Сяргей Астравец
Poeti italiani
“Ягоны твар стаў
маскай маёю цяпер.
Тое, што знаў пра яго,
я ўвабраў, перанёс у сябе.
Вось і сыходжу я,
постаць, якая зьнікае,
пайду — і забудуцца на мяне”.
Акінчыц разгарнуў кнігу і зачытаўся італьянскай паэзіяй, ня мог спыніцца. Як аазыс, як цудоўны сярэднявечны пляцок сярод шэрай забудовы. Як адкрыцьцё пад бокам. Столькі разоў праходзіў побач, міма. Сёньня меў час, падумаў паглядзець карціны. А ў перадзалі аказалася невядомая кнігарня. Шчытна-шчытна ад кніг, якіх няма больш нідзе. Акінчыц нават разгубіўся. З чаго пачаць? Папрасіў з паліцы два тамы нябачанага дагэтуль аўтара мудрагельшчыны. “Палісандрыя”, “Школа для дурняў”, “Паміж сабакам і ваўком” — так, здаецца?
Перад вачыма плылі сотні вокладак на стале і стэляжах. Кундэра ў розных выданьнях. Бэкет, але раман — тоўсты, цікавы. Фаўлз, “Чорная вежа”. О, Ален Роб-Грые! “Рэвалюцыя ў Нью-Ёрку”, “праект”. Таміна Пазаліні. І шмат чаго яшчэ. Купіў Кундэру і італьянскую паэзію. Са шкадаваньнем, не здаволіўшыся, пайшоў… Сёлета Акінчыц упершыню ўбачыў Італію. Прысмак яе адчуваўся доўга.
Шэрая кастрычніцкая раніца. Адразу за Слупскам на дарозе гармідар. Пажарныя. Людзі з абрэвіятурай на сьпінах “МНС”. На ўзбочыне чорны шкілет згарэлага легкавіка. Здаецца, “опэль-кадэт”. На траве на сьпіне бездапаможна ляжыць мужчына. З горла тырчыць і торгаецца нейкая трубка. У машыне абгарэ-
лы труп. Ззаду, зьлева. Нейкія яшчэ людзі, легкавікі. Усе маўчаць.
Нямая сцэна. Адзін толькі працягвае з брандспойту густа заліваць згарэлы опэль белым шумам. Дарога перагароджаная. Акінчыц нават акуляры выняў, каб лепей разгледзець. Хаця звычайна адварочваецца, калі ўсе кідаюцца да шыбаў зірнуць на аварыю. Ён упершыню ўбачыў не разьбітую, а згарэлую машыну. Чалавека, які канае. Гэта не магло ня ўразіць.
Астроўскі збочвае ўлева — праз пас травы на сустрэчную паласу, каб аб’ехаць месца здарэньня. Хвіліну яны маўчаць. Акінчыц загаворвае першым:
— А “хуткай” дагэтуль няма. Ці вучаць міліцыянтаў аказваць дапамогу? Амэрыканскія паліцыянты нават роды прыняць могуць. А нашы — толькі друкамі лупцаваць.
— Думаю, і нашы могуць… Туман, напэўна, быў.
— Але каб згарэла машына!..
— Замыканьне. Бэнзын выцек. Як паходня…
Астроўскі ўключыў радыё, панаціскаў розныя станцыі. Пачуўся ўпэўнены незнаёмы голас. Эмігранцкі. Акінчыц упершыню чуў. Прычым якасьць добрая. У горадзе не чутно зусім. Перадалі, што Чыгрын адмаўляецца ад другога туру.
— Канечне, калі ўбачыў, што няма шанцаў, — не стрымаўся Астроўскі. — А чаго было лезьці? Думаў, ён іх прапусьціць? Байкот парушыў. І што цяпер? Поўнае фіяска!
— Зараз на выбары прэзыдэнцкія кінецца, — выказаў меркаваньне Акінчыц.
Зрэшты, гэта было агульнавядома.
Як бы абвяргаючы ягоныя словы, радыёголас паведаміў, што Чыгрын ня стане вылучацца, калі будзе знойдзена кампрамісная для ўсіх асоба.
— Пабачым, — скептычна мовіў Астроўскі.
— Баюся, што ўсе палезуць, і жук і жаба. У палякаў таксама дзесяць удзельнікаў было. Паўпрацэнта некаторыя набралі.
У радыё загаварылі пра тое, як у пушчы доблесныя авіятары трапна расстралялі з паветра помнік паўстанцам Каліноўскага, які не разбурылі сваім часам нават камуністы. Мясцовыя патрыёты сабралі грошы і паставілі новы. Далей на радыё апавядалі пра бой паўстанцкага атраду з карнікамі, пра дапамогу гарыбальдыйцаў беларусам. Акінчыц злавіў сябе на тым, што яму цікава. Цікава слухаць пра тое, што ведаў. Ён даўно не зважаў на падобныя публікацыі ў газэтах. Але зараз ён усьвядоміў, што гэтая тэматыка зноў зрабілася забароненай на тэлебачаньні і ў дзяржаўнай прэсе. Цікава яшчэ таму, што радыё — не газэта, ня трэба рабіць ніякага намаганьня. Можна нават заплюшчыць вочы.
Ім сустрэліся на дарозе яшчэ дзьве аварыі. Перакуленая дагары коламі фура пад адхонам, каля якой завіхаліся людзі. Здарэньне адбылося побач з дарожным шынком і аўтастаянкай. За сто-дзьвесьце мэтраў. Заснуў, ці што? Пазьней давялося нават прытармазіць. Перад імі з даволі глыбокага долу, дзе цякла рачулка, выцягвалі аўтобус. Зьніякавелыя прыгаломшаныя пасажыры цягнулі ўгору вялізныя “матрацныя” торбы з крамнінай.
