Сяргей Шыдлоўскі

Музэюм

  Пасьля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне i пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак — насыпная. 

В.Ластоўскі. “Лябірынты”

 

Пераходзячы зь вескі ў веску, можна прайсьці Полацак наскрозь: Экімань, Бельчыцы, Кароўнікі, Ноўка, Грамы, Спас-Слабада, Лазоўка, Баравуха. Кожная з уласным Гаўрылам, што не адзін у Полацку, i пэрсанальным уваходам у легендарныя сутарэньні. Горад з падмосьцем, горад у дублі. Дзе копія, а дзе арыгінал? Вуліцы — праекцыі лёхаў, ці лёхі — адлюстраваньні мокрых ходнікаў? Над калюгамі запальваюцца ліхтары — загараюцца паходні i ў лябірынце. Горад варожыць: што будзе — было, было — будзе. Дзе сапраўды Полацак? Там, дзе i полацкая Бібліятэка, Летапіс, Лябірынты. У чалавечых стасунках, генэалёгіях i сьвятах. Купала, Радуніца, Эўфрасіньня, Вялікдзень — тапаграфія Полацку, ваколіцы якога сягаюць на пятнаццаць стагодзьдзяў ушыркі. Між Багаяўленкай i Сафійкай адлегласьць вымяраецца эпохамі, мэтрамі — час. Барока — мэтафара гэтага гораду.

Гострыя сны — крышталёвыя ранкі верасьня. Горад станіўся да празрыстасьці, увыразьніліся абрысы Лябірынту.

Сувіты з вуліцамі, ен распрастаўся ад аднаго позірку, захапіўшы небакрай. Памыляецца Падземны чалавек — падобны момант можа здарыцца дзе заўгодна, сталай брамы не існуе. Спружынаю-сьлімаком ён разгортваецца вакол цябе, ты робішся ягоным рухомым цэнтрам. Дасканалы лябірынт — з навучкай грыбніка выйсьці немагчыма. Грыбнікі, геадэзісты, тапографы сюды i не трапляюць. Гэты досьвед блізкі хутчэй скарбашукальнікам ды калекцыянэрам. Яны носяць свае нябачныя лябірынты як смаўжыныя дамкi, станіўшыся да празрыстасьцi.

Я трапіў у лябірынт на правох нумізмату. Зьбіраю шэлегі ў палявых умовах. Пры канцы 80-х Экімань гарэла, неўзабаве пачалося будаўніцтва новага мосту церазь Дзьвіну, якое зблытала арыенціры ў куламесе абшчапітаўскага бою i сярэднявечнай керамікі, але самапальных археолягаў цяпер тут нават больш — намываюць у ручаінах мядзяныя бурацінкі. Лазаходцы, захавальнікі надзейных мапаў з імпэратарскімі пазначкамі, дзякуючы iм іржавыя наканечнікі полацкіх стрэлаў i праз стагодзьдзі лучаць у цэль.

Я наладкоўваў кішэні керамічнымі аскепкамі, а калі знаходзіў нешта хадавое, то адсылаў раней назьбіраныя чарупіны па дзьвінскіх хвалях — з таго месца, дзе стаялі экіманскія лодкі ды трымцеў лазьняк. Плавок плёскаўся ў лазовым рабаціньні, Эдгара По перагортваў сівер. Сядаеш у лодку — i хаты зьнікаюць за пагоркам, насоўваецца парк. Краявід жывілі вежы Сафіі.

