Лісты ў рэдакцыю

 

Прэзумпацыя нявіннасьці

Вельмі цікава было слухаць у аўторак БТ. Ня кожны дзень даводзіцца чуць, як расьпякаюць гэбуху, нібы хуліганаў-падлеткаў. Галоўны прыкол тыдня — гэта Шэйман-пракурор. Пасада пракурора — адна зь нешматлікіх, што патрабуе спэцыяльнай юрыдычнай адукацыі. Пракуратура ў любой дзяржаве ажыцьцяўляе найперш нагляд і кантроль за дакладным выкананьнем законаў усімі галінамі ўлады, а таксама — грамадзянамі. Дзеля гэтага трэба, прабачце, хоць бы для пачатку ўмець адрозьніваць крадзеж ад махлярства альбо наўмысныя дзеяньні — ад звычайнай нядбайнасьці. Вядома, мы ў нашай краіне добра разумеем, каму й дзеля чаго спатрэбіўся генэрал-танкіст з пракурорскім шчытом.

Ці будуць цяпер пракурорскія здаваць раз на месяц страявую падрыхтоўку, ці зьявіцца бліжэйшым часам нейкі спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня пракуратуры, альбо, скажам, Асобая Нарада пры Пракуроры РБ — ужо нішто ня будзе дзіўным.

А пакуль чамусьці ўзгадваецца стары анэкдот з часоў савецкага войска. Прыходзіць раніцай у казарму старшына з бадуна і не знаходзіць пляшкі сьпірту — ці хто скраў, ці згубіў, невядома. Пашыхтаваў аддзяленьне й кажа:

— Дык вось, байструкі. Слухай загад. За ўчынены крадзеж маёмасьці ўсё аддзяленьне ў нядзелю пазбаўляецца звальненьня ў горад. Пытаньні ёсьць?

— Ёсьць! — адзываецца ў шыхце “дух”, былы студэнт юрфаку. — Таварышу прапаршчыку, гэта несправядліва, а як жа прэзумпцыя невінаватасьці?

— Што?! Та-ак, зойдзеш потым да мяне ў капцёрку! Будзе табе… прэзумпацыя нявіннасьці!..

Зьміцер Г., Менск

 

Супраць нацызму

Апошнім часам разьвялося шмат вельмі якасна выдрукаваных налепак. Фігура наверсе здалёк нагадвае калярадзкага жука. Як падыдзеш бліжэй, можна разгледзець свастыку, абведзеную кругам. Зьнізу тэкст на расейскай мове, частка якога набраная на кампутары і зьмяшчае менскія каардынаты. Мясцовыя каардынаты дапісаныя ад рукі — здаецца, чорным флямастэрам.

Калярадзкія жукі на нашых палёх водзяцца толькі аднаго віду, а тэкст на такіх налепках бывае розны. Адны налепкі, іх сама больш, наўпрост зьмяшчаюць інфармацыю пра тое, што трэба зьбірацца ў пэўны час пасярод адной зь менскіх станцыяў мэтро (цікава, ці санкцыянаваныя такія зборышчы? Даўно праглядаю чыкінскую “Панараму”, ды нешта ніводнага разу ня ўспомню, каб паказалі рэпартаж пра разгон гэткай акцыі ці хоць пра “ахову абшчэсьцьвеннага парадку” падчас ейнага правядзеньня. Ці аматараў фашыстоўскай сымболікі ў нас гэтак мала, што нават сабраўшыся пасярод станцыі мэтро, яны ніяк не замінаюць тым, хто мусіць карыстацца гэтай станцыяй па прамым, так бы мовіць, прызначэньні?).

На іншай налепцы (дрэнна адлеплівалася) было надрукавана такое: “Мы здесь. Назад пути нет”. Можна толькі пашкадаваць гэтых няшчасных. Бо наперад, налева, направа ў іх таксама “пути нет”. Папаліся во як у пастку. Цікава, ці гэта тэкст адмыслова для Беларусі, ці ёсьцека яшчэ дзе рэгіёны, дзе гэты слоган выкарыстоўваецца? Але ж і хітрыя якія. Для іх на сваю істарычаскую родзіну пуці нет, а нас дык туды зацягваюць. Дома, мабыць, усе такія злыдні, як яны самі, многа не праедзешся, а тутака яшчэ можна вольна пракарміцца, седзячы на карку ў затурканага беларуса.

Яшчэ адна такая налепка (садраная ўжо амаль дарэшты) запрашала ўдзельнічаць у іхняй дзейнасьці… украінцаў ды беларусаў. Тут ужо, як у футболе падчас сустрэчы суседзяў па турнірнай табліцы: разыгрываюцца адразу шэсьць ачкоў! Мала таго, што захамутаеш сабе памагатага, дык яшчэ й абяскровіш супрацьлеглы бок! Але ж чаму такая дыскрымінацыя, чаму запрашаюцца беларусы ды ўкраінцы, а не запрашаюцца баўгары, палякі або габрэі? А я ведаю чаму! Мабыць, толькі на гэтай паперцы яны праз душэўную муку выдрукавалі ненавісныя ім словы пра якіхсьці там украінцаў, пра якіхсьці там беларусаў. А як папаўся, дык знай сваё месца: ёсьць “тры ветві ядзінага рускага народа”, і ўсё!

