1900 — 2000
Падзеі стагодзьдзя

 

Якія падзеі ХХ стагодзьдзя вы ўважаеце за найважнейшыя для Беларусі і беларускага сьвету? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да “нашаніўцаў” і дзеячоў палітыкі і культуры. Апытаньне, калі падсумаваць і сыстэматызаваць адказы, дало наступныя вынікі.

 

Найважнейшымі для нашага сьвету абсалютная большасьць апытаных уважае падзеі 1990–1991 г., дасягненьне Беларусяй нацыянальнае незалежнасьці ў часе распаду СССР. У гэтым сыходзяцца людзі левых і правых перакананьняў, інтэлігенцыя і чыноўнікі, маладзейшыя і старэйшыя.

На другім месцы па колькасьці згадак — падзеі двух найбуйнейшых эўрапейскіх катаклізмаў. Другое і першае сусьветнае войнаў разам з пэрыядам расейскай рэвалюцыі і абвяшчэньня БНР ды БССР. Але тутака ацэнкі разыходзяцца.

Нехта ўважае за найвялікшую падзею 1939–1945 г. перамогу Беларусі ў другой сусьветнай вайне ў складзе антыгітлераўскай кааліцыі, нехта — узьяднаньне заходняй і ўсходняй Беларусі на пачатку гэтай вайны, для трэціх гэта геапалітычныя і культурныя страты — Беластоку і асабліва Вільні. Для іншых тая вайна — суцэльная трагедыя, што забрала кожнае чацьвертае ці нават трэцяе жыцьцё і прымусіла беларусаў класьці галовы на алтар чужых інтарэсаў.

Неадназначна беларусы ацэньваюць і падзеі 1917–1920 г. Лявіца ўважае лёсавызначальнаю для Беларусі кастрычніцкую рэвалюцыю і адмаўляецца прызнаць значнасьць абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі — першага гучнага дзяржаўніцкага волевыяўленьня беларускага народу. Частка людзей, збольшага правых перакананьняў, бачыць у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, утворанай у 1919 г., мёртванароджанае дзіця расейскага бальшавізму, што прынесла краіне адно клясавую барацьбу, гаспадарчыя страты, рэпрэсіі і дэнацыяналізацыю. Утварэньне БССР для іх — ніякая не падзея. А для сяго-таго БССР была квазідзяржавай, што здолела насадзіць у масах пачуцьцё грамадзянскага нацыяналізму, ажыцьцявіла, хай і дарагой цаной, амбітную праграму мадэрнізацыі краіны і застанецца ў гісторыі як пэрыяд велічных трагедыяў. Трэція ж увогуле ўважаюць БССР залатым векам беларускага народу. Для некага яшчэ галоўным вынікам тых гадоў стала страта Беларусяй Смаленску, у якім і была абвешчаная БССР, ды траўматычны падзел краю па лініі Дрыса—Мікашэвічы.

Многія згадваюць Чарнобыль, іншыя маўчаць пра яго, бо інстынктыўна ня хочуць улучаць у сьпіс чорныя падзеі.

Ня ўсе называюць і прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, падзею, зь якой мы жывем дагэтуль, некаторыя, наадварот, падкрэсьлівалі, што гэта антыпадзея, нішто. Цераз сто гадоў нехта, магчыма, назаве найважнейшай падзеяй ХХІ ст. сыход Лукашэнкі з палітычнай арэны. Хоць гэта, напэўна, залежыць ад таго, колькі пратрымаецца Лукашэнка на вяршыні славы. Цікава, што Лукашэнку найбольш называюць ягоныя непрыяцелі, а не прыхільнікі. Каму ён даўся ў знакі, тыя і згадваюць.

І — нечакана для рэдакцыі — падзеяю назвалі і ўзьнікненьне і выжываньне беларускага друку. Гэта наша, беларуская спэцыфіка. Ні ўкраінцы, ні палякі, ні літоўцы гэткай падзеі ня вылучылі б. А мы — нацыя слова. Словам пратрымаліся, у слове, а не ў дзяржаўных ці палітычных утварэньнях узрадзілі, вынасілі і перахавалі сваю нацыянальную этыку, нацыянальную ідэю, нацыянальную мару, нацыянальную волю. За цара Мікалая, за кайзэра Вільгельма і маршала Пілсудзкага, за Сталіна і Гітлера, за Хрушчова і Брэжнева, за Гарбачова і Лукашэнкі — несьлі яе ў слове. Спачатку быў друк. І Слова сталася Незалежнасьцю. Вартасьць якой цяпер для ўсіх людзей беларускае культуры неаспрэчная. Хоць яе, Незалежнасьці — сапраўднай, адчувальнай, дзейснай — яшчэ трэба дасягнуць. Гэтая мэта і была ўрачыста абвешчаная ў 1991 г., калі палітыкі розных колераў і дыяпазонаў, авантурысты і рамантыкі, праведнікі і круцялі разам унесьлі ў Авальную залю Дому ўраду — гістарычную залю, якую ў ХХІ ст. будуць наведваць школьныя экскурсіі — бел-чырвона-белы сьцяг. Штандар быў перададзены ім у рукі людзкім морам, што хвалявалася на плошчы, якая неўзабаве атрымае імя Незалежнасьці. Гэта і стала пікам стагодзьдзя.

