Леапольд Унгер

Бялград пасьля Мілошавіча

На суботніх парлямэнцкіх выбарах дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі атрымала 65% галасоў проці 14% ў партыі Мілошавіча.

 

Хочаце экскурсію па Бялградзе? Калі ласка. Ёсьць некалькі варыянтаў.

Тур №1: амэрыканскі, «high-tech», трохі хаатычны, «па баявых мясьцінах» падзеньня натаўскіх бомбаў. Пачаць можна ад руінаў будынку генштабу югаслаўскай арміі, тады працягнуць агляд дарогаю паўз шкілеты былой тэлевежы ды вышыннай рэзыдэнцыі тады яшчэ кіраўнічай партыі і дайсьці аж да рэштак былой кітайскай амбасады. Дагэтуль невядома, ці то была памылка (Вашынгтон выбачыўся і заплаціў), ці то ўдар па нейкай сэрбскай радарнай станцыі, якая знайшла там гасьцінны прытулак. Мілошавіч адкрыта прызнаваў, што гэтыя руіны наўмысна пакінулі ляжаць у такім стане, каб у сэрбскіх сэрцах не згасала нянавісьць да Амэрыкі і Захаду ўвогуле. Бомбаў ніхто ня любіць, але Мілошавіч, бадай, зрабіў тутака памылку. Зь цягам часу нянавісьць, у каго яна была, усё ж паволі згасае, а застаюцца, натуральна, фрустрацыя ды крыўды на амэрыканцаў, але таксама й зьдзіўленьне фантастычнай трапнасьцю амэрыканскіх пілётаў ды сілай амэрыканскай тэхналёгіі. Польская амбасада месьціцца насупраць генштабу. На месцы штабу засталася вялікая чорная дзіра; у амбасадзе толькі вылецела 60 шыбаў...

Тур №2: архітэктурна-палітычны, па сьціплых уладаньнях “сям’і” ды яе прыяцеляў. Мілошавіч-старэйшы і ягоная мадам мелі ў распараджэньні колькі аб’ектаў нерухомасьці, пачынаючы з агромністага палацу, які дастаўся ім пасьля караля і Ціта. Сынок Марка жыў, натуральна, асобна. У вялізнай віле, збудаванай для яго на найдаражэйшай, як мне сказалі, у Бялградзе вуліцы – там, дзе купіць колькі сотак зямлі маглі сабе дазволіць толькі сябры кляну Мілошавічаў, што разбагацелі на вайне і кантрабандзе, ды новыя мільянэры ці мафіёзі найвышэйшага рангу (найчасьцей мільянэры-мафіёзі). На дэсэрт – дамок Аркана, “героя” Вукавару і іншых падобных бойняў. Дамок цяпер стаіць пусты, гаспадар загінуў ад кулі гангстэра-канкурэнта, але па ім застаўся кашмарны сон архітэктара: будынак, у якім зьмяшалася колькі стыляў, пад бізантыйскім купалам, адкуль бандыту было відаць блізкі футбольны стадыён. Футбол (ён купіў сабе каманду) побач з катаваньнем іншаверцаў належаў да яго ўлюбёных гобі.

Ну і тур №3, ідэалягічны, па мясьцінах тусовак сэрбскай дэмакратычнай апазыцыі – ці... дэмакратычнай улады?

Тутака можна завітаць, напрыклад, да Боркі Павічавіч, “grande dame” сэрбскай дэмакратыі, якая заслугоўвае Нобэля ня толькі за сваю дзейнасьць, але за саму назву сваёй арганізацыі. Уваходзіш праз шырокую браму, ідзеш па бруку, які памятае яшчэ першую турэцкую навалу, і бачыш вялікую шыльду з назвай інстытуцыі: “Цэнтар культурнага абеззаражваньня”. ЦКА займаецца акурат тым, пра што кажа ягоная назва. Абеззаражвае...

ЦКА паўстаў у 1993 г., у час росквіту дыктатуры. Дзейнічаючы напаўлегальна, пачаў з выставы “Жыць у Сараеве” (пад бомбамі), пасьпеў арганізаваць сотні падобных акцыяў, бараніў і бароніць (“замала зьмянілася, каб можна было адпачыць” – кажа Борка) здаровы розум і свабоду культуры, чысьціў і чысьціць атручаны нецярпімасьцю клімат, і будзе абеззаражваць, аж “пакуль сэрбы не зразумеюць, што свабода пачынаецца ад свабоды іншых”. Над сталом Боркі Павічавіч вісіць мапа абложанага Сараева...

Позьняя восень у Бялградзе можа быць прыгожай. Тэрасы, корса й кавярні, поўныя людзей. Але досыць сысьці з гэтай паштоўкі, каб адчуць неспакой, няпэўнасьць. Няма ў Бялградзе таго пачуцьця свабоды, вольнага паветра, якое выразна панавала ўва ўсёй Эўропе, калі зваліўся Бэрлінскі мур.

У Бялградзе – час чаканьня. Чаканьня чаго? Адказу на некалькі пытаньняў.

Па-першае, як так здарылася, што Мілошавіч аддаў пасаду прэзыдэнта без ужытку сілы, што ўсё адбылося без праліцьця крыві? Ці йначай, аб чым гаварылі Мілошавіч і ягоны наступнік Каштуніца ў цягу іх адзінай афіцыйнай сустрэчы сам-насам? Ці быў там якісь “deal” (так кажуць у Бялградзе), і калі так, дык які?

