Сьмерць прэсы

“Абвал накладаў” адбыўся пасьля праверкі дакладнасьці тыражоў, праведзенае Дзяржаўным камітэтам па друку. Аказалася, што тыражы часткі выданьняў падаваліся завышаныя. “Абвал”, паказаўшы мізэрнасьць рэальных тыражоў, яшчэ раз выявіў і без таго вядомае: незалежныя газэты гібеюць.

Дэкляраваны наклад “Свободных Новостей” зь лістапада да студзеня скараціўся з 65 да 30 тысячаў асобнікаў, а “Народная Воля” проці 60 тысячаў цяпер выходзіць тыражом 40 тыс. А гэта – два найбуйнейшыя незалежныя выданьні, калі не лічыць прафсаюзнага «Беларускага Часу». Ва ўмовах забароны ўсіх свабодных тэле- і радыёстанцый такая сытуацыя робіць шанцы дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах больш чым прывіднымі. Ёсьць яшчэ радыёстанцыі “Свабода”, “Рацыя” і “Балтыйскія Хвалі”, але дзьве першыя вяшчаюць у кароткім дыяпазоне і, каб іх слухаць, патрэбная, мякка кажучы, пэўная настойлівасьць, а віленскія “Хвалі” (якія таксама рэтрансьлююць “Свабоду” ды “Рацыю”) у сярэднім дыяпазоне трывала чуваць толькі на захад ад Ліды й Маладэчна.

Незалежная прэса:
у ярме “Белпошты”

Тарыфы “Белпошты”, “Белсаюздруку” і дзяржаўных друкарняў для незалежных выданьняў утрая вышэйшыя, чым для дзяржаўных. Дзяржаўныя распаўсюднікі-манапалісты, хоць і выжываюць за кошт незалежнай прэсы, а афіцыйную прадаюць сабе ў страту, вымушаныя ўсю ўвагу аддаваць урадавым выданьням: вось “НН” і адольвае трохгадзінны шлях у Полацак ці Маладэчна толькі ў сераду, хоць у Менску зьяўляецца ў продажы ў панядзелак, тады як “Советскую Белоруссію” давозяць у дзень выхаду. Плюс падатковыя праверкі, плюс адсутнасьць сталых памяшканьняў для працы. Поўная нястача дарагой рэклямы ў выданьнях, што не ідуць на палітычныя кампрамісы, ня пішуць “і нашым і вашым”.

Гэткі ціск горшы за рэпрэсіі. Чытачы бачаць гатовае выданьне: з творчымі прабеламі, з навінамі, што састарэлі, пакуль газэта друкавалася ў маламоцнай прыватнай друкарні на няновым абсталяваньні, пакуль падарожнічала на смаўжы “Белпошты”. Каб жа чытачам знацьцё, што журналісты газэты, магчыма, месяцамі ня бачылі заробку, вярстальнікі падпрацоўваюць яшчэ ў трох месцах, а рэдактару няма калі задумацца пра зьмест наступных нумароў, бо трэба бегчы на перарэгістрацыю, шукаць паперы, якой няма ў горадзе, і хоць якой капейкі ад здрабнелых дабрадзеяў, каб заплаціць людзям за пазамінулы месяц.

А людзям што – яны выбіраюць дзяржаўнае. Мо й сэрвільнае, і такое ж прафэсійна бяззубае, затое ўдвая таньнейшае. А што там, маўляў, мне іхная брахня, галоўнае ж — тэлепраграма ёсьць...

 

Дзяржаўная прэса: страчаная сямігодка

Калі незалежныя выданьні ў апошнюю сямігодку разьвіваліся бурна і толькі ў апошнія гады сутыкнуліся з своеасаблівым «крызысам якасьці», у якую ўсё ніяк не пяройдзе колькасьць, дык для дзяржаўных выданьняў гэтую сямігодку можна сьмела прызнаць страчанай. Дастаткова зайсьці ў бібліятэку і пагартаць падшыўкі тых жа газэтаў за 1994 г., каб зразумець, што якасьць друку, ілюстрацый і самой журналістыкі ўва ўрадавых выданьнях, мякка кажучы, не палепшала. Тады як расейская прэса зрабіла за гэты час сапраўдны рывок.