Аказваецца, усе мы — дарослыя грамадзяне Беларусі — за нейкія дзесяць гадоў сталі сьведкамі трох падзеяў, што называюць найважнейшымі ў гісторыі. Калі такія 3657 дзён вырвуцца наступны раз?

А зь іншага боку зірнеш – дык нічога й ня здарылася такога за наша стагодзьдзе. Вось за тысячагодзьдзе – першая царква, першы плуг, першая кніга, першая чыгунка... Гэта – тэма наступнага апытаньня і аднае з наступных «Вострых Брамаў».

Рэдакцыя


Алесь Анціпенка, філёзаф:

Абвяшчэньне БНР.

Нараджэньне Валянціна Акудовіча (самы выбітны беларускі інтэлектуал ХХ ст.).

Аднаўленьне незалежнасьці Беларусі.

 

Рагім Джалілаў, участковы інспэктар міліцыі Фрунзэнскага РУУС:

Для мяне самая галоўная падзея стагодзьдзя адбылася 22 ліпеня 1987 г. У гэты дзень нарадзіўся мой сын. Магчыма, расьце будучы прэзыдэнт Беларусі. Альбо — міністар унутраных справаў.

Чарнобыльская катастрофа. Гэта вялікая трагедыя для сьвету, а для Беларусі — асабліва. Асабіста я мяркую, што 70% беларускай тэрыторыі забруджана радыяцыяй.

Магу адзначыць яшчэ адну, на маю думку, трагедыю: раптоўны распад СССР. Мне здаецца, што, калі б гэта адбывалася паступова, напрыклад, цягам дзесяці-дваццаці гадоў — магчыма, мы прыйшлі б да дэмакратыі без асаблівага шоку, зь меншымі стратамі. Магчыма, жыцьцё зь цягам часу стала б лепшым, а людзі ў розных былых рэспубліках маглі б заставацца бліжэйшымі адзін да аднаго. Мне проста шкада гэтых 70–80-гадовых старых, у якіх пры канцы жыцьця не засталося ніводнай надзеі на лепшае, толькі хваробы ды амаль што жабрацтва... Мне вельмі цяжка бачыць гэтую безнадзейнасьць. Можа, вам не спадабаецца маё асабістае меркаваньне, але зразумейце: я ўсё-ткі — “дзіця СССР”.

 

Паўлюк Канавальчык, рэдактар газэты “Навінкі”:

Самая галоўная падзея стагодзьдзя — Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, якая перавярнула ўвесь сьвет.

 

Генадзь Кісялёў, літаратуразнаўца, супрацоўнік Цэнтру імя Францішка Скарыны:

Думаю, што ня буду арыгінальным. Самую вялікую для беларускага народу падзею паэтычна вызначыў Уладзімер Жылка ў сваіх радках: “На мапу Эўропы ўзышоў беларус”. Сапраўды, пасьля працяглага гістарычнага нябыту ўзьнялася беларуская дзяржава. Беларусы зноў сталі дзяржаўным народам. БНР, БССР, РБ — вось вызначальныя этапы набыцьця беларусамі сваёй дзяржаўнасьці. Думаецца, што працэс гэты, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, незваротны.

І яшчэ адзін велізарны факт гістарычнага значэньня. У ХХ ст. створаная выдатная беларуская нацыянальная літаратура, прадстаўленая найперш вялікімі імёнамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Багдановіча, літаратура ўнікальная, чутная далёка ў сьвеце. Гэта магутны падмурак, зарука далейшага існаваньня нацыі.

Адбыліся вялікія падзеі, якія цяжка нават у поўнай меры асэнсаваць. Сусьветныя войны, расейскія рэвалюцыі, распад Савецкага Саюзу, небясьпечныя гульні з атамам, выхад чалавека ў космас, суцэльная кампутарызацыя жыцьця й глябалізацыя эканомікі. Адны зьявы захапляюць, другія выклікаюць глыбокую трывогу. Куды йдзе чалавецтва, цяжка прадказаць.

