Тры-чатыры

Лукашэнка хоча, каб дэмакраты вылучылі як найболей кандыдатаў, зь якіх зарэгістраваць можна будзе толькі самага зручнага

Каардынацыйная Рада Дэмакратычных Сілаў у мінулую пятніцу ня вылучыла, як зьбіралася, адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Прэтэндэнтаў аказалася тры. Сямён Домаш, якога падтрымлівае большасьць рэгіянальных структураў і незалежных суполак, а таксама свабодныя прафсаюзы, БНФ, частка АГП і “Хартыя-97”, сабраў 9 галасоў. Уладзімер Ганчарык, падтрыманы Фэдэрацыяй прафсаюзаў ды блізкімі да яе Партыяй Працы і Жаночай Партыяй “Надзея”, а таксама сацыял-дэмакратамі С.Шушкевіча зь ягоным немалым асабістым унутры- і замежнапалітычным аўтарытэтам — 3 галасы. Міхаіл Чыгір, за якім стаяць іншая частка АГП і бізнэс-эліта — 1 голас.

Ганчарык, такім чынам, усё ж рашыўся на ўдзел у кампаніі. Чыгір наважаны максымальна скарыстаць з назапашанага за два гады палітыкаваньня і зьняволеньня палітычны капітал. А Сямён Домаш, хоць і называўся рознымі коламі як ідэальная фігура разумнага кампрамісу і раўнавагі, пакуль ня здолеў давесьці гэта ўсім. Прынамсі, іншыя папулярныя палітыкі яшчэ чакаюць ад яго гарантыяў “каманднае гульні”.

Якія моцныя і слабыя бакі кожнага з гэтых трох палітыкаў?

У Ганчарыка ў актыве — прафсаюзы, прысутныя ў кожным раёне, на кожным прадпрыемстве. Сіла, здольная назіраць за ходам выбараў і даносіць інфармацыю да тых грамадзянаў, якіх не закранаюць партыйныя ўлёткі і незалежная прэса. Апроч таго, у кулюарах гавораць пра маскоўскія сувязі Ганчарыка і, у прыватнасьці, ягоны кантакт з дырэктарам заводу “Рубін”, былым сакратаром ПКБ А.Лашкевічам. Такім чынам, прафсаюзны лідэр быццам бы можа разьлічваць калі не на “ўсходнія грошы”, дык, прынамсі, на нэўтралітэт часткі расейскае прэсы.

Але сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што аўтарытэт прафсаюзаў у грамадзтве нізкі, і нізкі той стабільнай нізінёю, якой ніяк не падвысіш. Скажам, партыі непапулярныя, бо іх ня ведаюць, вакол іх інфармацыйная блякада і смуга дэзынфармацыі. І іхная непапулярнасьць ураз можа перавярнуцца шалёнай папулярнасьцю, як толькі дасьць збой прапагандысцкі апарат рэжыму. Тады як афіцыйныя прафсаюзы знаёмыя кожнаму па іхнай штодзённай дзейнасьці — або бязьдзейнасьці. І кляймо “культмасавікаў” і “згоднікаў”, засталае ад савецкае пары, ляжыць на прафсаюзьніках дагэтуль. Кожны з выбарцаў будзе сабе думаць, а ці зможа “добры сакратар прафкаму” Ганчарык стаць хоць “кепскім дырэктарам”?

Сувязі ў Маскве, лічыцца, мае і Міхаіл Чыгір. А ўнутрыпалітычны козыр Чыгіра — тое, што яго ведае найвышэйшая намэнклятура краіны, у тым ліку й сілаў бясьпекі. Калі гандыкап Ганчарыка — высокі адмоўны рэйтынг ягонай арганізацыі, дык у Чыгіра — высокі асабісты адмоўны рэйтынг. Каб мы былі ў Сэрбіі, дык ягоная кандыдатура нават не разглядалася б. Але мы ня ў Сэрбіі.

Напорыстасьць тых палітычных сілаў, якія падтрымліваюць Домаша, можа здавацца і плюсам, і мінусам. У Домаша за сьпінай — выбарцы дэмакратычнага Менску, ягонай вотчыны Гарадзеншчыны, ды яшчэ й Баранавіччыны, дзе ён нарадзіўся. Домашу сымпатызуюць тыя, каго мы звыклі называць “незалежным беларускім грамадзтвам” — сеціва суполак, партыйных групаў, гурткоў, асьветніцкіх, праваабарончых, рэлігійных і спартовых арганізацый ва ўсёй краіне. Патэнцыял незалежнага беларускага грамадзтва абмежаваны, але правераны. Яно вытрывала цяжар шасьці гадоў супраціву Лукашэнку. Ягоныя актывісты выпрабаваныя ў баталіях і маюць сякі-такі досьвед “арганічнае працы”. Але маюць і клейкі імідж “апазыцыянэраў” і “бэнэфістаў”.

