Адам Глёбус

Нашы тутэйшыя

 

1975 год. Кулікоўскі і Рунец

Мастак-навучэнец Толік Кулікоўскі можа з завязанымі вачыма намаляваць профіль Леанарда да Вінчы. І падпісаць можа: LEONARDO DA VINCI. А вось студэнт Рунец малюе простых козачак і ў кутку ставіць подпіс “Леанарда да Вінчы”. З Кулікоўскага сьмяюцца, а Рунца шкадуюць. Як ні прыкра, а Кулікоўскі мне больш сымпатычны за Рунца.

1975 год. Сутулін і Яўменаў

Займаецца ў мастацкай вучэльні афармляльнік Юра Сутулін, які калекцыянуе малюнкі аднакурсьнікаў. Вывучае ён іх, дасьледуе, а калі можа, як ён лічыць, зрабіць лепш, — зьніштажае: рве й паліць. Ён і ў мяне просіць малюнак “Таемнай вячэры”. Я шкадую, не даю. “І правільна робіш, — кажа цёзка й сябра Сутуліна Юра Яўменаў, — Сутулін абавязкова спаліць тваю “Таемную вячэру”.

1980 год. Обухаў
і мастацтвазнаўца

На выставе ў знаёмага мастацтвазнаўцы я пытаюся, стоячы каля габэлена Генрыха Обухава “Муза”: “Хто такі Обухаў?” — “Мастак. Пісаў казкі. Сьпіўся. Памёр”. Вось і ўсё, што я ведаю пра аўтара цудоўнага габэлену.

1985 год. Бембель і вершы

Праваслаўны паэт Алег Бембель пры сустрэчы яшчэ здалёк пачынае крычаць: “Зь якім вершам паўстанеш перад Богам?” Валасы доўгія, барада кудлатая, вочы гараць… Страшна за Алега робіцца. Чытаю нейкія там радкі, каб толькі яго супакоіць. Ці патрэбны Ўсявышняму нашы вершы, пытаньне…

1985 год. Кішчанка
і сэкс-рэвалюцыя

Калі пры канцы 80-х пачынаюцца ўсялякія рэвалюцыі, у тым ліку й сэксуальная, у маскоўскім часопісе “Дэкаратыўнае мастацтва” зьяўляецца вялікае інтэрвію Аляксандра Кішчанкі, дзе апісваецца эпізод зь дзяцінства мастака падчас фашыстоўскай акупацыі Ўкраіны. Немец прымушае вясковых хлопчыкаў рабіць яму мінэт. Астатні тэкст проста блякне ў параўнаньні з выразнасьцю такога прызнаньня. І калі нехта сумняваецца, што ў СССР на заходзе ягонага існаваньня адбылася сэкс-рэвалюцыя, ён памыляецца.

1987 год. Мартыненка
і надпіс на сьпіне

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка піша на сьпіне сваёй чорнай курткі белымі літарамі “BELARUS”. І небеспадстаўна ганарыцца сваёй сьмеласьцю. Цяпер гэтае слова напісана на сьпінах белспартоўцаў, а Мартыненкаўскай самавітасьці ў іх няма.

1998 год. Бечык
і таямніцы дзёньнікаў

Чытаю дзёньнік літкрытыка Варлена Бечыка, выдрукаваны пасьля ягонае заўчаснае сьмерці. Робіцца сумна. Большасьць старонак нагадвае чарнавыя запісы да афіцыёзных артыкулаў. Адзінае станоўчае, што атрымліваю ад чытаньня — дзёньнік мусіць быць таемны, у ім варта занатоўваць адно тое, чаго нельга надрукаваць з-за цэнзуры, з-за маралі, з-за ўласнай баязьлівасьці, калі хочаш.

Бечык усё жыцьцё пісаў пра беларускую літаратуру, але меў вельмі цэльную натуру, зусім не характэрную для беларуса. Бо ў беларуса, паводле дакладнага вызначэньня Максіма Гарэцкага, — дзьве душы. У Варлена Бечыка — адна беларуска-савецкая душа.

2000 год. Сыс і слава

Паэт Анатоль Сыс перажыў сваю непараўнальную славу найлепшага (самага энэргаёмістага, паводле Акудовічавага вызначэньня) беларускага паэта сучаснасьці. Ягоныя заўсёды хмельныя паводзіны не даюць вярнуцца нават кавалачку былой пашаны. Я ўпэўнены ў Сысавым пасьмяротным прызнаньні. Але варта аддаваць належнае Анатолеву таленту пры жыцьці, як ні цяжка гэта рабіць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0