Масква—Пінск

Той факт, што ўсе беларуска-расейскія саюзныя дамовы — пусты гук, для мяне чарговы раз пацьвердзіўся ў цягніку “Менск—Масква”. Прыкладам, пасьцельная бялізна прадаецца там за расейскія рублі (15), а калі хочаш набыць за беларускія — у два разы даражэй (1000). Пра гарбату ці яшчэ што за айчынныя грошы беларусам лепш не пытацца — гвалту будзе...

На Беларускім вакзале ў Маскве, у гэтым, здавалася б, сэрцы інтэграцыйных працэсаў, у абменьніку сярод доўгага сьпісу швэдзкіх кронаў ды канадзкіх даляраў няма хіба толькі валюты найбліжэйшага суседа — беларускіх рублёў...

Еду назад. Беларускі цягнік зь “берасьцейскай брыгадай” праваднікоў. Усё за “зайцы”. А 3 гадзіне ночы выходжу на вакзале “Баранавічы-Цэнтральныя”. Вельмі цёмна, халодна й пуста. Мой наступны цягнік, да Лунінца, праз гадзіну адыходзіць зь іншага вакзалу “Баранавічы-Палескія”. Першы аўтобус ад аднаго вакзалу да другога толькі празь дзьве гадзіны. Усё навокал замкнёнае. Бяру таксоўку — цана ізноў у расейскіх рублях. Пералічылі “па курсе” на свае.

На “Баранавічах-Палескіх” першая справа — гарачая гарбата. Гарбаты нідзе няма, толькі кава. У чарзе амаль усе мае папярэднікі замаўляюць “сто грам і бяляш”. Бяру каву ў аднаразовым плястыку і іду на дызэль. Па дарозе бачу, што з плястыку нават ня сьцерлі памаду, пакінутую жанчынай, што піла да мяне... Няма калі сварыцца.

На дварэ градусаў 6–7 марозу, у дызэлі, пэўна, яшчэ халадней, бо вецер сьвішча зь дзірак, а на падлозе вагону — невялічкая завіруха. Амаль усе пасажыры ўціснуліся ў першы вагон, спадзеючыся, што машыніст уключыць цяпло хаця б тут. Марна. Тры гадзіны можна і пацярпець. Суседзі-палешукі з выразным давыд-гарадоцкім вымаўленьнем апранаюць усё, што ёсьць у торбах, прычым ногі ў дадатак да шкарпэтак абмотваюцца газэтамі. Так цяплей.

У Лунінцы на вакзале відавочны прагрэс — нарэшце ўсталявалі міжгародні тэлефонны аппарат, пра які гаварылі яшчэ гадоў 10 таму, калі я езьдзіў тут студэнтам.

Вельмі трэба сагрэцца. Але вакзальны буфэт зачыняецца а 7-й раніцы — роўна праз 5 хвілінаў. Гарбаты няма.

На прывакзальнай плошчы — шапік. Іду туды. Унутры мужчыны адкрыта п’юць проста з пляшак таннае яблычнае віно і адразу іх здаюць. Нічога іншага, каб сагрэцца, няма. Паесьці — мерзлая канапка з чорнага хлеба са смажаным яйкам. Замаўляю бульбяныя чыпсы. Хутка цягнік да Пінску. Грэцца буду ўжо ў сваёй хаце.

Аляксей Дзікавіцкі,
Пінск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0