Дакумэнты паўстаньня

 

УХВАЛА БЕЛАРУСКАГА ЗЬЕЗДУ СЛУЧЧЫНЫ

Слуцк, 14-го ХІ.1920 году.

 

Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову сваей Бацькаўшчыны.

Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазваннай Савецкай улады як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаушчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаушчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы.

Шчыра вітаем нашу сястру Польшчу.

Прыняцьце ўхвалы было пакрыта воклікамі:

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмократычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнографічных граніцах!

Няхай жыве Беларуская армія!

Няхай жыве беларускі народ!

Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!

Няхай жыве Беларускі Ўстаноучы Сойм!

 

ПРАТЭСТ СЛУЦКАЙ БЕЛАРУСКАЙ РАДЫ
ДА ЎРАДУ САВЕТАЎ

Другая палова лістапада 1920 г.

 

У часе сусьветнай вайны, якая збурыла адны магутныя дзяржавы і вызваліла іншыя, абудзілася Беларусь да дзяржаунага жыцьця. Пасьля 350 гадоў няволі ўзноў на ўвесь сьвет чуцен голас Беларускага Народу аб тым, што ён жыве і жыць будзе. Вялікае Нацыанальнае Сабраньне — Усебеларускі Конгрэс 5—17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб лёсе Беларусі, устанавіў на яе землях рэспубліканскі лад і абвесьціў незалежнасьць і непадзельнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Стоячы на гэтым грунце, зьезд селянскіх прэдстаўнікоў Случчыны ў ліку 107 асобаў выбраў Беларускую Раду Случчыны, якой даручыў часова усю цывільную ўладу ў павеце.

Беларуская Рада Случчыны, паведамленая аб намерах савецкіх войскаў, якія пасьля выйсьця польскіх адзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зьневажаючы гэтым волю народу, — энергічна пратэстуе проці агрэсыўных намераў Савецкага Ўраду з Кнорыным на чале, лічучы, што гэтая акцыя Саветаў спречна таксама з пастановамі міравой конфэрэнцыі.

Адначасна Беларуская Рада Случчыны сваю ўладу перадасьць толькі Ўраду, створанаму Ўсебеларускім Конгрэ[с]ам 1917 году. У месяцы лістопадзе 1920 г.

Падпісалі: Старшыня Беларускай Рады Случчыны Пракулевіч: члены Рады: Жаўрыд, Русак, Сасноускі, Радзюк.

 

Дэклярацыя Беларускае Рады Случчыны

Копія з чарнавіка, складзеная ў м.Семежова.
(З запісаў Васіля Русака).

 

У момэнт самаадзначэньня ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Белар. Рада Случчыны, выпаўняючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўш[а]га ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, падымае сьцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму міру:

1. Беларусь павінна быць Вольнай Незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Бел. Устан. Соймам, сазваным на аснове агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарц. выбарчага права.

3. Прызнаваючы, што земля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасьць на зямлю касуецца, Рада [С]луччыны думае, што нормы землекарыстаньня (землепользованіе) маюць быць выпрацаваны толькі Бел. Уст-мі зборамі. Да разьвязаньня ж гэтага пытаньня ў Уст. Сойме ўсе пастановы Часовай Ула[д]ы павінны згаджацца з вышэйпаказаным прынцыпам. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасьцю Рэспублікі.

4. Да сазыва Устан. Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, увядзеньня найбольшага 8-мі гадзін. дня, кантроля над дабрабытам, мінім. зараб. платы і г.д.

5. У мэтах барацьбы з вырастаючай спэкуляцыяй і ўпарадкаваньня тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к разьвіцьцю на шырокіх пачатках усіх відаў коопэрацыі.

6. Уперад да скончаньня развязваньня гэтага пытаньня ў Уст-м Сойме прызнаем на тэрыт. Бел. свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасьць асобнасьці і памяшчэньняў.

7. Прыдаючы першастэпеннае значэньне народнай прасьвеце, РС будзе старацца к агульнаму абучэньню ў самым шырокім маштабе.

8. У рубяжох БНР прызнаюцца правы ўсіх меншасьцяў на нац. пэрсан. аўтаномію.

Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцельніцай волі народа, Рада Случчыны дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў, у выпадку патрэбнасці нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічэбную перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе.

 

Адлюстраваньне падзеяў 1920 г. у тагачаснай прэсе.

 

Беларускія партызаны

На абшарах Меншчыны пачалася новая страніца ў гісторыі Беларусі. З розных крыніц даходзяць да нас больш-менш пэўныя весткі, што люднасьць, абураная проці ўлады бальшавікоў з яе бесканечнымі рэквізіцыямі, грабежствам і з нечуваным тэрорам, паўстае проці панаваньня маскоўцаў і камуністаў, сурова разьлічаючыся з імі за ўвесь зьдзек і гора, прынесеныя імі ў край. Гэта паўстаньне проці дзікай навалы прыймае штораз большыя разьмеры.

Пачатак усяго гэтага адносіцца да таго часу, як бальшавікі летам гэтага году ўварваліся на Меншчыну. Грабежствы, якія яны праводзілі ў вёсках, зразу ж ставілі беларускіх сялян проці галоднай бальшавіцкай арды. У вёсках сталі арганізоўвацца абаронныя дружыны. Вясковая моладзь, аружная, вартавала вёску ад неспадзяваных наездаў і ўначы. Па сыгналу вартавых зьбягаліся сяляне і, як маглі, абараняліся ад няпрошаных гасьцей. З малымі бальшавіцкімі атрадамі сяляне спраўляліся досыць лёгка, і нямала бальшавікоў злажыла галаву ў глухіх вёсках. Праўда, шмат і вёсак згінула потым ад агню, але барацьба проці прыблудаў з усходу не спынялася, нягледзячы нават на тое, што бальшавікі пакіравалі на “бунтуючыяся” вёскі караючыя атрады.

Каб лягчэй забраць у свае рукі беларускую моладзь з вёсак, бальшавікі абвесьцілі мобілізацыю і самі зараз жа сталі распісываць, што мобілізацыя ідзець надта памысна. На самым жа дзеле моладзь кінулася ў лясы, якія і раней хавалі [іх] продкаў у сваіх гушчарох ад лютага ворага, і адкуль яны нясьлі помсту сваім крыўдзіцелям. Вялікія лясныя абшары на Піншчыне ажывіліся люцкімі галасамі, у паветах Барысаўскім, Менскім, Бабруйскім па лясох сталі арганізоўвацца аддзелы “зялёных”. Яны, павялічаючыся сьвежапрыбываючымі, ужо ня толькі абаранялі сябе і родныя вёскі, але пачалі самі нападаць на чырвонаармейцаў, адбіваць ад іх абозы, амуніцыю, аружжа...

Уцякаючы сьпярша ад мабілізацыі ў Чырвоную армію і гуртуючыся для абароны спачатку толькі сваёй вёскі, а потым і воласьці, паўстанцы ў далейшым зьбіраюць больш моцнае ядро ў адным мейсцы, рассыпаючы дробныя атрады на ўсім павеце і ўстанаўляючы паміж імі і сабой цесную лучнасьць.

Найбольш зарганізаваным выяўляе сябе Слуцкі павет, дзе цэнтральнае ядро беларускіх паўстанцаў мае да 4000 добра вааружаных людзей. Гэты атрад хутка і стала набывае формы рэгулярнага войска. Арганізацыя праведзена дужа разумна, і гэта выгадна вызначаецца ў баявой чыннасьці атрада.

Гэты атрад розьніцца ад другіх яшчэ і тым, што больш шырэйшыя заданьня паставіў ён перад сабой. Дзякуючы таму, што ў сваіх радох гэта група мае і больш сьвядомы беларуска-нацыянальны элемэнт — Слуцкі павет у гэтым і раней значна выдзяляўся з ліку іншых паветаў на Меншчыне— Слуцкая група пачала сваю процібальшавіцкую акцыю пад дэвізам дамаганьня беларускіх палітычных і нацыянальных ідэалаў — незалежнасьці Беларусі.