Парк доўжыцца амаль да Бэрнардынкі. Дакладней, доўжыцца адлюдны бераг, парослы хмызамі. Толькі на мапе можна правесьцi мяжу, дзе сканчаецца гэтая прырода i пачынаецца ўласна гісторыя. Зялёныя жылы хмызоў разыходзяцца ад ракі ўглыб кварталаў, вызначаючы абрысы вуліц, а часам — i пэрыпэтыі гарадзкой хронікі. Гэты сымбіёз — хутчэй помнік прыроды, чымся культуры — называецца Задзьвіньнем. І сам Полацак нагадвае садова-паркавы запаведнік нерэгулярнага стылю. Сады Скарыны. Знаны палачанін напрыканцы жыцьця быў садоўнікам. Сімяон Полацкі ж назваў кнігу свайго жыцьця “Вертоградом многоцветным”, вертаградам — то бок садам. У садах Экімані — маёнтку паноў Беліковічаў — Ян Баршчэўскі занатоўваў песьні, што даносіліся са стругаў, якія плылі Дзьвіною ў Рыгу.

На пляне парк сканчаецца бульварнай восьсю, што лучыць візуальна Курган Неўміручасьці з Сафійкай. Сабор месьціцца на супрацьлеглым беразе, але калі глядзець на яго з Кургану, ён нібы вырастае з парку. Вясельлі i цяпер прыяжджаюць на Курган ускладаць кветкі да Вечнага агню з замураваным камуністычным пасланьнем нашчадкам у 2017 год. Мяркую, гэта робіцца дзеля краявіду з Сафійскім Саборам, на фоне якога тут звычайна i фатаграфуюцца. Скрозь так: на язычніцкім камені — Барысаў крыж, на праваслаўным падмурку Сафіі — уніяцкая бажніца, а насупраць яе — паганска-савецкі Курган. У гэтай эклектыцы ёсьць нявыяўленая лёгіка, зразумець якую можна толькі з гледзішча полацкай рацыі. Імпэрыі міналіся, а Полацак заставаўся. Зьнікне рэспубліка — горад будзе стаяць, прыйдуць археолягі, рассартыруюць сьмецьце. На тле плыткай адраджэнскай гісторыі Полацак — анкляў вечнасьці.

Пры ўсёй мешаніне гэтых напляставаньняў гісторыка-культурныя коды гораду прачытваюцца выразна. Полацкую сыстэму каардынат утварае гарызанталь Дзьвіны, што задае прыродныя парамэтры, мус ляндшафту, геапалітычныя арыенціры. Дзьвіна — вэктар полацкай гісторыі, кантактаў і камунікацый гораду, Дзьвінскае ж прыбярэжжа — авансцэна гэтай гісторыі. Невыпадкова фасад старажытнага Полацку з Сафіяй і Калегіюмам выходзіць на Дзьвіну. Вэртыкаль Сафіі — гэта духовая скіраванасьць, імпульс Богабудаўніцтва, цывілізацыйныя арыентацыі. На іхным скрыжаваньні, як пункт адліку, ляжыць Барысаў камень — абярэг з кірылічнаю весткай, што паяднала паганскую архаічную аўтэнтыку з хрысьціянскім цывілізацыйным пачаткам. Сам горад, раскінуўшыся на двух берагах, сымбалізуе мост “з варагаў у грэкі”, што падтрымлівае гамагеннаcьць беларускай культурнай праcторы, ейных мітаў i гіcторыі. Гэты горад не належыць насамрэч цяпершчыне, ен трымаецца пэўнага нэўтралітэту на ўмове “старыны ня рушыць”, жыве з таго, што здае пад адсоткі чарговаму геапалітычнаму ўтварэньню свой сымбалічны капітал. Полацак i застаўся пераважна купецкім местам — гандлюе ведай, прэстыжам полацкай маркі, генэалёгіямі — тым, што так шануюць новапаўсталыя дзяржавы-хімэры. Пасярэдніцтва, культуртрэгерства, пераклад — звычайны бізнэс для памежжа. Мэсіянскія праекты адкладзены.

Што да Кургану Неўміручасьці, то ён упісаўся ў канцэпцыю “краіны валатовак”. Гэтую савецкую філію полацкіх лябірынтаў насыпалі ўсім горадам падчас суботнікаў, як i вымагае архаічны канон, зямлю прыносілі ў руках. “Сiвагорбы” крывіцкі пэйзаж асыміляваў ягоныя абрысы. Абсаджаны разлапістымі хваінамі, Курган выглядае здалёк ланцугом горных пікаў — вітамін для вачэй.

