Навіны за тыдзень

 

Арыштаваныя Чыгір і Быкаў

Учора ў Менску на аўтамабільным рынку ў Ждановічах міліцыя арыштавала Аляксандра Чыгіра, малодшага сына Міхаіла Чыгіра. Аляксандра вінавацяць у гандлі скрадзенымі аўтадэталямі – ён меў у Ждановічах свой бізнэс. Учора арыштаваныя таксама Васіль Быкаў, пляменьнік пісьменьніка, і Сяргей Каляда. Супраць старэйшага сына Чыгіра — Аляксея — таксама ўзбуджалася крымінальная справа, але беспасьпяхова. Цяпер Аляксей Чыгір жыве ў Нямеччыне, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Міхаіл Чыгір зьвязвае гэты арышт з сваім жаданьнем балятавацца ў прэзыдэнты.

 

Антыінтэграцыйнае становішча

На паседжаньні Прэзыдыюму Рады БНР, якое адбылося ў Нью-Ёрку 3 лютага, была выказаная занепакоенасьць тым, “што некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі, якія называюць сябе дэмакратычнымі, спадзяюцца на падтрымку з боку Масквы, у той час калі Крэмль пасьлядоўна праводзіць палітыку ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці”.

Сябры Прэзыдыюму вырашылі, што выказвацца адносна паасобных кандыдатаў Радзе БНР яшчэ не пара. Але яны хацелі перасьцерагчы апазыцыю супраць усялякіх гульняў з Масквою.

“У цяперашнім кантэксьце “інтэграцыі” вельмі важна, каб антыінтэграцыйнае становішча апазыцыі было ўсім яснае. Уся прэзыдэнцкая кампанія мусіла б стацца форумам апазыцыі супраць саюзу з Расеяй”, — уважае Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Б.Т.

 

“Валянцінкі” — на рынку

У Слоніме 11 лютага моладзь з аб’яднаньня “Ветразь” правяла акцыю, прысьвечаную Дню сьвятога Валянціна. На гарадзкім рынку раздаваліся сьвяточныя налепкі і жуйкі з надпісам “Love is...”, а таксама “валянцінкі” — віншавальныя карткі з адрасам “Ветразя”. У акцыі ўдзельнічалі 25 чалавек.

Сяргей Краўцоў, Слонім

Міларадзе, дамоў!

Міларад Радзевіч не пасьпеў абжыцца ў Беларусі. Пасол Югаславіі ўручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку летась 3 кастрычніка. 4 кастрычніка Радзевіч на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі ганьбіў агрэсараў з NATO, авантурыстаў з Вашынгтону і сэрбскую апазыцыю. Быў ён прафсаюзным дзеячом, дырэктарам архіву, камуністам, таму дзіва што такім мала дыпляматычным чалавекам. А ўжо 5 кастрычніка Югаславія віншавала Воіслава Каштуніцу, новага, дэмакратычнага прэзыдэнта.

Усяго ў лютым Бялград адклікае з краінаў Усходняй Эўропы 7 альбо 8 паслоў. І першым у гэтым сьпісе значыцца Міларад Радзевіч як самы адыёзны.

А беларускую амбасаду ў Югаславіі, як і раней, узначальвае Валер Брылёў — зяць былога міністра замежных справаў Івана Антановіча.

 

Пастка для кніганошаў

У пятніцу быў уведзены ў дзеяньне новы “Парадак перамяшчэньня” людзьмі тавараў празь беларускую мяжу. Гэты парадак забараняе правозіць празь мяжу “друкаваныя і аўдыёвізуальныя матэрыялы, іншыя носьбіты інфармацыі, якія могуць нанесьці шкоду палітычным і эканамічным інтарэсам Рэспублікі Беларусі, яе дзяржаўнай бясьпецы, здароўю і маральнасьці грамадзянаў”. Пад гэты неканкрэтны пункт можа падпасьці зараз фактычна любая кніга на беларускай мове.

 

Беларусы падарвалі “Беларускую”?

6 лютага на сайце draniki.com зьявілася гэткае ананімнае паведамленьне: «Мэтро «Беларуская—Кальцавая». Мы бярэм адказнасьць за тэракт. Беларуская Партыя Свабоды». Кіраўнікі бэпээсаўцаў назвалі падобную інфармацыю правакацыяй.

