Дыскаграфія

 

“BEE DANCE”. Група “APPLE TEA”. (p) 2000 “Apple Tea”.

“From their birth know the beasts, that wander in the desert, their lairs...” Гэты пачатак — для сьвядомых аматараў сучаснага джазу, якія здольныя прачытаць англамоўную вэрсію славутага Скарынавага выразу. Словы тыя — эпіграф да альбому, роўнага якому ў беларускай інструмэнтальнай музыцы дагэтуль проста не існавала. А паколькі зьвяры, што блукаюць у пустэльнях, усё адно ведаюць ямы свая, дык і мы, слухачы, абавязаны ведаць і ганарыцца тым лепшым, што маем.

Зрэшты, вось першае пытаньне: ці маем мы гэта? Паколькі ладныя два месяцы ўдзельнікі “Apple Tea” працуюць пераважна на польскі музычны рынак, граючы не на вуліцы, а ў якасьці студыйнай групы тэлеканалу “Polsat” (пасьпеўшы як бы між іншым засьвяціцца і ў афіцыйнай праграме славутага фэстывалю “Jazz Jamboree”), праблемы адносна будучага іх удзелу ў справе разьвіцьця айчыннага джазу падпадаюць пад ладны такі пытальнік. Так што застаецца толькі казаць пра гэты самавіты альбом і гадаць на каве “Чыба” лодзінскага разьліву, ці пабачым мы наагул новыя альбомы той групы на яе спрадвечнай радзіме.

Гэта, дарэчы, першы ў гісторыі нашай музыкі джазавы альбом, усе тэксты якога на вокладцы, апрача агульнапрынятай ангельскай мовы, дублююцца на прыстойнай тарашкевіцы. Ці, калі казаць сьвядома, — усе беларускія тэксты дублююцца на ангельскай. 16 нумароў зьмяшчае праграма, аўтарамі іх выступілі: як звычайна, лідэр групы басіст Ігар Сацэвіч, і ўпершыню — піяніст Максім Пугачоў. Ён — з нашых, нармальных Пугачовых, а ня з тых “пазаві мяне з сабой”. Што цікава: упершыню дзелячы бэтховэнскія лаўры, абодва аўтары выступаюць на аднолькава годным узроўні, прапануючы матэрыял і разнастайны, і высокі па якасьці.

У цэлым альбом можна аднесьці да фольк-джазу, таго, што раней у нас не назіралася. Фальклёрная аснова заяўлена ня толькі ў назвах твораў (“Два буслы”, “Купальская ноч” і г.д.), ня толькі ў актыўным ужываньні “фальклёрнага” тэмбру сапрана-саксафона, але і ў самім музычным матэрыяле. Яго, дарэчы, умоўна можна падзяліць на дзьве часткі: уласна “фальклёрны” і, так бы мовіць, “старажытна-сьвецкі”. Да ліку апошніх твораў, якія яўна ўзыходзяць да ўзораў сьвецкай музыкі мінулага, належаць “Мініятура 1” Сацэвіча, 2 і 3 часткі Сюіты Пугачова і нават адзіны вакальна-інструмэнтальны твор у альбоме “Зорачка”, нечакана і гожа ўвасоблены Вольгай Нікалаеняй (у даўнія часы — салістка рок-групы “Сузор’е”). Дарэчы, Сюіта Пугачова —твор, паказальны для сучаснае беларускае музыкі наагул, бо, з аднаго боку, абапіраецца на клясычны піянізм XIX ст., а з другога — горда шыбуе ўпоравень з тым, што робяць многія сучасныя джазавыя піяністы на чале з Кітам Джарэтам.

Адным словам, калі б тыя, хто для “Рок-каранацыі” вызначае лепшыя альбомы году, пажадалі, апрача фольк-мадэрну, разглядаць і прапановы фольк-джазу, іншых прэтэндэнтаў на першае месца проста не было б. Бо ўсё іншае на фоне гэтай музыкі нагадвае мне, па вялікім рахунку, раньнія сьнежаньскія прыцемкі…

Пчаліны Слухач

 

“ВЫХОД В НЕБО”. Група “Воображаемые люди”. “Ковчег”, 15100. (р) 2000.

Гарадзенская група зрабіла чарговую спробу выйсьці ў людзі. Мушу прызнацца: у цэлым спроба атрымалася ня зь ліку правальных. Альбом, зьмест якога ня ўпісваецца ў рамкі тупой папсы і не прымушае ў чарговы раз слухаць чарговую перакручаную, зьвіняйце, адаптацыю кшталту “Цячэ вада ў ярок”, уяўляе дастаткова цікавы матэрыял для, зьвіняйце яшчэ раз, аналізу. Галоўная ягоная рыса — адсутнасьць усялякага жаданьня дагадзіць (і нагадзіць) і нашым, і вашым, балянсуючы паміж рокам і, уласна, трэці раз зьвіняйце, попам.

Зьвяртаю найперш увагу на тое, што “ВЛ” ува ўсіх чатырох сваіх альбомах музычную стылістыку не паўтараюць, штораз шукаючы нешта новае. Але, згодны, гэтак шукаць можна і да канца жыцьця, нічога ў рэшце рэшт не адшукаўшы. “ВЛ”, лічу, нечага ўсё ж дасягнулі. Напрыклад, зайздроснага па дакладнасьці і гусьце гучаньня правінцыйных гарадзенскіх клявішных. А калі больш агульна — пазнавальнасьці гучаньня бэнду наагул: група, прынамсі, угадваецца адразу і запамінаецца.

10 песень альбому — гэта толькі частка вялікай праграмы, якую Юры “Смур” Дубовік зь сябрамі (магчыма, пры ўдзеле чароўнай Вікторыі Дземянчук) ужо паказваў у адным зь менскіх клюбаў і разьлічвае паказаць зь вялікай сцэны. Магу гарантаваць: слухачы не пашкадуюць патрачанага дарма часу і грошай. У кожным разе, такія песьні, як “Танцы с волками”, “Они сделали тебя” — гэта прафэсійна ўвасобленыя нумары. Часам, праўда, сім-тым песьням бракуе завершанасьці і, як ні дзіўна, нават шлягернасьці (а гэта і ў року ня лішняе). Праграма прэтэндуе на слуханьне, а не на тое, каб пад гэтую музыку скакалі ці паядалі салату “Папараць-кветка”. Адзіны вынятак з праграмы — гэткі маскоўскага фармату крыху парадыйны опус “Фанки”, у якім тае шлягернасьці якраз аж цераз край. Ды мне здалося, што “ВЛ” той песьняй паказалі, як маглі б лёгка пайсьці і такім вось шляхам, ідучы па якім, выйсці ў нармальныя папсовыя людзі і прасьцей, і хутчэй, і лягчэй, і таньней.

Але пайшлі яны шляхам пакручастым, ды — уласным. За што і паважаю такіх музыкаў.

Уяўны Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0