя” ды “Беларусі”. Хацеў да празаіка Федарэнкі, але па дарозе на лімаўцаў наткнуўся: наўперадзе Пісьмянок, Шніп зь Пятровічам у пары, а за імі Вераб’ёў сьціпла. Стаім, ня ведаем, што казаць адно аднаму. І тут Пісьмянок цап-лап мае adidas’аўскія штанцы спартовыя, і пытаньне:

– Што, і т а м так ходзяць?

– Ходзяць, там яшчэ й ня так ходзяць, – адказваю.

І далей стаю сабе, далёкі, нетутэйшы, нават ня з гэтай плянэты. Шніп зь Пятровічам выціснулі зь сябе пару—тройку дзяжурных фразаў. Дзьве дзявулькі абмінулі нас, чырыкаючы па-расейску. Былы электрык Галубовіч падышоў – выратаваў сытуацыю са штанамі, купленымі мною ў паляка, у нью-ёрскім раёне Грынпойнт, за 25 даляраў (трыццацьпятку на джынсы я пашкадаваў – эканоміў).

З Галубовічам мы выпілі кавы ў “Кубрыку”, пагаварылі пра Амэрыку і хутка разышліся. Даганяючыся півам у краме “Акіян”, я, між іншым, спрабаваў думаць пра беларускага чалавека. Думкі выскоквалі вялыя, радзей злыя. І нейкі саркастычны суб’ект ува мне шыпеў: “Няма тут пра што думаць, пі!”

* * *

15 кастрычніка былі зь Янушкевічам у мяне на хутарох. Янушак, як я яго любоўна заву, таксама ў інтэрнаце жыве, мы зь ім таварышуем, талковы хлапец.

Дык вось едзем мы 15-га, лагойскія горы мінулі, у Плешчаніцах праваронілі паварот на Даўгінава і зразумелі гэта толькі ў Бягомлі. Але нічога, едзем, выбары ў “палатку” назіраем. Дзень цудоўны – сонечны, цёплы. Мясцовыя “мафіёзікі” з чырвонымі скрыначкамі сноўдаюць, патрэбныя працэнты набіраюць. А пляваць, думаеш, сукі, вантробы сабачыя! Хоць дзьвесьце працэнтаў сабе намалюйце, а настрою нам не спаскудзіце!

На Бягомшчыне з часоў Апошняе Вайны нічога ж і не зьмянілася. Глядзі, Янушак, кажу таварышу, глядзі, якія цёмназялёныя тут і кучаравыя сосны, і пад’яленец, і залаты бярэзьнік. Эх, прыгажосьць якая! Простар! Воля! І сьледам за жыда-расейскім Эдзюком Лімонавым (але з нашым, з нашым акцэнтам!) хочам мы заявіць: купіце нам белыя строі! дайце ў рукі агонь! абрэжце белыя каўнерыкі! адпраўце нас на гільятыну! мы хочам памерці маладымі!

* * *

Не пасьпеў я вярнуцца з ю-эс-эй – прыходзяць таварышы зь Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

– Мы я г о павесім, – кажуць. – Дайце дабро.

– Не, – адказваю, – гэта неэстэтычна – сіні вывернуты язык, мокрыя англійскія штаны. Трэба паважаць традыцыю эфэктную, прыгожую і к р э ў н у ю – кінжал альбо куля. Раскансэрвуйце наш арсэнал. Расстраляйце я г о на хакейным полі.

* * *

Інфармацыя ад 14 лістапада 2000 году: Расея на падтрымку рэжыму ў нашай Краіне дае 30 мільёнаў даляраў. Слухайце вы там, на Захадзе, дайце мне мільён, і ў аэрапорт “Менск-2” пачнуць прылятаць самалёты.

* * *

Дык вось едзем мы зь Янушкам на мае хутары. Гляджу, паміж Алешкамі й Камаровам трактар сіні на полі, а каля яго ў зямлі знаёмыя постаці калупаюцца – швагра дваццаціпяцігадовы і бацька мой старэнькі, адараную бульбу зьбіраюць. І такі ў швагры сум біблейскі на маладым твары, што хоць ты яго паленам па галаве, хоць сам на лязо нажа.

Ненавіджу, калі чалавек сабе рады не дае!

* * *

Ноч. Разьбіраюся з кніжкамі, ганяю тараканаў, якіх разводзіць суседка.

* * *

У “даляры” – дом такі за Камароўскім рынкам у Менску – быў. На кватэры ў новага знаёмага. На кухні сядзім, выбраныя месцы зь ягонае кніжкі пра Амэрыку чытаем. І смурод па хаце хвалямі, як на Хілсайдзе ў Нью-Ёрку.

