Раман Якаўлеўскі

Подых халоднай вайны

 

Новае тысячагодзьдзе Эўропа сустрэла чуткамі аб новай ядзернай пагрозе. Практычна адначасова пачалі гуляць у розных колах і мэдыях тэмы захворваньняў вайскоўцаў на леўкемію з-за ўжываньня на Балканах снарадаў са зьбедненым уранам і вяртаньне Расеяй тактычнай ядзернай зброі ў свой калініградзкі (каралявецкі) анкляў у Балтыі.

 

На тэму расейскай ядзернай зброі за першы тыдзень студзеня газэта “The Washington Times” надрукавала ажно два артыкулы. Адначасна з абвяржэньнямі афіцыйных расейскіх прадстаўнікоў у другім артыкуле надрукаваны і пацьверджаньні (з ананімнай крыніцы ў CIA) таго, што ў апошнія паўгоду сапраўды фіксуецца “нейкі перакід тактычнай ядравай зброі ў Калінінград (Каралявец)”. Прычым, дадае гэтая крыніца, прычыны перакіду застаюцца невядомымі. Усе жыхары Цэнтральнае Эўропы нібы зноў адчулі подых “ядзернай” вайны.

Тое, што калінінградзкая праблема можа набыць вайcковае значэньне, прагназавалася аналітыкамі яшчэ год таму. Летась у лютым у Менску адбылося адно цікавае мерапрыемства, пра якое СМІ амаль не ўзгадалі. А дарма. Сабраныя тады за “круглым сталом” экспэрты і палітыкі з Польшчы, Беларусі і Расеі абмяркоўвалі праблемы рэгіянальнай бясьпекі і супрацоўніцтва. Менавіта тады, відаць, упершыню прагучала думка пра так званы “наваградзкі трохкутнік”. Прэзыдэнт маскоўскага фонду “Палітыка” Вячаслаў Ніканаў сказаў, што сьледам за Косавам гэты “трохкутнік” (сутык межаў Польшчы, Літвы і Беларусі) патэнцыйна можа стаць новай “гарачай” кропкай у Эўропе. На думку ўнука Молатава, далейшае пашырэньне NАТО за кошт балтыйскіх дзяржаваў “створыць першаклясны крызыс у адносінах паміж Расеяй і Беларусяй ды Захадам”. Дарэчы, выказваньні В.Ніканава аб “наваградзкім трохкутніку” ў стэнаграму менскага “круглага стала” чамусьці не ўвайшлі. Можна меркаваць, што, натхнёныя гэтай, так да канца і не расшыфраванай аўтарам ідэі “наваградзкага трохкутніка”, менскія стратэгі ўсё часьцей сталі казаць пра нейкую гіпатэтычную Прынёманскую рэспубліку, якую нібыта ня супраць стварыць Захад на частцы тэрыторыі Беларусі. Гэткі прыднястроўскі варыянт на новы лад. Чым не нагода паразмаўляць аб патэнцыйна новай гарачай кропцы ў Эўропе? У сувязі з гэтым варта нагадаць выступ А.Лукашэнкі перад кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў на саміце АБСЭ ў Стамбуле. Ён прыгадаў 600 тыс. палякаў – беларускіх грамадзянаў, якія, паводле ягоных словаў, цалкам падтрымліваюць яго і выбраны ім накірунак разьвіцьця краіны. У адрозьненьне ад польскага ўраду, які не ўхваляе гэтага выбару.

У Варшаве гэтыя выказваньні А.Лукашэнкі многімі былі ўспрынятыя як пагроза, намёк на тое, што ня варта “ствараць” праблемы і забываць пра гэтых палякаў. Пра тое, што пра іх не забывае Польшча, можа сьведчыць і палітыка Варшавы на нясьпешнае, паступовае ўвядзеньне візавага рэжыму зь Беларусяй. А вось любыя праекты “прывілеяванага” рэжыму транзыту паміж Беларусяй, Расеяй і Калініградзкай вобласьцю праз тэрыторыю Польшчы выключаныя. У той жа час Польшча, як і Літва, пасьля ўступленьня ў Эўрапейскі зьвяз цалкам будзе падтрымліваць рознабаковае супрацоўніцтва ЭЗ з Калініградзкай вобласьцю і ўдзельнічаць у ім. Гэтыя намеры Варшавы яшчэ раз пацьвердзіў, выступіўшы на сустрэчы за “круглым сталом” у Менску, Пётра Наімскі – дарадца польскага прэм’ера па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

Ня менш цікавымі былі за “круглым сталом” і думкі з нагоды праблемаў калінінградзкага анкляву, якімі падзяліўся вядомы расейскі палітоляг, дырэктар расейскага Інстытуту ЗША і Канады Сяргей Рогаў. Ён мяркуе, што Калінінград можа апынуцца на вастрыі ўсіх супярэчнасьцяў паміж Расеяй і Захадам. Такая сытуацыя можа зрабіць яго Данцыгам ХХІ ст. Каб Калініград ня стаў Данцыгам, неабходна шукаць нейкія формы шматбаковага вайсковага супрацоўніцтва. Удзел Польшчы ў NАТО зусім не абавязкова павінен замінаць такому супрацоўніцтву. У прыватнасьці, С.Рогаў адзначыў “некаторае значэньне” для расейска-беларуска-польскіх адносінаў дамовы па супрацьракетнай абароне. Пабудаваны расейцамі вайсковы аб’ект у Баранавічах мае дачыненьне да палажэньня гэтай дамовы аб радарах з фазаванай рашоткай. Але амэрыканцы мяркуюць перагледзець гэтую дамову, каб атрымаць магчымасьць разьмяшчаць на зямлі сэнсары і новае пакаленьне радараў. У тым ліку і мабільных.

