Апытаньне «НН»

Прыярытэты

Якімі Вам бачацца прыярытэты палітыкі Нямеччыны ва Ўсходняй Эўропе і Беларусі? — з такім пытаньнем зьвярнуліся мы да будучых беларускіх дыпляматаў, студэнтаў Факультэту міжнародных зносінаў Белдзяржунівэрсытэту. Большасьць студэнтаў просталінейна выводзіць нямецкую палітыку з інтарэсу эканамічнага панаваньня.

 

Яўген Акуліч: Мы знаходзімся ў нямецкай сфэры ўплыву. Нашая тэрыторыя - важны транзытны калідор, і гэта адзін з найважнейшых пунктаў замежнай палітыкі Нямеччыны.

Андрэй: ФРН выгадна падтрымліваць сувязі зь Беларусяй, бо Беларусь - вялікі рынак для будаўнічых і яшчэ якіх кампаній. Па-другое, Беларусь - гэта 10 млн. чалавек, у якіх пры спрыяльных эканамічных умовах можна сфармаваць станоўчыя ацэнкі нямецкай прадукцыі. Па-трэцяе, Беларусь - пэрспэктыўны рынак навуковых тэхналёгіяў, бо раней наша краіна была цэнтрам навуковых распрацовак у СССР. Таксама цікавасьць для немцаў мае наша танная працоўная сіла.

Юрась Каваленя: Захоп рынку. Галоўнае, што ім патрэбна, - гэта рынкі збыту. Усё, што кіруе немцамі, - гэта эканоміка і грошы.

Некаторыя называлі нямецкую замежную палітыку несамастойнай.

Пятро: Цяпер немцы дзейнічаюць у зьвязцы з ЗША, а, мне здаецца, калі б яны дзейнічалі самастойна, то даўно б тут [на ўсходзе Эўропы] гаспадарылі.

Апошнія дыскусіі ў мэдыях таксама спрошчана адбіліся на ўяўленьнях.

Іван Савуноў: Беларусь — прыярытэтны вэктар для Нямеччыны, як і Польшча, бо праз гэтыя краіны паступае вялікая колькасьць сыравіны, якая проста неабходная для нармальнага функцыянаваньня эканомікі эўрапейскіх дэмакратыяў.

Арцём Цыбульскі: Паліўная труба, што праходзіць праз нашую тэрыторыю. Немцы імкнуцца да ўплыву, але бліжэйшыя мінімум 4-5 гадоў яны тут нічога ня зробяць.

Выказваліся і арыгінальныя меркаваньні.

Аляксей Пінчук: Іх цікавіць танная бульба. Бо ў іх распаўсюджаныя «Макдональдзы». Таксама іх можа пастаўкі лесу цікавяць.

Тамара Ганчарова: Іх цікавіць тут высокі інтэлектуальны патэнцыял. Таксама магчымасьць стварэньня танных транснацыянальных карпарацый.

Такія стэрэатыпы нямецкай палітыкі стварае ў менскіх студэнтаў прагматычная аж да павярхоўнасьці беларуская дыпляматычная школа.

Апытваў Андрусь Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0