новы год у опэры

Галіна Лукомская

Першыя дні новага стагодзьдзя аказаліся багатымі на спатканьні і ўспаміны. Дзякуй італьянскаму тэлебачаньню, якое прыйшло ў дом разам са спадарожнікавай антэнай — сёлета мы пілі традыцыйнае шампанскае не пад воклічы “ўсенароднаабранага”, а пад чароўныя гукі “Тоскі” проста з тэатру “La Scala”. Галоўную партыю сьпявала, вядома ж, беларуская грамадзянка Марыя Гулегіна. Сьпявала мо ня гэтак добра, як мы спадзяваліся, але, галоўнае, сьпявала, і тое было для нас вялізнаю радасьцю.

А жыўцом мы спаткаліся не з Гулегінай, а зь іншай прыкметнай дзівай зь ліку новаэмігрантаў. 5 студзеня ў касьцёле Сьв.Роха адбыўся першы пасьля 11 гадоў расстаньня камэрны канцэрт Галіны Лукомскай. Многія менчукі – нават тыя, хто былі на той час яшчэ дзецьмі, – напэўна, памятаюць гэтую сьпявачку, якая ўпрыгожвала беларускую опэрную сцэну ў найбольш зорныя для яе 1980-я гады. Цяпер у Беларускай Опэры ўжо няма гэткай яскравай Царыцы Ночы, Марфы, Джыльды… Ня кажучы ўжо пра мэханічную куклу Алімпію з славутай опэры “Казкі Гофмана”, якая ўвогуле зьнікла з сцэны.

Памятаю нават не прэм’еру, а генэральны прагон гэтага спэктаклю для міністэрскіх і цэкоўскіх ураднікаў, якія сваёй воляй рашалі, ці можна паказаць яго публіцы. На дварэ стаяў 1983 г. Мае бацькі нейкім чынам набылі запрашальныя білеты, і я, стаіўшы подых, слухала Лукомскую, якая выводзіла сваім звонкім, срэбным голасам галаваломныя афэнбахаўскія каляратуры.

У тым спэктаклі выступаў цэлы букет бліскучых сьпевакоў. Беларуская Опэра хутка ішла ўгару і пры канцы 1980-х апынулася на такіх вышынях, якіх ёй, можа, ужо ніколі не дасягнуць. У тыя гады ў нас сьпявалі прымадона Гулегіна, выдатны тэнар Вячаслаў Полазаў, які пазьней таксама выконваў вядучыя партыі ў нью-ёркскай “Metropolitan Opera”, дый шэраг цудоўных сьпевакоў, якія не зрабілі гэткіх жа асьляпляльных сусьветных кар’ераў, аднак цалкам на іх заслугоўвалі. Згадаць адну толькі Надзею Губскую… Пераважная большасьць гэтых сьпевакоў ня мела беларускіх каранёў і вучылася за межамі Беларусі. У гэтым сэнсе Лукомская была адным зь нямногіх выняткаў: пачатковую вакальную адукацыю яна атрымала ў Гомельскай музычнай вучэльні, потым дасканалілася ў Беларускай кансэрваторыі пад пільным вокам выдатнае сьпявачкі Тамары Ніжнікавай.

У той час ніхто не дзяліў сьпевакоў на “нашых” і “ня нашых”, дый самі яны з аднолькавым энтузіязмам ставіліся да свайго тэатру і ахвотна ўдзельнічалі ў пастаноўках новых беларускамоўных опэраў. Дзіўна, але ў апошнія гады савецкае эпохі беларуская музыка і беларускае слова гучалі на менскай опэрнай сцене нават часьцей, чым на пачатку 1990-х, ня кажучы пра сёньняшняе поўнае занядбаньне.

Ідылія скончылася ў 1988 г. падчас сумна памятнай пастаноўкі “Балю-маскараду” Вэрдзі. Як вядома, Гулегіна зьехала ў выніку грандыёзнага скандалу, які выбухнуў з-за таго, што яна адмовілася сьпяваць партыю Амэліі па-расейску. Лукомская ў гэтым жа спэктаклі мусіла засьпяваць партыю Аскара (аматары опэрнага мастацтва напэўна ведаюць, што ролі хлапчукоў у опэрах выконваюць кабеты), але яе ўвесь час толькі кармілі абяцанкамі. Урэшце яна папрасіла растлумачыць ёй прычыну затрымкі, і рэжысэр (хоць і сам напалову габрэй) спакойна адказаў: “Мне не падабаецца форма Вашага носу”. Канечне ж, гэтыя рэзоны ня мелі аніякага дачыненьня да эстэтыкі – тым болей, што Лукомская заўжды глядзелася дасканала.