* * *

Варта было нам выехаць на нейкі час за межы Беларусі, як хто-ніхто пачаў шукаць для яе новых герояў. У ліпеньскім нумары часопісу “Э”, у якім памылак, што на сабаку блох, чытаем набор тэкстаў Лены Стралкоўскай пад вельмі “граматнай” назвай “Зжыраючая пустата або, хто становіцца героямі”. “Пустату” Ленка знайшла ў “Нашай Ніве”, у “Русской книге” С.Дубаўца, у маіх “Плавільшчыках”. Самае прыкольнае і адначасова паскуднае ў тым, што дзевачку Лену пужае лягатып “НН” ад 15 сакавіка 1999 году. А вось інфармацыя пра дзейнасьць расейскіх фашыкаў у Беларусі, зьмешчаная ў тым жа нумары (!), – не пужае. Што ж, як той казаў, дай табе бог здароўя і доўгіх гадоў, бедная дзевачка, заклапочаная нашай “пустатой”.

Крыху раней за часопіс “Э”, у нумары “БДГ” ад 17 чэрвеня 2000 году, нехта Доўнар Вадзік апрылюдніў крыху менскіх плётак. Хадзіў сабе хлапчына са словамі “Покажите мне героя!” ды зьбіраў у сваю карэспандэнцкую кайстрачку “утечки информации”. Назьбіраўся, абурыўся “поступком этого литератора”, і... застаўся, як і быў, – безь нічога.

Бедная Ленка, бедны Вадзік, бедныя шукальнікі панскага перніка! Ніхто ім не сказаў, што Герою пляваць на мітынговыя плёткі, кухонныя ціхашэпты і публічныя даносы. Што Герой падсправаздачны толькі сабе. Што не яго абіраюць, а ён выбірае сабе і народ, і краіну, і сытуацыю...

* * *

Калі я быў малы, я быў гэткі ж паскудны, як і цяпер. Аднойчы я сьцягнуў з этажэркі бацькаў дзёньнік і зьнішчыў яго, ня памятаю ўжо, як і калі. Потым я вырас, нешта трэба было з сабою рабіць, бо стала сорамна. І тады я пачаў пісаць свае дзёньнікі. Трыццаць кніжак дзёньнікаў за 15 гадоў. Я раздаю іх маім жанчынам, дзяржаўным архівам, прыватным калекцыянэрам. Нешта ды застанецца. Я хачу застацца. А хто ня хоча?

* * *

Паэтцы Каржанеўскай нехта Глушакоў уручыў нешта-нейкае пад назвай “Выдатнік друку”. Перакладаю на расейскую, атрымліваецца “Отличник печати”. Не, не дапамагае – не разумею. Іншы раз я бываю дзіця дзіцём і сапраўды перастаю разумець і х н ы я дарослыя гульні.

* * *

У прасторнай кватэры раскідзістага сталічнага мікрараёну. За сталом прыселі: Эмісар, Доктар, Эколяг, Сьвятар ды я, чорненькі. Першы, ён жа Эмісар, кажа, што Краіна-фундатар і ейныя падаткаплатнікі гатовыя ўступіць у нашу кампанію па выбарах прэзыдэнта ў 2001 годзе. Нам трэба толькі кандыдатуру назваць. Эмісар хоча, каб нехта з нас быў, каб свой. Доктар, потым я, мы набіваем сабе цану. Эколяг і Сьвятар адпадаюць – адзін замалады, другі застары. Спрабуем падшукаць яшчэ каго ў кандыдаты. Заікаемся пра Зянона, але ня туды тое, непрахадны, ні шыша не атрымае ад Фундатара. Ну і што, што адпавядае нашым дзесяці прынцыпам? Затое не адпавядае парамэтрам Касы.

Выпіваем апошнюю, “да дна, каб была Беларусь відна”. Доктар абяцае зьвязацца з Краўчанкам у Японіі. Малады яшчэ, энэргічны, вопытны кар’ерыст. Хай сабе і ён, для прыліку. Галоўнае – нашы людзі на ключавых пасадах у Арміі, Міліцыі, Камітэце Бясьпекі, на Мытні, у Тэлерадыёкампаніі. Зрэшты, Краўчанка далёка, ня будзе ён пасольскую сініцу з рук выпускаць. Я бяруся адшукаць Лявонава. Толькі што з турмы, цярпіцкі, пакутнік, гадамі падыходзіць. Па-беларуску не гаворыць, затое пад рукамі. Гэты мог бы, дзеля папомшчаньня мог бы. А не, то нехта з нас. “Ты, чорненькі, з Доктарам будзеце запалку цягнуць. Касу трэба браць тады, калі ў ёй ляжаць грошы”, — кажа Эмісар. З тым і разыходзімся.

* * *

Мы з Арынай успамінаем сваіх Дзядоў у Лошыцкім парку. Па абедзе распагодзілася, неба сіняе, хоць і вецер. Налётны дождж нас абмінае. Бутэлька “крыжачку” пусьцее. Пахне балтыйскай сьвежай кількай, лістом і паэзіяй. Зь лёгкім шкадаваньнем я кажу банальныя словы пра свае жыцьцёвыя пэрыяды “пасьля турмы”, “пасьля нараджэньня дачкі”, “пасьля Амэрыкі”. А потым будзе “пэрыяд пасьля Лукашэнкі”. І будзем мы жыць доўга і ў шчасьці. Давай за гэта пацалуемся. Няхай канчаецца восень...

15 лістапада 2000 году


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0