ПОШТА РЭДАКЦЫІ

 

Эўтаназія ўжо існуе

Мінула ХХ ст., як мінае маладосьць і жыцьцё. Разбурыла стагодзьдзе межы: эканамічныя, этнічныя, маральныя, генэтычныя і іншыя. Нават такая сакральная рэч, як граніца між жыцьцём і сьмерцю, сёньня ня так відавочная і мае пэўныя градацыі: магчымая сьмерць пры жыцьці – калі гіне кара мозгу , а зь ёй чалавек як асоба і разумная істота, і наступае т.зв. вегетацыйнае існаваньне, або жыцьцё пасьля сьмерці – калі гіне ўвесь мозг, а кровазварот і дыханьне падтрымліваюцца рэанімацыйнай тэхнікай — г.зв. постгранічная кома.

Дарэчы, адзін з варыянтаў эўтаназіі ў Беларусі ўжо існуе. Калі пацыент пасьля цяжкой траўмы знаходзіцца ў постгранічнай коме, дык камісія з трох дактароў, канстатаваўшы сьмерць мозгу, можа прыняць рашэньне аб адключэньні апаратаў. Папярэдне звычайна адбываецца забор органаў для трансплянтацыі, таксама пасьля адпаведнага заключэньня камісіі. Прычым для гэтага ня трэба ні згоды сваякоў, ні іншых юрыдычных умоўнасьцяў, бо ёсьць адпаведныя пастановы мінздароўя Беларусі. Вядома, гэта не клясычная эўтаназія, як у Нідэрляндах, але ж гэта таксама сьвядомае дзеяньне лекараў, якое прыводзіць да сьмерці пацыента. Праўда, ныркі, што забіраюцца ў “жывога трупа”, працягнуць жыцьцё (або пакуты?) камусь іншаму, і гэта быццам бы часткова апраўдвае тую сьмерць. І ўсё ж, і ўсё ж… А раптам мэдыкі памыліліся, а мо пацыент выжыў бы? Ці раптам знайшлі б мэтад ажыўленьня мозгу? Хіба не такія аргумэнты і ў праціўнікаў сапраўднай— “галяндзкай”— эўтаназіі?

Але мэтадаў няма – ні ажыўленьня мозгу, ні збаўленьня ад мноства ракавых мэтастазаў. А эканомія відавочная – можна цягнуць такое жыцьцё, не адключаючы апаратуры тыдні й месяцы (але такое “задавальненьне” не заўсёды могуць дазволіць сабе і багатыя заходнія пацыенты), як можна ўжываць і “цудадзейныя”, часта разаральна дарагія сродкі для невылечных анкахворых. Дарэчы, празьмерна доўгае назіраньне, догляд і чаканьне сьмерці такіх людзей прыносіць ня толькі пакуты самому хвораму, а і немалую псыхафізіялягічную шкоду родным і блізкім, што можа выклікаць хваробы і нават скараціць ім жыцьцё. Дык мо эўтаназія патрэбна ня толькі паміраючым, але і тым, хто застаецца жыць? У любым выпадку, яна не прыдумка вычварэнцаў і нэкрафілаў, як мяркуе Ю.Андрэева, а вельмі прагматычны і заканамерны ход у разьвіцьці сучаснай цывілізацыі, якая ўся заснаваная на лёгіцы навукі і веры ў чалавечы розум, што імкнецца перабудаваць самога чалавека і перайначыць усю прыроду, ня ведаючы дакладнага пляну, а тым больш выніку сваіх дзеяў. У сацыяльным пляне гэта адбылося даўно, а ў біялягічна-мэдычнай сфэры менавіта ў ХХ ст. Чалавек узяўся за тое, што яму не належала, што раней было падуладна толькі Богу. Ці мае чалавек права ўмешвацца ў гены і перайначваць спадчыну? Ці мае ён права выкарыстоўваць сьвінячую пячонку для ачышчэньня сваёй крыві? Ці мае ён права перасаджваць сэрца – паводле рэлігійных канонаў, умясьцілішча душы — а тым больш саджаць на ягонае месца просты маторчык? Але нарэшце і гэтага яму мала – ён замахнуўся на самую сьмерць, ці не апошняе прыстанішча Бога і яго спрадвечную манаполію.

