Тавэрна ў Глыбокім

Глыбокае шмат каму падабаецца. Гарадок, пра які звычайна кажуць: “Ён захаваў свой твар”. Ёсьць тут славутасьці, якія варта паглядзець: Траецкі касьцёл і Катэдральны сабор у стылі віленскага барока, музэй, Дом рамёстваў, мэмарыяльныя комплексы, дэндралягічны сад… Дый стаіць Глыбокае на скрыжаваньні бойкіх шляхоў: Рыга—Менск і Полацак—Вільня. Часта наведваюцца сюды замежныя госьці з амбасадаў: амэрыканскай, нямецкай, ізраільскай, італійскай і польскай. Зрэшты, польскую мову тут можна пачуць амаль штодня. Яно і зразумела: у паваенным часе адсюль зьяжджалі цэлымі вёскамі, цэлымі парафіямі разам з ксяндзамі, ратуючыся ад калгасаў і камунізму. Цяпер унукі з-пад Уроцлава і Гданьску шукаюць тут сваіх каранёў.

Да апошняга часу не было ў Глыбокім прыстойнага месца, куды б можна было схадзіць і “культурна пасядзець”, адпачыць, папіць кавы ці гарбаты. Адзіны рэстаран-кафэ “Колас” ня мог задаволіць самыя патрабавальныя густы.

Апошнім часам у гэтым кірунку адбываецца сапраўдны бум. Адчыніліся “Беларускае бістро” (праўда, адзінае, што там беларускага, дык гэта напісанае па-беларуску мэню), кавярні “Кураж” і “Нэон”, куды на “мэрсах” прыяжджае ўся глыбоцкая круціна. На гэтым тле глыбоцкі “общепит” вырашыў не адставаць ад моды і адкрыў… тавэрну.

Разьмясьцілася яна ў старым, пачатку ХХ ст., каменным будынку былога паравога млына. У нішы захаваўся надпіс: “Cооружено П.І.Мирманомъ въ 1911 году”.

На пачатку перабудовы тут была танная забягайлаўка пад назовам “Стары млын”, дзе можна было ўрачыста адзначыць “дзень зарплаты” або “дзень флёту”... Запомніўся эпізод з 1991 г., калі ў дзень вядомага рэфэрэндуму пра захаваньне СССР тут, за шклянкай гарэлкі, наведнікі жыва абмяркоўвалі падзею. Памятаецца, тады тут ніхто не выказваўся за непахіснасьць СССР. Чулася: “Пакіравалі намі, досыць! Цяпер будзіць беларуская ўласьць!..”

“Стары млын” потым чамусьці зьмянілі на кавярню “Алеся”, але лепшай яна ня стала. Можна было тут на разьліў напіцца віна без рэстараннай надбаўкі ў кошце, а ўвечары, калі прыйшоў без кампаніі, яшчэ й атрымаць па мордзе.

І вось, за нейкі месяц зрабілі “эўрарамонт”, паставілі новыя дзьверы “ў стылі барока”, заміж звычайных шыбаў уставілі каляровыя вітражы, начынілі добрай мэбляй, прыгожа апранулі дзяўчат-афіцыянтак, а разьбярнай работы бар нагадвае ледзьве не касьцёльны алтар... Як для Глыбокага — дык можа й занадта. Галоўнае — паваліў туды народ. Адзінае, што засмучае — надта гучна грае музыка, не чуваць суразмоўцы, які сядзіць побач.

Зразумела, ня мог і я абмінуць тое месца. Усё-ткі Глыбокае — не Варшава і нават ня Менск — ня кожны дзень і ня кожны год тут адкрываюцца тавэрны. Ды тут — такая нагода: праездам былі варшавякі і папрасілі паказаць Глыбокае.

Мэню ўразіла сваімі найменьнямі. Куды ні торкніся — усюды нешта нямецкае: то салата па-ляйпцыгску, то каўбаска па-дрэздэнску, то сасіскі па-франкфурцку, то сьвініна, засмажаная па-нямецку…

Глыбачане адрэагавалі на гэта прыкладна так: “Пэўна, немцы кінулі грошай!” Ці гэта праўда — ведаюць толькі тыя, каму гэта трэба ведаць. Штопраўды, нямецкая амбасада часта наведвае Глыбокае з нагоды перазахаваньня палеглых нямецкіх жаўнераў з часоў другой сусьветнай вайны, пахаваных некалі пад футбольным полем гарадзкога стадыёну. Іх эксгумавалі і перазахавалі на новым гарадзкім цьвінтары, паставілі мэмарыяльны знак, а стадыён шпаркімі тэмпамі пачаў будавацца наноў у стылі “Лужнікоў”. Глыбоцкая каманда “Азерцы” выступае ў другой лізе чэмпіянату краіны і дужа прагне патрапіць у першую лігу. На працягу чэмпіянату ідзе ў групе лідэраў, але пад канец заўжды чамусьці не хапае моцы, адкочваецца на чацьвертае — пятае месца.

Зрэшты, цяпер Глыбокае можа сустрэць па-эўрапейску любых замежных гасьцей. Важна і тое, што кошты ў глыбоцкай тавэрне, у адрозьненьне ад наваполацкіх і менскіх кавярняў, “не кусаюцца”. Таньней у тры разы! Глыбачане ўпадабалі навінку, і да паўночы тут людна.

Уладзімер Скрабатун, Глыбокае


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0