Навіны за тыдзень

Шампанскае «Князь Вітаўт»

Перад Новым годам у крамах зьявяцца новыя гатункі пеністага — ружовае «Князь Вітаўт» і белае «Траецкае». Гэтыя «шампанскія» – першыя цалкам распрацаваныя менскімі вінаробамі. Сёлета наш завод шампанскіх вінаў выпусьціць 50 тыс. бутэлек гэтых напояў.

Навагоднія забаўкі

На менскіх плошчах паставілі каля 100 ялінак. Галоўная зь іх на Кастрычніцкім пляцы ўяўляе сабою шасьціўзроўневую канструкцыю з 70 асобных дрэваў. У навагоднюю ноч у Менску будуць працаваць тры галоўныя адкрытыя канцэртныя пляцоўкі: на Кастрычніцкай, на Незалежнасьці, а таксама на Машэрава. Сьвяткаваньні распачаліся шэсьцем Дзедаў Марозаў ад Незалежнасьці да Кастрычніцкай яшчэ 23 сьнежня.

А адну ялінку вышынёю 10 м на Паўднёвым Захадзе зламысьнікі напярэдадні Калядаў хацелі сьпілаваць, але міліцыя злавіла ліхадзеяў зь пілкаю ў руках. Цяпер разьбіраюцца, навошта яны квапіліся.

Вайтовіч і Гуляка

Старшынём «савету рэспублікі» паставілі Аляксандра Вайтовіча, прэзыдэнта Акадэміі навук, міністрам культуры — Леаніда Гуляку, бібліятэчнага работніка з адукацыі, паслом у Сырыю пасылаюць Уладзімера Лапату-Загорскага, начальнікам Вайсковай акадэміі прызначылі Ігната Місурагіна.

Лукашэнка непакоіцца

На адкрыцьці першай сэсіі свайго парлямэнту Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі чатырох чалавек – беларуса, прыбалта, немца й паляка — быццам бы затрымалі за шпіянаж. «Мы не дазволім, каб на замежныя грошы рыхтаваліся каманды калябарантаў», — заявіў таксама Лукашэнка, вінавацячы краіны Захаду ў падтрымцы апазыцыі. Яго непакояць выбухоўка ды зброя, нібыта ўвезеныя ў краіну, а таксама падрыхтоўка 14 тыс. назіральнікаў да прэзыдэнцкіх выбараў. А грошы на “падтрыманьне стабільнасьці” беларуская ўлада адшукала — Расея дала Беларусі чарговы крэдыт, роўны ў пераводзе на нашыя грошы 180 млрд. рублёў, ільвіная доля якога застанецца ў самой Маскве на пакрыцьцё запазычанасьці за газ.

Пляменьніца Сурвіллы — доктарка Сарбоны

Вірджыніі Шыманец, пляменьніцы Старшыні Рады БНР, была нададзеная годнасьць доктаркі Сарбоны, пасьля таго як яна з бляскам абараніла тэатразнаўчую дысэртацыю на тэму «Ад беларускіх драматургіяў да беларускай савецкай драматургіі: трагедыя ўлады». Дамову на публікацыю гэтай працы па-беларуску ўклаў са сп-няй Шыманец часопіс «Arche». Гэта будзе яе першая публікацыя на гэтую тэму: у Францыі дзейнічае правіла, што дасьледчык ня можа публікавацца на тэму, паводле якой ён рыхтуе дысэртацыю, пакуль дысэртацыя не абароненая. Кароткая сямейная ўрачыстасьць з нагоды зьяўленьня чарговага беларускага доктара Сарбоны адбылася ў Парыжы.

“Стыпуха” большае

З 1 студзеня студэнты будуць атрымліваць 8700 руб., навучэнцы СПТВ — 7300 руб., ПТВ — 4700 руб., іменныя стыпэндыі для студэнтаў ВНУ складуць 17 тыс.

Клюбы

Вясковыя клюбы застаюцца адзіным месцам адпачынку для вясковай моладзі. За Лукашэнкам у найбяднейшых калгасах зачынілі 600 клюбаў, а агулам у краіне іх засталося крыху больш за 4000. Аднак перад сёлетнімі выбарамі ўлада спахапілася, і 28 клюбаў ужо зноўку адчынілі.

Волат з Бабруйску

На сьвяце Ўсерасейскае міжгаліновае выставы тавараў беларускі асілак Уладзімер Савельеў перамог расейскіх “багатырэй” — паставіў сусьветны рэкорд, узьняўшы за 10 хвілінаў паўтарапудовую гіру 320 разоў. Вынік склаў 7680 кг. Савельеў працуе выкладчыкам біялёгіі ў Бабруйску, пры росьце 175 см важыць 100 кг. Дасягненьне ўвойдзе ў «Кнігу рэкордаў Гінэса».

«Вольныя танцы» забароненыя

У сьнежні ў некалькіх гарадах Беларусі адбыліся канцэрты вядучых рок-гуртоў «Вольныя танцы», самыя пасьпяховыя — у Воршы, Берасьці, Горадні. А вось у Гомелі ды Магілёве «Танцы» пад рознымі падставамі былі сарваныя. Арганізатары — БМАgroup і канцэртнае агенцтва «Лінія гуку» — плянуюць усё ж прывезьці «Вольныя танцы» ў Гомель у лютым, а ў Магілёў — як толькі стане магчыма.

Беларускія футбалісты – 95-я

Міжнародная фэдэрацыя футболу распаўсюдзіла новы рэйтынг-ліст нацыянальных зборных. Беларусь разам са зборнай Лібэрыі засталася на 95-м месцы, як і летась. Усяго ў рэйтынг-лісьце — 203 зборныя.

Алесь Кудрыцкі паводле Радыё Рацыя, БелаПАН і ўл. інф.

Каровы запусьціліся

Кожны год з пачаткам зімы пачынаюць зьнікаць з паліцаў крычаўскіх магазынаў прадукты. Сёлета першымі ў сьпісе дэфіцытаў стаяць малако і яйкі. Са словаў магазыншчыц, пачалі «запускацца» каровы. Ну што ж, справа гэта патрэбная. Аднак, ня ўсё так проста. За 11 месяцаў гэтага году Крычаўшчына надаіла на 9% малака меней, чым за той самы час летась. За той жа пэрыяд 1999 г. у параўнаньні з 1998 г. надоі зьнізіліся на 17%.

АМсьціслаў зь цюцькам

Апошнім часам (гадоў гэтак пяць) гарады сталі імпэтна мяняць старажытныя гербы. У Крычаве ўжо даўно зьмянілі, у Клімавічах рыхтуюцца. І вось старажытны сымбаль быў перароблены і ў Амсьціславе…

Амсьціслаў атрымаў свой герб разам з Майдэборскім правам у 1634 г. ад Уладзіслава Вазы. «…У блакітным полі шчыт і рука зь мячом…» — такі выгляд меў герб. А цяпер да гэтай выявы дадалі нейкага сабачку. Рашэньне аб зьмене прынялі ў райвыканкаме.

Андрэй Кузьмін, Крычаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0