Забойства хворага

Эўтаназія — слова мэдычнае і прыгожае на выгляд, нават прыгажэйшае, чымся слова “сальманэла”, але жахлівейшае. У літаральным перакладзе з лаціны — “добрая сьмерць”, забіваньне безнадзейна хворага чалавека згодна зь ягоным уласным жаданьнем альбо спачуваючы ягоным фізычным ды псыхічным пакутам. Акурат тое, што ў вэтэрынарыі сарамліва завецца “ўсыпленьнем”.

 

Эўтаназія! Слова выклікае ў нетрах спадчыннае памяці карціны масавых забойстваў часоў нацызму. Падчас другой сусьветнай вайны нацысты плянамерна, цэлымі шпіталямі, вынішчалі псыхічна хворых, калекаў, разумова адсталых і іншых “фізычна непаўнавартасных” індывідаў — дарослых і дзяцей, — а таксама змардаваных вязьняў канцлягераў. Адстрэл інвалідаў ажыцьцяўляўся згодна з пануючай ідэалёгіяй сацыял-дарвінізму: выжываюць мацнейшыя, а слабыя і хворыя ня маюць права на жыцьцё. З прычыны “расавае непаўнавартасьці” былі забітыя мільёны габрэяў і цыганоў. І ўсё гэта называлася прыгожым словам “эўтаназія”, запазычаным, здаецца, у Сэнэкі! “Дакладна гэтак, як я буду выбіраць сабе карабель, калі зьбяруся ў падарожжа, альбо хату, калі мне прапануюць задамавіцца ў нейкім месцы, — дакладна гэтак я буду выбіраць сваю сьмерць, калі зьбяруся ў апошні шлях з гэтага жыцьця”, — так гаварыў гэты мудры настаўнік чалавецтва. Жыцьцё пакарала яго жорстка, але, у пэўным сэнсе, справядліва. Дажыўшы ў поўным здароўі, шчасьці і пашане да 60 гадоў, ён быў абвінавачаны ўва ўдзеле ў змове (да якой ён ня меў аніякага дачыненьня) і быў сілаю змушаны да самазабойства.

Яшчэ больш жорстка пакараны быў Фрыдрых Ніцшэ — яшчэ адзін палкі вястун “добраахвотнага самагубства”. І жыцьцё, і сьмерць, і хвароба разам пасьмяяліся зь ягонай філязофскай напышлівасьці. “Ганарова памерці, калі ўжо болей немагчыма ганарова жыць. Сьмерць паводле свайго ўласнага вольнага выбару; сьмерць у адпаведны час, зь яснай галавою і з радасьцю, зьдзейсьненая ў асяродку дзяцей і сьведкаў: бо сапраўднае разьвітаньне толькі тады й магчымае, калі той, хто ад’яжджае, яшчэ тут”, — пісаў Ніцшэ. А літаральна праз пару дзён зь ім здарыўся інсульт. Наступныя 11 гадоў ён пражыў у прытулку для душэўна хворых. Увесь гэты час ягоны розум заставаўся ў абсалютнай цемры; былы адэпт “звышчалавека” ператварыўся ў расьліну ці ў нованароджанае хворае дзіця. Цяпер, паводле найсучасьнейшага галяндзкага закону, яго можна было б забіць — вядома ж, цывілізавана, паводле адпаведнага рашэньня лекарскай калегіі. Дарэчы, я не зусім уцяміла, ці патрэбна было б для гэтага атрымаць згоду ягонае маці, якая самаахвярна клапацілася аб ім да апошняга дня свайго жыцьця?

…Я пішу, і мне боязна.

Зусім нядаўна ў нас паміраў сабака — ужо стары, амаль 16 гадоў. Тымчасам бацькі хварэюць, і доўгія 9 дзён сабачых цярпеньняў зусім не дадалі ім здароўя. Але ніхто з нас (і найперш — бацькі) не дапусьціў нават думкі, што сабаку можна “ўсыпіць”. Бо ўсе мы выдатна ведалі, што людзі, якія ўсыпляюць сваіх любімых жывёлін, потым надта доўга ня сьпяць па начох і ўжо ніколі ня могуць узяць у хату сабаку ці кошку. А “ўсыпіць” роднага чалавека — хай нават ён ляжыць ў ложку і нічога ня бачыць, ня чуе і не разумее? Як пасьля гэтага жыць?