У прынцыпе, я гатовы іх зразумець. Пад бокам надзіва прытка разьвіваецца Паднябесная імпэрыя — пакуль што мірна, а потым — хто ведае! Ня мы сказалі: вайна ёсьць працяг тае ж палітыкі інакшымі сродкамі. Так што патрабуецца гарматнае мяса ці хоць пэрспэктыўная крыніца ягонага здабыцьця. І расеец ужо амаль інстынктыўна азіраецца па бакох. Калі гэткая палітыка, “мы зьдзесь” — і кропка, вялася цягам многіх стагодзьдзяў, то якая разрэджанасьць павінна была ўтварыцца ва ўласна мэтрапольных землях! Гэта як бульба, ужо “пройдзеная” калярадзкімі жукамі. Новым калярадзкім жукам яна, пэўна, будзе ўжо нецікавая. Але я не магу зразумець беларуса ці “тожа беларуса”, які з задавальненьнем засоўвае сваю голаў у гэтую пятлю. А ёсьць, на жаль, і такія. Нават ведаю аднаго немаладога ўжо чалавека са шляхты, дык ён лічыць, што паходзіць ад “беларускіх казакаў” — азначэньне, якога няма нават у шматтомнай Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі!

Але я пра налепкі. Іх, як і калярадзкіх жукоў, трэба зьбіраць у пару. Бо як прапусьціш момант, давядзецца прыкласьці нашмат больш намаганьняў, а то й зусім застанешся бяз бульбы. Кажуць, на самым пачатку калярадзкі жук распаўсюджваўся з хуткасьцю пяцьдзясят кілямэтраў за год. Цяпер налепкі развозяцца кур’ерскімі цягнікамі (а мо й грузавікамі?). Лепш за ўсё здымаць налепку ў дажджлівае або проста вільготнае надвор’е. Гэта (пакуль?) можна зрабіць цалкам легальна, не зважаючы на прысутнасьць іншых людзей або нават міліцыі. Няма такога закону, каб забаранялася здымаць налепкі са свастыкай. Дык давайце ўсе разам зробім вуліцы нашых гарадоў чыстымі!

А., Гомель


водгук

Да нататак Славаміра Адамовіча “Пасьля Амэрыкі”

Хачу падзякаваць вам за рэкляму выданьня, у якім працую, і за увагу да маёй сьціплай асобы. Нават не зважаючы на быццам бы нэгатыўны кантэкст згадкі, пабачыць уласнае прозьвішча на старонках улюбёнай “НН” было надзвычай прыемна. Але, улічваючы імя і рэпутацыю аўтара тае самае згадкі, не скажу, што дзіўна. Зьдзівіла іншае. Аднак буду пасьлядоўны.

У сваім творы пад кідкай назвай “Пасьля Амэрыкі” Славамір Адамовіч згадвае, як у сваім артыкуле “Покажите мне героя!” (“БДГ” 17 чэрвеня 2000 г.) я абураюся “поступком этого литератора”. Імя “литератора”, дарэчы, не называю. Адкуль Славаміру вядома, чыім менавіта ўчынкам я абураюся — чарговая загадка, пакінутая нам таямнічай постацьцю паэта, да спробы разгадкі якой я вярнуся пазьней. А зараз прывяду некалькі вытрымак са свайго артыкулу, тым больш, што Славамір чамусьці забыўся паведаміць чытачу, які такі “ягоны” ўчынак мне прыйшоўся недаспадобы. “Оказывается, сей ценитель женской красоты избил очередную свою пассию. Избил из-за денег, которые та ему не вернула! Некоторое время назад уже приходилось слышать об этом поэте гадости. От однокурсницы, попытавшейся было взять у лжегероя интервью. Вместо рассуждений о жизни, литературе и любви молодой журналистке достались сексуальные домогательства. В самой, кстати, неромантической форме”.

Менавіта пра гэтыя словы Адамовіч піша, што “нехта Доўнар Вадзік апрылюдніў крыху менскіх плётак”. Чаму Славамір упэўнены, што па усім Менску пра яго ходзяць такія, мякка кажучы, непрывабныя плёткі — гэта, безумоўна, вельмі цікава, але мяне больш уражвае іншае. Напэўна, трэба мець сапраўдную мужнасьць, каб публічна пазнаць у неназваным паэце сябе. Відаць, Славаміру вельмі ўжо карцела адгукнуцца, хоць і са спазьненьнем на паўгода, на мой заклік “Покажите мне героя!” І калі пералічаныя ў маім артыкуле ўчынкі “литератора” зусім нельга назваць гераічнымі, дык публічна ўзяць на сябе гэтыя ўчынкі — гэта ўжо сапраўды гераізм. Нават калі ён сьціпла прыкрываецца словам “плёткі”. Але “сьціпласьць” ня здольная схаваць сапраўднага “гераізму” — гэта даказвае, што ня толькі сам Адамовіч пазнаў сябе ў гэтых “плётках”, але і іншыя людзі пазналі яго. І, як бы яны да гэтага ні ставіліся — трэба заспакоіць паэта: якім-ніякім, але героем ён усё ж стаў. Аднак і гэта не дае права Славаміру абвінавачваць людзей у напісаньні публічных даносаў.

Вадзім Доўнар,
Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0