Пэрсона нон-грата

Ліст Зянона Пазьняка

12 сьнежня Зянон Пазьняк накіраваў ліст міністру замежных справаў Нямеччыны, старшыню АБСЭ ды Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ з патрабаваньнем адклікаць зь Беларусі Ганса-Георга Віка. Зянон Пазьняк не адмаўляе прысутнасьці ў краіне місіі АБСЭ, лічачы яе карыснай, і разам з тым сьцьвярджае, што сп.Вік праводзіць у Беларусі не эўрапейскую, а чыста нямецкую палітыку і што ягоная дзейнасьць ніяк не стасуецца з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што аб прапанове Гансу-Георгу Віку пакінуць Беларусь асабіста паінфармаваныя сам нямецкі дыплямат і амбасадар Нямеччыны Горст Вінкельман. Сп.Пазьняк сьцьвярджае, што Вік – “пэрсона нон-грата ўва ўсім апазыцыйным Нацыянальна-Вызвольным Руху” – патаемна каардынуе сваю дзейнасьць зь беларускімі ўладамі. Апошнія абвінавачваюць Віка ў непрыхільнай дзейнасьці толькі дзеля таго, каб выратаваць становішча, стварыць яму алібі, — піша З.Пазьняк. “Зразумела, што сп.Віку лепш быць выдаленым па патрабаваньні Беларускай Вызвольнай апазыцыі”, — піша Зянон Пазьняк. Разам з тым ён выказвае надзею, што рэжым Лукашэнкі мінецца, а дачыненьні Беларусі зь Нямеччынай застануцца добрымі.

А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0