Сапраўды, незалежная прэса проста-такі рынулася ў нішу, вызваленую пасьля таго, як лібэральныя і беларусафільскія сярод урадавых выданьняў ня толькі апынуліся пад прэсам цэнзуры, але й перажылі зьмену рэдактараў і разгром калектываў. Дзяржаўныя ж выданьні нагадваюць хутчэй сваіх выцягнутых з нафталіну продкаў з 70-х з тым хіба выняткам, што цяпер можна многа пісаць пра крымінал, чаго тады не дазвалялася, ды яшчэ яны натужна спрабуюць выдавацца ў колеры — што аднолькава паскудна атрымліваецца і ў «Культуры», і ў «Советской Белоруссіі». Нечытэльная прапаганда, саладжавае рэтушаваньне афіцыйнай рэчаіснасьці і бессаромная чарнуха ў неафіцыйнай частцы, убогая культура беларускай і расейскай моваў, прасьціны афіцыёзу, абрыдлыя весткі з палёў і скрозь-скрозь зьняважлівае стаўленьне да сваёй краіны, самім журналістам і рэдактарам нецікавай. І што б ні друкавалі яны — вершы беларускіх паэтаў у вясковым гусьце на першай старонцы, як «Белорусская Ніва», ці, як «Чырвоная Змена», гутаркі з дэпутаткамі Лукашэнкавых палатак пад прэтэнцыёзнай рубрыкаю «Personalite» (на няяснай мове) — з-пад усяго вылазіць прыкры лыч «трохкляснай адукацыі» і кепска прыхаванай агіды да ўласнае прафэсіі і занятку. Высокія наклады гэтых прасякнутых нелюбоўю да свайго прадмету выданьняў спачатку зьдзіўляюць. Ну, як, здавалася б, нейкая глючная «Рэспубліка» можа быць патрэбная 114 тысячам чалавек? «Рэспубліку» выпісваюць дзеля нарматыўных актаў, якія яна друкуе. «Советскую Белоруссію» — бо гэта газэта «Правда», да таго ж танная. «Звязду» — бо не выпісваць жа нешта чарнасоценнае беларусу. «Белорусскую Ніву» — каб не прапусьціць тэрміны пасяўной паводле новых веяньняў. І дзеля тэлепраграмы, ясная рэч. І традыцыі. Слаўнае беларускае традыцыі, што засталася яшчэ ад тае «Нашае Нівы», — выпісваць газэту.

Тое, што ў адзін дзень з гэтых накладаў застанецца пшык, даказвае адзін яскравы факт. Ня лепшыя і ня горшыя за сваіх дарослых братоў газэты для моладзі «Чырвоная Змена» і «Знамя Юності» — у поўным правале. Першая мае 6 тысячаў накладу, другая ўзьняла яго з 8 да 14. Што фактычна азначае «зусім нішто», калі ўлічыць, якая нізкая ў дзяржаўных выданьняў цана, як многа падпісваюць іх «прадпрыемствы й ведамствы» і як залежваюцца яны ў шапіках.

Моладзь іх не чытае. Дзесяць гадоў таму, калі ў «ЗЮ» працавалі маладыя Алесь Ліпай і Алег Грузьдзіловіч, газэта мела 800 тысячаў накладу. «ЧЗ» трымалася на 45 тысячах яшчэ пару гадоў таму, пакуль можна было дыхаць хоць трохі вальней.

Моладзь выбірае незалежную прэсу, расейскія газэты, ілюстраваныя часопісы, усялякія «Лізы», «Падыхаі» і FM-радыі «Дуб-дубам», але толькі ня гэтыя камсамольска-маладзёжныя пражэктары, цнатліва засмачаныя староначкаю сэксу.

Дай трохі зьмяніцца эканамічнай сытуацыі, і дарослая ды нават пэнсіянэрская аўдыторыі зробяць тое самае, што цяпер моладзь.

Паказальна таксама, якую мізэрную колькасьць падпісчыкаў і вялізнае сьпісаньне маюць «Культура» і «Літаратура і Мастацтва». Шчодрая дзяржаўная падтрымка — датацыі, ведамасная падпіска, шыкоўныя офісныя памяшканьні ў самых прэстыжных будынках Менску — гне іх да зямлі, як гіра.

