Памёр Ежы Гедройц. Пайшоў з жыцьця вялікі паляк, важны ня толькі для Польшчы. Шмат чым абавязаны яму і беларусы.

 

Сакрат Яновіч

Гедройц і беларусы

 

Памятаю сваё першае сутыкненьне з “Культурай”, пра якую я багата чуў, але ні разу ня бачыў на свае вочы. Здарылася гэта за часоў Герэка, калі дайшлі да мяне чуткі, што Гедройцаў часапіс льга пачытаць у бібліятэцы Саюзу Польскіх Літаратараў на Кракаўскім Прадмесьці. Падчас нейкага прыезду ў Варшаву я скарыстаўся з пасьведчаньня Саюзу і мог спакойна гадзінамі сядзець каля бібліятэчнага стэлажа, запоўненага нумарамі “Культуры”. На жаль, каб узяць дадому, не было і гаворкі, а пра ксэракс тады ніхто яшчэ ня чуў.

Я адразу апынуўся пад уражаньнем беларускае тэматыкі і падкрэсьліваньня яе вагі ў разьвязаньні польскіх праблемаў. Гэта было ашаламляльнае адкрыцьцё! Я і думаць ня думаў, што беларускі шматок вялізарнага Савецкага Саюзу можа аказацца такім істотным. У прэсе тых гадоў, праўда што, трапляліся публікацыі пра беларусаў, але заўсёды на ўзроўні якой цікавосткі альбо фальклёрнай экзотыкі. А з агульнага фону СССР Беларускую ССР вылучалі нашмат радзей. Беларусь і беларусы не заўважаліся як нешта значнае. Сярэдні паляк не ўсьведамляў, што існуе такі беларускі народ. Інтэлігенты таксама. Калі з кім льга было паразумецца ў гэтай справе, дык толькі зь пісьменьнікамі і гісторыкамі. Сам я, зрэшты, быў не нашмат разумнейшы, хоць мая беларускасьць была нават дэманстратыўнай. Даступныя з кніжак веды былі падагнаныя пад савецкія ўзоры, то бок прыстасаваныя да патрэбаў будовы імпэрыі. У кніжках гісторыя Беларусі пачыналася з кастрычніка 1917 г. і цесна прывязвалася да чарговых зьездаў бальшавікоў. Трохі дзівіла, праўда, што клясыкі беларускае літаратуры жылі і тварылі яшчэ да тых зьездаў, але ніхто сабе доўга над гэтым галавы не ламаў. Папросту жыў-быў сабе няшчасны беларускі народ са сваімі песьнярамі, уратаваны Леніным і кампаніяй.

І тут раптам “Культура” з тэкстамі, зь якіх вынікала, што мы зусім не рахманькі з запалымі ад голаду шчакамі і пуставатымі галовамі. Гэтая іншасьць эмігранцкага тону кантраставала з дазволенай у ПНР этнаграфічнай культурна-асьветнай актыўнасьцю, якая не выходзіла — і не магла выходзіць — па-за вершыкі, песенькі, народныя скокі і каляндарныя сельскагаспадарчыя парады.

Яшчэ я са зьдзіўленьнем заўважыў, што да тых паліц з “Культурай” у бібліятэцы на Кракаўскім Прадмесьці зусім не выстройваліся чэргі. Я тырчаў пры іх адзін-адным, як той кандыдат на ворага народнае ўлады. Што, прызнаюся, урэшце мяне і спудзіла.

Ня ведаю, чыя гэта заслуга, што “Культура”, за перахоўваньне якой у нас людзі выляталі з працы, стаяла сабе ў Варшаве цэлымі гадавікамі, і толькі ад бібліятэкаркі залежала, ці дапусьціць яна каго да іх, ці не. У Беластоку страх было заікнуцца пра яе нават шэптам, нават сярод блізкіх сяброў. Такую моц мела перакананьне ўва ўсяведаньні Службы Бясьпекі.

Гэтак было аж да Круглага Стала. Рэдагуючы беларускія падпольныя выданьні ў часе ваеннага становішча, асабліва “Беларускія Дакумэнты”, я стараўся больш-менш адлюстроўваць паэтыку публіцыстыкі “Культуры”, кладучы націск не на камэнтар, а на факты. Гэта давалася мне нялёгка, уважаючы на эмацыйнасьць, такую характэрную для беларускіх аўтараў.