Калі быць пасьлядоўнымі, то трэба далучыцца да сьведкаў Еговы, якія прынцыпова супраць ненатуральных умяшаньняў у арганізм, нават пераліваньня крыві і яе прэпаратаў, ня кажучы ўжо пра трасплянтацыю органаў. Але, ідучы такім шляхам, прыйдзецца адрачыся многіх дасягненьняў тэхналягічнай мэдыцыны і вярнуцца ў далёкае мінулае. Думаю, мільёны хворых, што чакаюць дапамогі, як і іхнія сваякі, будуць супраць, бо для прадаўжэньня жыцьця ці паляпшэньня яго якасьці гатовыя пераступіць праз, здавалася б, непарушныя межы рэлігіі, маралі, права. Ад частага пераадоленьня межы размываюцца і зьнікаюць. Ці ня горшы за эўтаназію, напрыклад, звычайны мэдычны спарон — забойства будучага чалавека дзеля спакою і камфорту сучаснага? А для нас гэта даўно ўжо не праблема, а будзённая рэчаіснасьць.

Думаю, што гэтак жа будзе і з эўтаназіяй, але ў нас ня вельмі хутка. Бо ўзаконенае ўмярцьвеньне невылечна хворага ёсьць прывілеем вельмі свабоднага грамадзтва з трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі. Фактычна, гэта адна з праяваў свабоды выбару, той свабоды, імя якой было накрэсьлена на сьцягах усіх рэвалюцый і якая ўсё часьцей сягае за межы зразумелага. Але, каб выказацца супраць свабоды, трэба мець або вялікую мудрасьць, або вялікі адчай. А пакуль што мала ахвотных запісацца ў рэтраграды, выступіўшы супраць адной з галоўных ідэфікс нашай цывілізацыі і ўвогуле чалавечай існасьці.

Сёньняшні чалавек вольны ў сваім выбары, у тым ліку і выбары сьмерці, хаця ў сапраўднасьці яе можна толькі паскорыць ці адкласьці – бо ўрэшце яна непазьбежная. У сытуацыі, калі сьмерць ёсьць выйсьцем зь непераадольных пакутаў хворага і блізкіх, на лекараў ускладаецца абавязак зрабіць гэты апошні крок за самога чалавека, бо суіцыд пакуль не заахвочваецца нават у самых лібэральных краінах (ёсьць яшчэ адна мяжа!). Фактычна, лекары выконваюць сацыяльны заказ, волю і жаданьні людзей, а той др.Кеваркян, на якога навешалі ўсіх сабак праціўнікі эўтаназіі, і сапраўды прыносіў збаўленьне сваім пацыентам. Пакуты прыўносяць дысананс і разлад у грамадзтва, сутнасьцю якога ёсьць максымальная жыцьцёвая асалода і разнастайныя задавальненьні. Яны здаюцца непатрэбным марнаваньнем сілаў, часу і сродкаў. І грамадзтва па-рознаму бароніцца ад гэтага, у тым ліку і праз эўтаназію.

У рэшце рэшт, мэдычна паскораны надыход сьмерці невылечна хворых – гэта не закон аб агульнай мабілізацыі, а толькі пэўная магчымасьць, зь якой чалавек можа скарыстацца, а можа й не. А ўжо за тое, каб да мінімуму зьвесьці магчымасьць злоўжываньняў, мусяць адказваць ня толькі ўрачы, але і заканадаўцы, якія распрацоўваюць мэханізмы прыняцьця рашэньня, юрыдычнай працэдуры і грамадзкага кантролю за такім трагічным, але вымушаным актам. Па вялікім рахунку, праблема тут у значнай меры перабольшваецца журналістамі, а што да Беларусі, то з узроўнем нашага “парлямэнтарызму”, грамадзкай сьвядомасьці і сацыяльнага прагрэсу актуальным гэта стане ня хутка. Мы яшчэ ня вырашылі, што рабіць з калгасамі, як (або чым) накарміць народ, куды ісьці (або сядзець на месцы) і г.д. А вы тут нешта пра эўтаназію, генную інжынэрыю ды іншыя замежныя “прымочкі”. Адным словам, разуйце вочы, спадарства, і зашпіліце мазгі (на ўсе гузікі), каб туды нічога лішняга не трапляла… І наагул, з Новым годам і Калядамі!