Адныя кажуць, што ў Мілошавіча не было выбару, бо кіраўнікі войска і паліцыі папярэдзілі, што ў сваіх страляць ня будуць. Пацьверджаньнем гэтай тэзы можа быць прыпушчэньне, што Эўрапейскі Зьвяз кіраваўся нейкім пагадненьнем з новай уладай, выкрэсьліваючы прозьвішчы самых адыёзных постацяў, у тым ліку шэфа югаслаўскай бясьпекі, з дагэтуль дзейнага сьпісу асобаў non grata на Захадзе. Іншыя ўважаюць, што Мілошавіч здаў сабе справу з таго, што гэтым разам калясальнага руху моладзі, гнанай роспаччу і адсутнасьцю пэрспэктывы лепшага заўтра, ён ня здолее (у 1996 г. здолеў) спыніць.

Па-другое, што будзе зь Мілошавічам, “караць ці не караць ката”, – і калі караць, то як? Пытаньне, магчыма, сёньня ўжо завузкае. Сёньня ўжо можна запытаць: “Ці магчыма, што, заміж панесьці пакараньне, Мілошавіч вернецца да чыннай палітыкі ў Югаславіі?” Абсурд?

Чаму абсурд? Мілошавіч ужо выходзіць зь вілы, дзе хаваўся разам з жонкай пад аховай паліцыі, колькі разоў зьявіўся ў тэлевізіі, прамаўляў і быў абраны на пасаду кіраўніка СПС, сваёй “сацыялістычнай” партыі. Калі ён пройдзе ў парлямэнт (СПС у сацыялягічных рэйтынгах набірае да 20%), ён будзе мець дэпутацкі імунітэт і тады можа і ў вус ня дзьмуць. Выйшла на сьвежае паветра і ягоная жонка Міра, пострах Югаславіі, і – паводле так званых “некаторых крыніцаў” – вярнуўся ўва ўлоньне сям’і таксама і сынок Марка, малады, але пэрспэктыўны бос мафіі. Ніхто яго, за выняткам канкурэнтаў па бізнэсе, у Бялградзе не турбуе, хоць у яго справе можна было б скласьці вельмі доўгі абвінаваўчы акт.

У Гаазе суду над Мілошавічам ня будзе напэўна. Каштуніца папярэдзіў: аб экстрадыцыі ходу быць ня можа. Каштуніца наагул уважаў і, пэўна, дагэтуль – хоць ужо не падкрэсьлівае гэтага — уважае, што гэты суд ёсьць палітычным інструмэнтам у руках амэрыканцаў. Ці можа адбыцца суд над Мілошавічам у Югаславіі? Так, але пад умовай, як кажа Ўладэта Янкавіч, адна з партыйных намесьніц Каштуніцы, “што знойдуцца дастатковыя доказы ягоных злачынстваў”.

Па многім відаць, што Каштуніца ня вольны ад уяўленьня аб “вялікай Сэрбіі” і гарантаваў Мілошавічу зь сям’ёй беспакаранасьць, штосьці накшталт таго, што Пуцін абяцаў Ельцыну.

Не выпадае падсумоўваць вынікі бялградзкага маратону. Паводле назіральнікаў, якія бачаць сытуацыю знутры, усе пытаньні сэрбскай адказнасьці за балканскую геену можна спакойна адкласьці да падвядзеньня выбараў у сэрбскі парлямэнт (бо менавіта ён ёсьць крыніцай улады ў Югаславіі). Тады пачнуцца сур’ёзныя рэчы, іначай кажучы, тады Захад пачне ўзалежніваць сваю югаслаўскую палітыку ад палітыкі і рэформаў Каштуніцы. І ад ягонай пазыцыі ў стасунку да ваенных злачынцаў (хто цяпер памятае аб Караджычу і Младзічу?), ня толькі ў катэгорыях юрыдычных і палітычных, але і маральных. Калі – гэта ўжо мае сумневы – яшчэ ня будзе на тое запозна.

Пакуль жа ідуць адвечныя дэбаты паміж прагматызмам палітыкі і абсягам (таксама й міжнароднай) справядлівасьці, паміж маральнасьцю й дыпляматыяй.

На пытаньне «ці будзе суд над Мілошавічам» у Бялградзе ўсе, у разнастайных сэмантычных вэрсіях, адказваюць, па сутнасьці, аднолькава: Мілошавіч павінен адказваць за “сукупнасьць усіх сваіх дзеяньняў”. Але, ведаючы ступень дэзінфармацыі, агромністае няведаньне і неразуменьне таго, што сэрбы зрабілі іншым, ніхто ня можа быць пэўным, што большая частка гэтага народу, нават калі яна ставіцца да Мілошавіча варожа, дасьпела да такога працэсу... І што яна не дасьпела да народзін пакутніка за сэрбскую справу...

Сэрбы навукі пакуль не зразумелі. Бяскроўны сыход Мілошавіча ўмацаваў іх у перакананьні, што заўсёды знойдзецца лёгкае выйсьце зь цяжкай сытуацыі. Сэрбія Мілошавіча была – сказаў нехта – краінай з доўгай мінуўшчынай, але бяз будучыні. Цяпер Сэрбія мае будучыню, але не разумее цяпершчыны.

Пераклаў са скарачэньнямі з польскай Алесь Пяткевіч паводле “Gazety Wyborczej


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0