Алесь Смалянчук 

Успамін пра Рамана Скірмунта

штрыхі да партрэту беларускага прэзыдэнта

 

— Ці мог бы Раман Скірмунт быць прэзыдэнтам Беларусі?

— Мог бы. Вопытны дзядзька быў... (Марыя Кучынская, 1919 г.нар.)

З матэрыялаў экспэдыцыі ў в. Парэчча Пінскага раёну. 21 жніўня 2000 г.

 

У ХХ ст. беларусы, як і шмат іншых народаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, уступілі на хвалі барацьбы за нацыянальнае Адраджэньне і за права “людзьмі звацца”. Як ажыцьцяўленьне гэтага права, 25 сакавіка 1918 г. нарадзілася першая ў гэтым стагодзьдзі беларуская дзяржава — Беларуская Народная Рэспубліка. Аднак далейшыя гістарычныя падзеі рушылі такім шляхам, што сёньня выпадае казаць пра стагодзьдзе змарнаваных шанцаў і няспраўджаных надзеяў. Спроба зразумець, чаму Беларусь так і ня стала незалежнай краінай вольных людзей, прымушае ўглядацца ў канкрэтныя гістарычныя постаці, у дзейнасьці якіх адлюстроўваліся памкненьні і настроі розных грамадзкіх сілаў.

Мяне здаўна прыцягвае асоба Рамана Скірмунта (1868–1939). Ён нарадзіўся ў Парэччы на Піншчыне ў красавіку 1868 г. Намаганьнямі ягоных дзеда і бацькі гэты куточак Палесься ў другой палове ХІХ ст. стаўся адным з эканамічных цэнтраў паўднёвай Беларусі. У беларускім палітычным жыцьці Раман Скірмунт зьявіўся на пачатку ХХ ст. як краёвец. У сакавіку 1917 г. ён узначаліў Беларускі Нацыянальны Камітэт. Раман Скірмунт быў адным зь першых беларускіх дзеячаў, якія зразумелі гістарычную неабходнасьць барацьбы за дзяржаўны сувэрэнітэт. На чале ўраду БНР летам 1918 г. ён актыўна працаваў дзеля міжнароднага прызнаньня Рэспублікі. Пры ўмове далейшага ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці Р.Скірмунт мог бы стаць верагодным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта БНР. Вось некалькі эпізодаў зь ягонае дзейнасьці.

Эпізод першы.
„Ich stehe hier und kann nichts anders“

У жніўні 1917 г. Раман Скірмунт як былы дэпутат Думы быў запрошаны ў Маскву на Дзяржаўную нараду, якую склікаў Аляксандар Керанскі з мэтаю ўмацаваньня ўласных палітычных пазыцый. Але ўдзельнікі нарады выступілі з рэзкай крытыкай ураду. Зьяўленьне генэрала Карнілава яны сустрэлі сапраўднай авацыяй. Зала ўзьнялася, каб выказаць сымпатыі верагоднаму дыктатару Расеі. Не падняліся адзінкі. Сярод іх вылучалася постаць Рамана Скірмунта, які сядзеў у першых шэрагах у афіцэрскай форме. Абурэньне суседзяў ён вытрымаў з гонарам. Ураджэнец Піншчыны быў праціўнікам дыктатуры генэрала Карнілава і не зьбіраўся гэтага хаваць нават на сходзе па-пракарнілаўску настроеных палітыкаў.

Гэта быў прыроджаны баец, які захоўваў цьвярозасьць думкі і разважлівасьць, нават калі супрацьстаяў агрэсіўнай большасьці. Ён ня быў папулістам і не падманваў людзей пустымі абяцанкамі.

