Сямён Шарэцкі

Мы выступаем супраць насільля,
або Аб чым гаварылася на віленскім сэмінары

 

З 26 да 31 студзеня ў Вільні праходзіў сэмінар “Негвалтоўная барацьба і дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”. Арганізатарам сэмінару стала Фундацыя правоў чалавека, якую ўзначальваюць праваабаронца Стасіс Каўшыніс і былы дэпутат Сойму Літвы Аўдрус Буткявічус. А праводзіў сэмінар дырэктар Інстытуту Айнштайна (ЗША) прафэсар Джын Шарп.

Інстытут Айнштайна займаецца дасьледаваньнем і пашырэньнем негвалтоўных мэтадаў барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Яго супрацоўнікі маюць багаты досьвед правядзеньня падобных сэмінараў у многіх краінах, імі выдадзеныя падручнікі па негвалтоўных мэтадах барацьбы супраць дыктатарскіх рэжымаў. З 1991 г. Інстытут кансультаваў кіраўнікоў Саюдзісу ў Літве, а таксама актывістаў Латвіі і Эстоніі ў часе іх барацьбы за незалежнасьць сваіх краінаў. У 1992 г. у Літве выйшла кніга Дж.Шарпа “Грамадзянская абарона”.

Гаворачы аб мэтадах негвалтоўнай барацьбы, нельга не адзначыць, што перавагі іх перад насільлем былі вядомыя людзям ужо ў глыбокай старажытнасьці. Прыкладам таму — непераможнасьць хрысьціянскай маралі Дзесяці Божых прыказаньняў.

Клясычным прыкладам негвалтоўнай барацьбы з іншаземнымі захопнікамі зьяўляецца гандзізм зь яго канцэпцыяй “упартасьці ў ісьціне”. Гандзізм грунтуецца на “законе любові” і “законе пакуты”, а таксама на ўстрыманьні ад патураньня сваім слабасьцям. Гандзізм выступае супраць рэвалюцыйных пераўтварэньняў грамадзтва і экспрапрыяцыі эксплюататарскіх клясаў. Махандас Карамчанд Гандзі лічыў неабходнаю “маралізацыю” палітычнай дзейнасьці. Таму галоўнай формай яго барацьбы з ангельскімі імпэрыялістамі было несупрацоўніцтва зь імі і падтрымка разьвіцьця ўсяго свайго, нацыянальнага. Вось і Альбэрт Айнштайн лічыў, што “мы павінны імкнуцца ўсё рабіць у духу Гандзі: не ўжываць насільля пры абароне сваіх інтарэсаў…”.

Адной з галоўных рысаў палітычнага почырку кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага таксама было ўменьне вырашаць палітычныя праблемы “бяз шуму і гвалту”, аб чым пісаў яшчэ ў 1897 г. у сваім артыкуле “Тэрыторыя дагістарычнай Літвы” расейскі вучоны-славіст і гісторык Аляксандар Качубінскі. Доказам таму служыць і выказваньне вядомага беларускага юрыста эпохі Адраджэньня Андрэя Волана, які меркаваў, што, “там, дзе адпушчаная аброць для разьюшанасьці людзей настолькі, што адны беспакарана зьдзяйсьняюць над іншымі ўсё, што ім заманецца, дык гэта ўжо не дзяржава, не грамадзтва, а шайка бандытаў ці нейкая скуралупня, дзе кожны грызе кожнага”. На думку Волана, “пахвальнае тое, што маральна”. Гэткае думкі трымаўся і выдатны дзяяч і мысьляр Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. У сваім пісьме Язапату Кунцэвічу ён падкрэсьліваў, што “ніхто не ўтрымаў доўга ўлады, скіраванай супраць людзей”. Леў Сапега казаў: “Чыніць зло — значыць, шукаць уласнай пагібелі”. Усё гэта сьведчыць, што зерне негвалтоўных мэтадаў барацьбы, кінутае ў часе правядзеньня сэмінару зь беларускімі палітыкамі, патрапіла на падрыхтаваную стагодзьдзямі глебу.

