З УСІХ СТАРОН

 

Вайна схавалася 

Вайна ў Чачэніі сьціхла?

Не, вайна разгараецца. Нягледзячы на рашэньне Рады Эўропы

Паасобныя тэлерэпартажы з Ічкерыі ня робяць такога ўражаньня, як звычайная друкаваная хроніка падзеяў. Тэлежурналісты палююць на сэнсацыі, кшталту васьмігадзіннага бою 22 студзеня ў Гудэрмэсе, самым “бясьпечным” горадзе краю, калі загінулі 22 расейскія салдаты. Дробныя сутычкі, сьмерць аднаго-двух салдатаў, раненьні ды падбітая тэхніка застаюцца па-за ўвагаю мэдыяў. А між тым 20 студзеня пазыцыі фэдэралаў абстрэльваліся 14 разоў. За суткі расейцы адшукалі больш за 20 выбуховых прыстасаваньняў, сканфіскавалі 17 гранатамётаў, 80 мінаў, больш за 8 тысячаў патронаў, 13 кг выбуховых рэчываў. Паводле афіцыйных зьвестак, загінуў адзін расейскі салдат ды пяцёра былі параненыя. Чачэнцы ж кажуць, што ў Расею штодня адпраўляюць 20—30 дамавінаў. “Вораг нясе нават большыя страты, чым пры франтальных вайсковых дзеяньнях, – сьцьвярджае Аслан Масхадаў у інтэрвію расейскаму інтэрнэт-выданьню grani.ru. — Народныя змагары... наносяць скрышальныя ўдары па калёнах, тылах, камэндатурах, блёкпастах”. Нават з падкантрольных Крамлю мэдыяў кшталту gazeta.ru можна даведацца, што расейцы ў Грозным ня езьдзяць на хуткасьці, меншай за 90 км/г, ды не спыняюцца на адным месцы больш чым на тры хвіліны. Штодня БТРы, “Уралы”, “Камазы” ірвуцца на мінах ды фугасах. 13 студзеня выбухнуў цэнтральны пункт амону ў вёсцы Аткі – яго падарваў атрад камандзіра Якуба з дапамогаю расейскіх ракетаў, што ня выбухнулі пасьля стрэлу з самалёту. “Вайна толькі пачалася”, — сказаў 8 студзеня ў інтэрвію грузінскаму тэлебачаньню Шаміль Басаеў.

 

Ніводнай перамогі над “бандытамі”

Масхадаў кажа, што ён цалкам кантралюе сытуацыю: “Нават тыя, кім раней было цяжка кіраваць, зразумелі: страцім камандаваньне – прайграем. Мы непераможныя, калі адзіныя ды кіраваныя”. Хатаб і Басаеў таксама лічаць, што зараз ня час сварыцца. А вось паміж расейскімі ўладамі ды чачэнскімі дачасьнікамі адносіны пакрысе псуюцца. Сярод незадаволеных — мэр Грознага Біслан Гантаміраў, што злуе на сваіх расейскіх хаўрусьнікаў за частковы вывад войскаў, якія, як ён кажа, не змаглі атрымаць аніводнай значнай перамогі над “бандытамі”. Гантаміраву няма чаго губляць, бо ён, як і ўсё прарасейскае кіраўніцтва Чачэніі, жыве пад руляй і будзе гатовы ваяваць супраць усіх, каб выжыць. Сьвежы прыклад небеспадстаўнасьці боязі новых чыноўнікаў за свае жыцьці – забойства 26 студзеня Адама Касумава, намесьніка кіраўніка адміністрацыі Курчалойскага раёну. На сына загадчыка адміністрацыі Чачэніі Ахмада Кадырава, Рамзана, рабілі замах ажно двойчы. Рада МВКР (Маджахедзкае вайсковае каманднае рады) шчодра падпісвае сьмяротныя прысуды для тых, хто супрацоўнічае з фэдэраламі.

 

Рабуюць, забіваюць, гвалтуюць

У адказ на атакі чачэнцаў фэдэралы ладзяць“зачысткі” вёсак ды мястэчкаў. Масхадаў кажа, што кантрактнікі практычна выйшлі з-пад кантролю камандаваньня – “рабуюць, забіваюць, гвалтуюць”. Бясконцыя атакі настолькі вымотваюць салдатаў, што ў іх пачынаецца так званая “чачэнская гістэрыя” – кожнага чарнавалосага чалавека прымаюць за вахабіта, ня робячы выняткаў ні для жанчын, ні для падлеткаў, ні для ўласных інфарматараў ды ляяльных міліцыянтаў, якіх зьбіваюць, прымушаюць здымаць форму ды здаваць зброю. Так напярэдадні Новага году былі бязьвінна расстраляныя два афіцэры міліцыі. Пакрысе прыжываецца такая практыка: калі ёсьць падазрэньне, што дом належыць партызану, яго абшукваюць, насельнікаў выганяюць, а потым руйнуюць. Жахлівыя рэчы чыняцца і ў лягерох-ізалятарах накшталт Чарнакозава. Словы расейскіх ахоўнікаў адтуль камэнтароў не патрабуюць: “Запрашаем у пекла. Зараз табе капец. Будзеш паміраць павольнай ды пакутлівай сьмерцю. Мы навучым цябе паважаць расейскіх афіцэраў”.