З пэрспэктывы тых мінулых гадоў я бачу, што “Культура” ўзьдзейнічала на мяне, беларуса, зусім інакш, чым на маіх калегаў-палякаў. Перадусім яна ўражвала сьмеласьцю ацэнак, што ў беларускім асяродзьдзі, да самых касьцей сялянскім, лічылася авантурніцтвам. Селянін — паводле свае прыроды — баяўся ўлады, ставячыся да яе адначасова і са страшнаю павагаю, і зь перакананьнем у яе вышэйшай мудрасьці. Адзіная крытыка, якая існавала ў тыя часы, залежала ад рытму палітычных сэзонаў і мела неадменна спавядальны характар, то бок адбывалася ў танальнасьці мілай народнаму сэрцу самакрытыкі. Прызнаваліся памылкі і даваліся ўрачыстыя абяцаньні ўсе іх паправіць.

У такой аўры “Культура” мела рысы нейкай надзвычай непрыстойнай чытанкі. Пагаманіць пра яе льга было даслоўна з парай сяброў. Зь іх, праўда, ніводзін не папрасіў пазычыць яму тэкст дадому, каб глыбей паразважаць над ягоным зьместам. Вось жа, чытаньня не было, адны гутаркі. Добра і тое — я меў пра што пагутарыць і мог хоць ненадоўга адчуць асалоду ад удзелу ў іншым мысьленьні.

“Культура” Ежы Гедройца наймацней падкупіла мяне сваёй ацэнкаю беларускае праблематыкі, у той час дэманстрацыйна пагарджанае. Калі часамі я прызнаюся, што працэсам дасьпяваньня маёй беларускай нацыянальнай сьвядомасьці я ў значнай меры абавязаны палякам, то заўсёды маю на думцы кола чытачоў парыскае “Культуры”, якое на добры толк пачало зьяўляцца перада мною толькі на схіле ПНР. Я ахвотна паддаўся на намовы пісаць у польскую падпольную прэсу. Завязваліся новыя кантакты і сувязі, выхад з засьценку ў сьвет працягваўся. Гэта было б немагчымым, калі б я раней не чытаў “Культуры”, якая перабудоўвала маю сьвядомасьць, пераломвала аднабаковасьць бачаньня мною палякаў — інакшых, чым правінцыйныя клерыкалы, што не высоўвалі носа па-за ўласную парафію, адкрытых на сустрэчу са мною, беларусам, іншым.

Ежы Гедройц цаніў маршала Пілсудзкага і — як і той — ня зносіў эндэцыі, яе нацыянальнага эгаізму, які вядзе любы народ да катастрофы. “Без незалежных Украіны, Літвы і Беларусі немагчыма ўявіць сабе незалежнасьці Польшчы” — вось што даходзіла да мяне са старонак “Культуры”. Я ўсьведамляў і адваротную залежнасьць — бяз польскае падтрымкі нічога ня выйдзе зь беларускіх спробаў узьбіцца на незалежнасьць. Цяжка ўявіць сабе большую зьбежнасьць інтарэсаў — бяз вас няма нас, як і бяз нас няма вас. Усё ясьней усьведамляючы гэта, я трапіў у канфлікт з атачэньнем, які доўжыцца і дагэтуль. Віна ляжыць на абодвух баках — яна ў дамінаваньні нацыяналізмаў, якія змагаюцца адзін з адным. На жаль, нашым маральным аўтарытэтам патрэбна незвычайна доўгае жыцьцё, каб іх пазыцыя прынесла адчувальны плён. Ежы Гедройц пражыў дзевяноста чатыры гады.

Вучачыся ад Рэдактара палітычнага мысьленьня, я зразумеў моц узьдзеяньня друкаванага слова, трапнае публіцыстыкі, якая ні ў якім разе не павінна быць служкаю прапаганды. Я ўсьвядоміў розьніцу паміж думкаю прамоўленай і думкаю апублікаванай. Часамі сьмяшыла мяне шумная рэакцыя партыйных уладароў Народнае Польшчы на зьяўленьне “Культуры”, якая выходзіла нізкім у параўнаньні з ПНРаўскімі друкамі накладам, а на дадатак выдавалася недзе пад Парыжам, адкуль у Польшчу кантрабандаю пранікалі толькі нешматлікія паасобнікі. Гэта, аднак, было друкаванае слова, а значыць, да яго льга было зьвяртацца колькі заўгодна: вярнуцца, перачытаць яшчэ раз, даць іншым.