Трэба адзначыць і тое, што названы сэмінар вельмі своечасовы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Паноўны ў краіне дыктатарскі рэжым да іх ужо актыўна рыхтуецца, рыхтуецца да гэтых выбараў і дэмакратычная апазыцыя. Прычым першы больш за ўсё менавіта і баіцца негвалтоўных мэтадаў барацьбы і галоснасьці, як плесьня баіцца сонечных промняў. І наадварот, дэмакратычная апазыцыя ўважае іх галоўнай сваёй зброяй. На віленскім сэмінары прадстаўнікі беларускай апазыцыі і імкнуліся авалодаць менавіта гэткімі мэтадамі барацьбы з дыктатарскім рэжымам. На сэмінары прысутнічалі каля 40 беларускіх палітыкаў. За шэсьць дзён працы былі разгледжаныя 24 пытаньні негвалтоўнай барацьбы. І пры разглядзе амаль кожнага прафэсар Шарп падкрэсьліваў, што рухі несупрацоўніцтва і непадпарадкаваньня вельмі часта зьяўляюцца галоўнымі, з дапамогай якіх былі абрынутыя моцныя валадары і іх рэжымы. Названыя мэтады негвалтоўнай барацьбы білі па “ахілесавай пяце” дыктатарскіх рэжымаў, бо ўсе ўрады залежаць ад кіраванага імі народу і грамадзтва. І спыненьне насельніцтвам і інстытутамі грамадзтва супрацоўніцтва з дыктатарскімі рэжымамі і агрэсарамі значна зьніжае патэнцыял апарату насільля, на які абапіраюцца ўсе ўрады. Бяз гэтага апарату ўлада валадароў слабее і ўрэшце спыняе сваё існаваньне.

Менавіта таму беларускі дыктатар і ягонае атачэньне і паднялі такі гвалт у сувязі з правядзеньнем віленскага сэмінару. Але пры гэтым узьнікае пытаньне: калі дыктатара, як ён разам са сваімі прыхільнікамі сьцьвярджае, падтрымлівае народ, дык чаго ж тады баяцца негвалтоўных мэтадаў дзейнасьці апазыцыі? Мабыць, таму, што дыктатар і сам ужо адчувае, што ён страціў падтрымку народу. Апазыцыя ж, у адрозьненьне ад дыктатарскага рэжыму, які абапіраецца толькі на сілу і іншыя неканстытуцыйныя мэтады, зьяўляецца дэмакратычнай, а таму і лічыць, што галоўным шляхам прыходу да ўлады павінны быць негвалтоўныя мэтады барацьбы і апора на шырокія масы народу. Апазыцыя наагул не ўспрымае гвалтоўных мэтадаў барацьбы, бо гістарычны досьвед сведчыць: калі палітыкі спрабуюць дабіцца ўлады ці ўтрымаць яе з дапамогай насільля, дык рана ці позна яны створаць антынародны дыктатарскі рэжым. Ня выняткам тутака зьяўляецца і Рэспубліка Беларусь: зьдзейсьніўшы з дапамогай насільля і іншых антыканстытуцыйных мэтадаў дзяржаўны пераварот у лістападзе 1996 г., дыктатар пайшоў на стварэньне гэткага рэжыму. Больш за тое, паводле свайго нацыянальнага складу рэжым у Беларусі зьяўляецца прарасейскім, што сьведчыць аб тым, што ён ня мае каранёў сваёй падтрымкі ў беларускім грамадзтве. А таму і баіцца масавых акцый пратэсту.

Пры разглядзе пытаньняў на сэмінары пэўны час адводзіўся слухачам, якія актыўна выказвалі свае меркаваньні. Гэта сьведчыла аб зацікаўленасьці прысутных і дапамагло ім лепш засвоіць выкладзены матэрыял і зразумець адзін аднаго. Акрамя тэарэтычных заняткаў, слухачы мелі магчымасьць паглядзець кінастужкі аб негвалтоўных мэтадах барацьбы ў час адхіленьня ад улады дыктатарскіх рэжымаў у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Чылі і Польшчы. Заняткі праводзіліся ў акадэмічным стылі, за зачыненымі дзьвярыма. А для журналістаў былі арганізаваныя спэцыяльныя прэсавыя канфэрэнцыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0