У сталіцы Акінчыц пайшоў у радыёбюро — пакінуць гутарку з Астроўскім. У антыфашысцкім фронце ён апынуўся ўпершыню. Там прадавалася ягоная кніжка. Атрымаў грошы, адразу выдаткаваўшы іх на калядныя запісы і на Забэйду. У яго выкананьні, замест рамансаў, аказаліся нецікавыя для Акінчыца песенькі. Але ў гэтым ён пераканаўся пазьней. Наступнай была газэтная рэдакцыя. У кампутары там вісеў ягоны тэкст з крывулькамі накшталт музычных знакаў, дасланы ім праз электронную пошту. Італьянскія ўражаньні.
Аб месцы сустрэчы з Астроўскім было дамоўлена яшчэ па дарозе ў сталіцу. Акінчыц прыйшоў крыху раней. Ужо сьцямнела, але сталіца асьвятлялася някепска. Чароды машын шамацелі коламі, імкліва рухаючыся па пляцы. Гарэлі жоўтыя ліхтары, сьпяшаліся ня людзі нават — здані. Рабілася халаднавата, асабліва на ветры. Акінчыц стаў за рог, разглядаючы цёмна-чырвоны храм, які быццам змагаўся зь цемрай. Яму падумалася: калі на цэнтральным пляцы сталіцы не цыбуліны, а каталіцкі храм, гэта значыць, што горад павінен быць эўрапейскім, а не губэрнскім. Нэаготыка, якой захапляліся, напэўна, нават першыя сакратары. Інакш немагчыма вытлумачыць, як яго не разбурылі, пакінулі ў суседзтве з валатоўскай лысай статуяй.
На выезьдзе іх спыніў сэржант. Забраў дакумэнты, недзе хадзіў. Вярнуў моўчкі. Ні прабачце, ні да пабачэньня, ні — пагатоў — шчасьлівай дарогі. Астроўскага гэта зьнянацку раззлавала. Пэўны час яны маўчалі. Загаварылі пра будучыя выбары.
— Ён мяне ненавідзіць і баіцца, — пачаў Астроўскі. — Калі я ўсё ж рашуся пайсьці, значыцца, я буду ўжо гатовы да любых нечаканасьцяў, нават да найгоршага. Я ведаю, што ён ня спыніцца ні перад чым.
— Дыктатары ўсе аднолькавыя.
— Хаця часам паглядзіш на наш народ: нічога яму ня трэба, абы толькі скварка і чарка. І ці варта змагацца, рызыкаваць дзеля яго?
— Ды не дзеля яго, я думаю. Калі ў цябе ёсьць імпэт, калі адчуваеш у сабе сілы — варта паспрабаваць. Дзеля нейкай гістарычнай справядлівасьці, дзеля адказнасьці. Маглі, мелі якісьці шанец, а не паспрабавалі. Яны, да нас, зрабілі, што маглі, не атрымалася. Зараз наша чарга. Інакш ён можа праседзець да канца сьвету.
— Так, мы нічым ня горшыя за іншых. За суседзяў. Нічым. Павінны жыць, як яны. Мне галоўнае — за дзяцей, унукаў крыўдна. Пакінуць такой краіну, каб яны гібелі, каб ня бачылі сьвятла наперадзе… Хаця, як цяпер пішуць, беларусы могуць увогуле зьнікнуць.
Яны ехалі ў цемры, краіна не асьвятлялася. У рэдакцыі была размова пра Астроўскага. Што прозьвішча ў яго станоўчае і для заходнікаў, і для ўсходнікаў, не зважаючы на шляхецкі канчатак. Драматург быў такі з Паволжа, на маскоўскіх сцэнах дагэтуль ставіцца, іншы — пісьменьнік — раманы пісаў пра родную савецкую ўладу. Карацей, да народу з прозьвішчам такім выходзіць можна. Гаварылі пра будучае інтэрвію з Астроўскім і пра фатастудыю, дзе яму наробяць выдатных партрэтных здымкаў. Студыя — вядомая, здымаліся ў ёй апазыцыйныя дзеячы. Праўда, хтосьці ўжо апынуўся за кратамі, нехта нават зьнік. Засталіся фатаздымкі.
Акінчыц вяртаецца ў думках да кніжак, набытых у сталіцы. Італьянцы свайго дучэ перажылі. Зрэшты, каб не абставіны, усё магло аказацца інакш. Напрыклад, каб італьянцы выйгралі вайну, ён перажыў бы шмат каго. Як Франка. Альбо Піначэт. Каб раптам выйгралі вайну, яны б хавалі яго шыкоўна — урачыста, але адначасова трагікамічна. Як у апавяданьні Гуэры.
Апошні ў кніжцы італьянскі верш быў пра кітайскага імпэратара. Як яму падаравалі гіганцкі каменны “шалік”, каб ратаваў ад сівераў. Ну, а калі не дапаможа, дык хай стане адзінай прыкметаю Зямлі, якую можна ўбачыць зь Месяца…
“А ці бачна нас з чорнага небнага прадоньня, з космасу? — квола падумаў Акінчыц, каб толькі падумаць. — Два жоўтыя пучкі — для асьвятленьня шляху, для змаганьня зь цемрай, і пара чырвоных сьветлякоў ззаду”.
22 лістапада 2000 г.