На думку С.Рогава, адзіная дамова, якая часткова прадугледжвала абмежаваньні на сыстэмы баявога кіраваньня, зь вялікай доляй верагоднасьці будзе пахаваная. Пасьля прыходу рэспубліканцаў у Белы дом такая верагоднасьць наблізілася да 100%. Менавіта сыстэма баявога кіраваньня стала рэвалюцыяй у вайсковай справе. Колькасьць вайсковай сілы болей не вызначае посьпеху ў вайсковым канфлікце. Аднак, падобна, гэта не зьяўляецца відавочным для вайскоўцаў Расеі і Беларусі і іх кіраўнікоў. Каб было іначай, яны б ня сталі гразіцца сваёй вайсковай групоўкай, ацэненай А.Лукашэнкам у паўмільёна душаў.

Мінулы год унёс дадатковыя карэктывы. Новае кіраўніцтва Расеі прыняло новую вайсковую дактрыну, якая дапускае зьніжэньне парогу ўжываньня ядравай зброі. З таго часу ёй ізноў сталі палохаць сваіх геапалітычных супернікаў і іх саюзьнікаў. Паводле адной з вэрсіяў, шум, узьняты вакол вяртаньня ў Калініград атамнай зброі, — з гэтай жа опэры.

А.Лукашэнка дасёньня адкрыта шкадуе аб тым, што Беларусь добраахвотна адраклася ядравай зброі, якая дасталася ёй ад былога СССР. Варта адзначыць, што цяперашні бязьядзерны статус Беларусі зусім не выключае верагоднасьці разьмяшчэньня на яе тэрыторыі ядравай зброі. Натуральна, расейскай. Прынамсі, ад маскоўскіх экспэртаў рознага профілю даводзілася чуць пра гэта. Пры гэтым яны спасылаліся на прыклады разьмяшчэньня амэрыканскай ядравай зброі ў Італіі, іншых натаўскіх краінах. Варта адзначыць, што непакой з нагоды чутак пра вяртаньне ў Калінінград тактычнай ядравай зброі выказваюць і ў Беларусі. “Калі, ня дай Божа, гэтыя чуткі пацьвердзяцца, то цалкам верагодна, што гэтая зброя ўжо трапіла і ў Беларусь”, — лічыць А.Саньнікаў, былы намесьнік міністра ўнутраных справаў.

Калі ў газэце “The Washington Times” ананімнай крыніцай быў названы прыблізны тэрмін, калі быў нібыта зафіксаваны перакід ядравай зброі ў Калінінград — паўгоду таму, можна прыгадаць, што там тады адбывалася. Адбываліся там у жніўні маштабныя манэўры вайскова-марскіх сілаў з баявымі стрэльбамі. Чакалася, што ў іх будзе ўдзельнічаць Уладзімер Пуцін. А потым, асобна, там жа адбыліся сумесныя расейска-беларускія вучэньні войскаў СПА. Камандавалі імі баявыя генэралы — камандуючыя расейскімі ВПС Анатолі Карнукоў і беларускіх СПА Валеры Касьценка. (Адзін праславіўся ўдзелам ў зьбіцьці паўднёвакарэйскага пасажырскага авіяляйнэра, а другі – паражэньнем спартовага паветранага шару з амэрыканцамі.) Уся гэтая актыўнасьць на Балтыцы, канечне, суправаджалася бурнымі перасоўваньнямі розных вайсковых адзінак. На думку прадстаўніка Пэнтагону, вельмі верагодна, што адбылося зьняцьцё тактычных ядравых боезарадаў з караблёў і разьмяшчэньне іх у Калініградзе. На карысьць такога меркаваньня сьведчыла і заява, якую зрабіў новы губэрнатар Калініградзкай вобласьці Ў.Ягораў, раней камандуючы Балтфлётам. Паводле ягоных словаў, на флёце ядравай зброі цяпер няма.

Пашырэньне NАТО і Эўрапейскага зьвязу, верагодна, будзе адбывацца без саюзных Беларусі і Расеі. Гэта азначае, што ўсе рашэньні заходніх дзяржаваў будуць прымаццца насуперак меркаваньням гэтых двух саюзьнікаў. Ужо ў бліжэйшай будучыні гэтае пашырэньне зробіць Калініградзкую вобласьць фізычна ізаляваным анклявам Расейскай Фэдэрацыі. І калі не атрымаецца наладзіць супрацоўнцтва, у тым ліку і ў вайсковай сфэры, то гэта можа прывесьці да небясьпечнай рысы супрацьстаяньня. У гэтым сэнсе дыскусія вакол наяўнасьці ў Калінінградзе атамнай зброі, што адкрывае ХХІ ст., вельмі паказальная.

Пасьля праведзеных у Калініградзкай вобласьці вучэньняў “Захад-99”, на якіх прайграваўся сцэнар адбіцьця агрэсіі NАТО з ужываньнем ядравай зброі, С.Рогаў адзначаў, што ход мысьленьня абодвух бакоў падобны да поўнага вар’яцтва. Наўрад ці наступныя вучэньні на Балтыцы, у тым ліку расейскіх і беларускіх СПА, нешта тутака скарэктавалі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0