Адказ на крытыку

Рэдка ў беларускім друку адбываецца палеміка з такім эмацыйным напалам, спосабамі аргумэнтацыі і далёкасяжнымі высновамі палемізуючых бакоў.

Разам з гэтым палеміка гэтая як бы запозьненая. Рэч у тым, што тэкст пад назвай “Блізіня нуля. Пра філязофію і “філязофію” беларускіх думаньнікаў” (“Arche — Паталёгіі грамадзтва”), які і справакаваў яе, пабачыў сьвет на пачатку сьнежня 1999 г. Відаць, цягам году палемізуючы бок рыхтаваўся да рэплікі, калі не сказаць — удару ў адказ. Апошнім раздражняльнікам паслужыла невялікая, на дзесяць сказаў, анатацыя на сьвежы нумар “Фрагмэнтаў”, якая зьявілася ў № 3 часопіса “Скарына” за 2000 г. Неўзабаве быў зьменены склад заснавальнікаў часопіса “Фрагмэнты”, а пасьля была напісаная гэтая “адповедзь”.

Каб прааналізаваць рэпліку І.Бабкова, вылучым некалькі тыповых для мысьленьня апошняга прыёмаў, агалім, так бы мовіць, яго інтэлектуальны інструмэнтар.

 

абразы

Ігар Бабкоў піша: “Аўтар (В.Булгакаў) імкнецца паказаць, што ён прачытаў 5–6 нямецкіх кніг, пераважна пачатку гэтага стагодзьдзя. Шкада толькі, што ён іх не зразумеў... Адна з 6 нямецкіх кнігаў, якія прачытаў Булгакаў, была напісаная Яспэрсам”. Як кажуць, не ў брыво, а ў вока. Нешта там чуў, нешта недзе чытаў, і нешта зь сябе строіць. Агідна!

Тое, што гэта знарок нанесеная абраза, не павінна ў больш-менш асьвечанай публікі выклікаць хоць нейкія сумневы. Апраўдвацца тут, на добры лад, бессэнсоўна, і таму прывяду толькі адзін аргумэнт. Яшчэ ў бытнасьць сваю работнікам часопіса “Фрагмэнты” я зрабіў некалькі дзясяткаў перакладаў эўрапейскіх філёзафаў і думаньнікаў зь нямецкай, польскай і чэскай моваў. Дзеля таго што адзіным рэдактарам і карэктарам гэтых, як, зрэшты, і ўсіх астатніх тэкстаў у тагачасных “Фрагмэнтах” быў я сам, мне хоцькі-няхоцькі давялося зь імі дэталёва азнаёміцца. У першым квартале 2001 г. будзе апублікаваная пяцьсотстаронкавая анталёгія “Сучасная польская думка”, у якую ўвайшлі створаныя пераважна ў 90-я гады творы 25 найбуйнейшых польскіх філёзафаў. Мне давялося выступіць адзіным перакладнікам і рэдактарам гэтай кнігі. У дадзены момант вядзецца праца над падрыхтоўкай, прычым на такіх жа самых прынцыпах, вялікага тому “Нямецкае і нямецкамоўнае мысьленьне XX стагодзьдзя”. У ім беларускамоўны чытач пазанёміцца з творчасьцю Макса Вэбэра і Людвіга Вітгенштайна, Эдмунда Гусэрля і Марціна Гайдэгера, Арнольда Гелена і Тэадора В. Адорна, а таксама яшчэ дзясяткаў сучасных нямецкіх думаньнікаў.

Прамаўляючы гэткія рэчы, палеміст Бабкоў выяўляе сваю фанабэрыю і фатальна завышаную самаацэнку. Яго мэта – прадэманстраваць анахранічнасьць супрацьлеглага боку, выявіць і вэрбальна замацаваць дыстанцыю паміж рознымі тутэйшымі булгакавымі і “сапраўднымі філёзафамі” яго кола.