Васіль Аўраменка, Магілёў

 

Угода з намэнклятурнікам

Беларусь вісіць над безданьню. Экалягічная праблема закранула кожнага, насельніцтва памяншаецца, працоўныя рэсурсы не ўзнаўляюцца, амартызацыя вытворчых сродкаў дасягнула катастрафічнага стану, золатавалютных запасаў дзяржава практычна ня мае, абсалютная большасьць людзей — жабракі. Надзеі на лепшае ў грамадзтве няма. Кожны грамадзянін Беларусі мае толькі адну задачу: неяк выжыць.

Беларусь як нацыянальнае ўтварэньне страціла амаль усё. Ёсьць толькі танюсенькая нітачка Надзеі, так бы мовіць, зьвязаная з “паветраным шарам”, якую трымае ў руках невялікая купка сапраўдных патрыётаў Беларусі. Выратаваньне. У чым яно, нашае Выратаваньне? Яно ў самаахвярнасьці да канца, у адзінстве ўсіх патрыётаў Беларусі, у першынстве розуму і ў клопаце пра будучыню ўсёй Беларусі, што стаяць па-над уласнымі амбіцыямі. У разумным змаганьні з ворагамі беларушчыны.

Мы мусім пагадзіцца на некаторыя кампрамісы, бо мы слабыя, ня маем шырокай падтрымкі. Сёньня якраз той выпадак, калі мы — розум і семя Нацыі — павінны найлепшым чынам паказаць сіле супраціў Розуму. Розум і самаахвярнае жаданьне перамогі.

Вялікая перамога магла б пачацца з маленькай перамогі.

На жаль, існуюць аб’ектыўныя прычыны, чаму прэзыдэнтам у 2001 годзе ня можа стаць патрыёт беларушчыны. Але ёсьць пакуль спадзяваньне, што гэтую пасаду можа заняць ня вораг, а прыхільнік Беларусі і ўсяго беларускага. Кандыдата з такімі якасьцямі можа прывесьці да ўлады дэмакратычнае беларускае грамадзтва. Во гэта й будзе нашая маленькая перамога, калі пры ўладзе апынецца ня-вораг беларусаў. Такі чалавек павінен паважаць і правы чалавека, інакш ён аўтаматычна будзе ворагам беларусаў.

Такім чынам, мы павінны скласьці партрэт будучага кандыдата ў прэзыдэнты.

Думаю, што я маю ўсе правы катэгарычна настойваць на сваёй прапанове, бо ў нацыянальна-вызвольным руху я ад пачатку яго афармленьня, я ахвяраваў яму ўсім сваім асабістым жыцьцём і матэрыяльнымі каштоўнасьцямі. Перакананы, што большасьць сяброў БНФ “Адраджэньне” стамілася ад пазьнякоўскіх “маральных перамог”. Яна можа быць, яна будзе. Трэба нам, патрыётам, сьціснуць зубы і пакуль пагадзіцца на малую перамогу, маленькі крок наперад. Я маю на ўвазе, што Лукашэнку можа перамагчы толькі паважаны “намэнклятуршчык”. Наша задача знайсьці “намэнклятуршчыка”-беларуса, падпісаць зь ім дамову пра плян дзеяньняў і гарантыі. Мы найперш мусім выключна дакладна акрэсьліць праграму-мінімум, якую павінен выканаць будучы прэзыдэнт, і сьпіс тых дзеяньняў, якіх ён не павінен рабіць ні пры якіх варунках, інакш ён не пазьбегне сьмяротнай кары. Мы абавязаныя зразумець, што нашая рахманасьць тут не да месца, шкадаваньню і паблажлівасьці ёсьць таксама мяжа. Сёньня — альбо ніколі! Гэта павінна вісець над намі, як дамоклаў меч.

