Пад польскім крылом

Падарожжа да шчучынскіх палякаў

 

Калі зірнуць на этнічную мапу Беларусі, можна заўважыць на поўначы Шчучынскага раёну частку, пазначаную іншым ад астатняй тэрыторыі колерам. Тут жывуць палякі. Гэта мая маленькая радзіма.

 

Мястэчка Васілішкі – адзін з польскіх цэнтраў паўночнай Шчучыншчыны. Вядомае яно з 1440 г., калі церазь яго праяжджаў Казімер, будучы вялікі князь літоўскі і кароль польскі. Васілішкі былі цэнтрам староства, уваходзілі ў Віленскае ваяводзтва. Пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі ў 1795 г. увайшлі ў Лідзкі павет Віленскай губэрні. У 1921 г. паводле Рыскай дамовы мястэчка адышло да Польшчы, стала цэнтрам гміны. Тут былі адчыненыя дзьве школы: жыдоўская, для дзяцей местачковых жыдоў, і польская, першыя чатыры клясы якой абавязаныя былі наведваць усе дзеці зь мястэчка і прылеглых да яго вёсак. Для дзяцей, якім далёка было дабірацца да школы, была пабудаваная адмысловая хата, што адчынялася кожнае зімы. Гаспадаркі да 1939 г. людзі мелі пераважна серадняцкія: 1–3 кані, 2–4 каровы, сьвіньні, авечкі. Беднымі, са словаў старых, былі толькі гультаі і п’яніцы. Калі ў каго не было досыць зямлі, каб пракарміць сям’ю, ён ішоў у заробкі да пана альбо да багатага жыда.

Гады свайго юнацтва і маладосьці старыя згадваюць з пэўнай настальгіяй. Ня дзіва – у параўнаньні з калектывізацыяй, што распачалася напрыканцы 40-х, “польскія” часы сапраўды паўстаюць у ружовых колерах: “Някепска жылі людзі, свабода была...” 39-ы год і савецкі гвалт над сялянствам пакінулі глыбокі сьлед у памяці тутэйшых палякаў, глыбейшы нават, чым другая сусьветная вайна. Адразу пасьля прыходу савецкіх войскаў тутэйшыя паны, а таксама хто-ніхто з заможных сялянаў, былі пазбаўленыя маёмасьці і высланыя ў Сыбір. Многія, каб пазьбегнуць такога лёсу, кідалі гаспадаркі і ўцякалі ва ўжо занятую немцамі Польшчу – “на радзіму”. Вам і сёньня назавуць імёны тых, хто воляю лёсу пакінуў тутэйшыя мясьціны, апынуўся ў Сыбіры, Польшчы ці проста зьнік, як гэта часта тады здаралася. Прыход немцаў прынёс адносны спакой. Людзі маглі спакойна працаваць, жаніцца, нараджаць дзеці. “Вызвольнае” савецкае войска падчас наступленьня часткова спаліла Васілішкі і пару навакольных вёсак, моцна пашкодзіла местачковы касьцёл. А пасьля надышоў сорак восьмы год — год росквіту калектывізацыі ў Заходняй Беларусі. Ідэя “сьветлае будучыні”, за якую трэ было аддаць усё, што маеш і працаваць задарма з ранку да ночы, мала каго вабіла. У калгас натуральна заганялі. “Ня хочаш ісьць у калхоз, табе налог прышлюць. Заплоціш, а праз два дні новы, яшчэ велькшы. І так пакуль не абдзяруць, як ліпку. Быдла, коні забіралі ўночы. А потым голы мусіў ісьць. А хто зразу пайшоў, пажыў троху на запасах”. За адзін працадзень у калгасе давалі 200 грамаў збожжа, тады як за польскім часам на грошы, заробленыя за дзень працы ў пана, можна было купіць каля двух пудоў збожжа. Калектывізацыя выклікала голад, па вёсках пайшлі жабракі, якія са сьлязьмі ў вачох прасілі “хоць скарынку хлеба, хоць якую капейку”. Хлеб у вясковых крамах не прадавалі, і людзі вымушаныя былі ехаць у Горадню (за 70 кілямэтраў!), бегаць па крамах – больш за два боханы ў рукі не давалі – зьбіраць так торбу-другую, каб надоўга хапіла, і везьці дахаты... Пасьля, у часы “брэжнеўскага камунізму”, калі заробкі ў калгасе зрабіліся большыя, стаўленьне вяскоўцаў да калгасу зьмянілася ў лепшы бок. Сёньня многія тутэйшыя палякі, асабліва тыя, хто на ўласныя вочы ня бачыў калектывізацыі, папросту не ўяўляюць жыцьця безь яго, хаця й усьведамляюць, што сёньняшняя адносная заможнасьць ёсьць вынікам не дабротаў калгаснай сыстэмы, а дапамогі “гарадзкіх”, а то й “польскіх” сваякоў. І зарабляюць людзі дзе толькі ёсьць магчымасьць, бо на калгасную зарплату ў 20 тысяч не пражывеш. Апошнім часам гаспадарка тут усё больш натуралізуецца, а за грошы людзі набываюць прамысловыя тавары. Усё больш зьяўляецца коней — унівэрсальнай цяглавай сілы. Адзіная праблема — нарыхтаваць сена на зіму, але гэта каштуе значна таньней за паліва для машыны. Калі трэба паехаць куды далёка, карыстаюцца аўтобусам. Калі хто й мае старэнькі легкавічок, дык карыстаецца ім досыць рэдка — дарагое гэта на сёньня задавальненьне.