 

Пра выкраданьні

Чачэнскія камандзіры цьвердзяць, што за ўсімі гучнымі выкраданьнямі стаяць расейскія спэцслужбы, бо самі яны ня маюць патрэбы зарабляць такім шляхам – фінансаў хапае. Паводле Руслана Аўшава, прэзыдэнта суседняй расейскай рэспублікі Інгушэціі, выкраданьнямі займаюцца й людзі Кадырава — менавіта яны выкралі 16 студзеня два інгускія міліцыянты, якіх утрымлівалі… на базе фэдэральных войскаў у Ханкале. Пра гэта ОРТ, ясная рэч, маўчыць.

 

Пляны на будучыню

7 студзеня Рада МВКР вырашыла, што вайна будзе працягвацца, пакуль Расея ня выканае наступных умоваў: зьняць усе мінныя палі ў Чачэніі; вызваліць усіх вязьняў канцлягераў; адбудаваць усё, што было разбурана ў часе вайны. Гэтыя ўмовы падтрымлівае ня толькі Масхадаў, але й прэзыдэнт Інгушэціі Руслан Аўшаў. У Расеі наконт гэтага іншыя думкі. Вярнуўшыся ў Маскву пасьля сустрэчы зь Ерыханавым, прадстаўніком Масхадава, Барыс Нямцоў поўніўся мроямі мірных перамоваў з чачэнцамі. Аднак пасьля прыватнай гутаркі з Пуціным у Нямцова зьявіўся іншы плян: у выпадку, калі празь пяць гадоў міру ня будзе, ад паўднёвай Чачэніі трэ будзе адгарадзіцца калючым дротам, а паўночную частку Ічкерыі аддаць Стаўрапольскаму краю. Вось такія пляны перадзелу межаў у трэцім тысячагодзьдзі.

22 студзеня Пуцін даручыў дырэктару ФСБ Мікалаю Патрушаву кіраваць апэрацыяй у Чачэніі. Замест вайскоўцаў, якія дзейнічаюць відавочна неэфэктыўна, за справу возьмуцца камітэтчыкі.

Так што вайна пакуль толькі схавалася.

Алесь Кудрыцкі


водгук

Нямеччына і яе захопы

«НН» у мінулым нумары перадрукавала паведамленьне The Daily Telegraph пра магчымую перадачу Караляўца-Калінінграду немцам. У гэтым перадруку дый ва ўсім беларускім мысьленьні на падобныя тэмы ў цэлым я знаходжу пэўную анахранічнасьць. Беларускія журналісты, як і простыя беларускія калгасьнікі (мае ваўкавыскія сваякі), часта разважаюць катэгорыямі мінулага стагодзьдзя: «Амэрыка хоча захапіць...», «Расея прагне анэксаваць...», «Нямеччына мае намер прылучыць...», так, нібы пішацца пра час каляніяльных захопаў.

«Расея ня там, дзе межы Расеі, а там, дзе расейская мова», не стамляецца цьвердзіць сваім дзевятнаставечным падначаленым малады, энэргічны і ўстыджаны сучасным расейскім звыродам маскоўскі прэзыдэнт, а за ім — нават ягоная жонка. Праўда, ягоныя дубагаловыя чыноўнікі і мэры ніяк гэтага ня ўцямяць і ўсё цягнуць песьню «едіненія». Расеі няма чаго прылучаць Беларусь адміністрацыйна, калі яна дзесяцькроць мацней прылучаная тэлебачаньнямі, «галубымі аганькамі», «что? где? когда?» і ўсялякімі іншымі «нашымі супольнымі Пушкіным і Дастаеўскім». Залежнасьць поўная, а адказнасьці ніякай. Вось жа дзе — у культуры, у мастацтве, у інфармацыйнай сфэры — цяпер афармляецца і сьцьверджваецца панаваньне, а ня колькасьцю прылучанай зямлі, ня Данцыгамі болей.

Ніхто ў Нямеччыне ня будзе прасіць, каб ім «саступілі» Каралявец. Ніхто ня будзе адкупляць. Гэта не Шыкатан з Ітурупам, што маюць для Японіі, якая задыхаецца ад шматлюдзьдзя, ня толькі сэнтымэнтальную вартасьць. Гэта паўтара мільёны чалавек, зь якіх ужо кожны дваццаты, бадай, заражаны AIDSам. Куды б Нямеччына іх падзела? Зрабіла сваімі грамадзянамі? Гэта вам ня сталінскі час і не СССР, калі ён узяў ды пасяліў цэлую расейскую рэспубліку між балтаў ды палякаў. Гэны думаў мо і ўсіх літоўцаў вывезьці ў Сібір, каб выдлубаць расейцам калідор да эўрапейскага мора, ды ня здужаў. А Нямеччыне ўвесь клопат — пра бясьпеку ды камфортнае асяродзьдзе вакол сябе.

Адам Швед, Варшава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0