НАВІНЫ ЗА ТЫДЗЕНЬ

 

РэфэРэндум разам з прэзыдэнцкімі выбарамі?

Міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў мяркуе, што ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі ды адзінага эмісійнага цэнтру з Расеяй супярэчыць беларускай канстытуцыі. Згодна зь нядаўна падпісаным пагадненьнем да ўводу адзінай “саюзнай валюты” Цэнтрабанк Расеі будзе валодаць выключным правам эмісіі грошай у нашай краіне, што супярэчыць артыкулу 136 беларускай канстытуцыі. Паводле яго, такім правам валодае толькі наш Нацбанк, а грашовай адзінкай у Беларусі зьяўляецца беларускі рубель, і ў наяўным абароце могуць выкарыстоўвацца толькі банкноты, эмітаваныя Нацбанкам. Мінюст мяркуе, што ратыфікаваць пагадненьне можна толькі пры ўмове зьмены канстытуцыі. Гэта можа азначаць, што Лукашэнка хоча сумясьціць прэзыдэнцкія выбары з рэфэрэндумам пра зьмену ў канстытуцыі і ўваходжаньне ў рублёвую зону, спадзеючыся на гэтым каньку перамагчы кандыдата ад патрыятычна-дэмакратычнага блёку.

 

Разанаў — у Нямеччыне

“Паэты зьяжджаюць надоўга”, — сказаў Алесь Разанаў перад ад’ездам у Нямеччыну 10 студзеня. Яго запрасіў Міжнародны парлямэнт пісьменьнікаў. “Надоўга – гэта калі паэт застаецца бяз сродкаў да існаваньня”, — дадаў новы эмігрант. Чацьверты літаратар з гучным імем эмігруе з краіны – В.Быкаў цяпер у Нямеччыне, У.Някляеў – у Гельсынках, С.Алексіевіч – у Італіі.

 

Лукашэнка, Пуцін і Мацкевіч

Сёньня Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Маскве. Там адкрываюць дні беларускае культуры, на якіх пакажуць “Песьняроў” і “Рагнеду”. Перад візытам газэта “Сегодня”, рупар маскоўскай правіцы, надрукавала інфармацыю пра тое, што спэцыяльная аналітычная група ў Крамлі, складзеная з былых супрацоўнікаў беларускага КДБ, звольненых Лукашэнкам, рыхтуе маскоўскі сцэнар беларускіх выбараў і быццам бы разглядае кандыдатуру Ўладзімера Мацкевіча, былога кіраўніка беларускага КДБ, у якасьці магчымай альтэрнатывы Лукашэнку.

 

Мазаічная псыхапатыя

“Наша Свабода” ў пятніцу надрукавала мэдычнае заключэньне пра стан псыхічнага здароўя Лукашэнкі, падрыхтаванае бабруйскім псыхіятрам Зьмітром Шчыгельскім, які цяпер перабывае ў Нью-Ёрку. Шчыгельскі выстаўляе дыягназ “памяркоўная мазаічная псыхапатыя зь перавагаю рысаў паранаідальнага і дысацыяльнага забурэньняў асобы”, якая вядзе да перабольшанай прагі ўлады і схільнасьці да масавага тэрору. Чалавека з такім дыягназам прызналі б нягодным да вайсковае службы.

Сам Шчыгельскі ніколі Лукашэнкі ня бачыў, а грунтаваўся на сьведчаньнях мэдыяў і трэціх асобаў. Сваім артыкулам ён відавочна парушае нормы мэдычнае этыкі. Апраўдваецца ён тым, што знаходжаньне непаўнавартаснага чалавека на высокай пасадзе наносіць вялікую шкоду краіне. Калі апанэнты рэжыму скарысталі такі сумнеўны прыём палітычнага змаганьня, можна толькі здагадвацца, чым адкажа Лукашэнка. Прэзыдэнцкая кампанія 2001 г. пачынае тануць у брудзе “расейскіх выбарчых тэхналёгій”.

Б.Т.