 

Страх перад Домашам

У мiнулую суботу Сямён Домаш правёў у Берасьці сустрэчу з грамадзкасьцю, якая вельмі зацiкавіла тутэйшых жыхароў. Актавая заля клюбу Беларускага таварыства глухiх не змагла прыняць усiх, хто жадаў наведаць сустрэчу з магчымым будучым прэзыдэнтам. Гэтым тыднем берасьцейскiя ўлады ў адказ загадалі кiраўнiцтву Берасьцейскага прадпрыемства глухiх разгледзець пытаньне пра звальненьне дырэктаркі клюбу, Леакадзіі Ўласюк, якая дала дазвол на арганізацыю спатканьня. І адмiнiстрацыя мусіла яе звольнiць, інакш чыноўнiкi гарвыканкаму пагражалі скасаваць iльготы па арэнднай плаце.

 

Дыфэрэнцыяцыя аплаты за вышэйшую адукацыю

Увялі новую сыстэму аплаты для тых, хто вучыцца за плату. Паводле ўказу Лукашэнкі, рэктары ВНУ могуць цяпер не ўзгадняць «наверсе» коштаў платнага навучаньня, а самі вызначаць іх адпаведна памерам эканамічных выдаткаў, узроўню рэнтабэльнасьці ВНУ і попыту на канкрэтныя спэцыяльнасьці. Раней трэ было плаціць даволі вялікія падаткі з тых грошай, што атрымлівалі ВНУ ад студэнтаў платных формаў навучаньня. А цяпер гэтыя падаткі адмянілі. Але зараз кошты залежаць і ад попыту на пэўныя дысцыпліны, таму ня ўсе спэцыяльнасьці патаньнеюць, а самыя прэстыжныя могуць зрабіцца і найдаражэйшымі.

 

Улады хацелі б зачыніць НТВ

Тэлекампанія НТВ выстаўляе Міністэрству сувязі Беларусі рахунак за “крадзеж рэклямнага часу” Беларускім тэлебачаньнем, што распачаўся 3 лютага. БТ пачало круціць сваю рэкляму замест абвестак НТВ. НТВ пагражае падаць на іх у суд або зусім спыніць перадаваньне на Беларусь. А беларускім уладам гэтага і трэба напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

 

Новыя прызначэньні

6 лютага Лукашэнка прызначыў Міхаіла Русага міністрам сельскае гаспадаркі й харчаваньня, кіраўніка менскай міліцыі Барыса Тарлецкага — першым намесьнікам міністра ўнутраных справаў, начальнікам крымінальнай міліцыі, Сяргея Гурулёва, генэрала з гарадзенскай брыгады, начальнікам галоўнага штабу арміі і першым намесьнікам міністра абароны замест генэрал-лейтэнанта Міхаіла Казлова. Гурулёў родам з-пад Чыты – яшчэ адзін расейскі генэрал у беларускай арміі.

А.К.

Дзень шукальнікаў сэрцаў

Каб вас ніколі не назвалі чалавекам бяз сэрца, прыходзьце 14 лютага а 17-й на плошчу Свабоды. Парада: апраніце зручнейшы абутак, бо хадзіць давядзецца шмат. Шпацыруючы паміж Нямігай ды праспэктам Скарыны, сачыце за людзьмі: як пабачыце купку людзей ў накідках аднолькавага колеру, адразу кіруйцеся да яе і патрабуйце, каб вам далі сэрца (што праўда, папяровае). Той, хто зьбярэ найбольш сэрцаў, зможа зьмяняць іх на касэту “More каханьня” з найлепшымі песьнямі беларускіх гуртоў пра каханьне. Карацей кажучы, давядзецца аддаць сэрцайкі. Але не журыцеся: вашага сапраўднага кахаючага сэрца не забярэ ніхто, акрамя хіба ўладальніцы ці ўладальніка такога самага гарачага сэрцайка. Калі вы ўжо сустрэліся, дык не губляйце адно аднога ў сьвяточным тлуме, а калі яшчэ не – шукайце сваё каханьне на акцыі “Любові! Свабоды! Пераменаў!” 14 лютага ад 17-й на Плошчы Свабоды.

А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0