Расьлі б у Воршы маёй мангустаны

Такой цёплай зімы я ня памятаю. Памятаю залеву ў навагоднюю ноч, але тая залева была сярод звычайнай зімы, з маразамі і сьнегам. Прырода пры канцы ХХ ст. нібы сыгналізуе чалавецтву пра глябальны экалягічны крызыс, які няўхільна насоўваецца на плянэту. Ужо пад Каляды, а на Полаччыне яшчэ ня бачылі сьнегу. На вуліцы густы туман — другі дзень ідзе дождж. Раней у маю галаву ня раз завітвала думка аб неадпаведнасьці назваў месяцаў – у кастрычніку ў Беларусі абавязкова выпадаў сьнег, а толькі пасьля лістапада ідзе сьнежань. “Не называць жа апошніх месяцаў восені па-зімоваму”, — напэўна, гэтак палічылі нашыя продкі. Раней яны жылі ў згодзе з прыродай і нават словам не наважваліся яе пакрыўдзіць.

Сёньня ўсё па-іншаму. Паводле экалягічнай адукацыі беларусы выглядаюць на дзікуноў, якія ня ведаюць самага элемэнтарнага. І гэта нягледзячы на Чарнобыль. Здавалася б, у гэткай сытуацыі “зялёныя” ў Беларусі павінны быць магутнай і ўплывовай палітычнай сілай. Насамрэч такой палітычнай сілы ў нас ўвогуле няма, а большасьць жыхароў Беларусі да сёньня ня ведае, што такое радыяцыя і як яе сьцерагчыся. Беларусам здаецца, што глябальныя экалягічныя праблемы мінуць іх бокам, што іх можна перачакаць сярод нашых хмызоў, адседзецца ў родным зацішку сярод Эўропы. Але нават у Новай Зэляндыі, напэўна, ня вераць у тое, што можна пераадолець экалягічныя наступствы разьвіцьця сучаснай цывілізацыі без адпаведнай падрыхтоўкі і працы, інвэставаньня ў прыроду і пошуку альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі. У рэальнае пацяпленьне клімату на плянэце, якое вучоныя абяцалі даўно, ужо вераць самыя зацятыя няверы.

Уладзімер Караткевіч у маладосьці напісаў верш “Вадарод”. Паэт ганіць сьмяротную сілу вадароднай зброі, аднак перакананы, што сілу атаму можна падпарадкаваць на карысьць чалавецтву – напрыклад, растапіць “безнадзейнай Грэнляндыі мёртвы лёд”. Караткевіч уяўляе:

 

І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе,

Зь цеплынёю, з прыбоем, зь пяском залатым.

 

Паэт фантазіруе — пра тое, як стала б добра ў родным краі:

 

І расьлі б у Воршы маёй мангустаны

І альясы ў туманных лясных Лядах.

І ад погані чыстая наша плянэта

Стала б вольнай, прыгожай, шчасьлівай навек,

Стала б лепшым брыльянтам кароны сусьвету,

Цёплым раем, якога чакаў чалавек.

 

Падкрэсьлім, што гэты верш Караткевіч напісаў у юначым веку, нядаўна перажыўшы халодныя, галодныя ліхалецьці вайны. Вядома, гэтыя радкі нельга разумець літаральна, гэта абагульняльны вобраз, паэтычны троп. Але ўсё адно — як глыбока памыляўся Караткевіч. І як памыляюцца беларусы, ня зьвяртаючы на экалягічныя праблемы належнай увагі. Яшчэ нядаўна савецкія людзі, якія першымі паляцелі ў космас, думалі, што чалавек можа ўсё. На самой справе, адзінае, што ён можа дакладна, што залежыць ад яго волі – не рабіць кепскіх, неабдуманых справаў і ўчынкаў — а ў дачыненьні да прыроды ў першую чаргу. І як тут не згадаць мінулага асушэньня палескіх балатоў або цяперашняга барбарскага вынішчэньня беларускіх лясоў?

Беларусь увесь час спазьнялася. З нацыянальнай кансалідацыяй, незалежнасьцю, дэмакратыяй, рынкавымі адносінамі. А цяпер з экалягічнай мабілізацыяй. Усе гэтыя спазьненьні маюць міжсобку простую сувязь. Без нацыянальнай кансалідацыі немагчыма дамагчыся незалежнасьці, без рэальнай незалежнасьці нельга ўсталяваць дэмакратыю, без дэмакратыі рынкавыя адносіны будуць мафіёзна-манапалістычнымі, бяз рынкавых адносін немагчыма сур’ёзна вырашаць экалягічныя праблемы. Вось і Расея ўзялася аднаўляць свой навуковы патэнцыял з фінансаваньня ваеннага комплексу. Толькі ці магчыма абараніцца ад экалягічных катастрофаў танкамі, ракетамі і субмарынамі?

Алесь Аркуш

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0