Навіны за тыдзень
Бюсьцік Гітлера
ў Сьвіслачы
У Сьвіслачы адшукалі стары помнік Сталіну ды хочуць паставіць яго ў парку побач з помнікамі Леніну, Траўгуту ды Каліноўскаму. Хай бы яшчэ бюсьцік Гітлера адкапалі гэтыя безгаловыя і бессардэчныя “плюралісты”.
Стыхійны пратэст
у Магілёве
15 сьнежня 500 працаўнікоў найбуйнейшага магілёўскага заводу “Хімвалакно” перакрылі рух на пр.Пушкіна: яны не атрымалі заробку. Улады пасьля гэтага выплацілі рабочым запазычанае неадкладна.
Страйк прадпрымальнікаў
З 1 да 5 студзеня наступнага году ў краіне, найхутчэй, пройдзе ўсеагульны страйк прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках. Такое рашэньне прыняў іхны страйкам. Будуць пратэставаць супраць прыняцьця дэкрэту аб адзіным падатку з прадпрымальнікаў, праект якога падрыхтаваны. Гэта паставіць прадпрымальнікаў на мяжу банкруцтва, лічаць гандляры. Калі дакумэнт будзе падпісаны, прадпрымальнікі не выключаюць пачатку бестэрміновай забастоўкі. Страты ад страйку будуць мізэрныя: пасьля Новага году абарачэньне гандлю зусім малое.
Пратэстанты пратэстуюць
Пратэстанты выказалі публічны пратэст супраць трансьляцыі па БТ 40-хвіліннай стужкі “Экспансія”, паказанай два разы – 26 кастрычніка і 2 лістапада. Зь іхных словаў, дзяржаўныя СМІ разгарнулі кампанію, якая мае на мэце выпрацаваць адмоўнае стаўленьне да пратэстанцтва. Да пратэсту далучыліся і кіраўнікі шасьцёх пратэстанцкіх цэркваў Украіны ды Расеі.
Спрэчкі вакол менскіх сымбаляў
Менгарсавет абмеркаваў гімн і герб сталіцы. У гербе мо будзе зьмененая гама колераў неба, па-іншаму будуць выглядаць абрысы воблака, на якім стаіць Божая Маці з анёламі, а таксама іхныя постаці. Адмысловая камісія з 23 варыянтаў гімну папярэдне выбрала «Песьню пра Менск» кампазытара Алоўнікава. Але і гэтая да канца не задавальняе. Мяркуецца абвесьціць конкурс на новы гімн.
Дзеці заблукалі ў лесе
11 сьнежня ў лесе ля Задзерці ў Жабінкоўскім раёне заблукалі два 11-гадовыя хлапчукі. Іх шукалі каля паўсотні супрацоўнікаў МНС, лясной аховы, міліцыянтаў ды вяскоўцаў. А малыя самі выблукалі ды а 5-й раніцы прытупалі дахаты.
Беларусы прадаюць энэргію
У першым паўгодзьдзі 2001 г. Беларусь распачынае пастаўкі электраэнэргіі ў Польшчу й краіны Заходняй Эўропы зь Бярозаўскае ДРЭС. У год у Заходнюю Эўропу будзем экспартаваць да 600 млн. кВт электраэнэргіі. Такім чынам, Бярозаўская ДРЭС улучаецца ў польскую энэргасыстэму.
Чэскія візы патаньнелі
З 15 сьнежня віза ў Чэхію для грамадзянаў Беларусі будзе каштаваць $10 — амаль у 6 разоў таньней, чым раней. Пасьля ўвядзеньня візавага рэжыму ў Чэхію стала езьдзіць у 2—3 разы меней турыстаў, транзытныя паездкі таксама амаль спыніліся – было задорага.
Сядзець!
Былы алмазавец Ігнатовіч і ягоныя хаўрусьнікі зь сілавых структураў, падазраваныя ў забойстве З.Завадзкага, а таксама яшчэ іншых людзей, ня будуць адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе, чаго дабіваўся іхны адвакат, — вырашыў менскі суд.
Алесь Кудрыцкі паводле
БелаПАН, Радыё Рацыя і БАРЦ.
Падарунак за падарунак
Студэнты Беларускага ўнівэрсытэту культуры не дачакалі паловы стыпэндыі, замест 12 тыс. ім пад Новы год выдалі толькі 7. Пратачыліся зьвесткі, што адміністрацыя рыхтуе вялізарную шоў-праграму ў Тэатры эстрады ў гонар перадачы яго ўладамі пад патранат унівэрсытэту. Плянуецца, што будзе прысутнічаць і “галоўны дабрачынца” краіны. А грошай, каб як сьлед яму аддзячыць, не стае. Вось і знайшлі просты выхад – сабралі паўстыпэндыі ў студэнтаў. Францускія студэнты ў падобным выпадку зрабілі б у будынку “альма-матэр” — акупацыйны страйк, а беларусы толькі бурчаць сабе пад нос, “якія ўсе казлы”…
Н.Дз.
Апазыцыю прымаюць
на высокім узроўні
А.Бяляцкі, В.Вячорка, А.Лябедзька, А.Міхалевіч, С.Шушкевіч наведалі Прагу, дзе мелі спатканьні з урадоўцамі Чэхіі. Прыняў іх і Вацлаў Гавэл — гаварылі зь ім па-расейску. Нашы палітыкі таксама ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Праскае вясны.
Vydaviectva “Naša Niva” paviedamlaje Vam pra toje, što zaviaršajecca praca nad Słoūnikam Biełaruskaje Movy (klasyčny pravapis). Paśla Novaha hodu słoūnik budzie całkam źmieščany ū Siecivie: http://slounik.hypermart.net
Słoūnik składzieny na padstavie raspracovak Vincuka Viačorki i pastanovaū Praskaj pravapisnaj narady. Redaktar słoūnika — Siarhiej Šupa.
Internetaūskuju publikacyju aūtary razhladajuć jak pilotnuju i zaprašajuć usich da abmierkavańnia: u Słoūniku jašče šmat supiarečnaściaū i niedakładnaściaū. Paśla razhladu ūsich prapanovaū, u 2001 h. planujecca vydańnie vyvieranaj versii Słoūnika ū knižnym farmacie.