На пачатку стагодзьдзя Р.Скірмунт рашуча выступаў супраць правядзеньня радыкальнай аграрнай рэформы. Ідэю адчужэньня памешчыцкіх земляў зь іх наступнай перадачай у дзяржаўны фонд, вельмі папулярную ў 1906 г. сярод думскіх дэпутатаў і значнай часткі расейскай грамадскасьці, дэпутат ад Менскай губэрні лічыў неадпаведнай эканамічным інтарэсам беларуска-літоўскага краю. Ліквідацыю панскага землеўладаньня ён разглядаў як замах на прынцып прыватнай уласнасьці, які не без падставаў разглядаўся ім у якасьці аднаго з нарожных камянёў цывілізацыі. З думскай трыбуны дэпутат заявіў, што перадача зямлі ў дзяржаўную ўласнасьць зробіць яе гаспадаром не селяніна, а чыноўніка. Ад гэтага прайграюць усе, апроч апошняга.

Ягоная прамова пры абмеркаваньні аграрнай праблемы выклікала моцнае абурэньне радыкальна настроенай залі. За прадстаўніком Меншчыны замацаваўся імідж “рэакцыянэра”, “кансэрватара”, “ворага бяднейшых сялянаў” і г.д. На самой справе Скірмунт быў прынцыповым прыхільнікам павелічэньня сялянскага землеўладаньня. Але ён разумеў, што няма простага сродку вырашэньня аграрнай праблемы.

У 1921 г. Раман Скірмунт спрабаваў не дапусьціць ратыфікацыі ў польскім Сойме дамовы, падпісанай у Рызе, якую большасьць польскай грамадзкасьці ўспрыняла як найвялікшы посьпех польскай зброі і дыпляматыі. Былы старшыня ўраду БНР разумеў, чым можа абярнуцца для беларускай зямлі панаваньне расейскіх бальшавікоў, бачачы, як пад чырвонымі сьцягамі адраджаецца яшчэ больш бязьлітасная і бесчалавечная Імпэрыя.

У асобе Рамана Скірмунта было нешта ад Марціна Лютэра, калі той падчас выступленьня на Вормскім саборы (1521) з гонарам кінуў натоўпу германскай арыстакратыі і вышэйшага духавенства: “На тым стаю і не магу інакш”.

 

Эпізод другі.
Гонар быць беларусам

На пачатку стагодзьдзя Раман разам са стрыечнай сястрою Канстанцыяй Скірмунт складаў лемантар на мясцовай гаворцы. Пазьней уладальнік Парэчча фінансава падтрымліваў “Нашу Ніву” і працаваў над слоўнікам беларускай мовы. Ёсьць зьвесткі пра ягоныя лірычныя вершы, напісаныя па-беларуску.

12 сакавіка 1917 г. Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны наладзіў у Менску сапраўднае сьвята — Дзень беларускага значка. Паўсюль прадаваліся значкі з нацыянальнымі колерамі Беларусі — белым і чырвоным. На вуліцах, у кавярнях і крамах гучала беларуская мова. У адным з кінатэатраў адбыўся шматлюдны мітынг, на якім зь вялікай прамовай па-беларуску выступіў кіраўнік Аддзелу Раман Скірмунт. Прысутныя прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала аўтаноміі для Беларусі.

 

Эпізод трэці.
Постаць яднаньня

Для палітычнай пазыцыі Рамана Скірмунта характэрнае імкненьне да кансалідацыі ўсіх палітычных сілаў Беларусі дзеля будучыні беларускай зямлі. Ягоная асоба — гэта асоба дыялёгу.

Ужо як краёвец Раман Скірмунт спрабаваў пераадолець тыя нацыянальныя й сацыяльныя перагародкі, якія падзялялі насельніцтва Беларусі на пачатку стагодзьдзя. У 1907 г. ён ініцыяваў стварэньне Краёвай партыі Беларусі і Літвы як палітычнай формы кансалідацыі й паяднаньня тутэйшых нацыянальных рухаў. Адзін з пунктаў праграмы абвяшчаў роўнасьць усіх народаў ва ўсіх галінах жыцьця й магчымасьць свабоднага разьвіцьця іх культур. Пры гэтым падкрэсьліваліся правы літоўцаў і беларусаў, неабходнасьць прадастаўленьня ўсіх правоў палякам і жыдам, паразуменьне з расейцамі. Партыя й сапраўды была створаная, але ад першапачатковай задумы галоўнага ініцыятара амаль нічога не засталося. Узьнікла палітычная арганізацыя земляўласьнікаў зь ліку беларускіх і літоўскіх палякаў. Р.Скірмунт нават адмовіўся ўваходзіць у яе склад.