Прыхільнікі эўтаназіі высоўваюць непераможны, зь іхняга пункту гледжаньня, аргумэнт: “Цалкам магчыма, што забойства непрытомнага чалавека безь ягонай згоды — гэта парушэньне ягоных правоў. Аднак калі чалавек, цалкам сьвядомы сваіх учынкаў, церпіць ад невылечнае хваробы, — хіба ж ня мае ён права безбалесна скончыць свае пакуты?”

Менавіта гэткім чынам разважаў і вядомы ў ЗША лекар Джэк Кеваркян. Гэты чалавек распачаў сваю кар’еру ў франтавым шпіталі, дзе жаўнеры каналі сотнямі; ужо ў той час доктару Кеваркяну падабалася глядзець у вочы паміраючым. Потым ён працаваў у мэдычным центры Мічыганскага ўнівэрсытэту і быў звольнены з пасады за тое, што прапанаваў заключаць угоды зь вязьнямі камэры сьмяротнікаў на выкарыстаньне іхніх органаў адразу ж па выкананьні прысуду. Пазьней ён рабіў экспэрымэнтальныя пераліваньні крыві ад трупаў жывым людзям і прапаноўваў выкарыстоўваць гэты мэтад на палёх віетнамскай вайны. І нарэшце гэты нэкрафіл зацікавіўся людзьмі, што церпяць ад невылечных хваробаў. У 1986 г. Кеваркян прапанаваў канцэпцыю “плянавай сьмерці” ў спэцыяльна прызначаных для гэтага “клініках самазабойства”. Паколькі ён даўно ўжо быў пазбаўлены лекарскай ліцэнзіі, дык вымушаны быў рэклямаваць свае паслугі ў якасьці “кансультанта па самазабойстве” праз газэты. У 1989 г. ён стварыў спэцыяльную прыладу пад назваю танатрон (у перакладзе з грэцкай - сьмяротная машына), якая спрацоўвала, калі пацыент сам націскаў на кнопку. Спачатку апарат забясьпечвае поўнае абязбольваньне, а потым уколвае ў вену сьмяротную дозу хлярыду калію (гэтае рэчыва імгненна паралізуе сэрца і ў некаторых штатах ЗША выкарыстоўваецца для выкананьня сьмяротных прысудаў). Карцінка натхняе, праўда? Пачынаючы з 1990 году ня меней як 70 чалавек зрабілі сабе сьмерць пры дапамозе гэтай прылады. Амаль увесь гэты час найлепшыя юрысты спрабавалі прыцягнуць Кеваркяна да суду за наўмыснае забойства. А ён адгаворваўся, што толькі прысутнічаў пры “добраахвотнай сьмерці” забітага ім чалавека!

“Але, — кажуць, — анкалягічныя пацыенты ў апошняй стадыі хваробы надта церпяць, і трэба даць ім магчымасьць скончыць з пакутамі”. Той, хто так кажа, ніколі ня быў у анкалягічным шпіталі. Людзі, якія там ляжаць, змагаюцца да канца, адваёўваючы ў хваробы кожны дзень жыцьця. А сучасная мэдыцына ім у гэтым вельмі добра дапамагае. Сьмерць выбіраюць тыя, хто баіцца жыць, хто палохаецца страшнага — на першы погляд — дыягназу. Аднак нават тыя, каму лекары ўжо няздольныя дапамагчы, часта трываюць жывыя доўгія гады — ходзяць на працу, гадуюць дзеці… Безнадзейнасьці няма. Заўтра могуць адшукацца лекі, якія выратуюць сёньняшніх “безнадзейных”.

Жыцьцё — гэта ня толькі радасьць, і яго варта прымаць такім, якое яно ёсьць.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0