Атрыманыя намі з пэўных крыніц весткі сьцьвярджаюць, што абвешчаная на Случчыне ў апошні час прадстаўнікамі Беларускага Народнага Ўраду мобілізацыя дала значныя скуткі. Люднасьць прызыўных гадоў цэлымі грамадамі ахвотна пайшла на зборныя пункты. Фармаваньня новых вайсковых аддзелаў адбываюцца шыбка; кіруюць гэтым людзі, маючыя самі ўжо значны вайсковы стаж.

Партызанскія беларускія атрады, раскінутыя амаль ні па ўсей Случчыне, стала абараняюць сваю цэнтральную групу, даючы гэтым ей магчымасьць правесьці пляновую арганізацыю і ўсталіць лучнасьць і падпарадкаваць сабе партызанскія атрады ў другіх паветах.

Змаганьне за свой кут, за сваю хату, за дабрабыт і свой уласны жыцьцёвы парадак на беларускай зямлі адбываецца. Барацьба з маскоўскім наездцам ідзець, кроў сыноў беларускай зямлі льецца. Народ паўстаець; ён падняўся да найвышэйшага акту ў абароне вольнасьці сваей зямлі — да самаахвяраў. Гэта — найвялікшы момэнт у жыцьці кожнага народу, гэта — гістарычны момэнт.

Магчыма, што ў барацьбе з аграмаднымі бальшавіцкімі сіламі беларускім паўстанцам не ўдасца на разе зьдзейсьніць свае ідэалы — выгнаць бальшавікоў за этнографічныя беларускія межы, але самы факт аружнай барацьбы з ворагам даказывае, што гэты народ ужо дарос да свайго незалежнага дзяржаўнага жыцьця.

С. Р. (Сымон Рак-Міхайлоўскі)

Беларускае Слова. 1920.
27 лістапада.

 

Цяжкія баі Першай беларускай брыгады
з бальшавікамі

З Ліды надыйшла да нас вестка: у раёне Семежово адбываліся апошнімі днямі крывавыя баі паміж беларускімі аддзеламі і большавікамі. Частка беларускіх аддзелаў разьбіта і перайшла польска-большавіцкую граніцу 7 сьнежня ў раёне вёскі Ветчыцы. Аддзелы гэтыя цяпер разаружаюцца палякамі. Да гэтага часу разаружана 30 афіцэраў і 400 жаўнераў.

Гэта сумная вестка, атрыманая намі з крыніц неофіцыяльных, патрабуе яшчэ падцьверджаньня.

 

Паўстаньні на Меншчыне

Агенты першай брыгады падыймаюць на тылох у большавікоў сялянскія паўстаньні. Паўстанцы зьнішчаюць чыгуначную, тэлеграфную і тэлефонную камунікацыю, адбіваюць абозы, адбіраюць аружжа. Паўстанчыя атрады павелічаюцца з кожным днём. Забезпакоеныя бальшавікі, сьцягіваючы сілы, ужываюць суровыя рэпрэсіі ў адносінах да захвачаных у палон паўстанцаў, а таксама і да люднасьці, ім спачуваючай.

 

Першая брыгада войск БНР з адвагай і мужнасьцю б’ецца

 

З места новага пабыту Штабу першай брыгады войск Бел. Нар. Рэсп. намі атрымана вест[ка] ад 9 гэтага сьнежня, што брыгада з мужнасьцю адбіваецца ад напіраючых у пераважаючым ліку бальшавіцкіх аддзелаў і што 2 роты, складаўшыя асобны ад 1 брыгады аддзел, прымушаны былі пад напорам вялікіх сіл праціўніка адступіць да лініі польскіх войск, дзе былі разаружаны.

Беларускае Слова. 1920.
14 сьнежня.

 

“Паўстаньнi процiў бальшавiкоў”.

Нам ня раз прыходзiлася чытаць у нашых газэтах аб тых цэбрах гразi, якою ўвесь буржуазны друк аблiвае рабоча-сялянскую ўладу дзеле таго, каб трымаць сваiх сялян i работнiкаў у цемры i даваць iм фальшыв[ыя] весткi. Так, напрыклад газэта “Новое Варшавское Слово” ад 25 лiстапада з крынiц Беларускаго бюро друку паведамляе: “З розных канцоў паведамляюць, што ва ўсiм Менскiм вокрузе пачалiся процiўбальшавiцкiе паўстаньнi. Арганiзатарамi паўстаньня з’яўляюцца левые беларускiе элемэнты, выступаючые пад лёзунгам незалежнай Беларусi i склiканьня беларускага нацыянальнага сходу. Паўстанцы занялi мястэчкi Гайна i Лагойск на поўнач ад Менску”.