 

фальсыфікацыі

Ужо зь першых радкоў гэтай напоўненай гневам рэплікі нельга не заўважыць імкненьня паставіць “супрацьлеглы бок” на месца. Першае і галоўнае месца ў інструмэнтары палеміста Бабкова фактычна займаюць галаслоўныя цьверджаньні, а не выведзеныя дэдуктыўна з ланцуга папярэдніх разважаньняў высновы. Відаць, спачатку была крыўда, і толькі наўздагон была думка.

Прывядзем яшчэ адну цытату “... пасьля перадапошняга “Аrche–Скарыны”, у якім беларускія філёзафы атрымалі за “прафанацыю інтэлектуалізму”, стала зразумела, што адзіным “неспрафанізаваным” інтэлектуалам у гэтай краіне В.Булгакаў лічыць самога сябе”. Яе аўтар як бы незнарок выбудоўвае апазыцыю: беларускія філёзафы/“неспрафанізаваны” інтэлектуал. Але калі прыгледзецца пільней, то можна сказаць, што гэта выточны пункт развагаў палеміста Бабкова.

Па сутнасьці, пазыцыю, якая адстойваецца палемістам Бабковым, можна разгарнуць такім чынам: з пункту гледжаньня “беларускіх філёзафаў” пісаніна “інтэлектуала” Б. не адпавядае строгім вымогам філязофіі, пагатоў гэта сьцьвердзіла палавіна менскай “філязофскай супольнасьці”. Карціна выходзіць з выгляду лягічна несупярэчлівая. Аднак гэткае ўражаньне ўзьнікае дзякуючы актыўнай маніпуляцыі паняцьцямі “філёзаф”, “інтэлектуал”, “філязофская супольнасьць”.

Інтэлектуал Б. ніколі ня быў філёзафам, а яго развагі – ніколі не прэтэндавалі на статус “філязафічных”. Тое, чым займаецца інтэлектуал Б., можна вызначыць як разьлічаныя на сацыяльны рэзананс інтэлектуальныя спэкуляцыі, а не паразытаваньне на полі “philosophiae perennis”. Гэта разумее і палеміст І.Бабкоў, які зь вялікай грэблівасьцю да чытачоў часопіса “Arche” зацеміў: “Тэкст Булгакава... не разьлічаны на падрыхтаванага чытача: аўдыторыя “Аrche” патрабуе не глыбіні, а лёгкасьці ўспрыняцьця? і менавіта гэтую лёгкасьць імкнецца забясьпечыць Булгакаў”.

Надуманасьць такога роду абвінавачаньняў прынамсі мне відавочная: з гэткім жа посьпехам аграномы могуць абвінавачваць Якуба Коласа, што ў яго паэме “Новая Зямля” зьмешчана мала парадаў па севазвароце шматгадовых злакавых.

 

гістэрыкі

“Укажам толькі на рэцэпт булгакаўскай лёгкасьці: ён пераказвае (ці перашыфроўвае) “разумнымі словамі” самыя банальныя рэчы, альбо, калі зьява складаная, спрашчае і баналізуе яе дарэшты”, — піша палеміст Бабкоў. Іншымі словамі, за тое, што ты абвінаваціў мяне ў непрафэсіяналізьме, я цябе ў ім абвінавачу двойчы.

Палеміст Бабкоў тым самым хоча раз і назаўсёды паказаць, дзе ў нас канчаюцца філёзафы і пачынаюцца шарлятаны. Гэтую інтэнцыю падзяляем і мы.

 

міты

Яшчэ адна цытата: “Булгакаву здаецца, што ён “крытыкуе”. Але, у адрозьненьне ад клясычных канцэпцыяў крытыкі, што палягаюць на дадатковых сэнсах, якія дадае крытык да аналізаванага твору, крытыка Булгакава абапіраецца на татальнае неразуменьне таго, што ён крытыкуе”.

