Сяргей Паўлоўскі

Дзяцінства нацыі

 

Апошнім часам усё часьцей пераконваюся, што паводзіны і развагі беларусаў нагадваюць учынкі і думкі дзіцяці. Ня тое каб у гэтым было нешта кепскае. Можа быць, нават наадварот. Бо гаворка ідзе не пра інфантылізм ці затарможанасьць, а менавіта пра раньнюю стадыю разьвіцьця, павольнае, але няўхільнае станаўленьне нацыі.

Вы скажаце, што насамрэч наша нацыя — старая і пакутуе хутчэй на пэнсіянэрскі маразм. Але гэта няпраўда. Ня трэба блытаць сацыяльнае і нацыянальнае. Сучасная беларуская нацыя як такая сапраўды пачала фармавацца толькі ў ХХ ст. А стагодзьдзе ў такой справе — невялікі тэрмін. Зрэшты, ніхто ня скажа, колькі нацыі трэба часу, каб дасьпець. Беларусы яшчэ ня мелі ў поўнай меры сваёй дзяржавы са сваёй дзяржаўнай ідэалёгіяй. Яны як нацыя мелі толькі сваю інтэлігенцыю, якую не аднойчы за стагодзьдзе вынішчала або дэмаралізавала акупацыйная ўлада. Дзякуючы сваёй інтэлігенцыі, нават у савецкай рэспубліцы, што моцна нагадвала пакой крывых люстэркаў, беларусы прывучыліся называць сябе беларусамі, сваёй роднай мовай – беларускую, а сваімі найвялікшымі прадстаўнікамі — Купалу і Коласа.

Гэта праўда, што гарадзкія беларусы гавораць не па-расейску, а на ніякай мове. Вонкава падобная да расейскай, ніякая мова выконвае чыста тэхнічныя камунікацыйныя функцыі, за ёй не стаіць ніякая культура, ніякая традыцыя, таму яе немагчыма адчуць і назваць роднай. Па-свойму беларусы толькі вучацца гаварыць — гэтак сама, як дзеці.

Гэтак сама, як дзеці, яны вучацца хадзіць, самастойна прымаць рашэньні, самі адказваць за сябе. Як дзеці, яны абсалютна залежаць ад свайго бацькі-кіраўніка, і так сама, як дзеці, могуць іншы раз “насваволіць” – напрыклад, з духу пярэчаньня зрабіць нешта зусім адваротнае ад таго, чаго чакае ад іх кіраўнік. Так было з Кебічам на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Верагодна, так бу-дзе і з Лукашэнкам. Беларусы яшчэ ня могуць асэнсавана галасаваць “за”, затое з поўнай рашучасьцю здольныя галасаваць “супраць”. Часткова і ў гэтым прычына таго, што нашы палітыкі ніяк ня могуць знайсьці Лукашэнку “годную замену”.

Палітыкі – таксама дзеці. Яны кажуць, што народ не падтрымае партыйнага кандыдата, наіўна не разумеючы, што гэтым самым скасоўваюць сэнс існаваньня сваіх партыяў.

Верагодна, у верасьні 2001-га беларусы яшчэ ня змогуць галасаваць “за” кагосьці. Нацыя проста не пасьпявае за тымі працэсамі, якія хацелі б бачыць нецярплівыя палітыкі. Для прадуманага выбару нацыя яшчэ замалая. А вось “супраць” яна прагаласаваць можа.

Беларусы ня ведаюць сваёй гісторыі. Яны яшчэ замалыя, каб чытаць гістарычныя кніжкі. Вось падрастуць і з задавальненьнем будуць даведвацца пра дзядоў сваіх з ВКЛ. Сёньня патрабаваць ад іх гэтага рана.

Стаўленьне беларусаў да прыватнае ўласнасьці (а якая ў дзіцяці ўласнасьць?), да прыняцьця рашэньняў (дзіця звычайна не вырашае) альбо, скажам, да сэксу (“У нас секса нет!”) з дакладнасьцю паўтарае стаўленьне дзяцей.

Тут варта нагадаць, што гаворка ідзе не пра насельніцтва, соцыюм або грамадзян Беларусі, а менавіта пра беларусаў як нацыю, маладосьць і росквіт якой адбудуцца ўжо ў ХХІ стагодзьдзі.

Беларуская мова ня можа запанаваць, пакуль яна нясе на сабе адбітак рэформы 1933 г. Кожная жывая мова знаходзіцца ў стане экспансіі. Але гэта — не пра «наркомаўку», у якой папросту выдаленыя тыя органы, які змушаюць прагнуць і дамагацца свайго прызнаньня і любові да сябе. Менавіта ў апошняе дзесяцігодзьдзе на поўны голас заявіў пра сябе клясычны варыянт беларускае мовы – галоўнае сьведчаньне таго, што нацыя падымаецца на ногі, бо гэта ў пэўнай ступені працэс стыхійны, прыродны, а ня нечая прыватная ці карпарацыйная ініцыятыва. Доказам таму – Інтэрнэт, самая вольная і адкрытая сёньня інтэлектуальная і інфармацыйная прастора. 90% беларускамоўных удзельнікаў гэтай прасторы карыстаюцца тарашкевіцай. У экспансіі клясычнага варыянту выявіўся здаровы патэнцыял для экспансіі беларускай мовы ў грама-дзтве.

Беларусы яшчэ не прыйшлі ў горад. Гэта відаць з адсутнасьці людзкіх чалавечых тыпажоў. Мы яшчэ ня можам ідэнтыфікаваць менчука, гарадзенца або гомельца гэтак, як ідэнтыфікуем варшавяка, масквіча або віленчука. Беларусы маюць вельмі характэрныя тыпажы ў вёсцы, але ў сучасным сьвеце менавіта горад ёсьць партрэтам нацыі. Верагодна, самым радыкальным спосабам вырашэньня гэтае праблемы стаў бы перанос сталіцы ў меншы, сувымерны беларусам горад. Наколькі гэта важна, сьведчаць прыклады іншых нацыяў па ўсім сьвеце – ад Вашынгтону да Астаны.

ХХІ стагодзьдзе абяцае быць спрыяльным для нас. Гэта значыць, што дзіця будзе даросьлець, усё ясьней разумеючы сябе і свой будучы лёс. Пакуль жа яно яшчэ блытаецца ў паняцьцях. Напрыклад, ня можа вызначыцца, ці дыктатура над ім, ці акупацыя. А гэта — розныя зьявы, прынамсі, рознага вымагаюць ідэйнага і «тэхнічнага» супрацьстаяньня. Праўда, хвалююць такія праблемы пакуль толькі палітыкаў. Для астатніх ні дыктатура, ні акупацыя, бадай, ня бачныя.

Дзіця не вінаватае ў тым, што яно малое і паводзіць сябе ня так, як дарослыя (гэта да папрокаў на адрас беларусаў). Зь іншага боку, неразумна, гледзячы на малое, якое вучыцца хадзіць і гаварыць, казаць пра гібель нацыі і гібель мовы.

Ужо сёньня відаць, што наша дарагое дзіця разумнее. Яно разьвітваецца з дундай камунізму і робіцца менш легкаверным. Гледзячы на сваю нацыю, мы перажываем гэткія самыя пачуцьці, як калі б глядзелі на дзіця: клопат, радасьць, гатовасьць у кожны момант прыйсьці на дапамогу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0