 

Акцыя на Дзень Сьв.Валянціна

Кааліцыя моладзі «Пераменаў!» рыхтуе грандыёзнае сьвяткаваньне 14 лютага, Дня Сьв.Валянціна, пад лёзунгам «Любові! Свабоды! Пераменаў!». Акцыя пачнецца, як традыцыйна, ад пл. Свабоды, але па форме будзе істотна адрозьнівацца ад акцыяў папярэдніх гадоў. Усё скончыцца ў адным зь менскіх клюбаў. Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьціць да Дня закаханых касэту «Песьні пра каханьне» з запісамі беларускіх гуртоў, якую будуць раздаваць ў часе акцыі.

 

 

Пушкін — у ЗША

Мастак Алесь Пушкін патрапіў пад амністыю напярэдадні Новага году. Былі асудзілі яго на два гады ўмоўна за тое, што вываліў перад лукашэнкаўскім палацам возік гною. Амністыя была вельмі дарэчы: нядаўна мастак стаў пераможцам конкурсу на афармленьне царквы Жыровіцкае Божае Маці ў Кліўлендзе ў штаце Агаё.

 

 

Таксоўкі падаражэлі

З 10 студзеня падвысілі тарыфы на паслугі таксовак. Днём кілямэтар прабегу ды пасадка будуць каштаваць 275 р. Начны тарыф – 410 р. за км. Раней кошт быў аднолькавы і ноччу, і днём.

 

 

Антыгарадзенскія ўлады

Гарадзенскім уладам рэжа вока старажытны герб места. Сёлета герб, найхутчэй, зьменяць, што дастасуюць да сьвяткаваньня 200-годзьдзя стварэньня расейскім царом Аляксандрам І “гродненской губерніі”.

Алесь Кудрыцкі

 

анталёгія беларускага ўчынку

Ваўкі

Гэтая гісторыя будзе розьніцца ад тых, што звычайна трапляюць у “Анталёгію”. Тут няма ніякіх бурлескных або эпічных момантаў, уласьцівых ранейшым гісторыям, што ўвайшлі ў яе склад.

Зажорсткі выпадак для бясьпечнай і спакойнай цэнтральнай часткі Беларусі пачатку ХХІ ст. Здарылася гэта за 20 км на паўночны захад ад Менску, у мінулыя выходныя, на праваслаўныя Каляды – 7 студзеня.

Хлопец зь дзяўчынай вярталіся з танцаў з Даўгінава дахаты на выселкі. У лесе на іх напалі ваўкі. Апошняе, што пасьпеў зрабіць юнак, — падсадзіць сяброўку на дрэва. Сам ён выратавацца не пасьпеў — зьвяры загрызьлі яго проста на вачах у дзяўчыны, псыхіка якой ня вытрымала гэтага відовішча.

За тысячы гадоў на гэтай зямлі нічога не зьмянілася: сьвет не зрабіўся больш літасьцівы да нас, а нашая “цывілізаванасьць”, як выявілася, ёсьць толькі ценкім налётам, бо, калі жыць застаецца адну хвіліну, Мужчына інстынктыўна, а не кіруючыся нейкімі настановамі этыкету, ратуе Жанчыну, прадаўжальніцу Роду.

Мы ня можам ведаць, як і калі пойдзем з гэтага сьвету, колькі гадоў, дзён, хвілінаў засталося тут быць нам і тым, хто побач з намі. Згадайма пра гэта, перш чым злосна ляпнуць дзьвярыма, перш чым несправядліва пакрыўдзіць альбо неабгрунтавана пакрыўдзіцца, перш чым даць волю свайму раздражненьню. Можа стацца так, што рэзкае слова, неабачліва кінутае на разьвітаньне, станецца апошнім, пачутым ад цябе родным чалавекам. Бо сэнсам нашага існаваньня ня ёсьць ні праца, ні грошы, ні дабрабыт, але — вы зьдзівіцеся — шчасьце пабачыць сябе ў чыіхсьці вачох, магчымасьць аддаць усяго сябе дарэшты й не пашкадаваць пра гэта ні на хвіліну. Памятайма пра гэта.

Ігар Няхведараў

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0