Юлія Андрэева

Не апошні год

 

Адыходзіць у мінулае 2000 год. Колькі людзкіх пакаленьняў з жахам, надзеяй, зайздрасьцю, філязофскай цікаўнасьцю чакалі на яго! І вось ён надышоў і прайшоў, і віхураю прамкнуўся ў прасторы. А колькі было страхаў і спадзяваньняў!

Пазытывісты стваралі кнігі і кінастужкі пра 2000 год, у якіх шчасьлівае чалавецтва – гаспадар Космасу і Сусьвету – пасьпяхова змагаецца з іншаплянэтнымі прыхаднямі, што хочуць разбурыць нашую цудоўную цывілізацыю. Эдуард Бэлэмі ў 1888 г. напісаў раман “Аглядаючыся назад”, намаляваўшы ўтапічны вобраз Амэрыкі на парозе трэцяга тысячагодзьдзя. На думку Бэлэмі, горад Бостан мусіў стаць узорна-сацыялістычным, прамысловым, дастасаваным да навукова абгрунтаваных чалавечых патрэбаў. Дакладна праз год яшчэ адзін тагачасны прагрэсіст, сэр Джуліюс Фоўгел, дэпутат новазэляндзкага парлямэнту, надрукаваў раман “Anno Domini 2000, альбо Жаночы лёс”, у якім распавядалася пра шчасьлівае грамадзтва, адбудаванае згодна зь ягонымі эканамічнымі рэцэптамі. Трэці чалавек, па прозьвішчы Тэд Уэйт, якога выгналі з коледжу за непасьпяховасьць, быў больш практычны. У 1985 г. ён заснаваў фірму пад назваю “Gateway 2000 Inc.”, якая неўзабаве сталася буйным вытворцам пэрсанальных кампутараў. Пакупнікі шалелі ад назвы! Прыклад апынуўся заразьлівым, і хутка крамы напоўніліся красоўкамі, асадкамі, саколкамі, зробленымі паводле “тэхналёгіяў-2000”.

Пэсымісты таксама задоўга да 2000 г. выдумалі спэцыяльную навуку – футуралёгію, каб пужаць ёю народ. У 1965 г. Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навукаў утварыла Камісію-2000 з мэтаю “прадугледзець магчымыя мадэлі грамадзкага разьвіцьця”. Паводле дзіўнага супадзеньня, камісія пасялілася ў Бостане і неўзабаве падрыхтавала справаздачу, ад якой у заходняга абываталя зрабілася холадна ў жываце. Казалі, што ў 2000 г. у атмасфэры будзе ў два разы меней кіслароду, чымся на золку прамысловае эры. Што сярэдняя тэмпэратура на плянэце ўзрасьце на 1 градус проці 1970 г. і з гэтай прычыны Нью-Ёрк – а разам зь ім палова эўрапейскіх мэгаполісаў – апынецца ледзь не на дне акіяну. Што, нягледзячы на вялізную колькасьць тапельцаў, насельніцтва Зямлі ўзрасьце за гэты час у два з паловай разы, прычым 50% народу будзе жыць у гарадох. Вынікам чалавечае экспансіі мусіў стаць катастрафічны недахоп харчаваньня і вычарпаньне натуральных рэсурсаў, камуністычныя рэвалюцыі ў розных краінах, сталая вайна паміж багатымі і беднымі народамі, жудаснае забруджаньне навакольнага асяродзьдзя і поўны крах усталяванага парадку ў сьвеце. Кожная з гэтых тэзаў абгрунтоўвалася неабвержнымі кампутарнымі выкладкамі… (Цікава, колькі ж пакояў займаў той кампутар у імпазантным будынку Масачусэтскага тэхналягічнага інстытуту?) Але ў сутнасьці, прагноз атрымаўся не нашмат лепшы, чымся славутае прадказаньне брытанскіх навукоўцаў, што ў 1930 г. у Лёндане конскім гноем будзе завалена ўсё да другога паверху. Ці маглі тыя навукоўцы ў 1880 г. дамысьліцца, што праз 5 гадоў Карл Бэнц распрацуе свой першы аўтамабіль?

Зрэшты, усе прагнозы наконт 2000-га мелі ў сабе карэнную адрознасьць ад любых іншых прадказаньняў. У глыбіні душы пераважная большасьць людзей шчыра верыла, што 2000 г. увогуле не надыдзе; а калі і надыдзе, дык напэўна будзе апошнім. Нехта чакаў на канец сьвету паводле Настрадамуса, нехта – паводле псэўдахрысьціянскіх забабонаў (сапраўднае хрысьціянства забараняе варажбу, тым больш – па сьвятых кнігах). Містыкі-кампутарнікі чакалі на “праблему-2000”, якая мусіла разбурыць іхны віртуальны сусьвет, а заадно – і сьвет рэальны, бо збоі ў кампутарах маглі выклікаць некантраляваныя пускі ракетаў зь ядзернымі боегалоўкамі. Але найбольш прыкметным быў эсхаталягічны містыцызм дыктатараў — прэзыдэнты рознага калібру ад пэруанскага Фухіморы да азіятаў Карымава з Назарбаевым – са скуры вырыналі, каб адцягнуць свае перавыбары да міленіюму ці пасьля яго. Падсьвядома яны цэлілі ў вечнасьць, у час, калі часу ўжо ня будзе, а значыцца, ня будзе ніякіх падзеяў – выбараў, мітынгаў, рэвалюцыяў – у час, калі нічога ня будзе мяняцца, і іхнае кіраваньне пад пільным наглядам Госпада расьцягнецца назаўжды.