Была часта некалькi дзён таму назад, калi белы друк пiсаў аб тым, што i Менск заняты паўстанцамi. Гэта вiдаць з далейшых слоў:

Весткi аб заняцьцi Менска не пацьверджаюцца.

Мялi Ямеля, твая нядзеля.

Не за гарамi тая часiна, калi працоўная бедната Захаду, узяўшы ўладу ў сва[е] рукi, зробiць сваё друкаванае слова праўдзiвым i чэсным.

С. Б. (Сьцяпан Булат)

Савецкая Беларусь. 1920.
12 сьнежня.

 

Вытрымкі з камунікатаў штабу Першае Слуцкае брыгады Войскаў БНР

Сьнежань 1920 г.

[...]

4.ХІІ.1920 г. Рота стральцоў нашых войск пры націску чырвоных на Семежава была акружана ў засьценку Вялікі і Малы Страпінь.

Рота прарвалася праз рады чырвоных і адышла ў напрамку на Вялікі Рожын. У гэтым месцы рота ўначы наткнулася на бальшавіцкі карацельны атрад. Забілі камісара і 15 чырвонаармейцаў узялі ў палон. Захоплена канцылярыя атраду і забраны гурт скаціны і коняй, што зрэквізавалі бальшавікі ў сялян в. Вялікі Рожын (у сем’яў дэзэрціраў). Усё зрэквізаванае было аддадзена сялянам.

5.ХІІ. Адбыліся цяжкія баі пад Капылём і Семежавам. Бел[аруская] рота цэлы дзень бараніла м. Вызну проціў цэлага бальшавіцкага батальёну, маючага некалькі кулямётаў. За недахопам патрэбных сродкаў абароны аддзел прымушаны быў адступіць на захад. Бальшавікі панесьлі значныя страты. З боку беларусаў таксама шмат раненых. У бел[арускім] войску адчуваецца недахоп аружжа і амуніцыі.

Уначы з 9 па 10.ХІІ. вывядоўчы аддзел стральцоў зрабіў налёт на вёскі Крывасёлкі й Навасёлкі, дзе забралі 28 палонных.

10.ХІІ. Зьявіліся да штабу 1-ай Белар[ускай] Брыгады 18 чалавек “зялёных” з аружжам і набоямі. “Зялёныя” прарваліся праз рады ворагаў і прылучыліся да войск Б.Н.Р.

Уначы з 11 на 12.ХІІ. бел[арускі] аддзел разьведкі заатакаваў вёску Старын. Узята ў палон 10 чырвоных і адабраны транспарт [з забраным] у мясц[овай] люднасьці збожжам. Усё зьвернена ўласьнікам.

Уначы з 13 на 14.ХІІ. камандзір вывядоўчага аддзелу Першага Слуцкага Палку Стрэльцоў пры помачы кавалерыйскага аддзелу зблізіліся да м. Семежава, якое было занята карацельным бальшавіцкім атрадам і пасьля крывавага бою занялі мястэчка. Карацельны бальшав[іцкі] атрад зусім зьнішчаны. Вораг страціў забітых і раненых 50 чал[авек].

З нашага боку 3-х раненых.

З 17 на 18.ХІІ. мы занялі м. Піліпавічы, Байчацін, Страхін і м. Семежава. Узята 25 палонных і здабыта 1 кулямёт з набоямі, шмат стрэльбаў, набояў, гранатаў, палёвая кухня, транспарт з коньмі.

З 18 на 19.ХІІ. мы занялі Вызну. 50 чырвонаармейцаў забіта і шмат ранена, а таксама захоплена значная ваенная здабыча.

19.ХІІ. а 10-й гадз[іне] раніцы бел[арускія] аддзелы пад націскам ворага адышлі на старыя пазыцыі.

З 19 на 20.ХІІ. адступілі мы на лінію Колкі — Морач — Узнога.

