ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА

Барабаншчыкі антысэмітызму

Пры канцы 1999 г. дзяржаўнае прадпрыемства “Фабрыка каляровага друку” апублікавала кнігу “Война по законам подлості” накладам 30000 асобнікаў. Выдавец гэтай кнігі — ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”. Узначальвае яго спадар з пабожным прозьвішчам Чартовіч. Кніга прыцягвае ўвагу каляровай цьвёрдай вокладкай і таўшчынёю амаль 500 старонак. На вокладцы – д’ябал з акулярамі на агромністым сэміцкім носе замахнуўся сякерай на счэпленыя ў поціску рукі, што сымбалізуюць непарушны саюз славянскіх народаў: беларускага й расейскага. Самога д’ябла маланкай-дзідай б’е анёл. Д’ябал – гэта, натуральна, габрэйскі народ, а анёл, мяркуючы па тэксьце, – Аляксандар Лукашэнка.

Кніга ў простай і даступнай форме тлумачыць прычыны цяжкасьцяў жыцьця, называе вінаватых у заняпадзе Ўсходняй Эўропы: “В центре проблем, поставленных нам сегодня жізнью, стоіт только еврейскій вопрос” (с. 474) “Іменно міровой сіонізм является главным врагом всех народов міра” (с.83). Зразумела, у кнізе знайшлі сваё месца і фальшывыя “Протоколы сіонскіх мудрецов”.

 

Навуковы характар

Прэзыдэнт Юдзейскага Рэлігійнага Аб’яднаньня ў Беларусі Юры Дорн даслаў ліст у Дзяржаўны камітэт па друку з просьбай прыняць меры супраць выдаўцоў і распаўсюднікаў “Войны…”, а габрэйская грамадзкасьць — у суд Савецкага раёну Менску, патрабуючы прыцягнуць да адказнасьці выдаўцоў і распаўсюднікаў кнігі.

Дзяржкамітэт даслаў запыт у пракуратуру, і на гэтым усё сьцішылася. У судзе абарона пабудавала сваю пазыцыю на тым, што кніга “Война по законам подлості” – гэта збор навуковых артыкулаў, якія павінны абмяркоўвацца не ў юрыдычнай установе. Судзьдзя М.Фёдарава падтрымала гэтую думку. Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду падтрымала думку раённага суду. Значыць, у судзе таксама думаюць, што “народ, ісповедующій релігію, которая проповедует воровство, мошеннічество, убійство, ізбіеніе целых народов, — является по существу преступным… Евреі не могут быть равноправнымі с хрістіанскім народом”, як пішацца на стар.131 кнігі. Ці, прынамсі, дапускаюць, што гэта можа быць праўдай. І хіба гэта ня тое самае?

Па традыцыі, у судовай справе ёсьць і шматлікія лісты працоўных. Яны адрасаваныя генпракурору і старшыню Вярхоўнага суду і падпісаныя сотнямі грамадзянаў краіны. Жыхары Менску, якія прачыталі кнігу, сьцьвярджаюць, што “публікацыя гэтай кнігі сталася адметнай зьяваю ў культурным і грамадзкім жыцьці нашай Рэспублікі Беларусь. Гэта кніга нясе сьвятло гістарычнай праўды, выхоўвае пачуцьцё патрыятызму. Мы даведаліся аб прычынах развалу СССР, пра пятую калёну, якая спрабуе муціць ваду і ў нас у Беларусі”. Тыя, хто выступае “супраць выданьня і распаўсюджваньня кнігі “Вайна па законах подласьці”, робяцца паплечнікамі гэтых разбуральнікаў… Мы падтрымліваем выданьне гэтай кнігі і пратэстуем супраць спробаў абмежаваць нашае права на праўдзівую інфармацыю”. Да грамадзянаў Беларусі далучылася жыхарка Камсамольску-на-Амуры Тамара Філіпенка. “Мы, — піша яна, — былі б вельмі радыя, калі б наш прэзыдэнт і ягоны ўрад разам з народам змагаліся супраць жыдоў зьненавідных… Я зайздрошчу вашай краіне, што ў вас прэзыдэнтам А.Г.Лукашэнка. Беларусь – гэта астравок шчасьця…”

Было б лягічным чакаць рэакцыі А.Лукашэнкі. Але ён не адмежаваўся ад прысьвячэньня яму “Войны по законам подлості”, а ўрадавая газэта “Рэспубліка” надрукавала 5 траўня 2000 г. зварот генэральнага дырэктара “Праваслаўнай ініцыятывы” Чартовіча “Салдатам Перамогі, братам і сёстрам”: “Вы… амаль нічога ня ведаеце пра тое, што насамрэч самая працяглая вайна супраць нашай Айчыны, супраць брацкіх народаў Беларусі, Расеі, Украіны вядзецца ўжо больш, як стагодзьдзе… Працягваецца фізычнае, маральнае і духоўнае зьнішчэньне славянаў. Пра ўсё гэта вы можаце даведацца з кнігі “Война по законам подлості”, якую я склаў, а таксама з папулярнай расейскай газэты “Завтра” (№14--15), якую можна набыць ва ўсіх кіёсках “Белсаюздруку”… З гэтай кнігі Вы даведаецеся шмат з таго, што на працягу стагодзьдзяў хавалася ад нашага народу”.