Тады як праўдзівае арганізацыйнае здольнасьці прафсаюзаў проста ніхто ня ведае — во ж не змаглі яны арганізаваць ніводнай па-сапраўднаму моцнай акцыі пратэсту. Раптам нізавыя прафсаюзы акажуцца волатам на гліняных нагах, будуць праз усю кампанію ўхіляцца ад рэальнага змаганьня?

Домаш паводле поглядаў — сапраўдны асьцярожны цэнтрыст, аднак пэўныя мэдыі імкнуцца прыляпіць яму лэйбл “памяркоўнага нацыяналіста” і “правага палітыка”, а таксама “крэатуры палітычных партыяў”. Ці хопіць у Домаша палітычнага таленту не ісьці за гэтым вобразам, але старанна і штодзённа працаваць з Масквою, з усходнебеларускім электаратам? Ці здольны будзе ён даказаць сваю незалежнасьць ад партыяў, ня страціўшы пры гэтым іхнай падтрымкі?

У адрозьненьне ад Чыгіра й Ганчарыка, ён ня мае ўстойлівага іміджу ў выбарцаў. Гэта таксама плюс. Але і ў Маскве яго ведаюць найменей. Ды, мяркуючы па стаўленьні пэўных беларускіх газэтаў да ягонай кандыдатуры, баяцца найболей.

Палітычныя партыі падсьвядома хацелі б вылучыць “слабога кандыдата”, якім маглі б папікаць. У нацыянальных жа інтарэсах, каб гэты кандыдат аказаўся моцны — каб ён, будучы падтрыманым палітычнымі партыямі, узяў іх пад ногі і павёў кампанію незалежна, хоць і не забываючыся, на кім стаіць.

Уявім, што кожны з гэтых трох нехарызматыкаў трымаецца зацята і не здымае кандыдатуры. Для Лукашэнкі лепшага і ня трэба. Гэты дык ведае, што змагацца трое будуць за адзін электарат. Лукашэнка ведае таксама, што пераможа той, хто мецьме хоць невялікую перавагу ў першым туры. Гэта ведаюць і “маторы” дэмакратаў.

Яны тады вымушана будуць шукаць фігуру шырэйшага кампрамісу. І во тутака ізноў могуць усплыць прозьвішчы харызматыка Дабравольскага, дырэктара Шлындзікава або, скажам, былога берасьцейскага губэрнатара Заламая — некага з палітыкаў другога эшалёну, які не збаіцца перайсьці ў першы і іграць на перамогу. Або нейкага грамадзкага дзеяча, які пагодзіцца пайсьці ў палітыку.

Перамогі можна дасягчы або заваяваўшы выразныя сымпатыі Масквы, або мабілізаваўшы выбарцаў так моцна, як Каштуніца ў Сэрбіі, што Масква вымушаная будзе схапіцца за перамагаючага кандыдата.

Першае — неверагодна. Пакуль Лукашэнка ня здрадзіць Маскве, Масква ня пойдзе ў лабавую атаку на Лукашэнку. Нават назло здаровай лёгіцы, як у выпадку з Кебічам. Любы кандыдат ад дэмакратаў будзе ўспрымацца Расеяй як “чалавек Захаду”. Пагатоў што ўсе відавочныя прэтэндэнты — з традыцыйна нацыяналістычных рэгіёнаў Беларусі. Чыгір і Ганчарык — родам з гістарычнай Случчыны, Домаш і Дабравольскі — зь летапіснай, ермаловіцкай Літвы. Адтуль жа — і Заламай, і невядома куды зьніклы Ганчар, і Пазьняк з Шарэцкім, што таксама мелі свае пляны на выбары, і Кебіч, што быў стаў выпіваць, але цяпер схамянуўся.

Другое па сілах ня кожнаму. Многае залежыць ад таго, ці не памыліцца зараз КРДС, ці хопіць у яе хітрасьці не паддацца на махлі лукашэнкаўскіх аналітычных цэнтраў. А тыя ідуць на ўсё, каб ад дэмакратаў быў вылучаны самы бясьпечны для іхнага шэфа кандыдат або як мага болей кандыдатаў — зь якіх зарэгістраваць можна будзе самага зручнага. Бо ведаюць, у наколькі цяжкіх умовах борацца цяпер з Масквою іхны атаман: Крэмль вымагае ў яго кантролю над вяршкамі беларускай прамысловасьці, энэргетыкі, камунікацыяў. Адстойваць іх далей — няёмка. І аддаць, што раззброіцца.

Спадзяемся, што ў дэмакратаў хопіць глузду спыніцца на такім кандыдаце, пры якім выбарчая кампанія ў любым разе будзе разгортвацца па адным са сцэнароў, рыхтаваных дэмакратамі, нават калі Лукашэнка, са свайго боку, пойдзе на самы недэмакратычны сцэнар.

Барыс Тумар


label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0