Правы чалавека ў Беларусі

Выбары

Беларускі Гельсынскі Камітэт мае намер падаць пазоў у Вярхоўны Суд Беларусі аб прызнаньні несапраўднымі выбараў у сямі выбарчых акругах. БГК мае вялікую базу зьвестак пра фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і завышаныя лічбы яўкі на выбарчыя ўчасткі. Раней з падобнымі заявамі БГК зьвярнуўся ў ЦВК і Генэральную пракуратуру. На пачатку сьнежня будзе прэзэнтаваны даклад аб парушэньнях падчас выбарчай кампаніі 2000 г. “Мы маем падставы казаць, што прынамсі ў некалькіх акругах дэпутаты былі прызначаныя, а потым проста падганяліся лічбы. Калі б была магчымасьць уключыць нашых сяброў у выбарчыя камісіі, можна было б рэальна сарваць фальсыфікацыі як найменш у 30 акругах”, — кажа Тацяна Процька, кіраўніца арганізацыі.

 

Мінюст зноў ловіць блох

Другое папярэджаньне вынесла Міністэрства юстыцыі ўплывовай праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Прычынай стала адсутнасьць у выходных зьвестках праваабарончага бюлетэню “Права на волю” безгустоўнага скароту РГА, на якім настойвае Мінюст.

 

Наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе
9-гадовае дзіця?

3 лістапада старшыня ЦВК спн. Ярмошына абвесьціла, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі прэзыдэнтам Беларусі можа стаць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусі паводле нараджэньня. Аднак што такое грамадзянін РБ паводле нараджэньня, нідзе ня вызначана. Перад РБ былі ВКЛ, БНР, БССР. Некаторыя тэрыторыі нашага краю ўвогуле дасталіся палякам, расейцам, летувісам у выніку нацыянальнай палітыкі СССР. Палажэньне “Прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін паводле нараджэньня” адсутнічала ў Канстытуцыі Беларусі 1994 г. і было ўнесенае ў “прэзыдэнцкі варыянт” Канстытуцыі’96. Магчыма, каб засьцерагчыся ад зьяўленьня беларускага Адамкуса. Але Рэспубліка Беларусь была абвешчаная ў 1991 г. З тых часоў у нас і зьявіліся грамадзяне РБ паводле нараджэньня. Ім цяпер ад 0 да 9 год. Згодна з арт. 8 Закону “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”, грамадзянства Беларусі набываецца: 1) паводле нараджэньня, 2) шляхам рэгістрацыі, 3) у выніку прыёму ў грамадзянства. Пры гэтым арт. 3 Закону гарантуе роўнасьць грамадзянаў у правох, незалежна ад падставаў атрыманьня грамадзянства.

Ці ня маем мы справу яшчэ з адным тупіком лукашэнкаўскай Канстытуцыі? Цяпер выйсьцем магло б быць прыняцьце ПП НС акту, які патлумачыў бы Канстытуцыю. Гэткі акт прымаецца 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палатаў НС. Аднак НС мае невысокі аўтарытэт з-за парушэньняў падчас фармаваньня яго ніжняй палаты. Прасьцейшым выйсьцем быў бы зварот Прэзыдэнта, Савету Міністраў, парлямэнту, Вярхоўнага Суду, Вышэйшага Гаспадарчага Суду ў Канстытуцыйны Суд (толькі гэтыя суб’екты дзяржаўнай улады маюць права туды зьвяртацца) з прапановай аб прызнаньні арт. 80 Канстытуцыі (які стварыў калізію) не адпаведным іншым артыкулам Асноўнага Закону і міжнародным пагадненьням, ратыфікаваным Беларусяй.

Будзем спадзявацца, што хаця б гэтым разам улады пойдуць цывілізаваным прававым шляхам, які не прымусіць сумнявацца ў легітымнасьці будучага прэзыдэнта.

 

Дом-інтэрнат — пастка
для старых

У 1995 г. Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня надумала сьсяліць старых людзей — вэтэранаў працы й інвалідаў розных групаў — у адзін дом, каб іх лягчэй было абслугоўваць, даглядаць. Гэтым мусілі заняцца працаўнікі сабесу. Ідэя зусім ня кепская, але, як часта здараецца, сапсаваная амаральнымі рэалізатарамі. Спачатку ў старых людзей пазабіралі кватэры, спакусіўшы іх райскім жыцьцём пад агульным дахам Дому вэтэранаў № 1, што на праспэкце Ракасоўскага ў Менску. Ордэраў на засяленьне ў новым месцы ім ня выдалі, сказаўшы, што тыя ляжаць у дырэктара. Так, маўляў, дакумэнты лепей захаваюцца. Адным прыгожым ранкам, праз два гады, людзі прачнуліся і знайшлі ў паштовых скрынках “Положение о Доме ветеранов”, якое пазбаўляла іх усялякіх правоў і цалкам аддавала Дом ва ўладу чыноўнікаў гарсабесу, гарвыканкаму і міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня. Калі хтосьці быў нязгодны — пагражалі выкінуць з інтэрнату на вуліцу. Пры гэтым ніякага асаблівага клопату аб сабе старыя не адчувалі. Так, былы вязень фашыстоўскага канцлягеру, стары, самотны й нямоглы У. Бязрукаў памёр і 3 тыдні ляжаў у сваёй кватэрцы непахаваны. Працаўнікі сабесу не задаліся пытаньнем, дзе падзеўся іх падапечны. Па сьмерці Г. Карэўкі цела праляжала больш за 2 тыдні.

