Навіны за тыдзень

 

Бел-чырвона-белы Новы год

У навагоднюю ноч у менскім мікрараёне Паўднёвы Захад невядомыя вывесілі нацыянальныя сьцягі. Самы вялікі прымацавалі да дроту між дамамі на вул.Голубева. Маладафронтаўцы і па-іншаму павіншавалі менчукоў. Чатыры беларускамоўныя Сьвятыя Мікалаі раздавалі на праспэкце каляндарыкі, газэты ды аўдыёкасэты. Падарункі карысталіся вялікім попытам. Дзецюкі сьцягнулі на сувэніры таксама дзьве бел-чырвона-белыя шапкі і адну бараду.

Прадпрымальнікі страйкуюць

Пазаўчора ў краіне пачаўся пяцідзённы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. Страйкам мяркуе далучыць да яго 100 тыс. чалавек. Прадпрымальнікі ўжо дамагліся таго, што Падатковы камітэт адклікаў праект дэкрэту аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў, які падвышаў дзейныя стаўкі падаткаў.

Жук Жука не друкуй

29 сьнежня газэта “Наша Свабода” выйшла зь белымі плямамі, без сатырычнага разьдзелу “Стынгер”. Друкарня “Мэджык” адмовілася яго друкаваць, бо Дзяржкамдрук пагражае іначай забраць ліцэнзію. Чыноўнікі кажуць, што друкарня парушыла закон і “Стынгер” мусіць быць зарэгістраваны як асобнае выданьне. Хоць Павал Жук, рэдактар “Нашай Свабоды” і гістарычны выдавец незалежнай прэсы, і мае сваю долю ў “Мэджыку”, але парушыць патрабаваньні Дзяржкамдруку не рашыўся. У “Нашай Свабодзе” лічаць, што забарона палітычна матываваная.

Бунт на МаАЗе

28 сьнежня каля 200 работнікаў Магілёўскага аўтазаводу перакрылі дарогу ля свайго прадпрыемства, прапускаючы толькі “хуткія”. Па заводзе прайшла чутка, што затрыманыя заробкі будуць выдаваць не 29, а 28 сьнежня. Не дачакаўшы грошай, людзі выйшлі на вуліцу. Як толькі выйшлі, дык адразу назаўтра ўсе заробкі аддалі.

Першы мянчук веку

У першыя гадзіны новага тысячагодзьдзя ў Менску нарадзілася 10 немаўлятаў — сямёра хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Першы — хлопчык — зьявіўся на сьвет у 2.15. Бацькі спадзяюцца, што ім, як і бацькам першага менскага немаўляці 2000 году, дадуць кватэру.

Піскароў пахаваў сына

Генэрал-лейтэнант Уладзімер Піскароў, міністар унутраных справаў у апошнія гады БССРу, кіраўнік беларускай міліцыі ў часе разгону Дзядоў у 1988 годзе, тыдзень таму пахаваў другога сына. І — кпін долі — амаль у той самы дзень Васіль Шлындзікаў, лідэр “Выбару-2001”, назваў яго адным з магчымых незалежных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.

Ты за Луку ці за Казла?

Намер балятавацца ў прэзыдэнты прадэманстраваў Кебічаў міністар абароны Павал Казлоўскі. Ён родам з Пружаншчыны, генэрал у адстаўцы, сват Мечыслава Грыба. Адпаведнае інтэрвію “Народнай Волі” ён даў пасьля вяртаньня з кансультацыяў у Маскве. Ягоную кандыдатуру разглядае як найпершую камітэт “Выбар-2001” на чале зь Сярэдзічам, Грушавым і Шлындзікавым, што мае вылучыць кандыдатуру, альтэрнатыўную і Лукашэнку, і кандыдату ад дэмакратаў. Адчуваецца, што такое рашэньне — плён цяжкіх і доўгіх рэфлексіяў.

Алесь Кудрыцкі

 

Дыплём Раману Афтаназы

Беларускі Калегіюм надаў ступень доктара “ганорыс каўза” польскаму дасьледчыку Раману Афтаназы. Цырымонія ўручэньня адбылася ў Варшаве. Навукоўцу 86 гадоў, ён жыве ва Ўроцлаве. Ад імя Калегіюму з прамовамі на цырымоніі выступілі філёзафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч.

Раман Афтаназы вядомы як дасьледчык гісторыі магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў на былых усходніх землях Рэчы Паспалітай (Беларусь, Украіна, Літва, Латвія). Праца ўсяго жыцьця гэтага аўтарытэтнага гісторыка культуры выдадзеная ў 8 тамах. Не малое месца займаюць у ёй матэрыялы пра сядзібы беларускіх магнатаў і шляхты – дасьледаваньні архітэктуры маёнткаў, паркаў, мастацтва, генэалёгіі ўладальнікаў сядзібаў.

Раман Афтаназы — другі замежны інтэлектуал, уганараваны дыплёмам пачэснага доктара Калегіюму. Першым быў нядаўна памёрлы рэдактар парыскага часопіса “Культура” Ежы Гедройц.

Алесь Козік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0