20.ХІІ.1920 г. У раёне Семежава пачалі адыходзіць па сканчэньні эвакуацыі Семежава на лініі Лубенец — Урведзь, дзе мы злучыліся з рэзэрвамі. [...]

30.ХІІ.1920 г. Брыгада перайшла раку Лань і была раззброена польскім войскам. Аднак пэўныя баёвыя групы, заснаваўшы паўстанскую арганізацыю, дасталіся на тылы бальшавікоў, дзе і далей праводзяць баёвую дзейнасьць. Раззброеныя аддзелы 1-ай Брыгады Войск БНР часова інтэрнованыя ў ваколіцах Сіняўкі (на ўсход ад Баранавіч).

Матэрыяльнае становішча тых аддзелаў цяжкае. Патрэбная ёсьць скорая помач грамадзянства.

Пар[учнік] Арцышэўскі за Шэфа Штабу Войск Б.Н.Р.

“Nowy Šlach”. 1937. 25 лістапада. № 3 (24).

 

ВЫПІСКА З ПРАТАКОЛУ ПЛЕНАРНАГА ПАСЯДЖЭНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ РАДЫ СЛУЧЧЫНЫ.

30 студзеня 1921 г.

Слухалі: Заметкі у польскіх газетах аб рожных урадах на Беларусі, якіх налічывалі 8 штук.

Ухвалілі: Падцьвердзіць, што Рада Случчыны ўвесь час лічыла і лічыць адзіным правамоцным дзяржаўным Урадам БНР Урад, на чале з В.Ластоускім, выбраны 13 снежня 1919 году. Уселякіе іншые Урады, каторые называюць сябе дзяржаўнымі, ці бяруць на сябе часткі дзяржаўных функцый бэз згоды на тое Ўраду Рэспублікі, лічым самазванымі і здраднымі.

Слухалі: Аб адносінах да Польшчы.

Ухвалілі: Прымаючы пад увагу, што Ўрад Польшчы за ўвесь час паўстанчэскага руху на Случчыне, пабачыўшы, што гэта ёсьць запраўды нацыянальны рух, ня толькі не падтрымліваў змагаўшуюся з Савецкім Урадам першую брыгаду БНР і Раду, але ен нават умысльна рабіў уселякіе перашкоды і правацыраваў справу, баючыся пашырэньня руху, што пагэтаму ўсе спробы дабіцца ад Польшчы дапамогі аружжам, збожжам ці грашмі, ня згубіўшы сваей самастойнасьці, канчаліся нічым і аставаліся толькі абецанкамі; што за ўвесь гэты час ізнемагаўшым у барацьбе з пераважнымі сіламі савецкіх акупантаў, галодным, неадзетым, азброеным толькі трафеямі, здабытымі ў бойках, вайскам беларускім была атрымлена ад іх падачка: 100 пудоў збожжа ад цывільнай улады і 300 карабінаў з патронамі і 3 кухні ад вайсковых часьцей; між іншым, як здрадніка Беларусі генерал[а] Булак-Балаховіча Польшча падтрымлівала і дапамагала яму;

Рада Случчыны падраховывае першые тры месяцы паўстаньня (ад 1 лістападу 1920 г. да канца студня 1921 г.), прыходзіць да перакананьня, што і у папярэднія часы пры вызваленьні Бацькаўшчыны ня можна спадзевацца на шчырую дапамогу Польшчы, што супольная з ёй праца можа быць дужа шкодліва для дзяржаўнасьці.

Слухалі: Аб генералу Булак-Балаховічу.

Ухвалілі: Прыймаючы пад увагу, што генерал Балаховіч вядзе барацьбу ня толькі супраціў здабыткау мартаўскай рэвалюцыі і яе далънейшых здабыткаў, а так сама супраціў рожных сацыялістычных партый;

што не толькі не вызнае законнага Ўраду Б.Н.Р., але-ж нават вядзе з ім барацьбу і ўтварае пры сабе штучные Ўрады, кампрамітуе дзяржаўную справу: Рада Случчыны лічыць яго толькі авантурнікам, а не народным і нацыянальным павадырам, як яго называюць яго найміты — палітычны камітэт; уся-ж яго праца есьць вельмі здрадная для Беларусі.

