Водгук

 

Пра Вайсковыя могілкі ў Менску

Высокапаважаны спадару Мухін!

Зь вялікім зацікаўленьнем я, Вітаўт Кіпель, і мая жонка, Зора Кіпель (дзявочае прозьвішча Зора Савёнак), прачыталі ў “НН” Ваш рэпартаж-расказ пра Вайсковыя могілкі ў Менску. Я й Зора — абое мянчане, народжаныя ў Менску, — дзяцінства нашае цалкам зьвязана зь Менскам, а маё й з могілкамі. Зора даўгія гады жыла непадалёк тых могілак у бок «галанцярэйкі» (ейны дом стаяў, дзе цяпер невялічкі парк). Хата майго дзеда Васіля Зубкоўскага была за пару сотняў мэтраў ад могілак на Горным завулку, ідучы наверх з правага боку. Тую хату мой дзед сам будаваў недзе ў 1906–1907 гг. У гэтай хаце я жыў пару год па народжаньні. Потым, калі нашу сям’ю выслалі ў 1930 г. у Расею, пачынаючы ад 1933 да 1938 г., я кажнае лета праводзіў у дзеда. Дык тыя могілкі бывалі для мяне і паркам, і месцам гульняў. Я й цяпер, калі бываю ў Менску, частавата адведваю тыя мясьціны. Напэўна, хаця гэта, мабыць, і «тапор пад лаваю», тыя могілкі значна пашыраныя. Відаць, пасьля вайны. Алея магілак савецкіх жаўнераў, што займае палажэньне зьверху ўніз ад Чырваназорнае да Даўгабродзкае, адпавядае былой вуліцы Ямнай, што злучала Чырваназорную з Даўгабродзкаю. Горны завулак да Ямнае не даходзіў, а там быў нібы зыгзаг. На другім канцы Горнага завулку была вуліца, што вяла на пляц Якуба Коласа (там цяпер сходкі).

У гады перад вайною бывалі часы, калі дзьверы ў царкву на могілках былі адчыненыя. Мясцовыя людзі пільнавалі той уваход, часта тое-сёе падрамантоўвалі. Найбольш працавалі каля царквы сп. Суднік і мой дзед Васіль Зубкоўскі. Дарэчы, Суднік быў каталік, меў на Горным завулку сваё прадпрыемства (за цара) і перад рэвалюцыяй вымасьціў плітамі значныя паверхні перад Чырвоным касьцёлам. Я пра гэта расказаў сп. Захару Шыбеку, і ён пра Судніка ўспамінае ў беларускамоўнай кнізе «Менск. Старонкі жыцьця дарэвалюцыйнага гораду». Але найболей царкву пільнавала нейкая Эўфрасіньня, як нам, дзецям, казалі, «беспрацоўная». Тэй асобе ня выдалі пашпарту й нідзе ня бралі на працу, бо яна не згадзілася, каб у пашпарце напісаць «Фрося» заміж «Эўфрасіньня».

Старыя казалі, што «ўласьці» хацелі, каб аграды будавалі з крыжамі з «касою папярэчкаю», бо «так нада» было, а не «па-старому», гэта значыцца, без касое папярэчкі. Добра зразумеў я гэта ўжо значна пазьней! Калі мы ставілі помнік на магіле мае бабкі (яна пахавана з правага боку царквы, мэтраў дзесяць ад будынку дарогаю да армянскага помніка зь беларускім надпісам), у дабавак да клясычнага крыжу на агароджы мы яшчэ паставілі й крыж Эўфрасіньнеўскі ды далі гісторыю сям’і.

Ідучы пад армянскі помнік правым бокам уздоўж царквы, пабачыце невялічкі гранітны квадрацік з надпісам прыблізна такога зьместу (у расейскай мове): тут спачывае раб Божы Яан Кушнер. Гэта магілка сьвятара Івана Кушнера, які загінуў у 1943 г., узарваўшыся на міне. Гэта быў настаяцель тае царквы. Паходзіў айцец Іван з Наваградчыны. У Менск прыехаў у часе акупацыі й адразу пачаў уводзіць беларусізацыю ў тую царкву: зьбіраў моладзь, арганізаваў хор, праводзіў беларускую працу. Часта, ідучы да хаты (а. Іван жыў на Кладбішчанскай вуліцы), ён затрымліваўся на пагарэлішчах, дзе мы найчасьцей пасьвілі козы ці каровы, ды агітаваў нас, а было нас шмат, запісвацца ў царкоўныя арганізацыі. Некаторыя з маіх сяброў далучаліся да царквы, але я «аднекваўся», бо займаўся іншым. За пару год той сьвятар стаўся вельмі папулярны на Камароўцы. Яго хавалі тысячы людзей, дзясяткі сьвятароў, некалькі япіскапаў. Прамовы ўсе былі па-беларуску, і быў пастаўлены вялікі крыж зь беларускім надпісам. Той крыж зьнішчылі і ўсё «ўраўналі».

У вялікай пашане ў наведнікаў была магіла прафэсара Бліядухі, налева ад уваходу ў царкву, але яшчэ на дарожцы да царквы. Хадзіла легенда, што гэты чалавек хацеў, каб Беларусь была незалежная, каб Беларусі ўсяго было даволі.

Першы крыж на магіле Эдуарда Самуйлёнка паставілі Лявон Савёнак і Антон Шукелойць.

