Помнік Геніюш схавалі ў падвале

У гарадзенскім клюбе “Паходня” адбылася сустрэча зь Міхасём Скоблам, які падрыхтаваў да друку кнігу твораў Ларысы Геніюш

 

Том, які выйшаў у “Беларускім кнігазборы”, а таксама “Дзярэчынскі дыярыюш” самога Скоблы можна было набыць на сустрэчы. Прысутныя ўспаміналі пра паэтку, якая жыла на Гарадзеншчыне і памерла ў Горадні ў 1983 г.

Прафэсар унівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч быў сьведкам яе апошніх дзён. Гарадзенскія анколягі зрабілі апэрацыю, і паэтцы палепшала. Якраз быў каталіцкі Вялікдзень. Яна акрыяла, зрабілася бадзёрай і жыцьцярадаснай. І раптам злавесны момант. Уначы яе пацягнулі на паўторную апэрацыю. Ёй адразу пагоршала. Яна пачарнела, цяжка дыхала. Глядзела ўгору, ня ела, нікога не ўспрымала. Запалыя вочы, завостраны нос. Празь дзень, калі сп.Пяткевіч прыйшоў у шпіталь, там быў Юрка — сын паэткі. Ён сказаў: не заходзьце, яна нікога не пазнае. І яна памерла.

Хавалі яе ў Зэльве. Усе навакольныя вуліцы былі поўныя народу. Уся Зэльва прыйшла яе хаваць. Выступілі, апроч іншых, Адам Мальдзіс, Уладзімер Арлоў, некалькі словаў сказаў айцец Васіль — зэльвенскі сьвятар.

Наступным гаварыў прадпрымальнік Валянцін Дубатоўка, які яшчэ пяць гадоў таму дапамог выдаць у Слоніме факсыміле першага — праскага — зборніка Л.Геніюш “Ад родных ніў”. Ён дапамагае і М.Скоблу. Удвох яны езьдзілі ў Прагу, дзе яна жыла да арышту. У зэльвенскай Траецкай царкве ўсталявалі памятную шыльду, прысьвечаную паэтцы. Гэта першая дошка на беларускай мове ў праваслаўнай царкве, зазначыў ён.

Юрка Голуб — гарадзенскі паэт, родам з Зэльвы. Ён зачытаў урывак з газэты “Беларус” за сакавік—травень 1983 г. Там паведамлялася, што нэкралёг у “ЛіМе” не пабаяліся падпісаць сем асобаў. Яшчэ школьнікам паэт заходзіў у хату Геніюшаў. Калі вучыўся ў Менску, паэтка пісала яму, называла “галубком залаценькім”.

Міхась Скобла апавядаў пра тое, як цяперашнія ўлады і КГБ дружна адказваюць, што паэтка “не падлягае рэабілітацыі”. Асабістую справу Ларысы Геніюш, па яго словах, чытаў сам Лукашэнка. Зрэшты, прасіць рэабілітацыі для мужнай сапраўднай беларускі ў сёньняшняй улады — папросту амаральна.

У Празе захаваліся абодва дамы, дзе яна жыла, аднак за мяжой усталяваць мэмарыяльную шыльду яшчэ цяжэй, чымсьці тут. Сп.Скобла правёў параўнаньне зь Янкам Купалам — не на карысьць апошняга. У 1940-м годзе быў надрукаваны першы верш Геніюш. Тымчасам Купала ў сваіх Ляўках, падораных савецкай уладай разам з шыкоўным амэрыканскім аўто, пісаў свае “дрындушкі” пра калгасьніц. Яна ж пісала пра бел-чырвона-белы сьцяг, пра Пагоню, пра незалежнасьць. Першая яе кніжка датуецца 1942-м, годам сьмерці народнага паэта.

Паэтка напісала аднойчы Машэраву: дапамажыце выехаць адсюль хоць куды, хоць да папуасаў! Адказ з ЦК КПБ падпісала тав. Палікарпава: “Отказать. Зельва. Советская. Тениуш”. Вось такая злавесная памылка ў прозьвішчы...

Палкоўнік Данілік з Ваўкавыскага КГБ памёр у 1996 г. у сталіцы. Быў кнігалюбам. У ягонай картатэцы адзначана невядомае выданьне: “Л.Гениюш. “Из неопубликованного”. Цена 1 рубль”. Самой кніжкі Міхасю Скоблу адшукаць, аднак, не ўдалося. Дарэчы: можа, гэта быў машынапісны зборнік, зроблены самой паэткай альбо кімсьці зь яе сяброў — у адным паасобніку, напрыклад? А палкоўнік яго сканфіскаваў? Ну, а цана магла быць і пазначана —дзеля падабенства са звычайным выданьнем. Такая ў мяне ўзьнікла думка, калі я слухаў гэты аповед.

У Акадэміі навук захоўваецца больш за тысячу папак з архівам Геніюш. Да яе 100-годзьдзя можна было б падрыхтаваць нават 10-томнік, лічыць М.Скобла. Дарэчы, нечакана паступіла каманда выдаць кніжку паэткі ў дзяржаўным выдавецтве. Аднак гэта зноў будзе “дзяржаўны” варыянт Геніюш — з усімі ранейшымі цэнзурнымі праўкамі. У Зэльве было сабрана каля ста подпісаў, каб пераназваць Савецкую ў вуліцу Ларысы Геніюш. Улады нават стварылі камісію, вывучаюць меркаваньні насельніцтва. Надзеі, аднак, гэта не дадае.

Помнік Ларысе Геніюш ужо адліты, але калі яго ўдасца паставіць у Зэльве — не адкажа зараз ніхто. Паводле словаў М.Скоблы, помнік гэты стаяў раней у кабінэце Вольгі Іпатавай у Саюзе пісьменьнікаў. Але цяпер яго схавалі ў падвале і, відаць, — надоўга.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0