Меркаваньне экспэртаў

 

Аляксей Лукашоў:
“Пашырыўся спэктар пакараньняў”

На думку Аляксея Лукашова, кіраўніка аддзяленьня заканадаўства па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, праваахоўных і судовых органаў Нацыянальнага цэнтру заканатворчай дзейнасьці, аднога з удзельнікаў распрацоўкі новага крымінальнага заканадаўства, перапрацаваны Кодэкс 60-х, які ляжыць у аснове Кодэксу 1999-га, набыў выразную гуманістычную скіраванасьць.

 

“Пашырыўся спэктар пакараньняў. Цяпер абавязковым пазбаўленьнем волі будуць карацца толькі асабліва цяжкія злачынствы, што мелі вынікам сьмерць чалавека. Ва ўсіх іншых выпадках (якія на юрыдычнай мове завуцца “цяжкімі” й “менш цяжкімі” злачынствамі) асуджаны можа спадзявацца на пэўную альтэрнатыву турэмнаму зьняволеньню як то абмежаваньне волі, папраўчыя працы, штраф, арышт і г.д. Зь мерай пакараньня мае на месцы разабрацца судзьдзя.

Таксама падчас працы над Кодэксам былі выкрасьленыя зь ліку крымінальных злачынстваў такія дзеяньні, як хуліганства, не зьвязанае з нанясеньнем фізычнай альбо матэрыяльнай шкоды (у тым ліку брыдкаслоўе, чапляньне), а таксама падрыў дзяржаўнай манаполіі на вытворчасьць моцных алькагольных напояў, упершыню санкцыяваны ў 97-м”.

 

Валянцін Стэфановіч:
“Палітычныя артыкулы сталі больш жорсткімі”

Валянцін Стэфановіч, юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”, настроены больш скептычна. Зьмены, кажа ён, носяць павярхоўны характар або датычаць другасных пытаньняў, а вось прынцыповыя рэчы – сьмяротнае пакараньне, суд прысяжных, адказнасьць органаў улады – ня зьмененыя.

“Нічога пэўнага пра новы Крымінальны кодэкс, покуль ён ня пройдзе апрабацыі ў судах, сказаць нельга. Дый няма ў ім асаблівых сэнсацыяў: сьмяротнае пакараньне не скасаванае, інстытут прысяжных ня ўведзены, як тое меркавалася зрабіць на пачатку 90-х, калі паўстала пытаньне пра рэфармаваньне судовай сыстэмы. Няма й артыкулаў, якія б прадугледжвалі адказнасьць прадстаўнікоў улады за зьдзекі й катаваньні — усё гэта па-ранейшаму ўваходзіць у размыты й неакрэсьлены панятак “перавышэньне службовых паўнамоцтваў”.

Новыя віды пакараньняў — таксама цікавае пытаньне. Напрыклад, арышт: “Утрыманьне ад 1 да 6 месяцаў ва ўмовах суворай ізаляцыі”. Дзе гэта будзе адбывацца й што за ўмовы такія? Незразумела. Хаця з таго, што гэтае пакараньне нельга выкарыстоўваць да жанчынаў, інвалідаў, непаўналетніх — можна сабе ўявіць…

Тыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія ўлады звычайна выкарыстоўваюць супраць апазыцыянэраў, зрабіліся больш жорсткімі. Возьмем, напрыклад, былы 201-ы артыкул — “Хуліганства”, што звычайна інкрымінуецца ўдзельнікам шэсьцяў і мітынгаў. Частка першая, “звычайнае хуліганства”, раней прадугледжвала пазбаўленьне волі да 1 году, у новым кодэксе тэрмін павялічыўся да 2 гадоў. За “злоснае хуліганства” цяпер можна атрымаць ня 5, як раней, а 6 гадоў. Пазбаўленьне волі — арышт да 3 месяцаў — цяпер прадугледжваецца й за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі.

Акрамя пазыцыяў, што прадугледжваюць адказнасьць за абразу й паклёп на звычайных грамадзянаў, у новы кодэкс уведзеныя два цікавыя артыкулы, якія ў цывілізаваных краінах звычайна не выкарыстоўваюцца: “Паклёп на Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі” і “Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі”. За першае можна атрымаць штраф ці папраўчыя працы тэрмінам да 2 гадоў або 4 гады зьняволеньня. За другое — да 2 гадоў пазбаўленьня волі. То бок кіраўнік дзяржавы вылучаны ў асобную катэгорыю й адасабляецца ад простых сьмяротных.

У Аўстрыі, напрыклад, быў выпадак, калі на журналіста, які назваў аднаго палітыка дурнем, наклалі штраф. Але Эўрапейскі суд гэтае рашэньне скасаваў, бо палічыў, што журналіст — не псыхіятар і ягонае прыватнае меркаваньне — не дыягназ, а палітык, як асоба публічная, не павінен быць гэткім крыўдлівым”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0