Два “дзяржаўныя чалавекі”, дэпутаты палаты прадстаўнікоў Валеры Драко і Сяргей Касьцян надрукавалі ў газэце “Славянскій набат” артыкул пад назовам “Нэанацызм: прыдуманае і сапраўднае”. Аўтары пішуць: “Габрэй можа пазбавіцца заганаў сваёй нацыі, толькі калі адрачэцца юдаізму, вырвецца з кіпцюроў кагалу і выступіць супраць габрэйскага нацыяналізму… Можна сьцьвярджаць, што гітлераўскі фашызм і сіёнафашызм часоў другой сусьветнай вайны – адно і тое ж…”

У любой іншай дзяржаве такія праявы ксэнафобіі, антысэмітызму, антыкаталіцкай прапаганды, зь якімі ўвесь час сутыкаешся ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Беларусі, даўно абмяркоўвалася б у парлямэнце. Але дзе той парлямэнт?..

Лукашэнка прыйшоў да ўлады 10 ліпеня 1994 г. Вал антысэмітызму пакаціўся па беларускай зямлі неўзабаве пасьля гэтага. Гэта выпадковае ці невыпадковае, але супадзеньне. Нормаю стала свастыка на платох і будынках, масавае разбурэньне габрэйскіх помнікаў на могілках. За 1998—2000 г. выпадкі вандалізму былі адзначаныя на могілках у Рэчыцы, Бярэзіне, Магілёве, Бабруйску, Гомелі. Яшчэ ні разу праваахоўныя органы не знайшлі вінаватых. 10 красавіка 1999 г. была падпалена менская сінагога, пад новы 2001 г. падпал паўтарыўся. На мурох сынагогі падпальнікі пакінулі надпіс: “Бей жідов! Спасай Россію!” Як сьведчыць праваахоўны бюлетэнь “Аркуш” (студзень 2001), “вядома, як мінімум, два выпадкі забойства габрэяў, калі прычынай забойства стаў агрэсіўны нацыяналізм”.

Якаў Гутман,
прэзыдэнт Сусьветнай Асацыяцыі Беларускіх Габрэяў

 

Правінцыйныя гісторыі

Штогод пасьля Новага году ў цэнтральны офіс Беларускага Гельсынскага Камітэту сыходзяцца агляды з гарадоў і мястэчак Беларусі ад нашых прадстаўнікоў – які стан з правамі чалавека склаўся за год, якія судовыя справы вяліся, якія казусы адбыліся. Сёньня мы прапануем чытачам “НН” вытрымкі зь іх.

 

БНФавец – значыць злачынца. Талачын

24 красавіка ў талачынскім парку некалькі выпівохаў напалі на міліцыянта А.Савініча й моцна яго зьбілі. Жыхар Талачына А.Абразцоў дапамог зьбітаму падняцца, пры гэтым выпэцкаўся ў крыві. Хуліганы на той час уцяклі. Прыбылыя на месца здарэньня міліцыянты ўбачылі зьбітага Савініча й Абразцова пры ім. Пацярпелы й сьведкі злачынства не пацьвердзілі, што Абразцоў удзельнічаў у злачынстве. Аднак плямы крыві на ягонай вопратцы сталіся падставай для арышту. Сьледчыя не паверылі, што плямы зьявіліся ад таго, што Абразцоў падымаў Савініча зь зямлі. Мо камусьці проста хацелася пасадзіць вядомага ў горадзе апазыцыянэра. Грамадзкім абаронцам Абразцова абвесьціўся ягоны брат, вядомы прафдзяяч зь Вялейкі Зьміцер Абразцоў. Паводле арт.49 ч.3 КПК ён меў на гэта права. Аднак сьледчы Шыцік і пракурор раёну Камінскі забаранілі Абразцову абараняць брата, бо ён, маўляў, ня мае юрыдычнай адукацыі. З.Абразцоў пайшоў на прыём да Генэральнага пракурора й дамогся свайго. Азнаёміўся са справай і пабачыў, што сьледзтва праведзенае непісьменна. У выніку знойдзеных парушэньняў Абразцову ўдалося выбавіць брата з арышту, дзе той правёў 4,5 месяцы. Але апраўданьне адбылося толькі ў верасьні, калі міліцыя знайшла сапраўдных злачынцаў, і А.Абразцоў быў цалкам апраўданы. У лістападзе сьледчы Шыцік быў звольнены з працы.