Не спадзявайцеся, што, патрапіўшы сюды, пачуеце чыстую польскую мову. Пераважае беларуска-расейская трасянка, у якой польскіх словаў усяго каля 10–15%: “дзісь” — “сёньня”, “жадны” — “ніякі”, “загарак” — “гадзіньнік”, “той рок” і “гэты рок” — “летась” і “сёлета”, назвы месяцаў ды іншае. “Той рок бульба кепска была, жаднэго не было на вёсцы, хто добра сабраў, а гэты рок добра, велька ўрадзіла”. Польскамоўны чалавек не застанецца сёньня тут у моўнай ізаляцыі, і калі адказаць яму па-польску здолеюць хіба што старыя людзі, дык зразумеюць усе. Але кожнае новае пакаленьне ведае мову продкаў усё горш, і, калі ня спыніцца гэтая тэндэнцыя, празь нейкі час ня будзе каму адказаць на пытаньне, заданае па-польску. Гэта ўлічваюць і сьвятары. Аднаго разу мне давялося прысутнічаць у касьцёле падчас шлюбу. Памаліўшыся па-польску і асьвяціўшы новую сям’ю, ксёндз сказаў невялікую прамову для ўсіх на расейскай мове і, самае цікавае, ніхто, за маім, бадай, выключэньнем, не зьдзівіўся. На думку многіх мясцовых палякаў, адрадзіць мову ім дапамагла б свая нацыянальная школа. “Каб нам польску школу адкрылі, як упярод было. Каб нашыя дзеці там вучыліся, як у Гродне”, – кажуць яны. Польская школа тут была зачыненая адразу пасьля прыходу саветаў, а замест яе адчынілася і дзейнічае дасёньня расейскамоўная. Няглядзечы на гэта, гурток самадзейнасьці, што існаваў пры даўнейшай школе, захаваўся. У 50-х гадох маладыя хлопцы і дзяўчаты ладзілі па вёсках выступленьні, ставілі п’есы на польскай мове, чыталі вершы, сьпявалі песьні. Ды яшчэ і ў 80-я жанчыны аднае зь вёсак рабілі нешта падобнае.

Кожны, каго вы тут спытаеце пра нацыянальную прыналежнасьць, назаве сябе палякам. Пры гэтым будзе казаць нешта накшталт: “Мой дзед лічыўся палякам, мой бацька таксама, і я — паляк”, “у нашым родзе ўсе ў касьцёл хадзілі” і да т.п. Традыцыя атаясамленьня нацыянальнасьці з рэлігіяй (каталіцтвам) на поўначы Шчучыншчыны захоўваецца дасёньня. Па ўсёй верагоднасьці, тоеснасьць “каталік = паляк” яшчэ доўга будзе жыць у людзкой сьвядомасьці і перадасца наступным пакаленьням. Так, вясковая моладзь, якая і традыцыі тутэйшыя дрэнна ведае, і размаўляе ў асноўным па-расейску, касьцёл па нядзелях і на сьвяты наведвае абавязкова.