Тым разам, ідучы пад Курган з фотаапаратам, я спраставаў шлях праз зарослыя прысады — зацішак бясчасься, зарэзэрваваны для сьвяткаваньня 9 траўня. Ён аджывае аднойчы на год па рэфлексе — пад какафонію гучнікаў. Ля кожнага хмыза з гарматнай стралянінай i сьпевамі народнага хору адпраўляюцца дыянісіі. Шашлыкі, папяровыя шкляначкі, квас на разьліў, піва хоць заліся — формула ўсенароднай радасьці. Неўдаваны сацыяльны аптымізм.

Прысады даўно мусілі скончыцца, але асфальтоўка доўжылася. Каб не губляць часу ў счужэлых нетрах, ламануў праз гарошнік. Спатыкнуўся на мурашніку, не разгледзеў — чорныя цi рудыя, чорныя — добрыя, рудыя — благія. Вываліўся на гал — руды ад цаглянай крышонкі. Гал-галом, з фантанам у сярэдзіне, дызайн якога зробіць гонар зэнітнай устаноўцы, што ў мэтах маскаваньня ўдае фантан. Нехта зайздросна раскруціўся — уся бэтонавая абсада фантану абкладзена дыхтоўнымi вокладкамі, не раўнуючы скарынаўскае сьвята кнігі. Наведнікаў толькі няма.

 

Бавіўся ля кожнай кніжкі, расчытваў вокладкі. Кнігі цэнныя — на фінскай паперы, выдрукаваныя буйным кеглем, з паважнымі клясыкамі на фарзацах. Сядзяць гваздамі, пасьміхаюцца — пазналі.

Крапнуў стэарын, забегалі цені ў пісьменьніцкіх вачаніцах, спружына-сьлімак ахінула навакольле, я стаў ейным рухомым цэнтрам. Уся справа ў форме лябірынтавых паваротак, што віром зацягваюць горад у барокавыя сны i відзежы. Прыдаўся б слоўнік Власта — шляхаводца па нетрах архетыповага.

 

Патрапіў у запасьнікі. Музэяваная мара вылежваецца тут да мэмарыяльных кандыцыяў, падсыхае, чакаючы Максаў Бродаў, музэйшчыкаў сяброўства, каб рассыпацца ў руках, як i належыць канвэртабэльнай мары, чыстай лiтаратурнай легендзе:, гербарыю настурак.

Калідоры, выпісваючы формулу ракако, віліся ў пакручыстым стылі ўніяцкіх палемік, тупікі прымаліся за выбаўленьне ад закальцаваных васьмёркай мэйнстрымаў, моташных, як колазварот Адраджэньняў у лекцыі па культуралёгіі. Абрыдла блукаць па выгінах Вялікага стылю — музэйны сындром, вядомы і аматарам школьных чытанак.

Шукаў на заседжаных скрыжалях знаёмыя імёны: Баярыны, Бельскія, Булаўскія, Лагуны, Лапіцкія, Лісоўскія, Маеўскія, Маркевічы, Марковiчы, Плаксы, Садоўскія, Садкоўскія, Славінскія, Сівыя, Трыпукі, Шыкі — пракаветная музыка прадмесьця. Пункцір іхных лёсаў акрэсьліваў абрысы краю. Межы перасоўваліся, на варту забылі, але баяры памежных марак далі рады сваёй службе самі, кшталтуючыся ў распазнаваньні скрайнасьцяў. Твой чарапень ня ўнёс бы дысанансу ў гэты шэраг стараполацкіх сківіц i насяр.