І Ельцын пайшоў з улады ў апошнія гадзіны 1999-га. Ён таксама імкнуўся ў вечнасьць і адначасова палохаўся яе; урэшце, ён не пажадаў бясконцага панаваньня.

Цудоўным помнікам падсьвядомае веры ў канец сьвету застаўся “Закон аб грамадзянстве Расейскае Фэдэрацыі”, падпісаны Ельцыным 28 лістапада 1991 году. У артыкуле “Набыцьцё грамадзянства ў парадку рэгістрацыі” там запісана, што расейскі пашпарт аўтаматычна атрымоўваюць “грамадзяне былога СССР, якія пражываюць на тэрыторыях дзяржаваў, што ўваходзяць у склад былога СССР, а таксама прыбылыя для пражываньня на тэрыторыю Расейскае Фэдэрацыі пасьля 6 лютага 1992 г., калі яны да 31 сьнежня 2000 г. заявяць пра сваё жаданьне набыць грамадзянства Расейскае Фэдэрацыі”. Гэткім чынам Расея хацела аднавіць сваё нацыянальна-духоўнае цела, ды расейцаў з новага замежжа, якія хацелі б стаць расейскімі грамадзянамі, апынулася зусім нямнога, у параўнаньні з утапічнымі чаканьнямі. Расейцы з Латвіі ці Беларусі назад у Расею ня хочуць. Чаму? Запытайцеся ў іх.

Галоўны ж досьвед году для кожнага з нас свой, бо ўражаньні і падзеі – рэчы ў істоце адрозныя. Для некага галоўным досьведам была хвароба маці і анкалягічны шпіталь у Бараўлянах, дзе эфэктыўна лечаць гэтую хваробу, стасуючы найпрагрэсіўнейшыя мэтады і найсучасьнейшыя лекі. І за ўсё гэта не бяруць з хворага ні капейкі. Гэты досьвед моцна дабаўляе аптымізму. Для іншых шчасьліўцаў такім досьведам стала зжываньне з Інтэрнэтам праз хатні кампутар. Для трэціх — адкрыцьцё для сябе “Нашай Нівы”.

На гэтым фоне грамадзкія падзеі году здаюцца мітусьнёй і суцэльным расчараваньнем. Расейскія выбары, у якіх камуніст змагаўся з падпалкоўнікам КДБ. Безупынны цырк гэтак званай “інтэграцыі”. Нашыя “маршы свабоды” – хвалюючыя, але малалюдныя. Рэвалюцыя ў Югаславіі – напачатку гэта вельмі натхняла, а цяпер іншы раз здаецца, што Каштуніца не нашмат лепшы ад Мілошавіча.

І на дэсэрт – прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, у якіх абодва кандыдаты выглядалі як бледныя цені сваіх слаўных папярэднікаў. Хіба што іхныя яскравыя паплечнікі запомняцца? У Гора — кандыдат у віцэ-прэзыдэнты Джо Лібэрман, артадаксальны хасыд у чорным капелюшы, першы габрэй, які рызыкнуў прэтэндаваць на ролю другой асобы ў амэрыканскай палітычнай гіерархіі. Можна захапляцца незвычайнай адкрытасьцю амэрыканцаў, якія за 50 гадоў прайшлі шлях ад ку-клукс-кланаўскага расізму да талерантнасьці. Яскравае сьведчаньне гэтага – і пераможны саюз Джорджа Буша-малодшага і генэрала Коліна Паўэла, прызначанага кіраваць замежнымі справамі. Паўэл карыстаецца надзвычайным аўтарытэтам у грамадзтве. Нават дзеткі ў школах старанна завучваюць гэтак званыя дзесяць прынцыпаў генэрала Паўэла:

1. Ня ўсё так дрэнна, як табе здаецца. Пераначуем – лепей пачуем.

2. Выйдзі зь сябе, але потом вяртайся назад.

3. Не дазваляй свайму “я” настолькі атаясаміцца з тваім становішчам, што калі б ты згубіў сваё становішча, ты б непазьбежна згубіў сваё “я”.

4. Гэта трэба зрабіць кожнаю цаной!

5. Будзь асьцярожны з тым, што ты выбіраеш. Магчыма, менавіта гэта ты і атрымаеш.

6. Не дазваляй, каб нягодныя факты перапынілі шлях годнаму рашэньню.

7. Ты ня можаш рабіць выбар за кагосьці іншага. Ты не павінен дазваляць, каб нехта іншы рабіў выбар за цябе.

8. Клапаціся пра дробязі.

9. Аддзячвай дабром за дабро, злом за зло.

10. Захоўвай спакой. Будзь спагадлівы.

Сьвет відавочна зьмяняецца. Забываецца на старыя забабоны. Дасканаліцца. Расьце. Паціху зьмяняецца і Беларусь. І гэта бачна ня толькі ў нашых размовах, ня толькі ў цудоўных вулічных графіці – надпісах і наклейках, – але і ў сур’ёзных справах, якія на шмат гадоў наперад вызначаюць аблічча нашае культуры. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, пераклад Міцкевічавых “Дзядоў”, зроблены Сержуком Мінскевічам і надрукаваны ў першыя дні 2000 г. Падзея фундамэнтальная, бо сьведчыць ня толькі пра моц і гнуткасьць беларускага пісьменства, але і пра тое, што мы нарэшце навучаемся адрозьніваць сваё ад чужога і шанаваць нашу сумесную зь іншымі народамі спадчыну. Значыць, за мінулы год мы зрабілі сякі-такі крок у кірунку Эўропы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0