Сабачыя гісторыі

Віктар Шніп

 

Аднаго сабаку Граждан убачыў пераапранутым у жанчыну і адразу пацікавіўся: “Можна я вам байстручка зраблю?”. А сабака і адказаў: “На гэты год мы плян ужо выканалі...”

 

Адзін сабака пераапрануў Граждана ў сабаку. А Граждан і кажа: “Сволачы вы ўсе, баценька!..”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў ката. Ідзе па вуліцы і прыстае да кошак. А тут раптам Граждан убачыў яго. І схапіў Граждан палку, і давай дубасіць пераапранутага сабаку. А сабака не спалохаўся: “Біце, вы гады, тут мая магіла. Але я спас Міхаіла!”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў турэцкападдатага. Зайшоў у кантору, дзе працаваў Граждан, пераапрануты ў начальніка, і запытаўся: “Пачым тут у вас капыты і рогі?” А Граждан выклікаў сакратарку і сказаў: “Марксистская концепция в этом вопросе не снимает внутреннюю противоречивость развития научно-технического прогресса!”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў афіцэра кітайскай арміі. Ідзе па вуліцы. Усе яму кланяюцца. І запытаўся сабака: “За што гэта вы ўсе так мяне паважаеце?” А Граждан і адказаў: “Мы вас, благадзецяеляў, даўно чакаем. У нас няма чаго есьці...”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў элейскага філёзафа Зянона. Ехаў танк і пераехаў сабаку. Убачыў гэта Граждан і сказаў: “Хутканогі Ахіл ніколі не дагоне чарапахі...”

 

Адзін сабака, пераапрануты ў Лява Талстоя, зайшоўся на сьвінафэрму. А там Граждан сівому кныру чытае “Вайну і мір”.

 

Адзін сабака пераапрануўся ў Дзеда Мароза. Узяў мяшок з вугалем, узваліў на плечы і панёс у кацельню. Убачыў дзеда Граждан і ў цёмным завулку напаў на яго: “Жыцьцё ці мяшок?” А сабака не спалохаўся: “Можа табе яшчэ сказаць, дзе цяпер Шніп начуе?”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў марака. Сеў на беразе Менскага мора і рыбу ловіць. І тут зьявіўся Граждан зь сякерай і запытаўся: “А можна я вам галаву расьсяку?”

 

Аднаго сабаку, пераапранутага ў папа Гапона, прывялі ў міліцыю юныя піянэры. А там Граждан сядзіць і прымае ўсіх у камсамол.

 

Аднаму сабаку, пераапранутаму ў Граждана, прыслалі позву ў ваенкамат. І пайшоў туды сабака, а там усе голыя стаяць і маўчаць, і толькі адзін у процігазе чытае вершы: “Мы дедушку Ленина любим, мы дедушке будем верны…”

 

Адзін сабака пераапрануўся ў празаіка. Прыйшоў на сход у Саюз пісьменьнікаў і запытаўся: “Хто піша лепш за мяне? Падыміце рукі...” Ніхто не падняў, і толькі Граждан, пераапрануты ў Івана Навуменку, усьміхнуўся.

 

Аднаго сабаку пераапранулі ў паэта. І прыйшоў пераапрануты сабака ў піўбар. А там Сыс вучыць нейкага Граждана піць чарніла. І сказаў сабака: “Пічугі, не на што сматрэць, а так жызьню украшаюць...”

 

ад гражданоў

Сабака дзівіўся часткам сьвету: часьцяком глядзіш на ўсход, а бачыш рэакцыю захаду.

Калі Сабаку пачалі прапаноўваць іншую краіну жыхарства, ён абурыўся: хіба ж там я буду Гражданом?

Калі ў рэкляме кот пачынае брахаць па-сабачы, Сабака звычайна думае: як іншы раз трэба ведаць родную мову.

Зранку Сабака выйшаў на ганак і запаліў цыгарэту. Гэта выглядала больш натуральна, чым Граждан, які сядзіць на ланцугу.

Калі Сабака і Граждан прыйшлі на выбары, Граждану сказалі: “Падпішы сябра!” І ён падпісаў: “Сябра”. Так сабака стаў сябром чалавека.

Калі Сабака прачытаў вядомую цытату з Караткевіча “не давайце сьвятыні псам!”, ён папрасіўся — і яму далі.

Вангор Вушацкі, Маладэчна

 

Адзін Граждан спытаўся, як зваць сабаку Шэймана. Атрымаўшы адказ, быў вельмі ўражаны.

Адзін сабака стаў прэзыдэнтам на 5 дзён, але не захацеў сыходзіць нават праз тыдзень. Хаця апазыцыя ўжо два дні называла яго простым Гражданом.

Адна газэта злоўжывала цярпеньнем сваіх чытачоў-Гражданоў. А яны ўрэшце ня вытрымалі ды пачалі скардзіцца на сваё сабачае жыцьцё.

Адны Гражданы сабачыліся навокал…

Зьмiцер Калярадзкi, Менск

 

Адзін сабака працаваў міліцыянтам. А Граждан хадзіў па вуліцах і пеў: “Наша служба і апасна, і трудна!”

Аднаго Граждана спыталіся: “Вам хто больш падабаецца — Быкаў ці Караткевіч?” На што Граждан адказаў: “Я Шніпа не чытаў, але я яго асуджаю”.

Aleks, Менск

 

Адзін сабака купіў селядца на Камароўцы. Толькі сабраўся прыправіць алеем ды цыбуляй, як той яму й кажа: “Ня еж мяне, сабачка. Я не селядзец, а зачараваны Граждан!”

Вячка Васілёнак, Менск

 

Сабака стаяў у краме і разважаў, што набыць: “Чапі” ці лівэрку? Тут да яго падышоў Граждан і сказаў: “Шура, заплаціце за кефір”.

Усевалад зь Вялейкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0