Кіраўніцтва інтэрнату мела слабыя нэрвы і не магло сузіраць чужую сьмерць. Працаўнікі сабесу заявілі старым людзям: “Паміраць мы вас усіх павыкідаем у Дражню” (у агульны дом-інтэрнат). Так Аляксандру Ранцаву безь яе згоды выселілі, волакам правалаклі па калідоры і адвезьлі ў Дражню, дзе яна хутка й сканала. Анастасію Мяшкову таксама зьвезьлі ў Дражню, але рэчы ёй забраць не далі, і, са словаў старых, іх дазволіла расьцягнуць дырэктарка Дому вэтэранаў Л. Шчарбіна. Цяпер Мяшкова прыяжджае з Дражні, ходзіць па Доме вэтэранаў і плача, каб аддалі рэчы.

Дырэктарка Л. Шчарбіна не саромеецца казаць жыхарам Дому, як яна іх ненавідзіць, як здасьць іх у дурдом, згноіць у Дражні ці ў турме.

Людзі скардзяцца на адсутнасьць вэнтыляцыі ў калідорах. Пастаянна вядзецца рамонт, і ад паху фарбы многія хварэлі на алергію, ад якое памёр С. Філіповіч, а А. Ігнатовіч трапіў у рэанімацыю з алергічным крызам.

Нягледзячы на тое, што ордэры так і не былі выдадзеныя, Л. Шчарбіна абвесьціла, што рамонт у кватэрах людзі павінны праводзіць за свой кошт, а таксама прымусіла іх аплаціць задняй датай сантэхніку і электрычныя пліты, якія былі ўстаноўленыя бясплатна. Бяруцца грошы за ацяпленьне й гарачую ваду, нават калі іх і заваду няма.

Людзі страцілі кватэры, маёмасьць, а атрымалі залежнасьць. Звароты ў Міністэрства, у гарвыканкам нічога ня далі. І тады старыя прынялі рашэньне напісаць скаргу… у амбасады заходніх краінаў. Тыя перадалі яе ў праваабарончыя арганізацыі.

Вось гэты ліст, ён ляжыць на маім стале. Падпісаны сямю бабулькамі. Напрыканцы бабулькі пішуць: “Мы любим свою Родину, своё Государство, и обращаемся к вам не для того, чтобы клеймить наше Государство, а чтобы услышал Президент нашего Государства!”

Старыя думаюць, што гэта нашыя кепскія чыноўнікі не дапускаюць іхных лістоў да Прэзыдэнта. А вось замежныя чыноўнікі, хай сабе й “ворагі”, давядуць да Яго гэты ліст. Колькі разоў дзяржава можа выкарыстоўваць і падманваць людзей, якія яе пабудавалі? Ці такою яны задумвалі сваю вялікую Радзіму, непахібнае Гасударства?

Маладыя ўжо зрабілі свае высновы і патрабуюць пераменаў.

Але вось як дапамагчы цяперашнім нявольнікам Дому вэтэранаў, што стаіць у Менску на праспэкце Ракасоўскага, 50?

 

Чытайце ў наступным нумары праваабарончага бюлетэню “Чалавек”:

– Навуковы погляд на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі

– Праваслаўная царква, дзяржава і антысэмітызм: як гэта ўзаемазьвязана?

– Правы чалавека ў Інданэзіі: за гады кіраваньня Сухарта загінула 50 тыс. чалавек. Ці магчымае прымірэньне?

– Слоўнік праваабарончых паняткаў

– Энцыкляпэдыя правоў чалавека

– Эсэ аб страчаным тэатры: Дзе-Я і “Вольная сцэна”

– Чалавек, які адышоў: кароткія зацемкі пра Стэфанію Станюту, Барбару Картлэнд, сіямскае немаўля Мэры, Ежы Гедройца, Гафэза Асада. Што яны далі чалавецтву?

Замовіць нумар ахвотныя змогуць па адрасе [email protected] або праз тэлефон (017) 222 48 00.

Падрыхтавана
Беларускім Гельсынскім Камітэтам


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0