На пачатку 90-х сюды прыехалі некалькі расейскамоўных сем’яў з гораду. Тады лётала ў паветры модная ідэя фэрмэрства, дый есьці ў горадзе часам не было чаго. Разбагацець яны не разбагацелі, але прыжыліся і ня сталі адсюль зьяжджаць. Ім усяляк дапамагалі ўліцца ў вясковае жыцьцё, бо ў вёсках засталіся пераважна старыя людзі, і яны радыя кожнаму, хто прыяжджае сюды жыць. Магчыма, хоць у гэтых людзях вяскоўцы жадаюць бачыць працяг сваёй справы, сваіх традыцыяў. “Во там хата стаяла, ня жыў ніхто, а цяпер людзі жывуць — і добра, хай жывуць...” Прычым да іх іншай мовы і рэлігіі ставяца нават не з павагай і разуменьнем, а хутчэй з абсалютнай абыякавасьцю; гэтым тут цікавяцца ў самую апошнюю чаргу.

А вось нявернікаў тут вельмі ня любяць. Вы гэта добра адчуеце, калі адкрыта выявіце свае перакананьні: усе вашыя, здавалася б, лягічныя аргумэнты разаб’юцца аб фразу: “Як гэта няма Бога?! Як жа жыць бяз Бога, Бог жыць памагае”. Гэтыя словы – своеасаблівы лёзунг беларускіх палякаў, зь якім яны перажылі нялёгкія часы.

Касьцёл у Васілішках быў пабудаваны ў мінулым стагодзьдзі. У другой палове ХІХ стагодзьдзя быў перароблены на царкву, але туды мала хто хадзіў — праваслаўных тут амаль няма — і яго ізноў зрабілі касьцёлам. У вайну немцы зацягнулі на адну са званіцаў гармату і распачалі страляніну па савецкіх войсках, якія адказалі тым самым і, у выніку, моцна пашкодзілі касьцёл, але (як ні дзіўна) у савецкі час ён быў адбудаваны і функцыянаваў безь перапынкаў. Сёньня ў ім служыць ксёндз Станіслаў, які прыехаў з Польшчы. Пры касьцёле жывуць тры манашкі, таксама полькі.

Клябанскі касьцёл (Клябаньню тут звычайна завуць Старыя Васілішкі) маладзейшы за свайго васілішкоўскага брата, ён пабудаваны ў 1905 г. на месцы старога драўлянага касьцёлу, узьведзенага, са словаў даглядчыка Казімежа Маркевіча, яшчэ напрыканцы XV ст. Яго выяву можна сёньня пабачыць на касьцёльных вітражах. Частка начыньня і вітражы былі заказаныя ў Варшаве, частка (у тым ліку ахвярнікі і драўляныя скульптуры) — перанесеныя са старога касьцёлу. Грошы на новы касьцёл зьбіралі ўсёй грамадой. Давалі хто колькі мог, дый будавалі людзі самі, толькі інжынэры былі нетутэйшыя. Удзел у гэтай супольнай працы быў надзвычай пачэснай справай – дагэтуль людзі зь вялікім гонарам апавядаюць пра сваякоў, якія будавалі касьцёл. У ніжняй частцы фасаду на гранітных плітах пазалочанымі літарамі былі выбітыя імёны тых, хто ахвяраваў на пабудову касьцёлу; за савецкім часам літары зьбілі, а імёны заляпілі цэмэнтам. Першым ксяндзом у касьцёле быў Францішак Сакалоўскі, з чыёй ініцыятывы ён і будаваўся. Пасьля яго — ксёндз Ян Матулевіч, затым Вацлаў Родзька. Надзвычай цёплыя ўспаміны захоўваюць тут пра ксяндза Тэафіла Прышманта, на долю якога выпала служыць і пры немцах, і ў пасьляваенны час, абараняць касьцёл ад памкненьняў мясцовых “бязбожнікаў”. Памёр ксёндз Прышмант у 1957 г. і быў пахаваны на касьцёльным двары. У 1961 г. касьцёл зачынілі. Але імкненьне людзей да Бога было мацнейшым за савецкія забароны. Адзін зь вернікаў меў ключы ад касьцёльных дзьвярэй, і людзі таемна па вечарох хадзілі туды маліцца. Часам сюды, таксама таемна, прыяжджалі ксяндзы зь Літвы – адправіць набажэнства, пахрысьціць дзяцей. Так быў ахрышчаны і аўтар гэтых радкоў. За таемнае маленьне людзей часам затрымлівалі, давалі на той час досыць вялікі штраф — 30–50 рублёў. Адчыніўся касьцёл толькі ў гарбачоўскую перабудову, у 1989-м, на вялікую радасьць усіх тутэйшых людзей. Сёньня там другі год служыць ксёндз Зьбігнеў Драгова, які сюды прыехаў з Варшавы.

