Кусельчука звольнілі несправядліва

22 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні было падпісана “міравое пагадненьне” паміж былым галоўным рэдактарам газэты Głos znad Niemna А.Кусельчуком і прадстаўніком Саюзу Палякаў В.Кеўлякам. Згодна зь ім СПБ абавязаўся сплаціць Кусельчуку сярэдні заробак — 100 тыс. рублёў — за вымушаны прагул у сьнежні (з 1 сьнежня яго звольнілі), а таксама, што самае істотнае, — зьмяніць запіс у працоўнай кніжцы Кусельчука. Замест звальненьня прымусовага будзе запісана, што ён звольнены “па дамоўленасьці бакоў”, іншымі словамі — паводле ўласнага жаданьня.

Такім чынам, кіраўніцтва СПБ прызнала, што звальненьне адбылося ў незаконнай форме. Пайсьці на “міравую” яго прымусіла тое, што справа была пройгрышнай. Значыцца, Кусельчука сапраўды “вычысьцілі” з рэдакцыі. Абараніць яго ў «НН» я ўзяўся дзеля журналісцкай салідарнасьці. Каб выгналі кагосьці іншага, я напісаў бы пра яго. Ніякай асабістай зацікаўленасьці я ў выпадку з А.К ня меў. Сваім часам галоўны рэдактар «Глоса» ў сваёй газэце напісаў на мяне беспардонную, на маю думку, неабгрунтаваную крытыку. Я мусіў адказваць яму ў “Нашай Свабодзе”. Так што, я, наадварот, мог “мець зуб” на Кусельчука.

Сп.Кеўляк, праўда, паведаміў мне, што падстава для першага спагнаньня, вынесенага Кусельчуку, была іншай, чымсьці ўказана ў мяне. А менавіта, ён пацярпеў за “парушэньне асноваў свабоды слова”. Паколькі зьмяніў, не ўзгадніўшы з аўтарам, назву інтэрвію і некаторыя яго моманты. У змаганьні за свабоду слова новае кіраўніцтва СПБ, аднак, напісала скаргу на карэспандэнта Польскай агенцыі прасовай у Беларусі М.Сьмялоўскага ягонаму варшаўскаму начальству. Гэтую крытыку на Сьмялоўскага, дарэчы, надрукавала газэта «Трыбуна» — былы орган польскіх камуністаў. Палякі былі дужа зьдзіўленыя – ніхто ў Польшчы ня піша скаргаў на журналістаў.

Кіраўніцтва СПБ дагэтуль вельмі незадаволенае рэпартажамі са свайго зьезду, зробленымі ўсімі без вынятку прысутнымі карэспандэнтамі — і беларускімі і, перш за ўсё, польскімі. Але хто прымушаў новага старшыню СПБ Т.Кручкоўскага казаць публічна тое, што ён казаў? Ніхто. Як ніхто не прымушаў аднаго беларускага палітыка расхвальваць Гітлера. Спачатку расхваліў, потым падумаў. Але ўсе мэдыі ўжо паведамілі аб скандальным выказваньні. Думаецца, што выпадкам з М.Сьмялоўскім новае кіраўніцтва СПБ назаўжды ўмацавала свой імідж у польскай прэсе. Апроч, хіба, камуністычнай.

Адзін разумны чалавек сказаў, што змагацца з журналістамі — марная справа, увогуле дурасьць. Зь імі трэба сябраваць альбо не заўважаць іх. Калі толькі журналістам, само сабой, ня быў парушаны закон.

Сяргей Астраўцоў

 

Ад рэдакцыі. Андрэй Кусяльчук ды Тадэвуш Гавін увасаблялі сабой пэўны вобраз Саюзу Палякаў – настырнага, сучаснага і ахвотнага да супрацы зь беларускімі арганізацыямі. Разбураючы іхны даробак, іхныя наступнікі самі ствараюць сабе рэпутацыю, хоць і прыкрываючыся “меркаваньнямі працоўных”. Будучыня беларускіх палякаў неразрыўна зьвязаная з будучыняй беларускіх беларусаў. Выміраньне старых, русіфікацыя маладзейшых і эміграцыя таленавітай эліты або пераадоленьне этнічнай фанабэрыі і супольная барацьба за пабудову незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Трэцяга няма. Менавіта з гэтага зыходзіла рэдакцыя, калі суправадзіла артыкул С.Астраўцова падзагалоўкам пра зьмену палітычнага курсу Саюзу Палякаў, чым, мы былі пэўныя, тлумачылася звальненьне маладога рэдактара “Глосу”. Адказ сп.Кручкоўскага не пераканаў нас у адваротным.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0