 

Доўск. Антыфашысту – астрог.

Жыхар мястэчка Доўску Ігар Раманаў з 31 ліпеня паводле рашэньня судзьдзі Цэнтральнага р-ну Гомеля Я.Парэмскага адседзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня 7 сутак – за правядзеньне 27 ліпеня несанкцыяванага пікету ля Гомельскага аблвыканкаму, дзе Раманаў стаяў з плякатам «НЕ фашызму ў Беларусі».

Празь месяц Раманава затрымалі за пікетаваньне Гомельскага хлебзаводу №1 з лёзунгам «НЕ падаражаньню хлеба». Пікет прайшоў без эксцэсаў, але калі І.Раманаў ішоў дахаты, ля яго спыніўся «ЎАЗ», выйшлі два міліцыянты й загадалі ехаць зь імі. У Цэнтральным РАЎСе Гомеля забралі плякат і склалі пратакол затрыманьня. Дзякуй, што не пасадзілі зноў.

 

Два Дзянісы. Баранавіцкі Дзяніс

У студзені 2000 г. 18-гадовы навучэнец ПТВ Дзяніс Грыговіч быў затрыманы ўчастковым інспэктарам Шэметам па падазрэньні ў біцьці шыбаў. 5 дзён Дзяніса трымалі ў пастарунку, дзе жорстка зьбівалі й патрабавалі прызнацца. Пасьля вызваленьня Грыговіч лячыўся ў больніцы. Праз два тыдні інспэктар Шэмет абвінаваціў Грыговіча ў падпале дзьвярэй ягонай кватэры ў ноч з 3 на 4 лютага 2000 г. Сям’я Дзяніса сьцьвярджала, што ўвечары і ўночы падпалу Дзяніс быў дома. Аднак сьледзтва мела сваю думку. У выніку Д.Грыговіч прабавіў у СІЗА 10 месяцаў. Маці ягоная паскардзілася ў БГК, і гэтай справай заняўся грамадзкі абаронца М.Чыжыкаў. Ён шмат разоў падаваў скаргі ў пракуратуру на гвалт, пагрозы, зьбіцьцё, якія прымяняліся сьледзтвам. Абласны суд пад старшынствам судзьдзі У.Вайтэхоўскага вынес апраўдальны прысуд, хаця пракурор патрабаваў (пры нізкай якасьці сьледзтва) 15 гадоў зьняволеньня.

Хадайніцтва М.Чыжыкава аб вынясеньні прыватнага вызначэньня суду ў адрас Шэмета й іншых міліцыянтаў не было задаволенае.

 

Два Дзянісы. Бабруйскі Дзяніс

22 верасьня 2000 г. раніцай на ўрокі ў ПТВ прыехалі двое ў цывільным і забралі з сабой непаўналетняга Дзяніса Селявоніка. Завёзшы яго ў Першамайскі РУЎС (які мае ў горадзе кепскую рэпутацыю), яго 12 гадзінаў запар дапытвалі без адваката, пэдагога й іншых законных прадстаўнікоў. На просьбы патэлефанаваць бацькам міліцыянты не рэагавалі. Выкладчыкі вучэльні таксама не паведамілі бацькам пра затрыманьне.

Дзяніс хворы на астму, і падчас допыту ён страціў прытомнасьць. Яму зрабілі нейкі ўкол, пасьля чаго ён стаў кепска арыентавацца і ня ўцяміў, што падпісвае. Аказваецца, што падпісаў дакумэнты, якія дазволілі затрымаць яго на тры ночы. Міліцыянты патэлефанавалі бацькам Селявоніка і сказалі, што ён затрыманы ў якасьці сьведкі, а сьведкам “адвакат не паложан”. Дзяніса зьмясьцілі ў КПЗ, дзе ўдарылі дубцом па галаве. У камэры ўтрымліваліся дарослыя зьняволеныя, сярод якіх быў хворы з адкрытай формай тубэркулёзу. Ён і заразіў Дзяніса. Праз тры дні хлопца выпусьцілі, цяпер ён лечыцца ў тубдыспансэры. БГК накіраваў запыт у гарадзкую й абласную пракуратуру наконт законнасьці дзеяньняў міліцыі.

