У аблозе

акцыя прадпрымальнікаў: страйк ці пяцідзённыя калядныя вакацыі?

Развагі пра рэвалюцыйны гарт прадпры-мальнікаў нельга не ўспрымаць скептычна

Лідэр полацкага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка яшчэ напярэдадні Новага году паведаміў мне, што палачане не зьбіраюцца далучацца да агульнабеларускага страйку. Маўляў, на полацкім рынку ніякія санкцыі да парушальнікаў новых мытных правілаў дасюль не ўжываліся, таму палачане вырашылі не злаваць уладаў. Іншая справа Наваполацак – на тамтэйшым рэчавым кірмашы падаткоўцы апісалі тавар ажно шасьці гандляроў. Акрамя канфіскацыі, “чаўнакам” сьвецяць вялікія штрафы, за тысячу даляраў. Калі падыходзіць да мытнага надгляду з улікам апошняй літары закону, такія карныя меры можна прымаць да кожнага прыватнага гандляра. Тавар на нашых кірмашах пераважна турэцкі і кітайскі, а завозіцца ён галоўным чынам з маскоўскіх гуртоўняў. Адзінкавыя беларускія прадпрымальнікі здольныя дастаўляць тавар напрасткі з Анкары. Дзеля гэтага патрэбныя добрыя грошы, бо з адной-дзьвюма валізкамі няма сэнсу ехаць за стэпы і мора. Цікавая іншая рэч: хто і чаму не дазваляе рабіць гуртоўні ў Менску? Гэта тэма асобнага вялікага артыкулу. Вядома, пра мафію, расейскае сяброўства і беларускую незалежнасьць.

У Наваполацку карныя рэйды падаткоўцаў неверагодна напужалі гандляроў. Бо на месцы ахвяры мог апынуцца кожны. Менавіта ў Наваполацку першымі пачалі барацьбу супраць новага мытнага збору на тавар трэцяй краіны, які ўвозіцца ў Беларусь з Расеі. Увогуле, гэтае мыта, відавочна, — махлярскі трук, які ўводзіцца з мэтай “падаіць” прадпрымальнікаў. Падаткоўцы ў Наваполацку прызналіся, што менавіта з Рады Бясьпекі паступіла каманда аб “зборы” з прадпрымальнікаў. Гэта не тутэйшая ініцыятыва. Пасьля першага тутэйшага страйку мэр Наваполацку даў прадпрымальнікам слова, што перасьледу чыніць пакуль ня будзе. Але як у такіх умовах яго стрымаеш! Грошы ўладам патрэбныя тэрмінова — ня толькі на лядовыя палацы, вакзалы, масты, дыпляматычныя прадстаўніцтвы і стодаляравыя зарплаты, але і на перадвыбарчую кампанію.

Разумеючы ўсю гэтую катавасію, адчуваючы яе сваёй скурай, наваполацкія прадпрымальнікі, не задумваючыся, вырашылі страйкаваць другі раз — з 1 студзеня. Прычым не ў рэжыме пяцідзённых калядных вакацыяў, як у Менску ці Горадні, а ажно да сярэдзіны першага месяца новага тысячагодзьдзя, прычым яны гатовыя і ўвесь студзень праседзець дома – таньней абыдзецца.

Увогуле, развагі аналітыкаў пра рэвалюцыйны гарт прадпрымальнікаў нельга не ўспрымаць скептычна. Маўляў, сасьпела сярэдняя кляса, якая ведае кошт свабоды і цывілізаванага жыцьця і будзе стаяць за сьвятыя каштоўнасьці гарой. Лухта! Беларускія прадпрымальнікі гэткія ж залежныя ад уладаў людзі, як і настаўнікі, лекары, токары, пекары і калгасьнікі.

Я спытаўся на полацкім кірмашы, чаму тутэйшыя прыватныя гандляры не страйкуюць? Атрымаў такі просьценькі беларускі адказ: кіраўніцтва рынку паставіла ўмовы, пры якіх гандляр мусіць загадзя плаціць за месца на рынку ў разьліку на поўны месяц, прычым нікога не цікавіць, колькі дзён у гэтым месяцы ты зьбіраешся гандляваць. Хоць адзін дзень – усё адно плаці за месяц. Які сэнс страйкаваць, калі заплочана за месца? Калі не заплоціш, больш месца ня ўбачыш. А гэта прыкладна тое самае, што выставіць работніка за вароты прадпрыемства. Хочаш жыць, слухай начальства! Будзеш страйкаваць, атрымаеш поўную свабоду. І гандлюй семкамі ля ПТВ.

Узьнікае пытаньне: чаму падаткавыя кантралёры не чапаюць полацкіх прадпрымальнікаў? Я маю наконт гэтага наступную думку: полацкі кірмаш — адзін з найбагацейшых у вобласьці (у некалькі разоў буйнейшы за наваполацкі), амаль увесь прыбытак ад яго ідзе ў абласную казну. Абласным бюджэтам не рызыкуюць. Наваполацкі ж кірмаш належыць гораду. “А ў Наваполацку ж ёсьць “Нафтан” і “Палімір,” – думаюць там, наверсе. – Дык неяк пражывуць і без прадпрымальніцкіх падаткаў”.

Тамаш Гурба


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0