 

Масавыя
і спэцыялізаваныя

Сусьветныя тэндэнцыі да зьніжэньня папулярнасьці штодзённых газэтаў і агульнатэматычных выданьняў на карысьць спэцыялізаванай і тыднёвай прэсы кранулі й Беларусь. З тым выняткам, што рынак апэратыўных ілюстраваных часопісаў пакуль кантралююць расейскія выданьні, якія прадаюцца проста па дэмпінгавых цэнах – у Беларусі няма грошай, рэклямы і паліграфічных магутнасьцяў. Няма й палітычнае волі, каб абараніць свой мэдыйны рынак прынамсі падаткамі.

“Кур’ер” спрабуе адбіць гэтую нішу, але сутыкаецца зь вялікімі цяжкасьцямі — няма прыватнага бізнэсу, які б даваў рэкляму.

Няблага раскупляюцца спартовыя, музычныя, тэлевізійныя выданьні, газэты для хатніх гаспадыняў. Скараціўся наклад «Белорусского рынка». Трымае затое свой рэспэктабэльная “Белорусская деловая” (22 тысячы на сёньня). Яна прызначаная быццам бы для вузейшага кола чытачоў, тым ня менш, сёлетнія апытаньні IREX-Promedia ды НІСЭПД паказалі, што яе чытае аўдыторыя бадай ня меншая, чым кола чытачоў “Свободных Новостей” і “Народнай Волі”. Тыя самыя апытаньні выявілі і іншы парадокс: “Наша Ніва”, якую традыцыйна ўспрымалі як “газэту для нямногіх”, мае болей сталых і эпізадычных чытачоў (ад 1 да 3,4% аўдыторыі), чым нібы разьлічаныя на масавага чытача “Рабочы” ды “Наша Свабода” (ад 0,5 да 3%).

Усё гэта значыць, што чытач не задавальняецца болей “даступным” ці забаўляльным матар’ялам масавых газэтаў, а хоча, каб у выданьня былі глыбіня і спэцыялізацыя.

 

Радыё пад’ела прэсу

Радыё Свабода, паводле тых самых апытаньняў, у Беларусі калі-нікалі слухаюць каля 10% людзей – прыкладна столькі ж, колькі гады ў рады чытаюць “Народную Волю”. Навейшыя, менш знаныя людзям “Рацыя” і “Балтыйскія Хвалі” пакуль намнога менш папулярныя. Але тры радыёстанцыі (“Свабода” вяшчае з Прагі, “Рацыя” — зь Беластоку, а “Хвалі” — зь Вільні), маючы салідны фінансавы патэнцыял, прывабілі найлепшыя сілы беларускіх журналістаў, дый ня толькі журналістаў – палітолягаў, літаратараў, навукоўцаў. Газэты са сваімі сьціплымі магчымасьцямі няздольныя канкураваць з радыёстанцыямі. Амаль кожная зь іх страціла некага са сваіх найлепшых аўтараў і аглядальнікаў. Ня піша болей аналітыкі для «БДГ» Дракахруст, ня згадвае пра «Нашу Свабоду» стары свабодавец Цыганкоў, ні пра «Звязду» — Каліноўскі, ня робіць моўных аглядаў у «НН» Бушлякоў. Іх замянілі людзі часта менш прафэсійныя, а што яшчэ горай — менш беларускія. Ня пішуць — а людзі не чытаюць болей газэтаў.

 

Культура слова

Радыёстанцыі прызначаныя хутчэй для правінцыйнай аўдыторыі, бо ў сталіцы зь яе шалёным рытмам жыцьця і буйною плыньню інфармацыі мала хто слухае кароткі дыяпазон. А менавіта сталіца – фарпост дэмакратаў. Дэмакратыі без газэтаў не пабудуеш.

Але дэмакратыя дэмакратыяй, а для ўмацаваньня нацыянальнае тоеснасьці і дзяржавы патрэбныя і ўзбагачэньне беларускае мовы, і інтэлектуальны рост. Іх жа немагчыма дасягнуць без разьвіцьця кніжнай культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова. Кніжная культура, у сваю чаргу, грунтуецца на культуры газэтнай.

Анархічны Інтэрнэт, на жаль, ня можа быць тутака паўнавартасным заменьнікам.

Падтрымаць газэты па-сапраўднаму мы можам толькі самі: чытай сваё, давай рэкляму ў свае выданьні. Падпішы бібліятэку суседняга ўнівэрсытэту, папраўчай калёніі, свайго заводу. Інакш застанешся на самоце.

Лёнік Кінкель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0