Навіны за тыдзень

 

Няўрадавыя арганізацыі падтрымалі
Раду дэмсілаў

У Менск на Асамблею няўрадавых арганізацый зьехаліся прадстаўнікі 430 суполак і хаўрусаў з усяе Беларусі. Абмяркоўвалі пытаньні бягучага моманту, а ў кулюарах найбольш — як рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў. Асамблея падтрымала дзейнасьць Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў у справе вылучэньня адзінага кандыдата. Г.зн., што “трэці сэктар”, як называюць незалежныя грамадзкія суполкі, абяцае актыўна далучыцца да выбарчага змаганьня.

Летуценьнікі

30 лістапада Лукашэнка ды Пуцін ухвалілі ў Менску праект пагадненьня пра ўвядзеньне адзіных грошай ды стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру. Расейскі рубель мае прыйсьці ў Беларусь у 2005 г., а ў 2008 г. маюць зьявіцца “новыя грошы”. З эмісійным цэнтрам будзе, са словаў Лукашэнкі, “вельмі шмат праблем”.

Такое сама пагадненьне падпісвалі В.Кебіч і В.Чарнамырдзін у 1994 г.

Пазоў БГК

Беларускі Гельсынскі Камітэт накіраваў пазоў у Вярхоўны Суд аб прызнаньні несапраўднымі вынікаў кастрычніцкіх выбараў па Маладачанскай выбарчай акрузе № 86 (Менская вобласьць), дзе, паводле назіраньняў БГК, моцна падтасавалі вынікі. Гэта першы пазоў такога кшталту, а будзе яшчэ ня менш за 10 па іншых выбарчых акругах, дзе пракуратура яшчэ ня скончыла праверкі.

Змаганьне
з партызанамі

30 лістапада ў Менску міністры замежных справаў СНД пагадзіліся стварыць “антытэрарыстычны цэнтар”, што адразу і пачаў дзейнічаць — з 1 сьнежня. Збольшага ён мае змагацца з ісламізмам у Азіі. Беларускія ўлады робяць і свае захады — 28 лістапада Лукашэнка загадаў КДБ і МУС падрыхтаваць прапановы па ўзмацненьні аховы газа- і нафтаправодаў у Беларусі.

Гавін стварыў фракцыю

Былы старшыня Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Тадэвуш Гавін узначаліў дэмакратычную фракцыю гэтай арганізацыі. Ён ня згодны з пазыцыяй новага кіраўніка СПБ Тадэвуша Кручкоўскага, які ня хоча, каб Саюз кантактаваў з апазыцыяй, як пры Гавіне.

Абавязковы экзамэн
з замежнай мовы

На калегіі Міністэрства адукацыі пастанавілі пакрысе пераходзіць да абавязковага ўступнага іспыту па замежнай мове ў беларускіх ВНУ. Спачатку гэтая пастанова будзе датычыць толькі гуманітарных спэцыяльнасьцяў, з часам — усіх.

Візыт біскупа ў Смургоні

На пачатку сьнежня касьцёл сьв.Міхала ў Смургонях плянуе наведаць біскуп Гарадзенскі Антоні Дзямянка. Біскуп наведае шпіталь, могілкі, пагутарыць пра праблемы зь вернікамі, сустрэнецца з кіраўніком гораду. Вынікі такіх візытацый, паводле традыцыі, мусяць аналізавацца й перадавацца Папу Рымскаму.

Асудзілі “прапара”

30 лістапада Берасьцейскі міжгарнізонны суд асудзіў старшага прапаршчыка аднаго з аддзелаў пагранвойскаў, што месьціцца ў Пінску, на два гады прымусовай працы. Прапаршчык зьбіваў салдатаў (давялі 24 выпадкі), прымушаў іх працаваць на дачы падпалкоўніка Н. Асуджаны сказаў, што біў салдатаў “з чыста бацькоўскіх меркаваньняў”.

Беларускі сродак
ад AIDS-у

У Беларусі распрацавалі антывірусны прэпарат “Заміцыд” для лячэньня ВІЧ-інфікаваных. У рэспубліканскім навукова-дасьледчым інстытуце мікрабіялёгіі і эпідэміялёгіі праходзяць таксама выпрабаваньні вакцынаў супраць ВІЧ, а таксама тэст-сыстэмаў, якія будуць выкарыстоўвацца дзеля дыягностыкі ВІЧ-інфэкцыі.

“Дэ-Факта” прыкрываюць

Магілеўская падатковая інспэкцыя запатрабавала ад газэты “Дэ-факта” выплаціць штраф больш як 2 млн. рублёў і замарозіла рахункі выданьня. Газэта апынулася на мяжы закрыцьця. Заснавальнікі газэты адзначаюць, што сёлета гэта ўжо пятая праверка. Камітэт дзяржаўнага кантролю распачаў праверку адразу пасьля таго, як газэта надрукавала артыкул “Камітэт ня плоціць па рахунках”. Аднак папярэднія праверкі ня выявілі парушэньняў.

Паводле дасьледаваньняў IREX-Promedia, “Дэ-факта” чытаюць 8% жыхароў вобласьці. Газэта выходзіць з 1995 г. і мае наклад пад 8 тыс. асобнікаў.

Новы CD Алена

Поп-сьпявак Ален, што быў зьехаў у Амэрыку, па вяртаньні на радзіму працаваў над стварэньнем новага альбому “Толькі сон”, які гэтымі днямі выйшаў на касэце і CD.

Падрыхтаваў Алесь Кудрыцкі

 

Суды
над моладзьдзю

У Горадні засудзілі ўдзельнікаў акцыі “Пераменаў!” 12 лістапада. Штрафы атрымалі Мялешка Андрэй (170 мінімальных заробкаў), Нех Сьвятлана (150 м.з.), Мельнікаў Андрэй (20 м.з.), Лашкоўскі Алесь (30 м.з.), Капцэвіч Натальля (30 м.з.), Машкала Алена (20 м.з.), Клімук Сяргей (30 м.з.), Міхальчык Дзяніс (30 м.з.). Папярэджаньні — Саранчукоў Вадзім, Мялешка Іна, Філіповіч Вольга, Машкала Алена.

У Менску таксама прайшлі суды над удзельнікамі менскай акцыі “Пераменаў!”. Аштрафаваныя Мазоўка Андрэй, Самончанка Ўладзімер, Цітовіч Ян, Лыско Ўладзімер (усе — 20 м.з.) ды Вінярскі Васіль (30 м.з.). Папярэджаньні далі Ткачэнку Ўладзімеру, Цімашук Вользе, Грачусе Надзеі, Кошалеву Віталю, Чулкову Кірылу, Малішэўскаму Яраславу, Шмялёву Сержуку, Яроменку Дзянісу, Харкевічу Руслану, Грыгор’еву Юр’ю, Цыганкову А., Зялюткіну А., Зялюткіну С., Падліскіх Я., Вінярскаму М., Зяленскаму Н., Шкурку А., Сакалову С. 6 сьнежня адбудзецца суд над Сяргеем П’яных.

У Віцебску вынесьлі папярэджаньні Сяргею Шапіру, Уладзімеру Патоцкаму, Юр’ю Мельнікаву.

У Барысаве браты Міхась і Зьміцер Кузьняцовы атрымалі штрафы ў 3 і 2 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі
Праваабарончага цэнтру “Вясна-96”

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0