Беларусы ня возьмуць чужога

Каб перамагчы на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, варта згадаць перадвыбарную сытуацыю 1994-га, паглядзець, што зьмянілася, што за новыя пасткі могуць чакаць кандыдата, на якога ўскладзе свае спадзяваньні дэмакратычная грамадзкасьць.

У 1994-м людзі баяліся незалежнасьці. Баяліся кончага разьвітаньня з краінай, якой ужо не было на мапах, але якая для пераважнай бальшыні беларускіх выбарцаў заставалася Радзімай: СССР. Гэтыя страхі, гэтая настальгія былі падмуркам выбарных стратэгіяў як Кебіча, так і незалежнага кандыдата Лукашэнкі. Цынічная спэкуляцыя на пачуцьцях старэйшай часткі насельніцтва яшчэ доўга практыкавалася і беларускімі, і расейскімі палітыкамі.

Але беларуска-расейскія інтэграцыйныя гульні нарэшце вычарпалі свой прапагандысцкі патэнцыял. Падпісаныя летась пагадненьні адсоўваюць менш-больш матэрыяльныя крокі ў кірунку інтэграцыі на той час, калі Лукашэнка ўжо напэўна ня будзе прэзыдэнтам Беларусі (хіба што каралём ці вялікім князем). Сёлета новых “падзьвіжак” на шляху інтэграцыі не прадбачыцца, дый увогуле, пустыя абяцанкі задзяўблі ўжо, бадай, нават найбольш адданых ідэі СССР пэнсіянэраў.

Да новага стану рэчаў прыстасоўваецца і дзяржаўная прапаганда. Адчувальныя зьмены тону ППРБ і ягонага галоўнага рупару – БТ – даюць падставу казаць пра стратэгічную перагрупоўку сілаў рэжыму перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Першым відавочным знакам гэтай перагрупоўкі стаўся Лукашэнкаў навагодні зварот да беларускага народу. Надта шмат казаў ён пра незалежнасьць беларускай дзяржавы, непарушнасьць дзяржаўнага сувэрэнітэту і неабходнасьць бараніць яго, а пра сяброўства з Расеяй, славянскую еднасьць – зусім мала. Пра беларуска-расейскую інтэграцыю, здаецца, увогуле не было ні слова.

Можна меркаваць, што выбары другога прэзыдэнта Беларусі будуць праходзіць пад цалкам іншымі лёзунгамі, чымся выбары ППРБ – і гэта галоўны плён працы беларускіх нацыянальных сілаў.

У 1994-м перадвыбарная агітацыя двух галоўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта зводзілася да таго, што адзін крычаў: “Я вельмі люблю Расею!”, а другі -- “А я люблю Расею яшчэ больш!” Сёньня мы бачым зусім іншую карціну. У адказ на галоўны лёзунг будучага альтэрнатыўнага кандыдата – “Я люблю Беларусь” – Лукашэнка ўжо зараз пачынае крычаць: “А я люблю Беларусь яшчэ болей!”

Гэта – бясспрэчная перамога беларускага супраціву другой паловы 90-х. Маем Лукашэнку, маем зьнікненьні людзей, эканамічную, палітычную, інфармацыйную несвабоду. Але сытуацыя цяпер радыкальна адрозьніваецца ад сытуацыі сем гадоў таму. Сувэрэнітэт Беларусі выходзіць на першае месца ў гіерархіі каштоўнасьцяў дзяржаўнай ідэалёгіі – гэта значыць, што беларусы вызвалілі, адваявалі частку той ідэальнай Беларусі, якая пакуль існуе адно ў нашым уяўленьні, частку таго, чаго мы хочам для нашай краіны.

Зь іншага боку, нам добра вядома, чаго вартыя словы Лукашэнкі, і ясна, што яны дыктуюцца ня шчырай любоўю да Радзімы, а толькі жаданьнем захаваць сваю амаль бязьмежную асабістую ўладу. Таму да ягоных акрабатычных пераскокаў трэба ставіцца з максымальнай асьцярожнасьцю.

Пераапрануты ў незалежніка Лукашэнка пойдзе на выбары як “беларускі Рэмба” (пазычаю мэтафару ў Валеркі Булгакава), гатовы бараніць родную краіну ад усіх магчымых ворагаў. Няцяжка здагадацца, што ворагам № 1 будзе абвешчаны найбольш небясьпечны альтэрнатыўны кандыдат. Дзяржаўныя мэдыі будуць шальмаваць яго як правадніка імпэрыялістычных інтарэсаў буйнога заходняга капіталу ці як агента замежных выведак, а можа – хто ведае – як прыслужніка расейскіх алігархаў.

Пакуль імя гэтага кандыдата невядомае, пад агонь верных рэжыму СМІ трапляюць інстытуцыі, якія маюць забясьпечыць дэмакратычнасьць прэзыдэнцкіх выбараў. 14 000 будучых незалежных назіральнікаў абвяшчаюцца наймітамі нейкіх “замежных гаспадароў”, мала ня ўзброенымі дывэрсантамі. Незалежныя сацыялягічныя інстытуты, што публікуюць несуцяшальныя для ППРБ вынікі апытаньняў грамадзкай думкі, прэзыдэнцкі памочнік Посахаў называе “філіямі спэцслужбаў” і заклікае не даваць ім веры ні ў якім выпадку (зрэшты, сам факт такой вялікай увагі да незалежных сацыялягічных апытаньняў цешыць – гэта значыць, што іх вынікі вельмі нэрвуюць улады).

Такім чынам рэжым стварае дэкарацыі для пастаноўкі прапагандысцкага фарсу з двума галоўнымі героямі: незалежным беларускім кандыдатам (Лукашэнка) і прадажным стаўленікам Захаду, а можа і расейскага капіталу (дэмакратычны кандыдат). Беручы пад увагу магутнасьць рэклямных сродкаў дзяржавы, гэты фарс мае вялікі шанец на посьпех, нават не зважаючы на бяздарнасьць пастаноўшчыкаў.

Таму дэмакратычны кандыдат мусіць загадзя прадумаць, што можна гэтаму супрацьпаставіць, як рэагаваць на магчымыя правакацыі гэткага кшталту. Рэжым паспрабуе выставіць дэмакратычнага кандыдата як чужога. Ці любяць людзі сваё, ці ня любяць – за чужое яны галасаваць дакладна ня будуць. “Свойскі мужык” Лукашэнка будзе выкарыстоўваць празаходнія настроі дэмакратычнай апазыцыі як фон, на якім ягоная свойскасьць будзе глядзецца яшчэ выгодней.

Беларускія нацыянальныя лідэры сваімі безадказнымі выказваньнямі ўжо былі дапамаглі ўладам дыскрэдытаваць БНФ, які калісьці быў наймагутнейшай палітычнай сілай у Беларусі. Сёньня галоўнае, каб дэмакратычны кандыдат заўжды памятаў, што кожнае ягонае слова можа быць выкарыстанае супраць яго. Для перамогі ў двубоі з Лукашэнкам дэмакратычнаму кандыдату спатрэбяцца дакладнасьць і адказнасьць сапёра, абсалютная цьвярозасьць.

Сёньня ў Беларусі туман і галалёд. Будзьма пільныя на дарогах.

Алесь Пяткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0