Такая дэклярацыя як бы прадугледжвае, што дэклярант будзе мэтадычна датрымлівацца дэкляраванага крытычнага падыходу. На жаль, гэтага не адбываецца. Крытыка чужога тэксту, зьдзейсьненая палемістам Бабковым, зводзіцца да выхопліваньня з кантэксту асобных фразаў, іх суб’ектыўнага супастаўленьня з “клясычным філязафічным канонам” у цэлым і з поглядамі Марціна Гайдэгера ў прыватнасьці і максымальна заніжанай ацэнкі асобы аўтара гэтага тэксту (“нічога не чытаў”, “нічога не разумее”, “усё спрашчае і баналізуе”). Зразумела, што гэта ў строгім сэнсе ня крытыка, а нешта сярэдняе паміж калярытным маналёгам вельмі пакрыўджанага чалавека і вэрбальна-рытуальным забойствам іншага.

 

паклёпы

Вуснамі палеміста Бабкова гаворыць ня розум, а роспач. Роспач ад тупіку, у якім аказаўся сам палеміст Бабкоў і яго група – дзесьці на задворках беларускай гуманітарнай прасторы. Сам палеміст Бабкоў за апошнія колькі гадоў перажывае зацяжны творчы крызыс. Мы амаль ня бачылі яго публікацыяў, калі не лічыць пары конгеніяльных прадмоваў да часопіса “Фрагмэнты” з “Заратустрам на рагу вуліцы Леніна і праспэкту Скарыны” і пары перакладаў з ангельскай.

Часопіс “Фрагмэнты”, гордасьць і слава палеміста Бабкова, друкуецца толькі аднаму яму ведамым накладам у толькі аднаму яму ведамай друкарні і прадаецца (раздаецца?) у толькі аднаму яму ведамых месцах. Наконт якасьці падрыхтоўкі тэкстаў у “Фрагмэнтах” цікаўных адсылаем да адпаведных нумароў часопіса “Arche”, дзе яна ўжо была падрабязна прааналізаваная.

Найважнейшае: пасьля шасьцёх гадоў кіраваньня Лукашэнкі ў асяродзьдзі беларускіх незалежніцкіх элітаў зьнікла тое атупеньне, тое дзіцячае лапатаньне, зь якім яны яшчэ нядаўна сустракалі кожнае прамоўленае і пагатоў выдрукаванае беларускае слова.

А самае страшнае, што перад намі ня што іншае, як нэрвовая рэакцыя на звычайную канстатацыю, па-першае, недахопаў у карэктуры і рэдактуры рэдагаванага палемістам Бабковым выданьня і, па-другое, далейшай маргіналізацыі ачольванага ім філязафічнага асяродку. Канстатацыю, як пагаджаецца сам палеміст Бабкоў, “часткова справядлівую”.

 

пазытыўны сэнс

Пры канцы пару словаў пра пазытыўны сэнс распачатай палемікі. Натуральна, ня ўсё ў рэпліках палеміста Бабкова брахня. Напрыклад, калі ён гаворыць, што з “прымарных і сэкундарных дыскурсаў” інтэлектуала Б. сьмяялася палова філязафічнай супольнасьці, ён тым самым, хай і нэгатыўных чынам, сыгналізуе, што тэкст інтэлектуала Б. выклікаў жвавыя дыскусіі прынамсі ў асяродзьдзі менскіх гуманітараў.

Прызнацца, тэкст “Блізіня нуля. Пра філязофію і “філязофію” беларускіх думаньнікаў” перасьледаваў адну-аднюсенькую мэту: агаліць убогі да трагічнасьці сучасны стан беларускай філязофіі (якую палеміст Бабкоў па традыцыі зводзіць да філёзафаў свайго кола) і справакаваць па магчымасьці бурлівую палеміку па гэтым пытаньні. Ніякіх іншых дадатковых, уласна навуковых мэтаў (напрыклад, зрабіць пераварот у філязофіі) аўтарам не прадугледжвалася. У гэтым сэнсе наш замер у сутнасьці спраўджаны.

Разьвітаньне зь філязафічным інфантылізмам у Беларусі можа адбыцца толькі ў рэжыме актыўнага абмену думкамі і духоўным досьведам, нязмушанага дыялёгу і інтэлектуальных палемік. Шкада толькі, што пакуль яны адбываюцца ў нас на такім пячорным узроўні.

Валерка Булгакаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0