 

Анатоль Кляшчук, фотамастак:

Абвяшчэньне БНР.

Вяртаньне “выпадкам” і скасаваньне незалежнасьці.

Чарнобыль. Аднак гэта падзея, якая была, але яшчэ не перажытая да канца, і мы яшчэ ня ведаем, чым яна завершыцца.

Адраджэньне “Нашай Нівы”.

Зьяўленьне магчымасьці ўбачыць сьвет, замежжа. Для народу, які жыў “за дротам”, гэта падзея ўражальная.

Магчыма, перавыданьне Статуту ВКЛ.

 

Арсень Ліс, літаратуразнаўца:

Стварэньне нацыянальнай прэсы, у прыватнасьці, газэты “Наша Ніва”. Ейная роля пакуль да канца не ацэненая, і калі б ня дзевяць гадоў выхаду “НН”, яшчэ невядома, што было б.

Фармаваньне беларускай супольнасьці, прарыў да незалежнасьці ў 1918 г., станаўленьне нацыянальнага побыту, паўставаньне, як казала інтэлігенцыя пачатку стагодзьдзя, Беларускага Дому.

БССР. Апошні час я шмат думаў пра гэта. Нягледзячы на вялікія страты, у тым ліку зьнішчэньне інтэлігенцыі, БССР адыграла значную ролю ў тым, што мы ня сталі “ісьцінна рускімі” альбо палякамі. І ў 20-я гады, і пазьней. Усё-ткі ішло назапашваньне беларускага інтэлектуальнага скарбу, які працуе на нашу будучыню.

27 ліпеня 1990 г., калі незалежнасьць Беларусі дэ-юрэ была ўзмоцненая.

Веру, што ў ХХ ст., пры ўсіх абмежаваньнях, у нас склалася выдатная літаратура эўрапейскага ўзроўню.

 

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня аб’яднаньня дэмакратычных арганізацыяў “Ратуша” (Горадня):

Для Беларусі галоўная падзея — набыцьцё сувэрэнітэту й незалежнасьці.

У сусьветным маштабе самае важнае дасягненьне мінулага стагодзьдзя — перамога дэмакратыі над фашыстоўскімі і камуністычнымі дыктатурамі.

 

Валерыя Навадворская, лідэр расейскай партыі “Дэмакратычны Саюз”, ураджэнка Беларусі:

У ХХ ст. не было незалежнай Беларусі, хіба што зусім напрыканцы яго зьявілася. Таму першая найважнейшая падзея — аднаўленьне незалежнасьці.

Фактычна яе адмена з “увацарэньнем” Лукашэнкі.

 

Міхаіл Хвастоў, намесьнік прэм’ер-міністра, міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусі:

Калі гаварыць аб найважнейшых падзеях ХХ ст., то трэба падзяліць іх на дзьве групы — важнейшыя падзеі для Рэспублікі Беларусі і важнейшыя падзеі сусьветнага маштабу.

Калі будзем разглядаць важнейшую для Беларусі падзею, то адной з такіх падзеяў стала абвяшчэньне незалежнай Рэспублікі Беларусі, якое адбылося ў канцы ХХ ст.

Калі разглядаць, што зьяўляецца важнейшай падзеяй ХХ ст. у міжнародным кантэксьце, то, на маю думку, гэткай падзеяй зьяўляецца перамога над фашызмам.

 

Валеры Шчукін, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, праваабаронца:

З пункту гледжаньня наступстваў самая значная для Беларусі падзея — аварыя ў Чарнобылі. Невядома, калі й чым скончыцца ейнае ўзьдзеяньне. У Югаславіі прымянілі слабаўзбагачаны ўран — і ўжо колькі людзей памерла ад раку крыві! Які скандал на ўвесь сьвет! А ў нас? Прымянялі й малаўзбагачаны, і высокаўзбагачаны ўран; лік памерлых і хворых ідзе сама менш на сотні, але — ніякіх скандалаў... Мяркую, ня менш за палову новага стагодзьдзя мы будзем пажынаць плады Чарнобылю.

З палітычнага пункту гледжаньня найважнейшая для Беларусі падзея — вяртаньне незалежнасьці. У мінулым стагодзьдзі, прынамсі, незалежнай Беларусі дагэтуль не было.

 

Юлія Чыгір, палітык:

Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Страта сувэрэнітэту, барацьба беларусаў за сувэрэнітэт і ўсе падзеі, зьвязаныя з гэтым, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

Вяртаньне нацыянальных дзяржаўных сымбаляў і іх страта.

Выбары першага прэзыдэнта краіны (хоць і няўдалыя).

Другая сусьветная вайна — хоць яна закранула ня толькі Беларусь.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0