Слухалі: Аб заметках у газэце “Народ” 5.І і “Работнік” 12.1.1921

Ухвалілі: Заслухаушы аб тым, што ў польскіх газэтах надрукована: 1) інтэрвью (Оріента) з сябром гэтак званага палітычнага камітэту Сенькевічам, каторы заявіў, што генерала Балаховіча прызнае Случчына;

2) дэклярацыя аб арганізацыі “Зяленага Дуба”, у якой так сама значыцца аб прызнаньні гэтай арганізацыі і Балаховіча Случчынай;

3) што ад імені Случчыны з дэклярацыяй выступаў сябр Рады пар[учнік] Мацэллі, ухвалілі: Рада, дэмакратычна выбраная на зьездзе Случчыны 15 лістапада 1921 году і рэпрэзэнтаваная ўсімі валасьцямі і местам Слуцкам, даручыушым ёй усю грамадзянскую і вайсковую справы, катэгарычна пратэстуе супраціў гэтых заяў, якія есьць толькі фальсыфікацыя волі жыхароў Случчыны, бо ні раней, ні ў гэты час ніколі не прызнавалі Балаховіча, палітычны камітэт пры ім і арганізацыю “Зяленага Дуба”. Сябру Рады пар. Мацэллі, каторы выступаў ад імені Случчыны з гэтымі заявамі, Рада абъяўляе выгавар.

(Падпісана ўсімі прысутнымі сябрамі — 9 чалавек).

Старшыня Рады Случчыны Ў. Пракулевіч.

Пратакол падпісалі: У. Прокулевіч, Б. Русак, Ю. Радзюк, У. Дубіна, Ю. Лістапад, Я. Каўпак, П. Бабарека, Ц. Мяшочак, С. Бусел.

 

Рэзалюцыя аб Слуцкім паўстаньні, прынятая на Беларускай Палітычнай нарадзе ў Празе
28 верасьня 1921 г.

 

Сялянская Беларусь, прачнуўшаяся ад летаргiчнага сну векавой няволi, распачала змаганьне за сваё вольнае i роўнае жыцьцё сярод iншых вольных народаў.

Чацьвёрты ўжо год змагаецца Беларусь з насiльствам розных акупантаў. У гэтым змаганьнi беларускi народ добра сабе ўсьвядомiў, што справа вызваленьня i адраджэньня яго бацькаўшчыны ёсьць справа яго ўласных рук. Беларускi народ пераканаўся, што нi ад Масквы, нi ад Варшавы яму няма чаго чакаць для палепшэньня сваёй долi.

Цэлым радам паўстаньняў, у працягу гэтых чатырох гадоў, беларускi народ ясна паказаў, куды ён iмкнецца i на каго пакладае ўсе свае надзеi.

Найяскраўшым момантам у гэтым гераiчным змаганьнi, апрача паўстаньняў у Вiленшчыне, Вiтэбшчыне, Ашмяншчыне i г. д., зьяўляецца паўстаньне ў Случчыне, калi сам сярмяжны народ, стыхiйна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасьць i непадзельнасьць сваёй бацькаўшчыны, напiсаў на сваiм штандары: нi польскiх паноў, нi маскоўскiх камунiстаў.

Беларуская Нацыянальна-Палiтычная Нарада канстатуе, што гэтае паўстаньне было задушана пераважаючымi сiламi абодвух бакоў.

Слава паўшым змаганьнiкам!

Беларуская Нацыянальна-Палiтычная Нарада перасьцерагае беларускi народ, каб не было непатрэбнага пралiцьця крывi, устрымацца ад неарганiзаваных выступленьняў, але моцна аб’яднаць свае сiлы к таму моманту, калi праб’е час агульнанароднага рэвалюцыйнага змаганьня кожнага народу быць гаспадаром у сваiм краi.

Прага-Чэская, 28 верасьня 1921 г.

 

Дакумэнты ўзятыя з кнігі “Слуцкі Збройны чын: Дакумэнты і матар’ялы”, якая падрыхтаваная гісторыкамі Ўладзімерам Міхнюком, Аляксандрай Гесь, Уладзімерам Ляхоўскім. Кніга мае выйсьці ў бібліятэчцы “Беларускага Гістарычнага Агляду”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0