Вакзал і бюракратыя

Чаму ў Беларусі не перамагла дэмакратычная рэвалюцыя? Прыгон перамаглі, а саветчыну — не. Бо для перамогі рэвалюцыі трэба браць пошту, тэлефон, тэлеграф, масты і вакзалы. Тэлебачаньне Пазьняк з дапамогай міністра Бураўкіна здолеў заняць – наш этэрны час! – але да вакзалу дабрацца ня здолеў.

Не было вакзалу. Быў абшарпаны будаўнічы шкілет – па-савецку “даўгабуд”. Таму не ўзялі вакзалу — не было чаго браць. А раз не ўзялі, дык і прайгралі. Для ўсялякай рэвалюцыі мае быць матэрыяльная база. Няма базы – няма рэвалюцыі. Чытайце Маркса, Леніна, Глёбуса, Пазьняка.

“Даўгабуд” — не савецкая вынаходка. Гэта заробак кожнай бюракратыі ў Эўропе. Разумны ксёндз будуе касьцёл 20 гадоў, пры гэтым хапае на плябанію для сябе, дом для аканомкі і вілу для сваякоў, а дурны ксёндз будуе касьцёл за два гады і вылятае на місіянэрства да Афрыкі...

Як толькі ў Эўропе да ўлады даходзілі сацыялісты, дык адразу капалі тунэль пад Ля-Маншам, хоць ехаць паромам дагэтуль лягчэй, таньней і выгодней, майстравалі Concorde, хоць самі лёталі па-ранейшаму аэробусамі, ставілі мост цераз мора на 16 км паміж Даніяй і Швэцыяй. А ў Савецкім Саюзе без канца пускалі ракеты ў космас, траціна якіх да космасу не далятала... Бюракратыя пры такіх даўгачасных і багатых справах жыла спакойна і бязьбедна: ясна — зрабіце любы камітэт дзеля любых рэформаў, а тыя рэформы будуць ісьці да канца жыцьця і пачатку саліднай пэнсіі, бо так нікуды й ня дойдуць.

Так было з чыгуначным вакзалам у Менску. З Палацам Рэспублікі. Зь лініямі ЛЭП, паўдзясяткам мастоў, ня кажучы пра шматлікія “хазяйсьцьвеныя аб’екты і жылыя дама”.

Лукашэнку, які па сваёй мужыцкай непапраўнай гаспадарнасьці гэта дабудаваў, цяпер за гэтую дабудову частка апазыцыі зацята крытыкуе. Бо і ў апазыцыі месцамі кучкуецца былая і небылая савецкая бюракратыя.

Вой, дабудаваны вакзал – то кепска. Лепш ніякага. Бо калі раней сп.Віка з Эўропы выкідалі на “станцыю “Інстытут культуры”, дык яму адразу ўсё станавілася ясна. Калі ж цяпер заменнага яму спадара культурна сустрэнуць на галоўным вакзале Беларусі, дык ён яшчэ возьме ды пойдзе з “антынародным і таталітарным” гешэфтаў шукаць. А то канец!..

Перастаньце вы, таварышы і спадары. Сумна гэта і сьмешна. “Даўгабуд” браўся з таго, што за фундамэнт плацілі трыццаць адсоткаў кошту, таму яго залівалі “з нашым удавольсьцьвіем”, а потым будынак кідалі. Ні халеры не разумеючы ў савецкай тэхналёгіі, ня ведаючы свайго, а ня кніжнага народу, які верыць у бацьку і халяву, вы яшчэ пра нешта гаворыце... Вакзал дабудавалі – у вас Лукашэнка вінаваты, сьнег пайшоў – у вас Лукашэнка вінаваты, прымаразак забялеў – Лукашэнка вінаваты... Ды скідалі ўжо: Сакалоў быў, Малафееў, Дземянцей, Шушкевіч, Кебіч, Грыб. Імя ім — легіён калхозны. І што жа? “А нічаво...”.

А таго няшчаснага Лукашэнку вы ня скінеце такім халтурным ачарніцельствам, бо – каго паставіце?

Алесь Чобат


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0