Навіны за тыдзень

 

Пазьняк судзіцца зь Вячоркам

У Гаспадарчым судзе будзе разглядацца пытаньне пра тое, хто мае права на назоў “БНФ” – адна ці другая галіна расколатага руху. Скаргу на Мінюст, які зарэгістраваў і адных як «Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне», і другіх, як «БНФ «Адраджэньне», падалі пазьнякоўцы.

 

Новы парадак дэкляраваньня даходаў

З 12 лютага ўводзяць новы парадак дэкляраваньня даходаў і маёмасьці. Цяпер падлягаюць дэкляраваньню «творы мастацтва, каштоўныя мэталы і каштоўныя камяні, вырабы зь іх», калі кошт прадмету перавышае 1000 мін. заробкаў (раней — 200). Дэклярацыю аб крыніцах даходаў цяпер трэба складаць пры ажыцьцяўленьні зьдзелак на суму болей за 2000 мін. заробкаў (раней сума была ў чатыры разы меншая, аднак размова ішла толькі пра маёмасныя ўгоды). Дэклярацыі аб крыніцах грошай не прадстаўляюцца пры будаўніцтве, рэканструкцыі або набыцьці жытла, пры куплі валютных аблігацый дзяржаўнай пазыкі ці Нацбанку, пры зьмяшчэньні грошай у банк за выняткам пераводу грошай за мяжу, пры пагашэньні чалавекам крэдыту, атрыманага іншай фізычнай або юрыдычнай асобай у беларускім банку, а таксама пры ажыцьцяўленьні індывідуальным прадпрымальнікам разьлікаў, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю, з выкарыстаньнем разьліковага «бягучага» рахунку. Усе пералічаныя выпадкі, за выняткам першых двух, у дэкрэце названыя ўпершыню.

Б.Т.

 

«Гліняны Вялес» — Астраўцу

Штогод Таварыства Вольных Літаратараў прысуджае прэмію за найлепшую мастацкую кнігу году. Чарговым ляўрэатам «Глінянага Вялеса» стаў Сяргей Астравец і ягоны зборнік прозы «Цэнзарскія нажніцы», які летась выйшаў у Беластоку. Шэсьць гадоў таму гэтая кніга рыхтавалася да друку ў менскім дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура», але, з ідэалягічных меркаваньняў, яе выкінулі з тэмпляну. У кнізе — 62 аповеды.

Сяргей Астравец, сталы аўтар «НН», апошнія 15 гадоў жыве ў Горадні. Ён шырока вядомы як журналіст.

Васіль Кроква, Полацак

 

Адзін арышт, адно зьняцьцё, адзін скандал

Арыштавалі, бо западозрылі ў круцяльстве, намесьніка дырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Леаніда Альхімовіча. Быццам бы ён меў на рахунках за мяжой сотні тысячаў даляраў. Скінулі з пасады дырэктара «Белшыны» Аркадзя Палякова, нягледзячы на заступніцтва калектыву, а на ягонае месца паставілі былога мэра Магілёва Дзьмітрыя Сівіцкага. А былы начальнік кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня міністэрства культуры Аляксандар Грачоў выступіў у «Белорусской Деловой Газете» з абвінавачваньнямі на адрас цяперашняга генпракурора Шэймана, ягонага супрацоўніка Аўсянскага, а таксама камандзіра спэцпадразьдзяленьня МУС Паўлючэнкі, сьведчачы пра памеры карупцыі і беззаконнасьці, якія чыняцца ў найвышэйшых эшалёнах улады.

Б.Т.

Кангрэс
Дэмакратычных Сілаў

У Менску адбылося першае паседжаньне аргкамітэту IV Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Вырашылі, што Кангрэс правядуць у сакавіку. Больш дакладную дату назавуць на паседжаньні Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў 8 лютага. Тады ж плянуюць лепш вызначыцца і з адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары.

 

Праца з апазыцыяй

На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве старшыня камітэту па міжнародных справах Думы (г.зн. парлямэнту) Расеі Дзьмітры Рагозін заявіў, што Расеі варта працаваць зь беларускай апазыцыяй: трэба, сказаў, пазьбегнуць югаслаўскіх памылак, калі да апошняга моманту падтрымлівалі толькі Мілошавіча.