Пасунуў далей у спадзеве знайсьці выйсьце, ухапіўшы лёгіку экспазыцыі: сховаў-спратаў, пантэонаў, ярархій, крушняў сьвятога каменьня. Праінтэрпрэтаваўшы чарговую паваротку, упёрся ў тупік. Варта было згадаць навучку, атрыманую ў калідорах Палацу Піянэраў. Засланы акцябрацкай зорачкай у гурток палітінфарматараў, на працягу чатырох гадоў па чацьвяргох пашыраў свой палітычны кругагляд, мацярэў ідэйна, дасьпяваў да Клюбу інтэрнацыянальнай дружбы i паездкі на Балатон. Нават не сумавалася — ведаў усе краіны Афрыкі. Меў амбіцыі падабацца кіраўнічцы гуртка, выхаванцы Літінстытуту. Але падзьмулі вятры перамен. На чацьверты год, разышоўшыся ў сьвятле новага мысьленьня з дагматычнай ацэнкай правоў нацыі на самавызначэньне, сышоў з гуртка. Замест афрыканскіх краінаў адкрыў для сябе чароўны сьвет райцэнтраў Бацькаўшчыны. Родныя балаты сталіся любейшыя за чужыя Балатоны. Зрэшты, на асобных маіх контурных мапах межы Бацькаўшчыны асягалi i возера Балатон, ня кажучы ўжо пра Смаленшчыну. Пасьля XIX партканфэрэнцыі ўжо нічога не здавалася немагчымым. На кар’еры піянэра паставіў крыж, рэканструяваў “Камасутру” па тэкстах Палякова, Аксёнава, Вайновіча з нумароў “Юности”, школьныя палітінфармацыі праводзіў на матэрыяле беларускай службы “Радыё Свабода”. Нясхільныя адсочваць генэральную лінію партыі, аднаклясьнiкi мае былі ідэальным аб’ектам для ідэалягічных дывэрсій.

З Палацу Пiянэраў я вынес звычку вывучаць пляны пажарных эвакуацый — перамнажэньне двузначных кабінэтных нумароў дапамагала пасьля вясновай вуліцы горш. Вядома, ніякіх пажарных плянаў на гэты раз не было, але над галавой зеўраў цёмны прастакутнік. Падцягнуўся i выйшаў на дзьве рукі. Дзеля прыемнасьці паўтарыў практыкаваньне яшчэ раз — парэнчы былі iржавыя i цёплыя, па руцэ. На жаль, бяз воплескаў. У такіх выпадках фізрук хітаў галавой — “Ёсьць моц, трэніроўкi не патрэбныя”. Словы прыемныя, але рацыі ў iх няма.

 

Цвыркаў гнілым зубам вахцёр — на гэты маячок i пасунуў. За чарговай павароткай узьнікла вакно, выйшаў бы, каб не галасы. Столік з сувэнірамі, крошкі печыва. Пылі-пылі, грудкі семак, тралі-валі, краля “брун №4”, пёры, чарупіны, акамянеласьці. Можна было i праз вакно. Квіта шкада — калі ласка, за турнікет.

Вываліўся ў катакомбы пад пляцам Перамогі. Стары кашмар — ад былой раскошы застаўся жэтон на мэтро, квіт на цягнік да дому i сем хвілін, каб пасьпець. Не знаходзіцца ўваход, блытаюся ў паваротках. Знайсьці ўваход у мэтро на Плошчы Перамогі — непасільнае заданьне для папаленых мазгоў. Як працуе гэтая машына? На веры ці цынiзьме? На цынізьме веры — старым добрым езуіцкім “сродкі дзеля мэты” збудаваны гэты лябірынт. Прачынаюся. Цяпер ужо конча — ізноў жаўтаватыя купы, непрасьветленыя ліставеяй, суцяшальная гульня. Прысады доўжацца.

У анкляве вечнасьці не істотна — пяць стагодзьдзяў менш цi больш, гiсторыкi спрачаюцца за пару дзён, а ў горад штораз прыходзіць усё тая ж тысяча пяцісотая восень. Што будзе — было, што было — будзе.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0