 

Традыцыі “Пінскай шляхты”. Ганцавічы

З часоў Дуніна-Марцінкевіча ў Беларусі зьмянілася мала што. Некалі прыстаў Кручкоў судзіў пінскую шляхту паводле “ўказу ўсяміласьлівейшай імпэратрыцы ад 49 красавіка 17.. году”. У 2000 г. судзьдзя Ганцавіцкага суду сп.Ваўчок асудзіў Пятра Гузаеўскага паводле ч.8 артыкулу 172 КАП, у якім толькі 3 часткі.

Гузаеўскі вырашыў выдаць газэту “Наша Ганцаўшчына” накладам 299 ас., сабраў нататкі пра жыцьцё Ганцаўшчыны, зрабіў перадрукі цэнтральнай прэсы, падабраў вершы. Зрабіў пару раздруковак: хацелася палюбавацца на сваё дзіця. Прынтэр пакідаў чорныя плямы на ўсіх трох старонках. Аднак выкінуць брак Гузаеўскі не пасьпеў: у кватэру ўварваліся міліцыянты. Участковы Рабцэвіч аддаў загад забраць з кватэры ўсё: кампутар, прынтэр, мадэм, дыскеты, бракаваныя асобнікі газэты. Ніякіх пратаколаў Рабцэвіч і ягоныя хаўрусьнікі не складалі. Празь некалькі дзён пасьля скаргі ў пракуратуру тэхніку Гузаеўскаму вярнулі. Пракуратура спрацавала паводле закону. А вось судзьдзя Ваўчок не зьвярнуў увагі на тое, што Закон не патрабуе рэгістрацыі выданьня накладам менш за 300 ас. Дзеяньні Гузаеўскага не зьяўляюцца “незаконным вырабам і распаўсюдам СМІ”. Тым ня менш, ён аштрафаваны на 2 мін. заробкі.

 

Не напівайся ў Маладэчне

31 ліпеня 2000 г. а пятай вечара, добра выпіўшы, Валеры Чаеўскі рухаўся дахаты. Яго затрымалі міліцыянты, завялі ў пастарунак і склалі пратакол аб дробным хуліганстве. Чаеўскі пасаромеўся назваць сваё прозьвішча й назваўся Івановым. Пасьля праверкі зьвестак яго завялі ў выцьвярэзьнік, дзе прапанавалі разуцца. Чаеўскі папрасіў, каб пусьцілі, патлумачыўшы, што не хацеў называцца, бо не хацеў, каб пра яго ўчынак даведаліся дзеці.

А восьмай вечара ў ягоную камэру зайшоў пам. дзяжурнага Барысевіч і запытаўся прозьвішча. Чаеўскі зноў схлусіў, і Барысевіч з калегам прывязалі яго да ложка й зьбілі. Праз пару гадзінаў Чаеўскага разьвязалі, перавялі ў дзяжурную частку й запыталі прозьвішча. Чаеўскі назваў зьвесткі свайго брата. Яго жорстка зьбілі. У зьбіцьці ўдзельнічаў і дзяжурны выцьвярэзьніка Гасьціловіч, і ягоны намесьнік Барысевіч, і яшчэ колькі міліцыянтаў. Зьбітага завалаклі ў камеру і зьвязалі “ластаўкай” на паўгадзіны. Раніцай яго зноў біў Барысевіч. А восьмай раніцы з Чаеўскага ўзялі штраф і адпусьцілі дахаты. Адразу ж ён выклікаў “хуткую дапамогу”, якая канстатавала падвойны разрыў касы. Касу выдалілі, было моцнае ўнутранае кровазьліцьцё, ад якога Чаеўскі ледзь не сканаў.

З дапамогаю БГК была ўзбуджаная крымінальная справа, у выніку якой Барысевіч асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі. Гасьціловіч і іншыя міліцыянты, якія таксама білі Чаеўскага, засталіся беспакараныя.

 

Як паказвае практыка, чалавек у глыбінцы можа быць абаронены трыма “Робін Гудамі”. Гэта прэса, суд, недзяржаўныя арганізацыі. Відавочна, абсяг дзейнасьці гэтых інстытуцыяў будзе толькі пашырацца. Кожны чалавек, які адваёўвае ў дзяржавы сваю годнасьць, карыстае гэтыя мэханізмы салідарнасьці супольнасьці.

Падрыхтавана Менскім офісам Беларускага Гельсынскага Камітэту паводле паведамленьняў А.Антанюка, Э.Баланчука, В.Болбата, В.Берасьнева, Ул.Кацельнікава, Я.Чапурышкіна, А.Яўсеенкі.

Тэлефоны рэгіянальных аддзяленьняў БГК вам падкажуць у менскім бюро – тэлефон (017) 222-48-00.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0