Адам Глёбус

Нашы сучасьнікі

 

1973 год.
Выхадцаў і вопратка

“Калі ня можаш намаляваць чалавека, малюй ягоную вопратку,” — вучыць выкладчык Юры Выхадцаў. О, гэтая вопратка! Колькі яна можа распавесьці пра свайго гаспадара! Тут табе і чаравікі Вінцэнта Ван Гога, і капялюш Якуба Коласа, і школьная фуражка, пра якую я марыў. Хацелася мець шэрую школьную форму з пасам і спражкаю, з фуражкай і кукардаю… І на табе. Маці прыносіць нейкую цёмна-валошкавую форму. Пінжак без каўнера, порткі бяз паса, а фуражкі зусім няма… Час зламаўся. Форма зьмянілася. Зьмяніўся зьмест. “Ня можаш напісаць зьмест, пішы форму”, — чую далёкі голас, подобны да голасу Выхадцава.

 

1992 год. Мінкін і зьвяруга

Паэт Алег Мінкін бегае на доўгія дыстанцыі, і, як кожны бягун, ня любіць сабак. Кідаюцца яны на бегуноў. Аднойчы каля дому творчасьці “Іслач” ён забівае каменем злоснага брахуна. Пісьменьнікі абураюцца жорсткім учынкам. Я не наракаю на паэта Мінкіна, бо сам не люблю, калі пад ногі кідаецца дурны сабака. І калі забіваць зьвяругу, дык так, як Алег, — трапным ударам каменя, каб без пакутаў.

 

1999 год. Ракіцкі й Сьцяпан

На выставе мастака Ўладзімера Ракіцкага пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан кажа, што той малюе пупкі замест вачэй. Заалягічна-сюррэалістычны вобраз — чалавек з пупкамі ў вачніцах. Такое можа ўбачыць толькі чалавек з тэлебачаньня, зь беларускага TV, дзе працуюць людзі зь нямытымі пупкамі замест вачэй і зь мускульным мясам замест мазгоў. Што да партрэтаў, якія Ракіцкі перамалёўвае з фатакартак, дык вочы на іх спалоханыя фотаапаратнымі птушкамі.

 

2000 год. Алена і карціны

Мастацтва ХХ стагодзьдзя толькі тым і займалася, што з большым ці меншым посьпехам фатаграфавала творы старых майстроў і атрымлівала замест іх кірмашныя карцінкі, выкананыя ў самай рознай паліграфічнай якасьці. Фотамастачка Алена Адамчык, наадварот, фатаздымкі ператварае ў карціны.

 

2000 год. Дубавец і подзьвіг

Ёсьць людзі, здатныя найпросты занятак ператварыць у подзьвіг. Напрыклад, рэдактар Сяргей Дубавец, які нават вычытваньне газэтнае карэктуры ўспрымае як самаахвярны ўчынак дзеля росквіту Бацькаўшчыны.

 

2000 год.
Дзяржынскі й Бжэзінскі

Калі б я верыў у рэінкарнацыю, я б не сумняваўся, што Зьбігнеў Бжэзінскі — чарговае ўвасабленьне Фэлікса Дзяржынскага. Першы жалезнай рукой мацаваў савецкую імпэрыю, другі з гэткім самым імпэтам вядзе ЗША да сусьветнага панаваньня. Абодва — палякі. І ніводзін зь іх сваёй польскасьці не выракаўся, наадварот — Польшча для Фэлікса была, а для Зьбігнева ёсьць асноўным козырам у геапалітычнай гульні. І яшчэ адна дэталь: і Дзяржынскі, і Бжэзінскі маюць абліччы сярэднявечных інквізытараў.

 

2000 год. Паўліна й сябры

“Чаму мяне ніхто ня любіць і ня хоча са мной сябраваць?” — пытаецца ў мяне праваабаронца Паўліна Качаткова. У адказ хачу працытаваць з кнігі “Дхамапада” адну сэнтэнцыю, але перадумваю. А цяпер вось працытую: “Калі вандроўнік не сустрэне падобнага да сябе або лепшага, няхай застаецца самотны”.

 

2000 год.
Хобатаў і прасталытка

Карціншчык Лёнік Хобатаў хрысьціцца перад пачаткам работы. І хай бы сабе хрысьціўся, калі б не здымала яго тэлекамэра й не ляжала перад ім паўнацелая мадэль-прасталытка. Мастакі спрадвеку малявалі жаночыя дупы, але каб хто хрысьціўся перад гэтым, як Хобатаў, я ня бачыў.

 

2000 год. Дранько-Майсюк
і кніжка-ліліпутачка

Рыфмавік Дранько-Майсюк выпусьціў свае радкі ў кніжцы-ліліпутачцы. Ёсьць такія выданьні: пінцэтам бярэш, пад мікраскопам чытаеш. Яны ёсьць праявай аматарскага мастацтва, кшталту караблёў у бутэльках, Эйфэлевых вежаў, складзеных з запалак, саламяных конікаў. Такая гора-творчасьць усё сувэрэннае ператварае ў сувэнірнае.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0