Сёньня яна ўзгадвае гэтага рэжысэра (даўно ўжо нябожчыка) зь вялізнаю ўдзячнасьцю – хаця б за тыя ўрокі прафэсіяналізму, якія ад яго атрымала. З гэткай жа ўдзячнасьцю яна ўзгадвае і дырыжора, які не хаваў сваёй антыпатыі да ейнага “неславянскага выгляду”. Антысэмітызм гэтых людзей быў толькі сродкам прыстасаваньня да агульнай атмасфэры, якая тады панавала. Імпэрскія функцыянэры сутаргава хапаліся за ўладу; антысэмітызм быў іхнай апошняй надзеяй, і яны амаль адкрыта заклікалі працаўнікоў да пагромаў, а габрэяў – да ад’езду з радзімы. Вызначаліся нават даты антысэміцкіх акцыяў. Але замест гэтага працаўнікі выходзілі на вуліцу пад антыкамуністычнымі лёзунгамі. А вось габрэі зьяжджалі – нават ведаючы, што ў Ізраілі іх чакае беспрацоўе. Страшна было за дзяцей; страшна няпэўнай будучыні.

У 1989 г. Галіна Лукомская з дочкамі і мужам выехала ў Ізраіль. Выехала бязь лішняга шуму, ні з кім не пасварыўшыся, не пакінуўшы ў Беларусі ніводнага ворага. Апошні год яна ўсё радзей выступала на опэрнай сцэне, затое сьпявала мноства камэрнай музыкі. І ня толькі ў філярмоніі, дзе плацілі нейкія грошы, але і ў бясплатных канцэртах “Клюбу аматараў опэры”. Я добра памятаю апошні ейны канцэрт: разам з Вольгай Цішынай і Рыгорам Палішчуком (абодва пазьней таксама эмігравалі) яна засьпявала вакальны цыкл Зьмітра Шастаковіча “З габрэйскай народнай паэзіі”. У залю было не прабіцца…

Потым былі доўгія бадзяньні па сьвеце. Ізраіль, Канада, пяць кантынэнтаў з гастролямі… Апошнім часам да Менску даходзілі чуткі, што Лукомская захварэла на астму і страціла голас.

Аднак жа вось яна, пераможная, і голас ейны гучыць яшчэ прыгажэй, чым некалі, калі ён ледзь не штотыдзень цешыў прыхільнікаў Беларускае опэры. Спачатку рамансы Глінкі і Рахманінава, потым рамансы Чайкоўскага, на закуску – тры арыі зь гішпанскіх сарсуэлаў. Усю музыку яна выконвала з тым ідэалістычным энтузіязмам, якога так часта бракуе расейскім выканаўцам, сьпявала, укладаючы сьвет эмоцыяў у кожную ноту – і аднак жа паўсюль заставалася ў рамках стылю і эўрапейскага добрага густу. Ня дзіва, што захапленьне публікі ўзрастала з кожнай хвілінай! Замёрзлыя, у футрах і шалях (бо ў касьцёле амаль ня паляць, шкадуючы арган), людзі шалёна пляскалі ў далоні, патрабуючы бісоў і забываючыся, што чалавечы голас – гэта ўсяго толькі дзьве танюсенькія зьвязачкі, рэсурс якіх зусім не бясконцы.

Нельга не згадаць арганізатара сёлетняе імпрэзы – піяністку Ганну Каржанеўскую, зь якой сьпявачка сябруе з студэнцкіх часоў. Яшчэ ў юнацтве яны падрыхтавалі разам агромністую колькасьць разнастайных праграмаў, многае запісалі на радыё. І сёньня, праз шмат гадоў, іхны дуэт гучыць дасканала. Толькі шкада, што ня ўсім сябрам і калегам удалося іх паслухаць — у тэатры ў гэты час адбывалася рэпэтыцыя доўгачаканай прэм’еры “Барыса Гадунова”.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0