Выкананьне нашай праграмы-мінімуму неабходна пачаць з нас — дэмакратаў. Найперш мы абавязаныя прымусіць лідэраў апазыцыі забыцца на свае амбіцыі. Ніхто, ніхто зь вядомых сёньня дэмакратаў пакуль ня можа быць кандыдатам у прэзыдэнты. Усе яны могуць быць толькі дарадцамі ці камандай нашага кандыдата ў прэзыдэнты. Другое: нам трэба разгарнуць рух, аналягічны польскаму “Пане рэдактар”. Кожны з нас павінен стаць рэдактарам мікрагазэты, ягоная задача — выраб і распаўсюджваньне газэты ад 10 асобнікаў да 1000 і болей, што дазволіць наладзіць супраціў Лукашэнкаваму замбаваньню. Палякі гэтак змаглі, ці зможам мы?

Усе дэмакраты павінны дакладна зразумець сутнасьць насельніцтва Беларусі. А яна выяўляецца ў дзьвюх аксыёмах: насельніцтва, як і жанчына, любіць вушамі і карыстаецца прынцыпам (калі мае прынцыпы): “Падлец, але мілы”. Наступная: “Гэты ўжо набраўся (наеўся), то можа і нам што застанецца”. Апошняя аксыёма дзейнічае амаль абсалютна і ў нас (“выбары” ў палатку), і ў Расеі (нядаўнія выбары губэрнатараў). Таксама нельга забывацца і пра падыход Лукашэнкавых агітатараў, якія хочуць выклікаць (і выклікаюць) магутны разбуральны рэзананс адмоўных эмоцыяў, злоснасьці, скіроўваючы яго затым у патрэбным кірунку.

Сёньня, як ніколі, мы стаім перад выбарам: альбо ўсе дэмакраты разам працуюць, альбо дэмакратаў у Беларусі ня будзе, бо ня будзе Беларусі.

Вітаўт Невядомы, Менск

 

Тэрмінатар Ніна

Я быў агаломшаны, калі пачуў, што радыёжурналістка Ніна Чайка атрымала ўзнагароду Беларускай Праваслаўнай Царквы. Большую кампрамэтацыю БПЦ складана прыдумаць. Значыць, Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату перайшоў да радыкальных ідэалягічных дзеяньняў, і выданьне скандальнай кнігі “Война по законам подлости” цяпер не выглядае недарэчнасьцю.

Ніна Чайка вядзе на першай праграме Беларускага радыё брудную прапагандысцкую перадачу “Разговор по существу”. Бадай, толькі Азаронак можа паспрачацца зь ёй ва ўменьні бэсьціць людзі. Напрыклад, у дачыненьні да Васіля Быкава самы ласкавы эпітэт, які ўжывае Чайка, — здраднік. Калі слухаеш гэтую “абаронцу праваслаўя”, дык узьнікае адзіная думка – чалавек папросту хворы.

Чайка абвесьціла ідэалягічную вайну ўсяму, што, на яе думку, супрацьстаіць “рускаму народу” – усім рэлігіям, акрамя праваслаўя, асобна жыдам і амэрыканцам, “гэтак званай” беларускай апазыцыі і ўсёй беларускай культуры і шмат чаму іншаму. Складаецца ўражаньне, што не беларускія супрацьпаветраныя сілы стрымліваюць націск Захаду на Расею, як гэта скрозь дэкляруе Лукашэнка, а менавіта Ніна Чайка — апошні фарпост Масквы. Як з дзоту, з радыёстудыі Чайка амаль штодзень вядзе свой бой, сеючы хамства, бескультур’е, варажнечу паміж вернікамі розных канфэсіяў, людзьмі розных нацыянальнасьцяў.

Цяпер мітрапаліт Філарэт бласлаўляе Чайку на далейшае змаганьне. Толькі не разумее ён, што падобнымі крокамі пасьлядоўна аслабляе пазыцыі праваслаўя. Вынікам гэткіх ідэалягічных глупстваў стае адыход вернікаў ад праваслаўнай царквы.

У маім мікрараёне жыла адна жанчына, заўжды была вельмі набожнай. Пару гадоў таму, калі ў Полацку пачалі аднаўляць жаночы манастыр, яна аддала на ягоную адбудову ўсе свае ашчаджэньні. На той час гэта былі немалыя грошы. Летась бабулі стала кепска, і яна паслала дачку ў манастыр паклікаць да яе каго з манашак. Візыту з божага дому фундатарка так і не дачакала. Пасьля яе сьмерці ўся сям’я замест царквы пачала хадзіць у пратэстанцкі храм.

Васіль Кроква, Полацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0