У 1917 г. пасьля няўдалай спробы пераканаць Часовы ўрад Расеі ў неабходнасьці прадастаўленьня Беларусі аўтаноміі старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту паспрабаваў аб’яднаць усе беларускія палітычныя сілы. На адно з паседжаньняў Камітэту ён запрасіў Марыю Магдалену Радзівіл, Эдварда Вайніловіча, Гераніма Радзівіла і іншых прадстаўнікоў заможнай і ўплывовай беларускай арыстакратыі, якія выказвалі выразныя сымпатыі да беларускага Адраджэньня. Раман Скірмунт зрабіў амаль немагчымае. Ён пераканаў арыстакратаў у неабходнасьці супрацоўнічаць з сацыялістамі дзеля будучыні Беларусі. Яны згадзіліся ўвайсьці ў склад Камітэту. На жаль, супрацоўнічаць адмовіліся сацыялісты. Зрэшты, апошнія й да Скірмунта ставіліся з насьцярогай.

Старшынюючы ў БНК, Раман Скірмунт захаваў за сабою пасаду віцэ-старшыні Менскага сельскагаспадарчага таварыства, уплывовай арганізацыі беларускіх палякаў-краёўцаў на чале з Э.Вайніловічам. У гэты час ён зрабіўся постацьцю паяднаньня беларусаў з палякамі. Адзін з польскіх дасьледчыкаў (Казімер Акуліч) акрэсьліў ягоную дзейнасьць як “апошні акт польска-беларускага сымбіёзу”. Асоба Рамана Скірмунта адыграла не апошнюю ролю ў тым, што на працягу амаль усяго 1917 г. захоўваліся даволі прыязныя адносіны паміж мясцовай польскай грамадзкасьцю і беларускім рухам, а найбуйнейшая польская арганізацыя — Польская Рада Менскай зямлі — падтрымлівала незалежніцкія памкненьні беларусаў.

Атрымаўшы ў траўні 1918 г. паўнамоцтвы на фармаваньне ўраду БНР, Р.Скірмунт спрабаваў стварыць урадавую кааліцыю з усіх уплывовых палітычных партый. Аднак беларуская нацыянальная ідэя зноў ня вытрымала канкурэнцыі з вузкапартыйнымі праграмамі і асабістымі амбіцыямі палітыкаў.

...У кастрычніку 1939 г. Рамана Скірмунта вялі на сьмерць. Жыхарка Парэчча Марыя Мікалайчык (1920 г. нар.) распавядала, што парачане плакалі, а пан казаў: “Я з вамі разьвітваюся назаўсёды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў нічога кепскага”. Кажуць, што перад сьмерцю ён адмовіўся стаць сьпінаю да забойцаў: “Я ад людзей адварочвацца ня буду”. У аднаго з забойцаў нават стрэльба выпала з рук, але загад “вызваліцеляў ад панскага прыгнёту” ўсё ж быў выкананы.

Забілі Рамана Скірмунта, забілі чалавека, які мог быць першым беларускім прэзыдэнтам. І ён цалкам адпавядаў бы гэтай ролі, бо быў разумным і добра адукаваным, меў вялікі палітычны і жыцьцёвы досьвед, ня быў абцяжараны ідэалягічнымі догмамі, любіў Беларусь і шукаў у палітычнай дзейнасьці ня ворагаў, а сяброў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0