На сёньня да парафіі належыць каля 40 вёсак, усяго каля 1500 жыхароў. А перад вайной было 5500. У далёкіх вёсках, адкуль цяжка дабрацца да касьцёлу, ёсьць каплічкі. Ксёндз прыяжджае туды сам на сваёй няновай белай “Ніве”. Як толькі ён зьяўляецца ў любой вёсцы, да яго адразу ідуць людзі — спытаць што, параіцца, паспавядацца, папрасіць наведаць нямоглага ды з многімі іншымі справамі. Айцец Зьбігнеў вельмі заклапочаны “заганамі грамадзтва”: п’янствам, прагнасьцю да грошай. “Для чаго чалавек ходзіць у касьцёл? Каб атрымаць згоду і спакой. Хто ня хоча гэтага мець, той у касьцёл не ідзе”.

Што яшчэ вы тут абавязкова заўважыце, дык гэта цудоўнае веданьне тутэйшымі свайго радаводу. У якую б хату вы ні ўвайшлі, вам кожны распавядзе пра сваіх продкаў сама мала да пятага калена, пакажуць немалы стос фатакартак – даўніх і ня дужа, старых дакумэнтаў, а са старых рэчаў, што ляжаць на гарышчы, можна ствараць музэй. Распавядаць пра сваё паходжаньне — адна з найулюбёных справаў старых людзей, і яны выкарыстоўваюць для гэтага кожную магчымасьць. Адна бабуля паказала мне здымак 30-гадовай даўніны, на якім было некалькі дзясяткаў чалавек, і без замінкі назвала кожнага па імені. Седзячы побач зь ёю, адчуваў комплекс непаўнавартасьці ад уласнага няведаньня.

На Дзяды на могілках ніколі не бывае бязьлюдна. Дый ня толькі на Дзяды. Кожны, хто можа дайсьці да могілак, лічыць сваім абавязкам наведаць бацькоўскія магілы, прыбраць іх, паставіць сьвежыя кветкі. У хаце фатакарткі продкаў вісяць на самым бачным месцы, часьцей за ўсё каля абразоў, і чалавек, молячыся, не забываецца згадаць і іх у сваіх малітвах.

Тут няма ніводнай хаты без абразоў. Вельмі часта абразы вісяць у кожным пакоі, часам нават па некалькі. Яшчэ адной праявай пабожнасьці тутэйшых палякаў і моцнага ўплыву касьцёлу зьяўляецца сход “на ружанец”, што адбываецца кожную першую нядзелю месяца ў другой палове дня, пасьля імшы. Жанчыны і падлеткі зьбіраюцца ў якой хаце і моляцца каля гадзіны (па-польску). Пасьля ружанцу звычайна не разыходзяцца адразу, а застаюцца на пэўны час, бо калі яшчэ будзе магчымасьць сабрацца ўсім разам і пагутарыць пра жыцьцё-быцьцё.

Многія маюць сваякоў у Польшчы, езьдзяць да іх. Жывуць тамтэйшыя палякі значна лепей за сваіх тутэйшых суродзічаў. І ня дзіва, што, вяртаючыся з такога “далёкага замежжа”, яны хочуць ізноў апынуцца пад польскім крылом.

Зьміцер Мацьвейчык


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0