Рэжым нэрвавала перадусім існаваньне адрозных думак, якія замацоўваліся друкам безь ягонага кантролю. Да ўплыву, які мела “Культура” на грамадзтва, улады ставіліся спакайней, бо дасканала ведалі, што ні рабочая кляса, ні працоўнае сялянства не зачытваліся б гэтым тоўстым часопісам, калі нават дазволіць яго шырокі продаж у шапіках з газэтамі і папяросамі ці ў прадуктовых крамах. Інтэлігенцыю ж падпарадкаваць было лёгка, бо ў нашым славянскім сацыялізьме гэта была працоўная інтэлігенцыя, інакш кажучы, ручная. Тым часам “Культура” пульсавала ў рытме штомесячніка, даходзіла да далёкіх мясьцін на правінцыі, і гэтая яе жывучасьць мусіла дадзяваць уладам.

Пра тое, як Ежы Гедройц ня зносіў тэатральных жэстаў і ўсялякага паказнога геройства, сьведчыць яго стаўленьне да прэзыдэнта Лукашэнкі. Ведаючы пра тое, што дзеецца на Беларусі, ён меркаваў, што належыць выкарыстоўваць тыя магчымасьці, якія ўжо там існуюць. Таму ў Менску пачалі друкавацца беларускія пераклады з “Культуры”, а таксама выданьні, якія гэтаму спадарожнічалі. Сёньня “Культура” трапляе на Беларусь звычайнаю поштаю. Яе чытаньне, відавочна, не спрыяе прасоўваньню па службе, але за яго нікога ня садзяць за краты. І гэта важкі паказчык перамен, якія наступілі ад той пары, як сюды трапілі першыя “забароненыя плады” з садоў у Мэзон-Ляфіце.

У Беларусі “Культуру” ведаюць і чытаюць шырэй, чым ва Ўкраіне ці Літве. Гэта гучыць досыць парадаксальна, зважаючы на апазыцыйную глухату сярод беларусаў, але ў гэтым выпадку спрацаваў гістарычны фактар: мэнтальная блізіня з палякамі, вякі бесканфліктнага супольнага жыцьця за часоў Першай Рэчы Паспалітае, адносна значнае ўзьдзеяньне польскае культуры. Некалі маршал Пілсудзкі жартаваў, што беларусы — гэта палякі, якія кепска гавораць па-польску.

Варта зьвярнуць увагу на розны маштаб успрыняцьця “Культуры” беларусамі і палякамі. Калі палякам яе чытаньне давала магчымасьць глыбей асэнсоўваць грамадзкія і палітычныя праблемы і сваёй краіны, і сьвету, то беларусы цікавіліся найперш разуменьнем саміх сябе і сваіх нацыянальных інтарэсаў. На большае іх у той час не ставала. Беларуская меншасьць у Польшчы знаходзіла ў “Культуры”, апрача таго, істотную падтрымку і павагу, якія дазвалялі змагацца зь пякучым пачуцьцём сіроцтва і забытасьці Богам і ўсімі сьвятымі. Вось жа ёсьць недзе далёка чалавек, да чыйго голасу прыслухоўваюцца прыстойныя палякі і які час ад часу ківае пальцам сваім суродзічам: ня так, панове, трэба ладзіць стасункі зь беларусамі.

Ясная рэч, у Рэспубліцы Беларусі ўспрыманьне “Культуры” было інакшым. Там праблемай было і застаецца захаваньне ня толькі нацыянальнасьці, але і ўласнае дзяржавы. Пабудова моцнае дзяржавы, пытаньне важнае ў дыскусіях палякаў, якому Рэдактар надаваў такую вялікую вагу, мусіла прыцягваць увагу і беларуса, які змагаўся за тое сама з другога боку мяжы. Таму ён гартаў “Культуру” не прыхваткамі. Ён шукаў і працягвае шукаць у ёй аналёгіяў са сваімі думкамі і дзеяньнямі. Таму цалкам магчыма, што якраз цяпер і пачынаецца сапраўдны час “Культуры” ў Беларусі. Той Беларусі, палянафільскай і ў значнай меры мэнтальна блізкай палякам.

 

Гэты тэкст будзе надрукаваны па-польску ў часопісе «Krasnogruda», які выйдзе ў гэтым месяцы. Ён быў ласкава перададзены ў «НН» рэдакцыяй часопіса «Krasnogruda».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0