 

Інтэлігенцыя
ў Лукашэнкі

1 лютага Лукашэнка прымаў у Палацы Рэспублікі прыдворную інтэлігенцыю. Паводле ягоных словаў, культура за час ягонага кіраваньня была захаваная і ўзбагачаная. Лукашэнка заклікаў бараніць “славянскую цывілізацыю” ад глябалізацыі ды амэрыканізацыі, абяцаў кватэры ды заробкі ў сто даляраў проста сёлета. А перад тым ён усё віншаваў Івана Шамякіна з 80-годзьдзем. Інтэлігенцыя пытаньняў пра лёсы зьніклых людзей, зьдзекі зь беларускае мовы і культуры ў дзяржаўных СМІ і цкаваньне Быкава не ўздымала.

 

Страйк у Салігорску

З 1 лютага пачаўся бестэрміновы страйк індывідуальных прадпрымальнікаў Салігорску, дзе падвысілі плату за арэнду гандлёвых месцаў аж у 5,2 разы.

 

Беларусы пахітрэлі

Беларусь прафінансавала бюджэт «саюзу Беларусі ды Расеі» за мінулы год толькі на 30%, а Расея – на 101%. Такое адбылося ўпершыню, раней завінавачвалася адно Расея. Бюджэт гэтага «ўтварэньня» на 2001 г. роўны 90 млрд. рублёў, зь іх беларусы мусяць сплаціць аж трэцюю частку.

Алесь Кудрыцкі

 

Доля самалёта

У баранавіцкім Старым парку дэмантуюць старэнькі самалёт АН, які больш за 10 гадоў таму ўсталявалі там пад дзіцячы кінатэатар. Пасьля правалу тае ідэі ў самалёце нейкі час месьціўся музэй авіяцыі, які, аднак, трымаўся на некалькіх аматарах і пасьля неаднаразовых рабункаў таксама быў зачынены.

Урэшце кінуты ўсімі самалёт-помнік зрабіўся прыбіральняй і адначасова хатай для розных валацугаў ды бамжоў. Паціху яго пачалі раскручваць па шрубках. Тут толькі прачнуліся ўлады й загадалі здаць рэшткі самалёта на мэталалом.

 

Клопат пра дзеці

У баранавіцкую СШ №19 прыяжджалі Вярцінскі зь Дзягілевай. Правялі сустрэчу зь дзецьмі, пачыталі ім свае вершы, пасьпявалі пад гітару. Школьнікі таксама выступілі зь невялічкай праграмай, пасьля якой задавалі свае пытаньні гасьцям зь Менску. Арганізавалі стрэчу старшыня баранавіцкага ТБМ Віктар Сырыца і завуч па выхаваўчай працы СШ №19 Вольга Мікушка. Беларускамоўнымі клясамі ў Баранавічах даўно апякуюцца тутэйшыя філіі ТБМ і БНФ: амаль штомесяц ладзяць для дзяцей імпрэзы і цікавыя падарожжы па славутых мясьцінах.

 

«Пан Міністар»
у Баранавічах

У Баранавічах паставілі камэдыю Ф.Аляхновіча “Пан Міністар”. Апошні раз п’есы славутага віленчука ставіліся тутака ў часе нямецкай акупацыі. Згуртаваньне “Тужлівы панядзелак” у тутэйшым Доме культуры выбрала камэдыю, напісаную ў 1923 г., бо яна актуальная і сёньня — высьмейвае псэўдабеларусаў, якія ірвуцца да ўлады ды ненавідзяць усё беларускае.

Руслан Равяка, Баранавічы

Праз ЗША – зь візаю

Амэрыканская Служба іміграцыі й натуралізацыі пазбавіла грамадзянаў Расеі ды Беларусі права бязьвізавага транзыту праз тэрыторыю ЗША. Рашэньне пачне дзейнічаць з красавіка. Расейцы перайшлі ў катэгорыю “нядобранадзейных”. Беларусаў жа разглядаюць як галоўных іхных бранцаў.

А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0