Пару слоў пра магілу Ўсевалада Ігнатоўскага. 25 сакавіка 1944 г. пры гэтай магіле мы складалі прысягу Беларусі. Быў той дзень вельмі ўрачысты. Нас, юнакоў, было сотні паўтары, а можа й болей. Сябры Саюзу Беларускае Моладзі былі зь менскіх школ, вялікі зьвяз моладзі з радыёзаводу, з сэмінарыі, з фэльчарскае школы ды нават зь іншых мясцовасьцяў. Цырымонія доўжылася пару гадзін, былі дзясяткі бела-чырвона-белых сьцягоў і гарністы. Праўда, быў вельмі халодны дзень, і ў тых уніформах было здорава холадна! З прамоўцаў я памятаю А.Комара з Саюзу Беларускае Моладзі, здаецца, прамаўляў Д.Стэльмах.

Пра магілу Янкі Купалы дасылаю ўспамін Апалёніі Савёнак.

З глыбокаю пашанаю
Вітаўт і Зора Кіпелі

 

Прыпамінаю...

У часы нямецкай акупацыі Менску ўлетку, недзе пад канец чэрвеня 1942 г., зусім нечакана, на ледзь значнай сярод руінаў вуліцы, што вяла ад Верхняе Ляхаўкі на вакзальную плошчу, спатыкаю Ганну Луцэвіч, малодшую сястру Янкі Купалы. Нідзе ні душы. Яна блукала як непрытомная. У роспачы кінулася да мяне. «Сам Бог паслаў мяне сустрэць Вас», — ледзь вымавіла ў сьлёзах. Хаця такая роспач была на тую пару звыклаю зьяваю, аднак у спакойнае Ганны гэта было нешта надзвычайнае.

— Што сталася? — пытаюся, моцна абдымаючы яе ды стараючыся супакоіць.

— Мама памерла. Я ня ведаю, што рабіць, — выціснула яна, ледзь дыхаючы.

Божа мой! Купалава маці памерла, а я ня ведала нават, што яна жыве тут, у Менску, ня ведала, як жыве. А Ганна тымчасам жалілася:

— Ня ведаю, як здабыць дамавіну, выкапаць дол. Нічога ня ведаю. І сёстрам як пераказаць, ня ведаю.

— Супакойцеся, пачакайце, можа, што-небудзь зарадзім.

І павяла яе ў рэдакцыю «Беларускае газэты».

Па дарозе яна расказала, што жылі яны з маткаю на Грушаўскім пасёлку, што пераказаць сёстрам яна ня мае ніякае магчымасьці — так тады цяжка было з камунікацыяй — сказала, што матар’яльна яны маюцца вельмі слаба.

У рэдакцыі, як даведаліся пра сьмерць Купалавае Маткі, узяліся зрабіць самае канечнае, што можна было ў тых абставінах: зрабіць дамавіну, раздабыць транспарт, дастаць дазвол на пахаваньне, на месца на могілках, выкапаць дол. На тую пару гэта былі нялёгкія справы. У «Беларускай газэце» было паданае ў чорных рамках паведамленьне пра сьмерць Бэнігны Луцэвіч...

Мы з Ганнаю пайшлі да яе на кватэру. Мы самі ўдзьвёх абмылі, як маглі, нябожчыцу, апранулі ў чыстае. Сукенка была ўжо гатовая. Бронзавая ў сьветлыя крапінкі. Злажылі на ўслон. Ня мелі ні сьвечкі, ні абразка. Назаўтра была прывезена дамавіна.

На трэці дзень на грузавіку, звыклым рабочым грузавіку, прыехалі ўстоячкі людзі з рэдакцыі, сярод іх галоўны рэдактар Казлоўскі, паэтка Натальля Арсеньнева, Антон Адамовіч, Лявон Крывічанін і іншыя ды кс. Гадлеўскі. Зьявіліся сьвечкі й крыжык. Сьвятар адправіў рэквіем.

На час вынасу цела сабралася ладная грамадка суседзяў. На грузавік вынесьлі дамавіну, а вакол пасталі ўсе, хто меў праводзіць на могілкі. Грузавік падкідвала на разьбітых вуліцах.

Пахавалі матку Янкі Купалы на вайсковых могілках, недалёка ад царквы. Кс. Гадлеўскі, асьвяціўшы адкрытую магілу, сказаў колькі словаў. Нічога ня памятаю зь ягонае прамовы, толькі апошнія словы: «Дзе сын Твой, гаротная беларуская маці?» Была яшчэ прамова Антона Адамовіча ад рэдакцыі «Беларускае газэты», і запамяталіся зь яе словы, што сэрца Купалы павінна было вычуць, што маці ягоная памерла і мы яе сяньня хаваем. Толькі пазьней мы даведаліся, што ў гэты самы час загінуў Купала недзе далёка ад Бацькаўшчыны.

Ганна заплакала, выціраючы сьлёзы канцом белае хусткі, што была завязаная пад бараду. Усё ж у сваёй глыбокай роспачы не забылася падзякаваць прысутным, казала, што не спадзявалася такое дапамогі, што як зь неба спусьцілася да яе. Прасіла выбачэньня, што ня можа, як належала, прыняць удзельнікаў пахаваньня. Але каб і магла, гэта непатрэбна, бо ніхто не затрымліваўся, усе разышліся. У тую пару ўсе ўсяго баяліся. Жудасны час вайны.

Так сьціпла пахавалі мы маці нашага вялікага Песьняра.

А[палёнія] С[авёнак]

Паводле газэты «Беларус»,
№ 287, 1981 г.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0