Сяргей Шупа

Лёзунгі Случчыны

 

Кожная вайна, паўстаньне, бунт і падобныя сацыяльныя забурэньні звычайна асацыююцца з кароткімі ёмістымі лёзунгамі, якія тлумачаць іхны зьмест, сутнасьць, матывы. “За нашу і вашу свабоду” - і ўсім усё ясна. “За Родзіну, за Сталіна” - таксама. “Drang nach Osten”, “Адваюем ад бандытаў тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі”, “Patria o muerte” - усё гэта гучыць, як удалыя загалоўкі гістарычных раманаў. Часам яны нараджаліся ў полымі самых падзеяў, пісаліся на штандарах і вялі іх удзельнікаў наперад, у бой, на сьмерць. А часам, прыдуманыя пазьнейшымі ідэолягамі, яны мелі мала агульнага з рэальным зьместам падзеяў і маглі б падацца ўдзельнікам недарэчнымі ці крывадушнымі.

У гэтым сэнсе Слуцкае Паўстаньне да сёньня застаецца нібыта й безыменным. Паўнацэннай беларускай дзяржавы зь беларускім апаратам прапаганды ў ХХ ст. так і ня ўзьнікла, таму Слуцкае Паўстаньне ніколі не было аб’ектам афіцыёзных прапагандысцкіх распрацовак, у выніку якіх праз школьныя падручнікі, раманы, вершы, кінафільмы, тэатральныя спэктаклі, тэлесэрыялы ў сьведамасьці грамадзтва ўтварыліся б простыя і гладкія штампы - нават ня будзем гадаць, як бы яны гучалі.

Што ж узьняла случакоў на гэткі амаль безразважна-безнадзейны чын? Беларусь ужо сёмы год - даўжэй, напэўна, за іншыя краіны Эўропы - жыла ў стане вайны, прычым сама Случчына трэці год перажывала няспынную зьмену акупантаў. Улетку 1920-га прыйшлі бальшавікі - не пустыя гаваруны 17-га, а канкрэтныя, праблемныя - з харчразьвёрсткай, гвалтам і расстрэламі на месцы ўсіх, хто стаяў упоперак іхнай дарогі. Бяз малага ўся Беларусь паўстала, напоўнілася, як тады казалі, “зялёнымі”. Случчына ў тым часе пасьпела перажыць магутны культурны ўздым - Слуцкі Беларускі Нацыянальны Камітэт быў ці не найактыўнейшы ў Менскай губэрні: настаўніцкія курсы, школкі па вёсках, тэатральныя спэктаклі.

І вось надыйшоў даволі нечаканы момант, калі раптам са Случчыны сыйшлі і расейцы, і палякі - край упершыню за доўгія гады апынуўся ў палітычным вакуўме. Заняць гэтае пустое месца, пакуль не прыйшоў хто іншы, і стацца гаспадаром сваёй долі тут і цяпер - вось, магчыма, той просты лёзунг моманту. Свой лад у сваёй хаце, кавалак зямлі, сякі-такі дастатак для сям’і, дабрабыт і бясьпека блізкіх - якія большыя прыярытэты маглі быць у тагачаснага беларускага селяніна? На гэта вельмі дарэчна наклалася прапаганда беларускіх эсэраў зь лёзунгамі зямлі й волі, зь якімі яны якраз і асацыявалі Незалежную Беларусь.

І яны пайшлі, і ўзялі тую ўладу і трымалі яе, пакуль не прыйшоў нехта, каб зноў яе забраць. І няважна, хто гэта быў. Прыйшлі, каб выгнаць цябе з тваёй хаты. Тут ёсьць за што ваяваць.

Дык якія формулы, якія лёзунгі нараджала Случчына 80-гадовай даўніны? Дамо слова архіўным дакумэнтам і публікацыям.

 

ЛЁЗУНГІ АБУДЖЭНЬНЯ:

• Паўстаў народ - разьбівае кайданы няволі;

• Народ падняўся супраць сваіх прыгнятальнікаў, каб бараніць свае чалавечыя правы;

• Справа паўстанцаў ня згіне, бо яна - гэта абуджаны народ.

 

ЛЁЗУНГІ ПРАЎДЫ:

• Ня ў сіле Бог, а ў праўдзе;

• Наша справа - справа праўдзівая;

• Праўда заўсёды закрасуе.

 

ЛЁЗУНГІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ:

• Паўстанцы цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі;

• За Незалежную Дэмакратычную Беларусь;

Сюды належыць і лёзунг на сьцягох першага й другога палкоў:

• «Тым, хто першыя паўсталi ды пайшлi памiраць, каб жыла Бацькаўшчына». (Гэтая формула выконвае ролю афіцыйнай у эміграцыі. Магчыма, яна, пры наяўнасьці сапраўднага беларускага агітпрапу, магла б стацца афіцыйным клішэ.)

 

Аднак абсалютна пераважаюць у слуцкіх настроях ЛЁЗУНГІ СВАЙГО ЛАДУ, ЗЯМЛІ І ДОЛІ:

• Змагацца за свой кут, за сваю хату, за дабрабыт і свой уласны жыцьцёвы парадак на беларускай зямлі;

• Мы ня хочам быць нічыімі наймітамі;

• Годзі апекі! Мы самі збудуем сабе новае жыцьцё!

• Нi польскiх паноў, нi маскоўскiх камунiстаў!

• Народ ужо дарос да свайго незалежнага дзяржаўнага жыцьця;

• Бальшавікі ідуць рабаваць чужую зямлю, а мы - бараніць сваю.

Ад бязладнага натоўпу, якому хацелася толькі “людзьмі звацца”, да гаспадароў сваёй зямлі і долі прайшло крыху больш за дзесяць гадоў. Аднак, на дзіва, лёзунгі Слуцкага паўстаньня жывуць яшчэ й дагэтуль, ніяк ня могучы дачакацца сваёй рэалізацыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0