Чыстка ў рэдакцыі “Głosa znad Niemna”

Саюз палякаў мяняе палітычную арыентацыю

Галоўны рэдактар польскамоўнай газэты “Глос з-над Немна” Андрэй Кусяльчук стаў беспрацоўны. Вельмі ўжо карцела новаму кіраўніцтву Саюзу палякаў як найхутчэй выштурхаць яго ў каршэнь. Чым гэтак абняславіўся сп.Кусяльчук? Можа, зазіраў у кілішак на працы альбо кепска валодае польскай мовай?

Проста ён пісаў, што думаў, і абараняў былога старшыню СПБ Т.Гавіна. Як толькі скончыўся апошні зьезд Саюзу палякаў, на якім зьмянілася кіраўніцтва, на наступны ж дзень Кусельчука зьнялі. Усё было зроблена амаль згодна са статутам СПБ. Сабралася Галоўная рада і прызначыла новага кіраўніка выданьня. Па словах пацярпелага, пры гэтым была парушана працэдура галасаваньня. Самога Кусельчука на пасяджэньне не запрасілі, не паведамілі пра матывацыю замены. Абы толькі зьняць хутчэй.

Сябры Галоўнай рады імкнуліся падыграць новаму старшыню СПБ Т.Кручкоўскаму. Забыліся, як днём раней на зьезьдзе ганілі таго ж Т.Гавіна за недэмакратычнасьць і аўтарытарызм. Кусельчука адразу пачалі схіляць, каб ён напісаў заяву і ўвогуле звольніўся з рэдакцыі! Чалавека, які некалькі гадоў кіраваў газэтай, надаў ёй сучаснае, прафэсійнае аблічча!

Эх, Кусяльчук, Кусяльчук… Спрабаваў зь імі размаўляць па-каляжанску, па-людзку: не ганіце мяне, дайце дапрацаваць да Новага году, я за гэты час працу сабе пашукаю. Не, звольнілі з 1 сьнежня. Папярэдзілі: не напішаш заявы, выкарыстаем больш “вострыя сродкі”. Спрабавалі сабраць супраць яго подпісы ў рэдакцыі. Не атрымалася, супрацоўнікі адмовіліся. Тады кіраўніцтва параілася з дасьведчаным юрыстам.

А закончылася ўсё гэтак. Пайшоў былы рэдактар браць інтэрвію ў польскага консула. Пакуль ішоў, пакуль чакаў… Новае начальства яму паведаміла, што ён адсутнічаў лішнія паўгадзіны і за гэта яго звальняюць.

І ўсё таму, што патрэбны былі — згодна з парадамі юрыста — два спагнаньні. Зь першым усё было ў ажуры. Часовы — да Кручкоўскага — кіраўнік СПБ Ю.Парэцкі пазбавіў галоўнага рэдактара грашовай прэміі. За тое, што Кусяльчук адмовіўся насіць на цэнзуру газэтныя старонкі, перш як здаваць іх у друкарню.

Такое ўражаньне, што новае кіраўніцтва ў сваім “антыгавінскім” імпэце можа зрабіць яшчэ які-небудзь нечаканы крок. Напрыклад, перарабіць сымболіку СПБ, у якой Гавін, не зважаючы ні на што, пакінуў Пагоню. А што, вунь Рыгоравіч ў антыдэмакратычным запале нават дзяржаўную перарабіў! А гэта ж цяжэй.

А калі сур’ёзна, дык А.Кусяльчук, сам таго ня ведаючы, стаў у пэўным сэнсе ахвярай уласных дзеяньняў. Ён — выпускнік Кракаўскага ўнівэрсітэту (праўда, не журналістыкі, а паліталёгіі) — за некалькі гадоў зрабіў з Głosa сучасную газэту дэмакратычнага накірунку. Газэту, разьлічаную на людзей актыўнага веку, на моладзь. Аднак польская мова ў Беларусі — замежная. Паводле зьвестак самой рэдакцыі, найбольш адданымі чытачамі Głosa па-ранейшаму заставаліся пэнсіянэры. Звычайныя савецкія пэнсіянэры.

І гэтыя пэнсіянэры на зьезьдзе далі газэце бой. Абвінавачаньні наступныя: яна шмат піша пра ўсё беларускае, пра апазыцыю, пра спорт, пра падзеі ў сьвеце. Але мала піша пра біскупа, пра касьцёл, пра фэстывалі польскай песьні, пра паездкі ансамбляў у Польшчу. “Гэта польская газэта! — абуралася адна дэлегатка. — Навошта нам пра Беларусь у ёй чытаць?! Мы пра яе і з радыёкропкі можам паслухаць! Раз Польшча дае грошай на газэту, дык і пішыце толькі пра польскае”… Вось такая аргумэнтацыя. Хаця беларускія ўлады таксама грошы на Głos znad Niemna даюць (пра што невядома ваяўнічай пэнсіянэрцы), але ім яшчэ менш патрэбна аб’ектыўная інфармацыя пра апазыцыю, чымсьці старым польскім патрыёткам.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0